Увага, конкурс!

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

На гэтым тыдні распачаліся рэгіянальныя адборачныя туры для ўдзелу ў вакальных конкурсах у межах XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Праслухоўванні праводзяцца па 14 снежня.

Арганізатар адбору ўдзельнікаў XXVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і ХVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск” — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Цэнтрам культуры “Віцебск”, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.

5 снежня праслухоўванні прайшлі ў Гродне, 6-га — у Віцебску, 7-га — у Брэсце. Сёння яны адбываюцца ў Мінску для сталічных выканаўцаў. 11 снежня — у Магілёве. 12-га — у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў для канкурсантаў з усёй Мінскай вобласці. 14-га — у Гомелі.

Для ўдзелу ў адборы выканаўцам неабходна прэзентаваць па дзве кампазіцыі: эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове (для ўдзельнікаў дзіцячага музычнага конкурсу і конкурсу выканаўцаў эстраднай песні); эстрадную песню па выбары ўдзельніка, што найбольш яскрава дэманструе яго выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці (для ўдзельнікаў дзіцячага музычнага конкурсу); эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў ці папулярную кампазіцыю на замежнай мове (“сусветны хіт” для ўдзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні).

Склады рэгіянальнага журы фарміруюцца з ліку вядучых спецыялістаў у галіне эстраднага мастацтва, вядомых творчых работнікаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. У склады журы ў рэгіёнах таксама ўключаны папулярныя артысты беларускай эстрады — ураджэнцы рэгіёнаў, дзе праводзіцца адбор, музычныя прадзюсары, кампазітары, рэжысёры, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры. Падчас праслухоўванняў артысты праводзяць майстар-класы для канкурсантаў — даюць рэкамендацыі і дзеляцца ўласным вопытам.

З падрабязнай інструкцыяй удзелу ў адборах можна азнаёміцца на сайце www.kultura.by.