“Не хочацца думаць, што паэты вымруць”

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Яе вершы пазбаўлены відавочных прыкметаў часу: там не знойдзеш, скажам, эквілібрыстычнай гульні з назвамі гаджэтаў або адсылак да Інтэрнэт-мемаў. Наадварот, яе паэзіі ўласцівая пранізлівасць і памкненне быць шчырым. Але чамусьці ты ўпэўнены, што гэта шчырасць менавіта насельніка ХХІ стагоддзя. Маладая паэтка з Гомеля Наста ШАКУНОВА распавядае пра тое, што падштурхнула яе да такога архаічнага, здавалася б, спосабу самавыяўлення і чаго бракуе арт-жыццю другога па велічыні беларускага горада, у арганізацыі якога яна бярэ самы чынны ўдзел. А вось пра тое, чаму гэтая выпускніца БДУКіМ звольнілася (як выявілася) з абласной бібліятэкі — хаця, мяркуючы па яе актыўнасці ў сацсетках, працавала яна там з імпэтам — Наста распавядаць адмовілася.

/i/content/pi/cult/723/15765/18.JPG— Ці ўтульна было паэту працаваць сярод мноства ўжо напісаных кніг? І як пачувае сябе на бібліятэчнай працы малады чалавек, не пазбаўлены пэўных творчых амбіцый?

— Вельмі ўтульна. У мяне былі цудоўныя калегі, побач з якімі я пачувалася вельмі гарманічна і спакойна. А калі ты пазбаўлена трывогі і дыскамфорту, дык маеш сілы для рэфлексіі і канструктыву. Што да амбіцый і іх рэалізацыі… Не, лепей я пра гэта не буду. Давайце лепш на іншую тэму пагаворым.

— Добра. Што прыемнага — прынамсі, асабіста для вас — здарылася за апошні час у культурным жыцці Гомеля?

— З прыемнага ў гэтым годзе — дзень нараджэння бара “Кватэрнік”, адкрыццё сезона ў скейт-парку “Сожскі стрыт”, на якое сабралася з паўтысячы чалавек. Гэта цікавыя прыгожыя людзі, якія недзе хаваюцца ў звычайныя дні. Яшчэ прыемна было слухаць вячэрнія канцэрты на набярэжнай, якія арганізоўваў кіраўнік студыі “Драйв” Андрэй Васільеў — ён выхоўвае цэлую плеяду маладых музыкантаў.

— А чаго вам у культурным жыцці Гомеля найбольш не хапае?

— У нас ёсць цікавыя для мяне спектаклі, але бракуе тэатральнага фестывалю. Годнага кіно ў пракаце пакуль няма. Добра, што хоць “Крышталь” паказалі. Прыстойных паэтычных вечарын, чытак, мастацкіх праектаў (акрамя хіба выстаў у Палацава-паркавым) таксама не відаць.

Лічу, Гомелю патрэбна галерэя сучаснага мастацтва з добрымі фінансавымі партнёрамі, каб яна магла ладзіць некамерцыйныя выставы добрага ўзроўню, праводзіць конкурсы, арганізоўваюць навучальныя курсы — карацей, задаваць планку. Калі б на дзесяць пунктаў грамадскага харчавання ў нас адкрывалася хаця б паўгалерэі, гэты горад стаў бы яшчэ адной культурнай сталіцай Беларусі.

Да ўсяго, асабіста мне ў Гомелі не хапае супольнасці. Асабліва гэта тычыцца літаратараў і людзей, якія займаюцца візуальным мастацтвам. Музыкі яшчэ сяк-так хаўрусуюцца, ды і прыхільнікаў ім куды прасцей сабраць. Летам у нас быў фартэпіянны марафон, які доўжыўся 12 гадзін: людзі рознага ўзросту, полу і ўзроўню ігры садзіліся за фано і выконвалі сваю любімую музыку. Сабраліся слухачы, было добра і па-сямейнаму, але такое ў нас здараецца настолькі рэдка, што самы часты водгук — “Як выдатна! Зусім не як у Гомелі!” І гэта крыўдна, вядома.

