Светлыя сны Алісы

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

“Аліса ў Краіне цудаў” Льюіса Кэрала не самы папулярны ў тэатры твор. Калі паспрабаваць прыгадаць яго вядомыя сцэнічныя ўвасабленні, у галаву прыйдзе толькі балет Крыстафера Уілдана з музыкай Джоні Талбата, пастаўлены ў 2011 годзе ў Каралеўскай Оперы (Лондан), на радзіме аўтара “Алісы”. У беларускім тэатры да казкі Кэрала звяртаюцца рэдка. І вось малады і амбітны рэжысёр Валерый Карышаў рызыкнуў. Ён даўно працуе ў Гродзенскім тэатры лялек акцёрам, некалькі гадоў таму скончыў курс рэжысуры ў Акадэміі мастацтваў. На роднай сцэне пасля выпуску ён ужо паспеў паставіць два спектаклі для дзяцей: “Мядовую казку” ды “Незямныя прыгоды”. І вось чарговая прэм’ера.

/i/content/pi/cult/724/15780/13.jpgЦяжкасці перакладу

“Алісу ў Краіне цудаў” звычайна называюць казкай, хоць гэты твор, вядома, значна больш складаны за простую чарадзейную гісторыю. У нібыта прызначаным для дзяцей тэксце, які адносяць да літаратуры абсурду, даследчыкі творчасці Льюіса Кэрала знаходзілі шматлікія матэматычныя, філасофскія і лінгвістычныя алюзіі ды жарты. Іх адэкватная перадача як неабходная ўмова захавання ўсёй шматпластовасці твора рабілі “Алісу” няпростай для перакладу на замежную мову. Што ж казаць пра пераклад на мову тэатральную.

Падаецца, пры сцэнічным увасабленні ёсць вялікая спакуса захапіцца незвычайнасцю матэрыялу і забыцца праз гэта на змест, што хаваецца за вышэйшага гатунку бязглуздзіцай і заключаецца ў гульні сэнсаў, словаў, асацыяцый. Валерый Карышаў, мяркуючы па ўсім, паддаўся спакусе.

Пастаноўцы пакуль бракуе выразна выбудаванага дзеяння. Часам складана зразумець, па якім прынцыпе адабраны той ці іншы фрагмент тэксту Кэрала. І гэта асабліва чапляе ўвагу, бо “Аліса” прызначана не для дарослых, здольных успрымаць пастаноўку, дзе няма паслядоўнага лінейнага развіцця падзей, а, паводле афішы, для гледачоў 6+. Праўда, падчас спектакля ўзнікае сумніў, што рэжысёр арыентаваўся менавіта на гэты ўзрост. Наўрад ці дзеткам з пачатковай школы вядомы лермантаўскі “Парус”, якім Валерый Карышаў замяніў адзін з арыгінальных вершаў Льюіса Кэрала.

Патрабаваць нейкіх дыдактычных высноваў ад спектакля па такім творы, як “Аліса”, можа, і не выпадае, ды ўсё ж было б добра пабачыць у пастаноўцы зразумелую дзецям гісторыю. Спачатку малеча з захапленнем назірае за прыгодамі Алісы, візуальнымі эфектамі, але яе ўвага паступова рассейваецца, бо размоў становіцца ўсё больш, сэнс іх ускладняецца, а дынаміка дзеяння падмяняецца мітуснёй герояў па сцэне. Як толькі запас тэатральных дзівосаў аказваецца вычарпаным, мілыя бязглуздзіцы перастаюць выклікаць усмешкі, таму што за імі нічога няма.

Адзін — гэта мала, тры — зашмат

Малады рэжысёр паспрабаваў знайсці свае ключы да “Алісы” і, трэба сказаць, адшукаў асобныя прыёмы, на аснове якіх можна далей напаўняць спектакль. Замест літаратурнай экспазіцыі, дзе Аліса бавіць час разам са старэйшай сястрой на беразе ракі, у пачатку спектакля прыдуманыя персанажы — меморыкі (ад англійскага memory — памяць). Яны распавядаюць малым гледачам: усё наступнае дзеянне — сон дзяўчынкі. Падрыхтавалі яго менавіта меморыкі, перамяшаўшы ўспаміны Алісы аб падзеях мінулага дня і яе фантазіі. У фінале гэтыя персанажы звяртаюцца да дзяцей, каб патлумачыць, што яны могуць наблытаць са сваім чарамі і сон тады атрымліваецца не вельмі прыемным (у канцы апавядання Каралева Чырваў загадала адсячы Алісе галаву). Сама пазычаная з твора Кэрала ідэя дзеяння-сну, безумоўна, выглядае тут натуральнай, аднак часам складваецца ўражанне, што яна ў большай ступені зручны прыём, які дазваляе апраўдаць адсутнасць логікі і лёгка паставіць кропку ў дзеянні. Аліса прачнулася — спектакль скончаны.

