Нязгасная зорка Зінаіды Канапелькі

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Коласаўскі тэатр спарадзіў нямала зорак першай велічыні. Але нават сярод іх яна вылучаецца сваёй яркасцю. Зусім нядаўна мы адзначалі стагоддзе з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі, уладальніцы медаля Францыска Скарыны, ганаровай грамадзянкі горада Віцебска Зінаіды Канапелькі. У ейным жыцці было ўсё — і поспех, і страты. Яе шлях у тэатры ўвасобіў розныя вехі, розныя этапы гісторыі славутага нацыянальнага калектыву.

Артысткай быць не збіралася

Зінаіда Канапелька нарадзілася 25 снежня 1918 года ў мястэчку Багушэўск. Бацька, Ігнат Мінавіч, быў чыгуначным майстрам. Маці, Дар’я Севасцьянаўна — хатняй гаспадыняй. У вёсцы Добрына Зіна скончыла чатыры класы пачатковай школы. Дакладней — тры, паколькі здольную дзяўчынку адразу ж залічылі ў другі. З пятага класа яе аддалі вучыцца ў 3-ю чыгуначную школу Віцебска.

Кім марыла стаць Зіна? Не, зусім не артысткай. Паралельна са школьнымі заняткамі ў 9-м класе яна пайшла на вячэрнія медыцынскія курсы, каб потым паступіць на ўрача. Але не склалася: у інстытут яе не ўзялі з прычыны надта юнага ўзросту.

А тут акурат БДТ-2 (у далейшым Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа) набіраў моладзь у студыю. Дзесяцікласніца Зіна прысутнічала на ўсіх прыёмных іспытах, але самой ёй паспрабаваць сябе не хапала смеласці. Зрэшты, у выніку ўсё ж наважылася.

У кабінеце дырэктара сабралася прадстаўнічая камісія: тут і галоўны рэжысёр Сяргей Розанаў, і педагогі студыі Аляксандр Ільінскі ды Цімох Сяргейчык, і загадчык музычнай часткі Леанід Маркевіч. Вельмі няўпэўнена і крыху пафасна дзяўчына чытала верш Маякоўскага “Партбілет”, потым
перайшла да байкі “Варона і Лісіца” — і зусім збілася з тэксту. Бачачы яе разгубленасць, Леанід Маркевіч прапанаваў ёй заспяваць. І тут яна трапіла ў сваю стыхію! Наступным днём паспяхова паказала камедыйныя і драматычныя эцюды — і была залічана!

/i/content/pi/cult/730/15883/20.JPGБлаславенне Купалы

1936 год. Тэатр рэпетуе “Паўлінку”. Асноўнай выканаўцай галоўнай ролі прызначана Раіса Кашэльнікава, якая пазней сыграла яе і на сталічнай сцэне. Зінаіда таксама рыхтавала гэтую ролю — самастойна. Рэжысёр (а ім быў знакаміты Павел Малчанаў) доўга прыглядаўся да яе, але пакуль выпусціць на сцэну не рашаўся. Аднак тут ізноў сказаў сваё слова Яго Вялікасць Лёс.

Неўзабаве адбыліся гастролі тэатра ў Мінску. Павел Сцяпанавіч гасцяваў разам з жонкай у доме самога Купалы. Аднойчы ён запрасіў туды юную актрысу, каб пазнаёміць яе з класікам. І той знаёмствам быў уражаны. “Цудоўная дзяўчына! Жадаю табе сыграць Паўлінку!” — такімі былі ягоныя словы. Можна сказаць, што сам Пясняр блаславіў яе на гэтую ролю.

Неўзабаве мара Зінаіды здзейснілася. Асноўная выканаўца раптам захварэла, і рэжысёр папярэдзіў Канапельку: “Заўтра выходзіць табе”. Як яна хвалявалася! Пад самы Новы год адбылася прэм’ера. Дзяўчына адчувала сябе па-сапраўднаму шчаслівай, спазнаўшы першы поспех.

