“Злачынства і пакаранне” літвіна

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г

Частка І. Іх норавы
Гісторыя, якую мы распавядзем, пачалася 1 лютага 1760 года ў Менску, які ў тыя часы быў “сталіцай” ваяводства. Фіналам стаў расстрэл па прысудзе Галоўнага Трыбунала ВКЛ падскарбія таго ж Трыбунала Міхала Валадковіча, якому было на той момант усяго 25. Рэха растрэльнага залпу, якое пралунала над Менскам у марозную ноч з 12 на 13 лютага, скаланула ўсю “Літву” і ледзь не прывяло да грамадзянскай вайны. Тое, што пачалося як фарс, завяршылася трагедыяй.

/i/content/pi/cult/731/15902/page-15-600.jpgІ невыпадкова, што ці не ўсе пісьменнікі таго часу, карані якіх — у беларускай зямлі, не абыходзілі ўвагай гэтае здарэнне. Сярод тых, хто “пацешылі” мэтавую аўдыторыю той ці іншай яго версіяй — Марцін Матушэвіч, Станіслаў
Рэйтан і Генрык Жавускі (далёкія сваякі Валадковіча), Эдвард Катлубай, Ігнацы Ходзька, Уладыслаў Сыракомля, Каэтан Крашэўскі... А ўжо ў наш час беларускі гісторык Андрэй Мацук апублікаваў сваё даследаванне “Права і справа смяротнага пакарання Міхала Валадковіча ў 1760 г.”, паказаўшы, як працаваў складаны механізм беларускай палітыкі ХVIII стагоддзя. Новыя і цікавыя дакументы, датычныя гэтай справы, удалося знайсці і нам. Склаўшы разам досвед папярэднікаў і свой ўласны даробак, паспрабуем прадставіць чытачу “3D-гісторыю” — хаця, шчыра кажучы, гукі стрэлаў і вібрацыі конскага тупату, гучныя “Віваты!” і водар “дыму Айчыны” ў якасці дапаўнення былі б больш чым дарэчы.

Міхал з роду Валадковічаў гербу “Радван”

Стары беларускі шляхецкі род Валадковічаў мае
даўнюю гісторыю — з канца XV стагодзя. Багата звестак аб ім можна знайсці ў працах гісторыка Фёдара Чарняўскага, выдатнага знаўцы гэтага роду. Мы ж сканцэнтруем увагу на прамых продках Міхала.

Пасля страшнай вайны сярэдзіны XVII стагоддзя Валадковічы занялі даволі сур’ёзныя пазіцыі ў Менскім ваяводстве. Дзядулем Міхала быў менскі стольнік Дамінік Валадковіч. Адзін з дзядзькоў — знакаміты першасвятар уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай Феліцыян-Піліп. Кар’ера бацькі Міхала Лявона як менскага ўрадніка таксама склалася даволі паспяхова, але значнай ролі ў палітычным жыцці ВКЛ ён не адыграў. У шлюбе з Канстанцыяй з Цэханавецкіх у яго нарадзілася трое сыноў і дачка Тарэза. Дарэчы, у 1739 годзе ў менскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі яна пабралася шлюбам з гусарскім харужым і наваградскім стражнікам Дамінікам Рэйтанам. А праз год у іх з’явіўся першынец Тадэвуш, у будучыні — наш нацыянальны герой! Менавіта праз Валадковічаў парадніліся роды Рэйтанаў, Касцюшкаў, Дамейкаў.

Міхал, наймалодшы з дзяцей Лявона, нарадзіўся ў 1735 годзе. Паколькі Валадковічы належалі да прыхільнікаў нясвіжскай галіны Радзівілаў, то і самому Міхалу, і ягонаму брату Юзафу было наканавана пераняць ад бацькі рэй у радзівілаўскай партыі Менскага ваяводства. Як сведчаць паданні, Міхал з дзіцячых гадоў быў сябрам Караля Станіслава “Пане Каханку”, старэйшага за яго ўсяго на год. І, паводле чутак, адзінае, пра што шкадаваў Каханку на схіле жыцця, была трагічная смерць лепшага сябра Міхала і падзел краіны ў 1772 годзе.

Узоры “шляхецкай рамантыкі”

Але такое сяброўства вымагала і адпаведных паводзінаў. Бо, як вядома, Радзівіл і сам не быў анёлам, і таварышы, падабраныя ў княскі почат, мусілі трымаць “высокую планку даверу”. То бок, быць годнымі ўдзельнікамі любых, нават самых шалёных выхадак маладога князя. Таму імёны Міхала і Юзафа Валадковічаў на Меншчыне грымелі. Асабліва сярод апанентаў Радзівілаў.

