Музыка ў галоўнай ролі

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Тэатральны кампазітар — не самая папулярная прафесія. Але за апошнія гады два бадай ніводнага з іх не згадвалі на афішах спектакляў так часта, як Эрыка АРЛОВА-ШЫМКУСА. “Войцэк”, “Крыжовыпаходдзяцей” і “Песня песняў” у Мінску, “Эдып” і “Гогаль. Fatum” у Гомелі — пакідаючы водгукі на гэтыя спектаклі, гледачы адзначаюць не толькі ўбачанае, але і пачутае. Малады музыкант распавёў “К”, што можа гучаць са сцэны і чаму сумныя мелодыі не заўжды пасуюць для драмы.

/i/content/pi/cult/730/15882/19.JPG“Кампазітар — гучыць замшэла”

— Як ты сам прадстаўляешся незнаёмым людзям?

— Звычайна люблю прадстаўляцца як музыкант. Таму што кампазітар — гэта гучыць для мяне неяк замшэла і пафасна. І ў першую чаргу я ўсё ж больш граю, а напісаннем музыкі заняўся толькі ў апошнія гады два — тры. Па-англійску аўтарства часта пазначаецца як music by… Вось гэта — нейтральная форма. А са словам “кампазітар” звязаны вобраз чалавека, які карпее над партытурамі і ўвесь час чуе музыку ў галаве — карацей, шмат стэрэатыпаў.

— Што насамрэч стаіць за гэтым вобразам?

— Калі казаць пра працу з тэатрам, то ёсць два асноўныя фарматы. Першы — калі рэжысёр проста дае задачу кампазітару, што за музыка яму патрэбная. Потым той сам робіць яе па зададзеных умовах, але будучы адарваным ад агульнага працэсу. Другі — калі ты прысутнічаеш на рэпетыцыях і пачынаеш штосьці ствараць непасрэдна там. Спачатку, можа, толькі асобныя гукі, але галоўнае — ты ловіш нейкую хвалю ад акцёраў і таго, што адбываецца на сцэне. Асабіста ў мяне часцей было менавіта так. Мне важна быць унутры працэсу.

— Наколькі за ўсё тое, што гучыць са сцэны, адказвае кампазітар? І наколькі шырокае паняцце гукавога афармлення спектакля для цябе?

— Залежыць ад задач. Насамрэч можа не быць складаных прапісаных твораў. Як у “Песні песняў”, напрыклад — там няма канкрэтнай прыгожай мелодыі, але ёсць асобныя гукі, што ўзаемадзейнічаюць з голасам акцёраў. Асабіста для мяне важна, каб музыка не была другасным фонам, які маніпулюе на прымітыўных пачуццях: штосьці драматычнае адбываецца — гучыць сумная музыка. Гэта танныя прыёмы. Наадварот, цікава, калі можа штосьці невясёлае адбывацца, а ў музыкі іншы настрой, яна сваю лінію грае, з-за чаго спектакль атрымліваецца шматслойным.

— Часта ў апісанні спектакля адсутнічае радок “кампазітар”. Замест яго — музычны падбор ці афармленне. Як ты да гэтага ставішся? Ці заўжды патрэбна адмысловая аўтарская музыка?

— Часам такая сітуацыя звязана акурат з тым, што музыка ўспрымаецца толькі фонам, які падкрэслівае ўжо выяўленую на сцэне эмоцыю. Так здараецца і з-за абмежаванасці бюджэту на пастаноўку. Але шмат хто з рэжысёраў проста не запарваецца на гэты конт. Так жа прасцей — музыка ўжо ёсць, ты сам яе адслухаў, усё нібыта трапляе ў драматургію. У некаторых спектаклях, да якіх я пісаў музыку, таксама ёсць устаўкі з іншых твораў. Бо ўсё адно ты падпарадкоўваешся рэжысёру, і бывае так, што ў пэўным месцы, згодна з яго задумай, павінна прагучаць тая ці іншая вядомая мелодыя. Нічога супраць не маю, калі ўсё ўдала спалучаецца. Але асабіста мне больш падабаецца рабіць усё самому.

“У тэатры мусіць быць мінімум абмежаванняў”

— З чаго пачаўся твой кампазітарскі досвед у тэатры?

— Мне заўсёды хацелася рабіць сваю музыку. Функцыя чыстага выканання ніколі цікавай не была. Я, напрыклад, часам граю барочныя творы з ансамблем “Партыта” і вельмі гэта люблю. Але хочацца і штосьці ствараць самому. Зрэшты, і ў межах музычных праектаў ты ўсё ж робіш нейкі свой унёсак: скажам, можаш будаваць структуру песні ці кампазіцыі. Але мне гэтага недастаткова.

Да таго, як прыйшоў працаваць у Купалаўскі, з тэатрам я не быў ніяк звязаны. А вось пасля ўжо і спектакляў глядзець стаў болей, і звяртаць увагу на іх музыку пачаў. А ствараць яе ў першы раз давялося па просьбе рэжысёра Андрэя Саўчанкі. Мы з ім даўно сябруем, я нават хадзіў да яго на акцёрскія заняткі. Ён паставіў са студэнтамі “Таямнічае начное забойства сабакі”. Першапачаткова музыку рабіў Аляксей Варсоба, ён жа ўжывую яе і выконваў. Але нешта ў яго не атрымлівалася, а працягваць паказы трэба было. Таму Андрэй мяне і паклікаў.

