Акрабаты, прыгажуні і песні над Нёманам

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Зіма толькі першым днём парадавала. Снежна было, марозна, а на душы — казачна, па-навагодняму святочна. Але нядоўга тая музыка грала. Адліга, слота, галалёд. А яшчэ і дні кароткія, як заечы хвост, ды цьмяныя, нібыта шкельца ў лазні па-чорнаму. Падаецца, на Піліпаўку гэткай жа няяркай стала і частка лістоў. Няўжо і імпрэзы такія ж сумныя? Не можа быць! Прачынайцеся, спадарове! Стан надвор’я не павінен уплываць на якасць нашай працы.

/i/content/pi/cult/722/15744/24.JPGВестка з сацыяльных сетак. 4 снежня ў Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэцы прайшло свята для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і выхавання. Назва акцыі — “Жыццё без усмешкі — проста памылка”. Госці паглядзелі лялечны спектакль. А яшчэ было шмат гульняў. Да прыкладу, крычалкі спадабаліся ўсім без выключэння. Таму і на ўсмешкі недабору не было. Апагеем усеагульнай весялосці стала прымерка карнавальных касцюмаў.

Інфармацыя на тэму, аналагічную з папярэднімі навінамі. Не першы год напачатку снежня Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў сустракае гасцей з Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі для сумесных творчых заняткаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Іх мэта, па меркаванні дырэктара Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталлі Клімко, — зацікавіць людзей з абмежаванымі магчымасцямі асобнымі відамі рукадзелля, даць шанец кожнаму рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Старэйшыя выхаванцы Цэнтра навучання і рэабілітацыі наведваюць амаль усе выставы, што праходзяць у горадзе. Гэтым разам яны знаёміліся з выцінанкамі, выразанкамі, выбіванкамі, паспрабавалі разам з майстрамі выразаць папяровых Анёлаў. І ўсё ж такіх дабрачынных акцый, мяркуючы па нашай пошце, не так ужо і шмат. Сітуацыю выпраўляць неабходна.

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Ала Лялькіна распавядае: “Днямі ў гарадскім Палацы культуры “Орша” адбылося першае адкрытае свята-конкурс цыркавога мастацтва на Віцебшчыне “Арэна — 2018”. У конкурсе, які ладзіўся пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, бралі ўдзел 15 цыркавых калектываў з Віцебскай, Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і Смаленшчыны. Намінацый таксама было шмат: ад акрабатыкі, пластычных эцюдаў і паветранай гімнастыкі да эквілібрыстыкі, пантамімы і клаўнады. Арганізавалі конкурс упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, Аршанскі райвыканкам. Гран-пры атрымаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны цырк “Юнацтва” Палаца культуры ААТ “Нафтан” з Наваполацка”.

У Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме прайшоў семінар, прысвечаны ролі бібліятэкі ў сучасным сацыяльна-культурным працэсе. Паўдзельнічалі ў ім і бібліятэкары з суседніх Лунінецкага і Ляхавіцкага раёнаў. Тэарытычную частку семінара адкрыла дырэктар бібліятэчнай сістэмы Ала Хваль, якая расказала аб арганізацыі работы бібліятэк. Затым выступоўцы дзяліліся вопытам работы па рэалізацыі шматлікіх праектаў і мэтавых праграм, дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў, якіх у сістэме налічваецца 20. Потым госці наведалі Кукаўскую сельскую бібліятэку, дзе іх сустрэла гаспадыня ўстановы Алена Вінік. Тут іх чакала прэзентацыя музычнага рэтра-салона “Мелодыя душы”, у якім сабрана неблагая калекцыя музычнай тэхнікі, а таксама — нотныя брашуры, плыткі і касеты, дзякуючы чаму маладыя людзі могуць пазнаёміцца з гісторыяй музычнай культуры. Агарэвіцкая СБ распавяла пра дзейнасць клубаў па інтарэсах і гурткоў, прапанавала выставы чытацкай творчасці.

Першым зімовым днём адбыўся VI абласны фестываль народных хароў і ансамбляў песні і танца “Над сінім Нёманам”, які сабраў удзельнікаў і гледачоў на базе філіяла Абухаўскага цэнтра культуры Гродзенскага раёна. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 18 лепшых калектываў Гродзеншчыны (каля 500 чалавек). Журы ўзначаліў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі. Лаўрэатамі першай ступені сталі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Бліскавіца” філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі” прадпрыемства “Гроднаэнерга”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Талака” філіяла “Лідскія электрычныя сеткі” прадпрыемства “Гроднаэнерга”, хор народнай песні Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Віват, “Гроднаэнерга”!

У Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, як паведамляе кіраўнік гэтай установы Наталля Кавальская, 29 лістапада прайшла сяброўская сустрэча з Віктарам Залаціліным. Географ і эканаміст па адукацыі нечакана нават сам для сябе стаў мастаком, піша пейзажы. Першая яго персанальная выстава была арганізавана ў 2005 годзе ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. За гэты час іх прайшло больш за трыццаць.

Жухавіцкі сельскі дом культуры Карэліцкага раёна стаў месцам правядзення шоу “Голас 30+”. Паўдзельнічалі ў ім не толькі жыхары аграгарадка, але і госці з бліжэйшых паселішчаў. Напісала пра спаборніцтва Караліна Князькова.

7 снежня ў Шаркаўшчынскім раённым цэнтры культуры прайшоў адкрыты рэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў”. Мэта мерапрыемства — развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрарэгіёна “Азёрны край”, удасканаленне формаў інструментальнага ансамблевага музіцыравання. У конкурсе ўдзельнічалі 29 калектываў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі. Пра вынікі фэсту мы паведамім у наступных нумарах “К”.

А Ашмянская школа мастацтваў ладзіла штогадовы конкурс “Музычныя сустрэчы”. Кожны з 22 удзельнікаў выканаў адзін фартэпіянны твор французскага аўтара. Першыя месцы занялі: у малодшай узроставай групе — Паліна Ігнатовіч, у сярэдняй — Кацярына Шыманская, у старэйшай — Ксенія Крышаловіч. Паказальна, што настаўнік у пераможцаў адзіны — Таццяна Каралёва.

Фае Ашмянскага райвыканкама ўпрыгожана жывапіснымі работамі вучняў дзіцячай школы мастацтваў. Экспазіцыя называецца “Малая радзіма вачыма дзяцей”. Спонсарам выставы, як распавядае намеснік дырэктара названай установы Таццяна Печкур, выступіла раённая арганізацыя “Белая Русь” пад кіраўніцтвам Наталлі Станкевіч. На выставе экспануюцца дзесяць работ, якія юныя мастакі падрыхтавалі разам з настаўнікамі Валерыем Ганевічам і Дзмітрыем Айвазоўскім. Кожная карціна, пераканана Таццяна Печкур, — вобразнае ўвасабленне роднага куточка Беларусі. Юныя мастакі Валерыя Яфрэмава, Алена Смалонская, Антон Багумінскі, Рэната Гелай, Алена Матулевіч, Юлія Молчан, Аляксандр Місюкевіч, Валерыя Жукоўская і Святлана Грудзіна запрашаюць усіх ахвотных у вялікую вандроўку па малой радзіме. Плануецца, што выстава стане мабільнай. Неўзабаве яе ўбачаць у Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў і цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

5 снежня ў Магілёўскай абласной бібліятэцы адбылася сустрэча з артыстамі абласнога драматычнага тэатра і яго галоўным рэжысёрам Саулюсам Варнасам. Пасля прэзентацыі на тэму гісторыі тэатра прысутныя абмеркавалі спектаклі, якія прайшлі ў рамках фіналу Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Пра гэта паведаміла літаратурны рэдактар тэатра Вольга Семчанка.

На Навагрудчыне рэалізуецца праект для людзей сталага ўзросту “Актыўнае даўгалецце”. Мерапрыемства адбылося на базе Любчанскага гарадскога дома культуры. Мэта праекта, як паведамляе дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская, — арганізацыя вольнага часу людзей, што пражываюць у сельскай мясцовасці. Работа з імі вядзецца па трох кірунках: удзел у майстар-класах творчых майстэрняў, культурна-дасугавая дзейнасць і гісторыка-краязнаўчая адукацыя.

Конкурс “Міс Дзятлаўшчына” прайшоў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Удзел у ім бралі пяць прыгажунь: Аксана Ермаловіч, Наталля Новікава, Надзея Чэнтук, Людміла Адамчык і Настасся Голуб — якая, дарэчы, даволі часта піша ў нашу “Культуру”. І менавіта яна займела ганаровае званне! Ад усёй душы віншуем і чакаем новых навін. Цікавых і важкіх!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"