Чалавек, які дамогся свайго

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Учора споўнілася 60 гадоў “нашаму ўсё”. Хоць з’явіўся на свет гэты чалавек у Расіі (дакладней, ён народжаны ў СССР), але асталяваўся ў Сінявокай даўно і артыстычную кар’еру робіць тут ужо чацвёрты дзясятак. Ён жывое ўвасабленне памежжа часоў, якія адной нагой па-ранейшаму ў Саюзе, а другой — у крыптавалюце і блокчэйне. Мацёрыя меламаны лічаць яго жывым дыназаўрам савецкай эстрады, але пры гэтым той “яшчар” — адна з самых яркіх медыя-персон краіны, што як ніхто лепей умее хайпануць. І таму больш сучасную фігуру ў айчынным шоу-бізнэсе трэба яшчэ пашукаць! Ну, вы ўжо, пэўна, здагадаліся, з кім сённяшняя наша сустрэча? Так, з ім, з родным і... мілым! З Аляксандрам САЛАДУХАМ!

/i/content/pi/cult/728/15841/opt.jpeg— Аляксандр Антонавіч, не хацелася б рабіць гэтае інтэрв’ю з вамі ў пафасна-віншавальным ключы. Падарункам будуць пытанні, якія вы сапраўды не чакалі.

— Ужо цікава. Але наогул я заўсёды гатовы да любых пытанняў.

— Выдатна. Такім чынам, год 1959-ты. Я называю некаторыя падзеі, якія тады адбыліся, а вы іх неяк каментуеце, альбо распавядаеце пра іх уплыў на ваш светапогляд. Можа, яны неяк адбіліся ў вашым лёсе?

— Дамовіліся, “паехалі”.

— 1 студзеня на Кубе быў скінуты прэзідэнт Батыста.

— І да ўлады прыйшоў Фідэль Кастра?

— Не адразу.

— Не, пытанні пра палітыку — гэта не для мяне. Пра фізкультуру і спевы будуць?

— Вось пра спевы. 3 лютага ў авіякатастрофе ў ЗША загінуў адзін з заснавальнікаў рок-н-ролу Бадзі Холі.

— Нічога пра такога не ведаю.

— Стары амерыканскі рок-н-рол таксама не ваша тэма?

— Не мая. Ні стары, ні новы. Я нават The Beatles фактычна не слухаў.

— А Элвіса Прэслі?

— І яго. Я слухаў “Песняроў”, “Веселых ребят”, “Самоцветы”, “Лейся, песня”, “Добрых молодцев”, Антонава, Градскага — вось мая гісторыя.

— Гэта значыць, калі нешта і аказала ўплыў, то гэтыя савецкія выканаўцы?

— Толькі савецкія. Можа, ледзь-ледзь з сацкраінаў — Czerwone Gitary, Марыля Родовiч.

— Карэл Готт?

— Крышку.

— Гелена Вондрачкава?

— Не.

— Чэслаў Немэн?

— Не. Рок у яго нейкі “загорнуты” быў, так? У песнях мне заўсёды патрэбны зразумелы тэкст, прыгожыя інтанацыя і мелодыя.

— О’кей. Вернемся ў 1959 год. Як мяркуецца, у ноч на 2 лютага на Паўночным Урале пры дзіўных абставінах загінула турыстычная група, узначаленая Ігарам Дзятлавым.

— А ты мне ў юбілейныя дні толькі пра смерці пытанні падрыхтаваў?

— Гэта пытанне пра містыку. Той выпадак часта прыгадваюць у тых тэлеперадачах, дзе сцвярджаецца, што Зямля плоская...

— Трызненне нейкае. Ты такія глядзіш? Я магу пра НЛА паглядзець, пра іншапланецян. Не ведаю, наколькі ў такіх перадачах усё праўда, але часам “забірае”, захапляюся. Адцягваешся пад такія праграмы — ад побыту, ад працы.

— Пра жыццё пытанне. 25 лютага нарадзіўся Аляксей Балабанаў, які стаў, на мой погляд, выдатным кінарэжысёрам.