Потым, таксама выпадкова, пачаліся нашы творчыя стасункі з Юрам Дзіваковым. Ён хацеў, каб у спектаклі “Войцэк” была жывая музыка, дамовіўся пра гэта з Дзімам Есяневічам (артыст Купалаўскага тэатра і ўдзельнік гурта ili-ili — “К”), а той ужо і мяне прыцягнуў. Планавалася, што мы проста пайграем пару нямецкіх песень — ён на гітары, я на кантрабасе. У выніку ўсё перайшло ў электронны музычны фармат. Потым Юра прапанаваў працаваць з ім далей. Паралельна пайшлі іншыя работы.

— Але менавіта з Дзіваковым вы больш за ўсё выпусцілі разам спектакляў і плануеце яшчэ. Чым цябе прыцягвае праца з гэтым рэжысёрам?

— Ён не баіцца ўвесь час спрабаваць нешта новае, знаходзіць цікавы матэрыял. Мне падабаецца тое, як у яго атрымліваецца выводзіць акцёраў з іх тыповага стану на сцэне ў нейкі нязвыклы. Юра адказна падыходзіць да працэсу, на рэпетыцыях аддаецца па максімуму. Дае свабоду артыстам, ды і мне таксама. Ёсць шмат рэжысёраў, якія кажуць, каму куды стаць і што рабіць. Але ўсё роўна любому чалавеку, шчыра адданаму сваёй прафесіі, хочацца праяўляць уласную фантазію, бачанне. Так усё атрымліваецца больш жывым. Наогул, ёсць шмат індывідуальнага ў калектыўнай працы.

— Каб пагадзіцца на ўдзел у пастаноўцы, табе важна, што гэта будзе за матэрыял або тэма?

— Так. Былі моманты, якія мяне не датычыліся, але я не заўсёды мог іх прыняць.

— Напрыклад?

— У тым жа “Крыжовым паходзе” закранаецца тэма веры, прысутнічае іронія ў дачыненні да святароў. У мяне ўзнікалі пытанні да п’есы, таму што я каталік. Але прааналізаваўшы матэрыял, я
прыйшоў да высновы, што асабіста маім поглядам ён не супярэчыць. У выпадку з “Песняй песняў” у мяне быў яшчэ большы ўнутраны канфлікт, бо перформанс пастаўлены паводле адной з кананічных кніг Старога Запавету.

Карацей, бываюць моманты спрэчныя, і часам складана сябе эмацыйна пераламіць. Але нават карысна — бо прымушае пакінуць сваю зону камфорту, пашырыць разуменне свету. Напэўна, калі б нейкі матэрыял зусім мне не
падабаўся, я адмовіўся б. Хаця лічу, што ў тэатры мусіць быць мінімум абмежаванняў — у прыёмах, матэрыяле, асабліва тэмах. Бо калі сам тэатр будзе сябе абмяжоўваць, ён страціць сваю актуальнасць ды пераўтворыцца ў нейкую забаўлянку.

“Падавалася, быццам я ні пры чым”

— Калі знаходзішся ўнутры працэсу і бачыш, як яно ўсё адбываецца, натуральна, ацэньваеш спектакль інакш. А ці ўражваешся ты потым зробленымі спектаклямі як глядач?

— На прэм’еры “Эдыпа” ўзнікла адчуванне, што музыку не я рабіў. То бок мне спадабалася: такі моцны фінал, і візуальна ўсё склалася, і гукавы шэраг супаў. Але была нейкая адарванасць ад матэрыялу, таму падавалася, быццам я ні пры чым. Разумею, што сам па сабе такое б не напісаў — яно з’яўляецца менавіта ў супрацы, і гэта для мяне вельмі каштоўна. А ўвогуле, большасць зробленай мною музыкі мне даспадобы. У “Крыжовым паходзе” і “Песні песняў” я граю “ўжывую”, таму складана цалкам абстрагавацца і ўспрымаць іх як глядач. Але ў любым спектаклі ёсць сцэны, калі я пагружаюся ў дзею і гляджу на ўсё нібы збоку.

— А наколькі абстрагавана ты адчуваеш сябе ў кампазітарскім асяродку? Увогуле, ці існуе ён для цябе?

— Ён недзе існуе, напэўна, але ў мяне з ім кантакту няма. Ведаю хіба асобных аўтараў. Ёсць Дзіма Есяневіч з Мішам Зуём, якія, у прынцыпе, таксама супрацоўнічаюць з адным рэжысёрам — Міхаілам Лашыцкім. Лёня Паўлёнак рабіў да лялечных спектакляў музыку. Бачыў некалькі пастановак з музыкай Ягора Забелава. Але
разумею, што ва ўсіх згаданых музыкантаў гэтая праца з’явілася праз выпадковыя знаёмствы-прапановы. А глабальна, у межах Беларусі агульнай карціны ў мяне пакуль яшчэ не склалася.

— Ці плануеш надалей працаваць для тэатра? Або для цябе гэта і сапраўды выпадковы збег лёсу?

— Асабіста мне, канешне, хацелася б і надалей ствараць музыку да спектакляў. Але няпроста знайсці ў тэатры сваіх людзей і злавіць з імі адну хвалю. Тым больш, пастаноўка спектакляў — праца не пастаянная. Ёсць і пытанне, якое тычыцца агульнага мастацкага асяроддзя Беларусі — яно няцэласнае, усіх шмат, але кожны сам па сабе. Ты часам проста не ведаеш, што недзе ёсць той, з кім можна нейкія крутыя рэчы рабіць разам. Спадзяюся, сітуацыя зменіцца.

Даведка

Эрык АРЛОЎ-ШЫМКУС, 26 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Вучыўся ў БДАМ. Выступаў у складзе гуртоў Harotnica, Vuraj, “Князь Мышкін”, з Палінай Рэспублікай. З 2012 года — артыст аркестра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. З’яўляецца ўдзельнікам гуртоў Harotnica mix, ili-ili, Eryc і Ja, Five-Storey Ensemble.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"