Потым быў “Несцерка”. Больш за 20 гадоў актрыса выходзіла на коласаўскую сцэну ў ролі Насты. У нечым гэты вобраз падобны да Паўлінкі. Адчуваўся моцны характар, які немагчыма скарыць. А як цудоўна гучаў яе голас, іскрыстае прыроднае мецца-сапрана! Дарэчы, ёй прапаноўвалі вучыцца ў опернай студыі ў Мінску, але Зінаіда адмовілася — яна вырашыла назаўсёды звязаць свой лёс з драматычным тэатрам.

Пазней да яе пяройдзе і роля Мальвіны, маці Насты — Зінаіда Ігнатаўна выконвала яе аж да канца 1980-х гадоў. І ў параўнанні з першай выканаўцай, Янінай Глебаўскай, яна была больш мяккасардэчнай, чуллівай.

Разам з творчым поспехам прыйшло асабістае шчасце: Зінаіда Канапелька стала жонкай абаяльнага, таленавітага Фёдара Шмакава. Але наступала пара выпрабаванняў. Прэм’ера “Несцеркі” прайшла ў маі 1941-га падчас гастроляў у карэльскім Петразаводску. А вось спектаклі ў Віцебску не адбыліся: пачалася вайна.

У казахскім Уральску, куды Зінаіда патрапіла ў эвакуацыю, у яе нарадзіўся сын. Аднак суворыя будні таго часу забралі яго. А праз тры дні пасля смерці немаўляці Зінаіда Канапелька ўжо выходзіла на сцэну ў ролі Насты! Звычайным людзям гэта можа падацца неверагодным. Але той, хто служыць у тэатры, ведае: акцёр заўсёды гатовы на самаахвярнасць.

У вобразе маці

Пасля вайны на Зінаіду Ігнатаўну ролі нібы пасыпаліся: лірычныя, драматычныя, камедыйныя. Напрыклад, Мар’я Антонаўна ў спектаклі “Рэвізор”, якая кранала шчырасцю, непасрэднасцю, нязбыўнымі марамі аб сталічным жаніху.

У 1950 — 1960-я гады Зінаіда Канапелька заняла вядучае месца ў трупе Коласаўскага тэатра. Яна не адмаўлялася ні ад галоўных, ні ад эпізадычных роляў. Грала і калгасніц, і ваенных, але найбольш атрымліваліся ў яе ролі народнага характару. Такой была Лявоніха ў аднайменнай драме Паўла Данілава. Як пісаў тэатральны крытык Анатоль Сабалеўскі: “Актрыса стварае велічны, манументальны вобраз жанчыны, маці, што надзелена вялікай унутранай сілай. Стрыманыя яе рухі, жэсты, увогуле строгая манера акцёрскага выканання. І разам з тым перадаецца высокі душэўны напал”.

Шмат перайграла Зінаіда Ігнатаўна на коласаўскай сцэне розных матуль. Тут варта прыгадаць яе гераінь з “Бацькаўшчыны” Кузьмы Чорнага, “Ветрык, вей!” Яна Райніса, “Мезазойскай гісторыі” Максуда Ібрагімбекава, “Аднойчы ў навагоднюю ноч” Эміля Брагінскага і Эльдара Разанава, Соф’ю Кічыгіну ў спектаклі “Шануй бацьку свайго”. Яны ўсе былі рознымі, але кожны характар меў вострае драматычнае гучанне.

Адной з лепшых роляў актрысы па праве лічыцца Паліна з трагікамедыі Андрэя Макаёнка “Трыбунал”. У адпаведнасці з задумай рэжысёра, па-майстэрску абыгрываліся ўсе камедыйна-бытавыя сітуацыі, якія ўзнікалі цягам дзеі паміж маленькім, вяртлявым Цярэшкам (Іосіф Матусевіч) і мажнай, самавітай, валявой Палінай. Праўда, часам камедыйнае саступала месца драматычнаму — калі ў сцэне з нямецкім камендантам выканаўца выяўляла столькі пачуццяў адначасова: і пагарду да мітуслівага мужа, і нянавісць да ворагаў, і спадзяванне, што ўсё гэта дурны, недарэчны жарт.