— Які “Брат” і “Брат 2” зняў? Ведаеш, а гэта не “героі майго рамана”. Мае героі — акцёры Уладзімір Машкоў, Яўген Міронаў. Героі з фільма Мікіты Міхалкова “Сібірскі цырульнік”. З фільмаў “Легенда № 17” і “Рух уверх”. Як жа я па-вар’яцку хварэў за нашых баскетбалістаў, калі глядзеў па тэлевізары тую гістарычную гульню! Я сябе лічу шмат у чым пераможцам па жыцці, і такія ж людзі мне цікавыя ў кіно, у спорце. Напрыклад, футбольнае мінскае “Дынама” 1982 года — Эдуарда Васільевіча Малафеева.

— У “Братах” галоўны персанаж таксама ўсіх перамагае...

— Я абодва тыя фільмы глядзеў так, фрагментамі, але мне гэтага хапіла для агульнага ўражання. (Тая ж гісторыя ў мяне і з фільмам “Асса”.) Стральба, забойствы... Не! Калі герой Машкова са зброяй у руках устае на чыюсьці абарону, я яму веру, суперажываю. А ў “Братах” для мяне ўсё холадна па пачуццях было. А роля Бадрова, як гэта дзіўна ні прагучыць, — нават у чымсьці і адмоўная, антыгераічная.

— 9 сакавіка ў Штатах на Амерыканскiм міжнародным кірмашы цацак была прадстаўлена новая забава для дзяцей — лялька Барбі.

— Ніхто ні разу мне яе не дарыў... Што ў дзяцінстве на дзень нараджэння дарылі? Футбольны мяч, баскетбольны, клюшкі хакейныя... Чамусьці запомніўся дзень нараджэння, калі мне споўнілася восем гадоў. Не падарункам. Памятаю, бацька запрасіў на яго сваіх таварышаў па службе, мама — сваіх, настаўнікаў.

— Знаёмыя ўспаміны... А мне калі споўнілася ці то 11, ці то 12 гадоў, бацькі на дзень нараджэння падарылі два вінілавыя дыскі-гіганты (я ўжо тады на ўсю моц меламанiў): ансамбля “Мелодия” пад кіраўніцтвам Георгія Гараняна і ВІА “Веселые ребята” пад назвай “Каханне — велізарная краіна”. Я ў дзікім захапленні быў.

— А я са слязамі на вачах угаворваў бацькоў купіць мне першую вялікую кружэлку “Песняроў”. Угаварыў.

— Ідзем далей. 28 сакавіка нарадзіўся Якаў Навуменка.

— Светлая яму, вядома, памяць... Мы з ім нават не таварышавалі. Віталіся падчас зборных канцэртаў, пра штосьці слоўцам перакідваліся, калі размяшчаліся ў адных грымёрках. На тым нашы зносіны і сканчалася. Музычна мы розныя былі — ён жа спяваў нешта больш фолькавае, народнае. На эстрадзе яго ніша была падобная на тую, у якой працуе Яраслаў Еўдакімаў. Але ў адрозненне ад апошняга, у Навуменкі не было “сваіх” шлягераў, “народных хітоў”, па якіх бы яго адназначна ідэнтыфікавалі слухачы. Ён стаў вядомым выканаўцам, але не ўзроўню такіх “зорак”, як Мулявін або Ціхановіч з Паплаўскай. А голас моцны быў, добра ён ім валодаў.

— 16 чэрвеня ў Маскве адкрылася ВДНГ — Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі. Тры вашыя самыя галоўныя дасягненні ў жыцці назавеце?

— Нараджэнне дзяцей — Аляксандра, Антона і Варвары. Сустрэча з Наталляй — маёй трэцяй па ліку жонкай. І тройчы (!) “узяцце” галоўнай пляцоўкі “Славянскага базару ў Віцебску” — аншлагі ў 1997-м, 2007-м і 2012-м гадах. А таксама і “ўзяцце” ў 2014-м “Мінск-Арэны”.

— Наступнае пытанне мае дачыненне акурат да вашай жонкі: 1 лістапада ў Ленінградзе адкрыўся першы ў СССР Палац шлюбу.

