Чатыры стравы з аднаго шчупака

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Казка пра Ямелю і чароўнага шчупака, вядомая пад назвай “Па шчупачыным загадзе”, нечакана апынулася на хвалі небывалай папулярнасці. Тры гады таму яе паставілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, і гэты спектакль па-ранейшаму карыстаецца трывалым попытам у гледачоў. Ажно двойчы тая ж казка, але ў “пераказе” розных аўтараў, была прадстаўлена на нядаўняй Нацыянальнай прэміі Беларусі: у пастаноўцы Палескага і Магілёўскага тэатраў. Нарэшце, днямі адбылася прэм’ера ў Маладзёжным тэатры эстрады, дзе казка дала штуршок новым аўтарскім фантазіям. Чым не гэткія “фанфікі” на зададзеную тэму?

/i/content/pi/cult/727/15823/13.JPGСапраўды, як сёння трактаваць вядомы сюжэт? Як заклік да ляноты? Маўляў, усё зробіць за мяне шчупак са сваімі чараўніцтвамі. Ці як прарыў у сферы высокіх тэхналогій? Тады галоўнае для сучасных ямеляў — правільна сфармуляваць задачу (іншымі словамі, скласці камп’ютарную праграму), каб надалей без асаблівых высілкаў атрымліваць патрэбны вынік. Кожны са згаданых тэатраў шукаў свой адказ.

Мастацкі кіраўнік тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык узяў за аснову класічную па сюжэтных хадах версію, напісаў уласную інсцэніроўку і знайшоў разыначку ў візуальнай прыгажосці і багацці сцэнаграфіі (Ала Сарокіна), касцюмаў (Аляксандра Кавальчык), музыкі (Цімур Каліноўскі). А што ж астатнія тэатры з куды больш сціплым бюджэтам?

Аблачынкава-завоблачнае шчасце

Палескі драматычны тэатр зрабіў папраўдзе стыльны спектакль, вырашаны ў традыцыях гжэльскага роспісу, спалучыўшы іх з сучасным варыянтам прачытання сюжэту. І акрэсліў усё гэта “рамантычнай казкай”, якая, дарэчы, цудоўна ўспрымаецца не толькі дзецьмі, але і дарослымі (вядома, кожны бачыць тут штосьці сваё). Спектакль мог бы ісці нават на гэткіх крэатыўных карпаратывах, бо там ёсць думкі, якія карысна нагадаць дарослым. І, што вельмі важна, выказаны яны папраўдзе смешна — сыходзячы не толькі са значна скарочанага і перапрацаванага літаратурнага тэксту Станіслава Зельцара, але і ўласна з рэжысуры.

Павел Марыніч, выступіўшы не толькі рэжысёрам, але і мастаком-пастаноўшчыкам, напрыдумваў шмат дробных, і вельмі трапных дэталяў, якія не могуць не выклікаць шчырую ўсмешку. Цар у яго з гармонікам — ды з падбітым вокам. Згадаўшы, што пацеркаў у дачкі “куры не клююць”, пачынае клікаць куранят. А ў адной з наступных сцэн папросту мые бялізну. Ды які ж ён уладар? Фантазёр нягеглы, які не ведае, як справіцца з дачкой-каратысткай. Так, царэўна Несмяяна займаецца каратэ. Але гэта не перашкаджае ёй мець рамантычныя мары — вядома, пра каханне. Ці ж можа яна дараваць, калі адзін з замежных гасцей са словамі: “О, найцудоўная з прынцэс!” — звяртаецца не да яе, а да бацюхны-цара!

Мроямі, нязбыўнымі фантазіямі жыве і Ямеля. Рэжысёр, адмовіўшыся ад закаранелых злыдняў ці проста “дрэнных” герояў, знайшоў для кожнага нейкае апраўданне яго паводзінаў. Усё як пры стасунках з дзецьмі: кожны сам па сабе — неблагі. І калі ў нейкай сітуацыі ён чыніць штосьці дрэннае, дык гэта не са зла, а выпадкова, часам увогуле з лепшых намераў.

Ямеля пры такім раскладзе атрымліваецца не гультаём, як пра яго думаюць клапатлівыя, працавітыя, ды крыху прыземленыя побытам сёстры (чым не сімвал залішняй матчынай апекі?), а гэткім маленькім Абломавым, што жыве сваімі мроямі ў нейкіх іншых казачных сусветах.

Але галоўнае нават не гэта, а тое, што ўсімі рухае любоў. І каханне! У фінале, у адрозненне ад п’есы з яе тэмай пакарання, адплаты, яркім сатырычным пачаткам, мы бачым ажно тры закаханыя пары: кожны мае сваё права на шчасце. І ўяўленне пра сямейную ідылію ў кожнай з гэтых пар — сваё. Няма аднаго-адзінага правільнага! Ёсць безліч розных, сярод якіх трэба знайсці сваю мадэль.

/i/content/pi/cult/727/15823/14.jpgНа такую рэжысёрскую канцэпцыю добра працуюць і відэавыявы гжэльскага роспісу, і простая, але выразная пластыка, таксама пастаўленая Марынічам, і “аблачынкі” на экране, унутры якіх — візуалізаваныя мроі. Штосьці падобнае звычайна выкарыстоўваецца ў коміксах, каб “агучыць” маляваных герояў. Але тут гэты прыём адыгрывае іншую ролю, яшчэ больш падкрэсліваючы летуценні фантазёра. І спектакль, бы той снег у сонечны марозны дзень, літаральна выпраменьвае прыгажосць, здаровую іронію, аптымізм і любоў — да ўсіх і ўсяго.

Усе ў лес!