Пралогам да трагедыі 1760 года паслужыла старая варажнеча паміж двума магнацкімі кланамі — Радзівілаў і Чартарыскіх (г.зв. “Фаміліі”), якія карысталіся падтрымкай “масквы”. Як піша гісторык Андрэй Мацук, новы віток супрацьстаяння паміж магнацкімі групоўкамі распачаўся ў 1755 годзе. І, вядома, не без дай-прычыны.

Як заўсёды, падставай паслужыла барацьба за ўплыў у дзяржаве — за пасады, уладу і вялікія грошы. Пры двары караля Аўгуста ІІІ клан Чартарыскіх пачаў губляць пазіцыі, але здавацца не збіраўся. Цяпер цяжка сказаць дакладна, што ў гэтай “вайне” было на карысць дзяржавы. А вайна была архіскладаная. Чытаючы, як інтрыгавала наша шляхта і магнаты, змагаючыся за “прамень сонца” на сваім твары пад пахмурным беларускім небам, разумееш, што жарсці былі не менш палкія, чым у якіх французаў часоў Рышэлье. Праўда, не знайшлося пакуль свайго Дзюма, які б па-майстэрску вымаляваў мясцовых “трох мушкецёраў”.

Адной з першых ахвяраў 1755 года ледзь не стаў “радзівільчык” Юзаф Валадковіч. Будучы дэпутатам Трыбунала, які адбываўся ў Вільні, ён патрапіў у пастку, падрыхтаваную паплечнікамі Чартарыскіх. Нейкі Францкевіч, пінскі гродскі падстараста, зазваў яго ў палац Флемінгаў, дзе кватэраваў. Там на Валадковіча накінулася зграя шляхцюкоў з шаблямі. Выратавала яго ад немінучай смерці толькі фізічная моц (як ва ўсіх Валадковічаў), выдатнае валоданне халоднай зброяй і своечасова прамоўленая кімсьці фраза, што на дапамогу ўжо ляціць Пане Каханку.

Рубака атрымаў 26 ранаў, але выжыў. Тым шляхцюкам, якія ў 1756 годзе прадстаўлялі на менскім сойміку варожую Радзівілам партыю, пашанцавала куды меней — некалькі з іх загінула ў сечы ад рук братоў Валадковічаў і іх сяброў. Быў сярод іх і Багушэвіч, бацька Станіслава, які ў 1773 годзе стане поплеч з Тадэвушам Рэйтанам і Самуэлям Корсакам.

Думаецца, пара такіх эпізодаў (а было іх значна болей і больш крывавых), з’яўляюцца неблагой ілюстрацыяй “шляхецкай рамантыкі” таго часу. Таму ўсё, што адбылося праз чатыры гады з Міхалам Валадковічам — толькі працяг супрацьстаяння, ці нават яго кульмінацыя.

Маральная сатысфакцыя

Незадоўга да Трыбунала 1760 года краснасельскі стараста Юзаф Валадковіч стаў фігурантам крымінальнай справы. Меў ён суседа, старога шляхціца Яцыніча, які валодаў з даўніх часоў невялічкім фальваркам на беразе возера. Надумаўшы далучыць той фальварак да сваіх немалых уладанняў, Валадковіч прапанаваў Яцынічу прадаць яго. Але той адмовіўся. З гэтай хвіліны не меў ён спакою ні днём, ні ўначы, бо помслівы сусед шкодзіў яму чым мог.

Даведзены да адчаю, Яцыніч вырашыў атрымаць хоць маральную сатысфакцыю. Ён загадаў сваім прыгонным апрануць куль саломы ў кунтуш, раскласці на беразе возера і як след адлупцаваць. Пан пытаў у сялянаў: “Каго тут б’яце?” — “Пана Валадковіча”, — адказвалі яны. “За што?” — “Бо нам шкодзіць, б’е, рабуе і быдла забірае.” — “То біце ж добра, каб розуму набраўся”.

Калі Валадковіч даведаўся пра забавы старога шляхціца, то прыдумаў свой адказ — у духу жартаў Пане Каханку. Нібыта зразумеўшы, што “шкодзіць грэх”, Юзаф стаў паводзіць сябе з Яцынічам падкрэслена ветліва — і такім чынам цалкам пераканаў яго, што цяпер яны зажывуць як раней, па-добрасуседску. Яцыніч клюнуў на прынаду і нават пагадзіўся нанесці візіт Валадковічу.