— Аднак, здаецца, вы самі спрабуеце неяк выправіць сітуацыю…

— Спрабую. У Гомелі прынцып “зрабі сам” — бадай што адзіны дзейсны. Хочаш канцэрт або лекцыю — арганізуй! Апошнія два гады мы стараемся так і рабіць: ладзім сустрэчы з рэжысёрамі, крытыкамі, скульптарамі, мастацтвазнаўцамі. Але мы ўжо дарослыя людзі, і рабіць такія івэнты ў нуль або нават у мінус становіцца ўсё менш і менш прыемна. Пагатоў, пасля іх ты адчуваеш сябе стомленым і бедным ды наогул ужо нічога не хочаш — ні музыкі, ні фідбэку, хіба толькі адпачыць, каб хоць трохі ачомацца. Можа, гэта мой такі погляд на наша культурнае жыццё. Але падазраю, што тэндэнцыя тут агульная.

— Тым не меней, працягваеце рабіць?

— Так. Разам з Жэнем Чарняўскім я зладзіла серыю канцэртаў “Шакунова лайв”, на якіх выступалі музыкі, мастакі, харэографы, эксперыментальны тэатр…

/i/content/pi/cult/723/15765/19.JPG— Вы шукаеце розныя мультымедыйныя спосабы прэзентацыі паэзіі, спалучаючы яе з іншымі відамі мастацтва. Навошта вам гэтыя эксперыменты?

— Падрыхтоўка візуалу і гуку кожнага разу дапамагала мне як бы збоку паглядзець на свае тэксты і больш адказна падрыхтавацца да выступу. Без выяваў я часта чытаю, а вось без музыкі — амаль ніколі. Стараюся выкарыстоўваць тое, пад што пісаліся вершы — або, прынамсі, нешта блізкае па атмасферы. Магчыма, гэта няправільна. Часам падчас выступаў узнікала жаданне зараз жа спыніць музыку і проста “секчы словамі”. Можа, неўзабаве я так і зраблю, але пакуль што адчуваю ад яе нейкую эмайцыйную падтрымку. Асабліва ад усіх самых упадніцкіх мелодый на свеце.

— У вашых вершах не сустрэнеш прамых адсылак да нейкіх канкрэтных месцаў і непасрэднага атачэння — таго ж Гомеля. Ці важна для вас, што вы жывяце менавіта там?

— Ёсць адзін тэкст, у якім гаворка ідзе пра Мазыр — гэта мой родны горад. Але зазвычай прывязкі да месца няма. Не памятаю, каб сачыняючы я думала пра нейкі канкрэтны горад або “менавіта гэты” праспект. Ёсць вуліцы, час сутак, пахі і гукі, якія могуць мяне пераключыць ад шуму ў галаве дарослага чалавека на больш уважлівае стаўленне да маіх адчуванняў. Але ўсё гэта — нейкія зборныя вобразы і невытлумачальныя асацыяцыі родам з мінулага. Часам я настальгірую гэткімі выявамі, што з’яўляюцца ў маёй галаве — бачу-ўспамінаю нейкі колер сцен, адчуваю тэмпературу, “гляджу” на пад’езд або дом… І нешта такое са мной здараецца ў гэты момант, дзякуючы чаму я пачынаю дыхаць інакш — не носам. Вочы глядзяць унутр, вуха слухае, а рот сам прамаўляе словы. Верагодна, гэта можа здарыцца дзе заўгодна. Але бываюць сітуацыі, месцы, а часам і працяглыя перыяды жыцця, у якіх нічога не вылавіш, бо ўсе твае сілы даводзіцца выдаткоўваць на ўцёкі.

— Ці ёсць для вас нейкая грань паміж вашай паэтычнай практыкай і паўсядзённасцю? Наколькі яны ўплываюць адзін на аднаго? Ці атрымліваецца прэпараваць рэальнасць сродкамі паэзіі — альбо гэта яна прэпаруе вас?