Застаўся ў памяці гледачоў старэйшага пакалення і вобраз Міхаліны з драмы Алеся Петрашкевіча “Трывога”. Гэта быў такі жаночы варыянт “дзеда Шчукара”. Нягледзячы на вялікае гора, вясковая кабета не мяняе сваёй натуры, не губляе дабрыні і душэўнай спагадлівасці. Эмацыйная, адкрытая, выбухова тэмпераментная, яна не змаўчыць і перад раённымі ўладамі, і перад больш высокім начальствам.

З вобразаў класічнага рэпертуару даследчыкі найчасцей прыгадвалі яе каралеву Елізавету з трагедыі Шылера “Марыя Сцюарт”.
У разуменні характару актрыса зыходзіла з таго, што яе гераіня ніколі не была жорсткай, не прымала насілля і змагалася з Марыяй толькі таму, што пастаянна адчувала пагрозу для сябе з яе боку.

Апошні выхад

Апошнія гады свайго творчага жыцця Зінаіда Ігнатаўна выконвала часцей другарадныя, эпізадычныя ролі, але і ў іх яна дэманстравала віртуознае майстэрства. Прыгадваю яе санітарку Ганну Ціханаўну з “Блытаных сцежак” Кандрата Крапівы — тактоўную, мудрую, простую жанчыну. На абмеркаванні гастроляў тэатра ў Мінску ў 1983 годзе поруч з выканаўцамі цэнтральных роляў Уладзімірам Куляшовым і Фёдарам Шмакавым крытыкі абавязкова вылучалі і Зінаіду Канапельку.

Альбо хцівая, пыхлівая, высакамерная маці старасты Даўнарэне з камедыі-прыпавесці Казіса Саі “Клеменс”… Яна зусім не гублялася ў выдатным акцёрскім ансамблі гэтага спектакля, бо кожная фраза, прамоўленая з адметнай, уласцівай толькі Канапельцы інтанацыяй, была важкай і выклікала смех у глядзельнай зале. Літаральна некалькімі мазкамі актрыса ўмела стварыць сцэнічны характар.

Апошні яе буйны выхад на сцэну адбыўся ў Коласаўскім тэатры 7 студзеня 1994 года — падчас бенефісу, прысвечанага 60-годдзю творчай дзейнасці. Тады ж ёй быў уручаны прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная
Паўлінка”. А сама актрыса пасля шматлікіх віншаванняў і цёплых прывітальных слоў сыграла адзін акт са спектакля “Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага” па п’есе Эдварда Радзінскага. Маналог Зінаіды Ігнатаўны быў поўны гумару і іроніі, трагічнага суму і жыццёвага аптымізму.

Сэрца народнай артысткі Беларусі перастала біцца 27 мая 1997 года. Агулам яна сыграла больш за 250 роляў.

З нагоды 100-гадовага юбілею актрысы на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў снежні адбыўся вечар памяці. Яго ўдзельнікі ў адметнай, тэатралізаванай форме прыгадалі самыя цікавыя факты з жыцця Зінаіды Ігнатаўны, яе лепшыя ролі. Гледачы змаглі ўбачыць на экране ўрыўкі са спектакляў з яе ўдзелам. Артысты-коласаўцы адмыслова для гэтай імпрэзы ўзнавілі фрагменты тых сцэнічных работ, запісы якіх, на жаль, не захаваліся, а таксама і тых, пра якія Зінаіда Ігнатаўна толькі марыла.

Юрый ІВАНОЎСКІ,
літаратурны рэдактар
Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра
імя Якуба Коласа.