І вось, пасля сытнага абеду Юзаф прыпёр яго “да сцяны”, і той прызнаўся ў сваіх жартах. Тады Валадковіч загадаў сваім людзям расцягнуць на беразе возера Яцыніча і адмераць яму сто бізуноў. Прычым стоячы побач, ён пытаў “ А каго тут б’яце?”— “Ё то, пане, куль саломы.” — “А, ну то малаціце добра”, — заахвочваў сваіх людзей Валадковіч.

Завершылася гэтая справа тым, што пакрыўджаны Яцыніч занёс скаргу на Валадковіча ў менскі гродскі суд. Асудзілі Юзафа на шэсць тыдняў цывільнай вежы (якія Валадковіч спадзяваўся адсядзець у айцоў бернардынаў, і разам з імі добра пабаляваць) і штрафу 200 коп грошаў (400 злотых, не вельмі вялікая сума для заможнага шляхціца).

Такі прысуд буяка сустрэў са смехам. Але Яцыніч пайшоў далей і апеляваў да Галоўнага Трыбунала ВКЛ. Магчыма, за такім рашэннем стаялі людзі з клана Чартарыскіх, якія пажадалі скарыстаць неблагі шанец прыціснуць, нарэшце,
няўлоўнага Валадковіча. А паколькі ў Трыбунале 1760 года мусіла весці рэй Фамілія, то ажыццявіць такі намер было нескладана.

Зрэшты, вернемся пакуль да Міхала Валадковіча, каб паказаць, што і ён быў годным сваёй славы “вялікага шаленца”.

Прароцтва дамініканіна

Як пісаў Каэтан Крашэўскі, Міхал Валадковіч быў “надзвычайнай сілы і бясстрашных паводзінаў”, і ў рыцарскім чыне не меў ён роўных. Ды, на бяду для яго, час быў мірны, таму шалёная фантазія шукала выхаду пры кожнай аказіі. Зацяты паляўнічы, хадзіў ён на мядзведзя з адным толькі вошчапам (дзідай).

Кажуць, па натуры Міхал быў даволі добрым і шчырым чалавекам. Але пад уплывам віна пераўтвараўся ў бязмежнага свавольніка. А паколькі нападпітку быў ён амаль заўсёды...

Здарылася ў 1759 годзе з ім такая гісторыя. У тыя часы ў Менску з’явіўся вядомы ксёндз-дамініканін Аблачынскі. Аднойчы ў сваім казанні ў фарным касцёле (а яны збіралі нямала слухачоў) ён абрынуўся з жорсткай крытыкай цягі да алкаголю. Развагі пра тое, што віно даводзіць чалавека не толькі да страты розуму, але і да розных злачынстваў, падмацоўваліся прыкладамі — нібыта абстрактнымі. Але прысутным яны падаваліся пералікам таго, што пастаянна чыніў на менскіх вуліцах Валадковіч.

І раптам праз расчыненыя дзьверы касцёла пачуліся гукі нейкай дзіўнай музыкі. Слухачы з цікаўнасцю туды пасунуліся. Калі Аблачынскі застаўся ў прысутнасці хіба толькі служак і невялічкай грамады пачцівай шляхты, ён вырашыў разабрацца, што адцягнула ўвагу паствы.

Карціна, якую ўбачыў ксёндз, вельмі яго здзівіла. На бочцы мёду, якая стаяла на возе, сядзеў Валадковіч. Перад ім пад гукі бубнаў і дудак танчылі два мядзведзі, малпа і цыганы. Сябры Валадковіча і самі частаваліся, і частавалі ўсіх ахвочых раздзяліць з імі забаву.

Аблачынскі, не марудзячы, абрынуў на хлопца такую хвалю праклёнаў, што, падавалася, зараз нябёсы не вытрымаюць. Паства кінулася назад у касцёл, а ксёндз папярэдзіў свавольніка: “ Прыйдзе і на цябе Божай кары час! І ты, які сёння для блюзнерскай забавы адвабіў людзей ад прытулку Боскага, памятай! Каб сам не стаў для тых людзей прадметам страшнага відовішча!”

Ці прамаўляў гэта насамрэч Аблачынскі — або, як і многія падобныя “прароцтвы”, тыя словы прагучалі ўжо постфактум, ніхто цяпер не адкажа.

Зміцер ЮРКЕВІЧ, гісторык-архівіст