— Наталля — мая апора, надзейны тыл. Жанчына, якую я вельмі люблю.

— 5 лістапада нарадзіўся канадскі рок- і поп-выканаўца Браян Адамс.

— Гэта такі сімпатычны? Мне падабаюцца яго кампазіцыі, меладычныя, прыгожыя. Голас добры.

— 1 верасня дзень нараджэння ў Гарыка Сукачова.

— А я ведаю, што мы з ім аднагодкі! Ён суперскі хуліган, але мне гэта амплуа не цікавае — на сцэне, падкрэслю...

— ...бо пахуліганіць каля музыкі вы таксама майстар.

— Ну так. Але і прыгожыя песні ў Сукачова былі — з дудкамі, “медлякі” розныя.

— 12 верасня стартавала аўтаматычная міжпланетная станцыя “Месяц-2”, якая 14-га прынесла на паверхню спадарожніка Зямлі вымпелы з выявамі Дзяржаўнага герба СССР. Гэта было першае прылуненне касмічнага апарата.

— Адразу скажу, што ў дзяцінстве стаць касманаўтам я не марыў.

— А як жа зорнае неба?

— Палюбіў глядзець на яго ўжо з узростам. А мары такой, каб куды-небудзь паляцець — не было.

— 15 верасня пачаўся першы афіцыйны візіт Мікіты Сяргеевіча Хрушчова ў ЗША.

— О! Чаравік, так?!

— Не, гэта годам пазней здарылася. Дарэчы, добрая назва для гурта — “Чаравік Хрушчова”!

— Добрая, так.

— Хрушчоў жа таксама эпатажны дзядзька быў, як і вы. Але ён сур’ёзна ўсе гэтыя свае завітушкі выкідваў. А вы ў ЗША бывалі?

— Не. Можна было б разок з’ездзіць, для цікавасці, але не больш. На Ніягарскі вадаспад паглядзець. У Аўстралію, напэўна, можна было б злётаць. Але Беларусь не адпускае. У Амерыцы жывуць мае знаёмыя — той жа Жэня Магалiф, піяніст і кампазітар, чый творчы шлях пачынаўся тут. Боря Бярнштэйн — некалі басіст і скрыпач “Песняроў”, выдатны аранжыроўшчык. На жаль, чамусьці не падтрымліваю зносінаў ні з кім з нашых былых. А так, глядзіш, хто-небудзь з іх і дапамог бы мне з арганізацыяй канцэрта ў Штатах. Чаму б і не? Думаю, там ёсць мая публіка. Веру, што выступ адбыўся б “на ўра”.

— І дзве апошнія падзеі — я іх як бы вынес “за дужкі”, — датаваныя адным і тым самым студзеньскім днём — 18-м. Першая: Варонежскі радыёзавод (па-мойму, тады гэта быў засакрэчаны аб’ект, так званая “паштовая скрыня”) пачаў выпускаць “Атмасферу” — першы ў СССР масавы транзістарны прыёмнік.

— Я музыку “круціў” на прайгравальніках і касетным магнітафоне, па радыё неяк асабліва яе не слухаў. Гэта потым ужо, калі з’явіліся FM-станцыі, стаў часам і іх уключаць.

— І другая падзея. 18 студзеня 1959 года нарадзіўся Аляксандр Саладуха.

— Сур’ёзна? Каментарый патрэбны? У гонар гэтай падзеі краіна гуляе тры дні — з пятніцы па нядзелю!

— Я — за! Што можа быць пра вас напісана ў нейкай энцыклапедыі?

— Дык ужо напісана, праўда, суха і замала — усяго два радкі. Што магло б быць напісана... Яркі, харызматычны, тэмпераментны, паводле знака задыяка — Казярог. Значыць, гэта чалавек, які дамагаецца свайго заўсёды. Зацяты, ніколі не прызвычаены адступаць, мэтанакіраваны. Вельмі мэтанакіраваны. І таму ён дасягнуў у свае гады вельмі шмат чаго. І шмат чаго яшчэ дасягне!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"