Свой змест уклаў у казку і Магілёўскі драматычны тэатр, звярнуўшыся да добра вядомай па савецкіх часах п’есы Лізаветы Тарахоўскай. Адштурхнуўшыся ад заяўленага там другараднага героя — блазна, які імкнецца пацешыць Царэўну Несмяяну, рэжысёр і адначасова мастак Міхаіл Лашыцкі зрабіў гэты вобраз галоўным: паставіў “спектакль у спектаклі”,
разыграны вандроўнай трупай. Кожны з артыстаў спрытна, часта наўпрост на нашых вачах пераўвасабляецца па ходу дзеяння ў кагосьці з чарговых персанажаў, змяняючы сваё флюарэсцэнтна яркае блазенскае трыко на ўсё новыя сцэнічныя строі, падобныя да вялізных размаляваных кухонных “прыхватак” — мяккіх, сцёганых, ды плоскіх.

У той жа стылістыцы выраблены і астатні антураж. Музычныя інструменты, елкі — усё з тканіны. Пры такім падыходзе нешараговай становіцца сцэна нарыхтоўкі дроваў: артысты папросту “дзяруць” з тых дрэваў тканінныя галіны — атрымліваецца відовішчна і эфектна, сапраўды па-тэатральнаму. Работа Лашыцкага менавіта як мастака-пастаноўшчыка ўвогуле падалася самым цікавым складнікам, які, на жаль, не мог “выцягнуць” на сабе ўвесь спектакль цалкам.

Нягледзячы на ўсю мітусню, агульнае разгортванне дзеяння ўспрымалася залішне запаволеным. Незразумелым засталося стаўленне да Ямелі, паводзіны якога выходзяць за межы этычнасці: ён здзекуецца з Вестуна, які ні ў чым перад ім нявінны, абражае бацьку Царэўны Несмяяны (маўляў, “на такога бацюхну зірнеш — міжволі заплачаш”).

Ды больш за ўсё здзівіў фінал — прамая адсылка да мастацтва рэвалюцыйных дзесяцігоддзяў. Станоўчыя героі адпраўляюцца жыць у лес, дзе не будзе “ні цара, ні бедных, ні багатых”. І ўслаўляюць Шчупака — носяць яго, вялізнага, на руках, бы кітайскага дракона. А між тым, гэтую “тэму лесу” можна было трансфармаваць у надзвычай актуальнае па цяперашніх часах жаданне жыць у гармоніі з прыродным наваколлем, любіць “братоў сваіх меншых”. Спачатку яно так і выглядае, ды сацыяльны акцэнт, на жаль, перамагае.

Па законах фізікі?

Самым крэатыўным пераасэнсаваннем вядомай казкі стала навагодняя прэм’ера ў Маладзёжным тэатры эстрады — мюзікл “Па Шчупачыным загадзе, па Навагоднім жаданні”, цікавы і дзецям, і дарослым. Аўтар сцэнарыя Ірына Гаранец давяла зусім не “казачную” ісціну — нішто з нічога не з’яўляецца: калі Ямеля замаўляе каралеўскі абед, дык у караля абед знікае, бо дастаўляецца па іншым адрасе. Чым не закон захавання энергіі? І гэта скіроўвае гледачоў да думкі, што “адабраць і перадзяліць” — зусім не так весела, як здавалася на першы погляд.

Кардынальна пераасэнсаваны і сам Ямеля: адчуўшы ўладу, ён становіцца не проста лайдаком, а яшчэ і сапраўдным тыранам, які не скупіцца на свавольствы. Дый Шчупак аказваецца малодшым сваяком Бабы Ягі, здольным да здрады — праўда, пад страхам смерці. У такім царстве “недасканаласцей”, блізкім да рэальнага жыцця, толькі Дзед Мароз можа стварыць сапраўдны цуд, вярнуўшы ўсё на свае месцы.

Рэжысёр Вячаслаў Панін упэўнена “разрульвае” хітраспляценні сюжэту. Спектакль атрымаўся імклівым па тэмпарытме, вясёлым, яркім па сцэнаграфіі і касцюмах (мастак — Дар’я Волкава), удалым па падборы музычных нумароў і пластыцы (балетмайстар — Дзяніс Кашавой). Адсутнасць падзелу на апрыёры станоўчых і адмоўных персанажаў вымушае гледача ўключаць не толькі эмоцыі, але і, прабачце, галаву — што ў забаўляльных спектаклях здараецца вельмі і вельмі рэдка. Пасля прагляду так і цягне абмеркаваць убачанае — і гэта цудоўна, бо выхоўваць гледача могуць і павінны далёка не толькі драмы ды трагедыі.

На жаль, такое ўключэнне элементарнай логікі было супрацьпаказана некаторым іншым навагоднім казкам, прэзентаваным да школьных вакацый. У Новым драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Лекі ад сквапнасці”, цікавага многімі незашмальцаванымі сюжэтнымі паваротамі: Баба Яга штодзень пячэ пірагі, ды застаецца галоднай, бо Кот раздае прысмакі змерзлым лясным жыхарам. Можа, яму падмяшаць у ежу крыху чароўнага парашку? Але Сквапнасць, адчуўшы волю, заражае амаль усіх. Фінал, дзе ўсё вяртаецца да пачатку, не назавеш шчаслівым. Героі павінны не проста радавацца, хітрасцю завабіўшы Сквапнасць у куфэрак, а пачаць гатаваць абеды — разам. Бо іначай атрымліваецца не лепшая мадэль сям’і, дзе маці працуе на “добрага” сына, гатовага падзяліцца апошнім, ды не сабой заробленым. Што ні кажыце, а казкі — праекцыя на жыццё.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"