Знаёмства з продкам

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Археалагічная знаходка з вёскі Лукомер (2008) вярнулася ў Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей як новы артэфакт экспазіцыі перыяду гісторыі бярозаўскіх зямель ад першабытнага строю да пачатку XVII стагоддзя. Вучоны-антраполаг і скульптар аднавілі па касцяных астанках аблічча чалавека і далі жыхарам краю ўнікальную магчымасць “зазірнуць у твар” свайму продку.

/i/content/pi/cult/729/15861/20.JPGПерадгісторыя такая: падчас правядзення земляных работ пад камунікацыі для жылых дамоў аграгарадка Малеч у вёсцы Лукомер будаўнікі дасталі з зямлі астанкі трох чалавек і старажытныя манеты. Пра знаходку паведамілі сталічным навукоўцам. Назаўтра ў вёску прыехаў старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі і сярэдневяковага перыяду Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Іаў. Вучоны ўстанавіў прыблізны ўзрост адной са знаходак (чэрапа) і правёў папярэдняе датаванне пахавання. Гэта быў вясковы могільнік другой паловы XVII — канца XIII стагоддзяў. Старажытнасць пахавання адзначае і мясцовы краязнаўца Аляксандр Кенда, калі піша: тапаграфічныя карты Лукомерскай зоны 1850 — 1931 гадоў могільніка не паказваюць, што пацвярджае старажытнасць аб’екта. Не памятаюць пра яго і старажылы вёскі.

Знойдзены артэфакт пэўны час захоўваўся ў нашым гісторыка-краязнаўчым музеі, а потым быў
перададзены ў аддзел антрапалогіі Інстытута гісторыі. Аднаўленнем твару нашага продка па чэрапу займаўся вопытны спецыяліст па пластычнай рэканструкцыі, беларускі скульптар Леанід Яшчанка. Ён сумесна з беларускім этнолагам і антраполагам Ігарам Чаквіным на аснове метаду савецкага вучонага Міхаіла Герасімава стварыў (па чэрапах з археалагічных раскопак пахаванняў) цэлую галерэю скульптурных партрэтаў прадстаўнікоў старажытнага насельніцтва Беларусі: чалавека эпохі бронзы, патомкаў усходнеславянскіх плямёнаў ранняга Сярэднявечча — крывічаў, дрыгавічоў і радзімічаў, а таксама жыхароў (пазнейшага часу) Навагрудка, Полацка, Слоніма. У арсенале антраполагаў сёння — вялізны банк даных (з формуламі і табліцам) для рэканструкцыі літаральна кожнага тварнага мускула.

Створаныя Леанідам Яшчанкам скульптурныя партрэты людзей, якія жылі ў розныя гістарычныя эпохі на тэрыторыі Беларусі, экспануюцца ў многіх дзяржаўных музеях рэспублікі і за яе межамі. Сёння гэтую калекцыю работ папоўніў скульптурны бюст нашага “земляка” — жыхара вёскі Лукомер Малецкай воласці Пружанскага павета канца XVIII — XIX стагоддзя. Шкада, што ён стаў апошнім тварэннем скульптара, які пайшоў у іншасвет у верасні мінулага года.

Якім жа ўбачыў аўтар антрапалагічнай рэканструкцыі нашага продка часоў Вялікага Княства Літоўскага? На нас глядзіць селянін 50 — 55 гадоў. Твар спакойны, маршчыністы лоб з глыбокімі скронямі. Упрыгожваюць партрэт вусы і хвалістыя валасы. Далікатныя рысы твару могуць гаварыць аб яго прафесійным занятку: ёсць верагоднасць, што чалавек быў настаўнікам альбо ўрачом. Такі тыпаж мужчыны-беларуса можна сустрэць і сёння.

Ала ДРАГАН,
супрацоўнік Бярозаўскага
гісторыка-краязнаўчага музея