/i/content/pi/cult/724/15780/14.jpgЯшчэ адным рэжысёрскім прыёмам стала патраенне галоўнай гераіні. Дзвюх Аліс увасабляюць актрысы Аляксандра Літвінёнак і Таццяна Еўтух, трэцяя прадстаўлена лялькай. Сам па сабе ход не новы, але ў пачатку выглядае шматабяцальным. Лялька выкарыстоўваецца ў эпізодзе падзення Алісы ў трусіную нару, другая Аліса-дзяўчынка з’яўляецца як своеасаблівы “голас
розуму”, што прапануе спачатку праверыць, ці няма на бутэлечцы надпісу “атрута”, а толькі потым піць з яе. У шэрагу сцэн дзве дзяўчынкі нібыта перадаюць дзіўныя ўласцівасці часу і прасторы Краіны цудаў, стан Алісы, якая спрабуе зразумець: ператварылася яна ў кагосьці іншага альбо не. Але цягам дзеяння зададзеныя рэжысёрам умовы гульні перастаюць працаваць і тры Алісы застаюцца проста фармальнасцю, што ўскладняе ўспрыманне спектакля для дзяцей.

Імкненне пастаноўшчыка быць арыгінальным, здзіўляць гледачоў часам сапраўды ўдалымі прыдумкамі, як, напрыклад, капялюш Шалёнага капялюшніка, дзе змяшчаюцца і сталовыя прыборы, і іншыя рэчы, адсунула на другі план не толькі сэнс дзеяння, але і герояў. Хоць нельга не адзначыць абаяльнасць абедзвюх Аліс, нейкі буддысцкі спакой Вусеня ў выкананні Тамары Корневай, харызматычнасць Каралевы Ларысы Мікуліч (яна ў спектаклі проста Каралева, а не Каралева Чырваў). Картачная тэма ў пастаноўцы ўвогуле не ўзнікае, а гераіня Мікуліч паўстае зусім не крыважэрнай халерычнай асобай — хутчэй, гэткай вялікаўзроставай капрызлівай дзяўчынкай, любімая забава якой сячы галовы. Праўда, яны падчас спектакля застаюцца на шыях сваіх уласнікаў, як бы заўзята Каралева не размахвала маленькай сякерай.

Чорны, белы, вясёлкавы

Сцэнаграфічнае рашэнне “Алісы”, створанае мастачкай Людмілай Скітовіч і Даніілам Жугждам (медыа-кантэнт), пакуль адзін з самых моцных і прыбавных складнікаў пастаноўкі, здольны забяспечыць ёй поспех у гледачоў. Менавіта ў ім напоўніцу адлюстроўваюцца дзівосы, якіх так шмат у кнізе Кэрала. Мастакамі створаны ўтульны дзіцячы свет няўмелых малюнкаў, на якіх узнікаюць самыя неверагодныя істоты, расфарбовак, абаяльных лялек. У сне Алісы яны ажываюць і ператвараюцца ў яго герояў. Адна з такіх лялек прадстаўляе саму дзяўчынку, другая — вялізнага Сакавіцкага зайца, якога аніміруе адзін з меморыкаў. Вобраз Каралевы прымушае ўзгадаць шматлікіх прынцэс, што з захапленнем малююць у дзяцінстве дзяўчынкі, а Герцагіня, Кухарка і Чэшырскі кот нагадваюць няўдалыя экзерсізы з алоўкамі і паперай.

Прыдуманы мастакамі свет пазбаўлены агрэсіі, каларыстычнае рашэнне спектакля далікатнае, тычыцца тое і светлай сукенкі галоўнай гераіні, і клятчастага касцюма Трусіка. Стрыманыя чорна-белыя малюнкі-дэкарацыі, якія ствараюць вобраз чарадзейнага саду або парку, у патрэбныя моманты, дзякуючы асвятленню, робяцца каляровымі. Гэты спектакль — адзін з шчаслівых выпадкаў, калі сучасныя тэхналогіі выкарыстаны з розумам і да месца. У сукупнасці з асобнымі элементамі дэкарацый праекцыя стварае гульню маштабаў, і ўзнікае ілюзія, што Аліса сапраўды памяншаецца альбо павялічваецца ў памерах, правальваецца ў нару труса, праходзіць праз маленькія дзверы ў чароўны сад.

Пры ўсіх пытаннях “Аліса ў Краіне цудаў” мае шансы з часам заняць сваё месца ў рэпертуары Гродзенскага тэатра лялек. Арыгінальная работа мастакоў, музычнае афармленне Віталя Лявонава, што надае пастаноўцы гарэзлівасці, прафесіяналізм акцёраў, складаны і цікавы літаратурны матэрыял — тая аснова, на якой “Аліса” можа вырасці нават без дапамогі чарадзейных пончыкаў ды грыбоў. Рэжысёру варта толькі дакладна вызначыцца, з якой мэтай, акрамя відавочнай любові да твора Льюіса Кэрала, для каго і пра што зроблены яго спектакль.

Кацярына ЯРОМІНА
Фота Сяргея КУРЫЛЫ