— На тэксты ўплывае ўсё. Але толькі ў перыяд “юначага максімалізму” я магла напісаць у сваім вершы пра нейкія будзённыя рэчы — скажам, пра тое, што мяне толькі што засмуціла на працы. Апошнія ж гадоў пяць мае тэксты піша беспрацоўны, а на працу ходзіць звычайны чалавек, які не мае звычкі прамаўляць вершамі. А калі мяне нешта засмучае, я іду на лесвіцу, сядаю на прыступачку — і моўчкі засмучаюся. Або магу патэлефанаваць сябру, каб прымусіць яго папакутваць са мною. Але пісаць пра гэта не буду.

— Вы характарызуеце свой метад як імпрэсіянізм і фенаменалогія. Як можна расшыфраваць гэтыя паняцці ў дачыненні да паэзіі?

— Дакладна гэтаксама, як і ў дачыненні да жывапісу або філасофіі. Я адчуваю, што мае тэксты — гэта нейкі адбітак досведу, але выяўляецца ён не праз канкрэтныя прадметы і факты, а праз свайго кшталту ўнутраную музыку, рэфлексы, інтанацыю, нейкія няўлоўныя матывы. Калі ва ўніверсітэце я пазнаёмілася з развагамі Эдмунда Гюсерля, яны адразу адклаліся ў мяне ў памяці: немагчымасць максімы, абсурднасць доказаў і непазбежнасць прыняцця ўсяго вышэйзгаданага. Мне падалося, што гэты мужчына мяне б зразумеў! А імпрэсіянізм у маіх творах можна адчуць праз рытм, хвалепадобнасць, тугу па прыгажосці. Думаю, менавіта з-за гэтага імпрэсіянісцкага адчування мае тэксты і становяцца паэтычнымі.

— Здаецца, сярод прадстаўнікоў вашага пакалення куды больш прынята не вершы пісаць, а, напрыклад, чытаць рэп…

— Аднак я пішу паэтычныя тэксты ўжо 20 гадоў і ніяк не магу перастаць гэтага рабіць. Мне, вядома, хацелася б, каб раптам зніклі ўсе рэперы і меладэкламатары, якія з’яўляюцца ў геаметрычнай прагрэсіі, а засталіся б толькі паэты і оперныя спевакі. Але ўсё ўжо здарылася, і замест “Не выходи из комнаты” мы чуем “Между нами тает лёд”. Калі тае — хай тае. Усяму свой час. Магчыма, той від мастацтва, якім я займаюся — гэта рудымент, які неўзабаве адваліцца бы хвост.

— А ці лёгка быць паэтам, калі ты ўсведамляеш усе гэтыя тэндэнцыі?

— Фармальна паэтам быць лёгка, бо паэту нічога не трэба: ні абсталявання, ні матэрыялаў, ні фізічных дадзеных. Таму быў час, калі паэтаў стала процьма. Тысячы людзей пісалі вершы з нагоды і без нагоды. І ў выніку, многія выдавецтвы адмаўляюцца нават прымаць паэтычныя рукапісы да разгляду.

Натуральна, такі стан рэчаў зусім не натхняе цябе звязваць сваю будучыню з паэзіяй. Ты цяпер наўрад ці маеш хоць які шанец стаць голасам нацыі, як некалі Купала. Для большасці ты застанешся чалавекам, якому “больш няма чым заняцца”, — дзіўным і не вельмі прывабным лайдаком.

Аднак я спадзяюся, што ўсё ж паэзія — гэта не пэйджынгавая сувязь, не вынаходніцтва, здатнае састарвацца і адыходзіць у нябыт, а патрэба. Таму, мне здаецца, пройдзе нейкі час, і вершы зноў набудуць актуальнасць — магчыма, выйшаўшы на новы ўзровень… Не ведаю, як там яно некалі будзе. Але не хочацца думаць, што паэты вымруць.