Неўтаймоўны імпэт Дрынеўскага

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Народны артыст Беларусі адсвяткаваў залаты юбілей сваёй творчай дзейнасці. Гэта чалавек, чыя энергія зараджае многіх. Мы з ім пасябравалі з першага погляду. Памятаю, на рэпетыцыі мне спатрэбіўся здымак для газеты ў нацыянальных касцюмах.

/i/content/pi/cult/722/15730/1.jpg— Добра, — сказаў Міхаіл Паўлавіч. — Пачакайце пару хвілін.

Той каскад ласкавых слоў, якія ён абрынуў на сваіх падапечных, якія не збіраліся пераапранацца ў канцэртную вопратку, варта было б занатаваць.

І ўсё гэта з сакавітымі прымаўкамі, якія ён ахвотна сачыняе і дэкламуе. Сапраўдны Народны артыст!

І вось літаральна праз некалькі хвілін перада мной стаяў ансамбль у прыгожых строях.

Мне як фатографу не спатрэбілася шмат высілкаў, каб выбудаваць кампазіцыю здымка. Цэнтральнае месца заняў кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі.

І фота зайграла ўсімі фарбамі вясёлкі.

Напярэдадні юбілейнага канцэрта ў філармоніі я патэлефанаваў Міхаілу Паўлавічу. Ён адказаў адразу.

— Я дома, сяджу на кухні, падпісваю квіткі сваім гасцям.

— Не той імпэт, не той запал... — нагадаў я яму радок з яго прымаўкі, якую ён цалкам агучвае толькі сябрам.

І пачуўшы ў адказ заразлівы смех Дрынеўскага, зразумеў, што з імпэтам і запалам у яго — усё ў норме.

І прыгадаліся мне словы Максіма Горкага: “Так смяяцца можа толькі шчыры чалавек!”

Юрый ІВАНОЎ

 

50-годдзе сваёй творчай дзейнасці Міхаіл Дрынеўскі адзначыў вялікім і яркім канцэртам таго знакамітага калектыву, якім ён кіруе ўжо больш за 40 гадоў — Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча. Зразумела, у той вечар са сцэны Белдзяржфілармоніі гучалі не толькі песні, але і шматлікія словы падзякі юбіляру. І сапраўды, калегі выказваюцца пра гэтую асобу нязменна добра. Пра што сведчыць і падборка “віншавальных адрасоў”, якія агучылі праз нашы старонкі тыя, хто шануе дзейнасць мэтра.

“За яго нам трэба дзякаваць Богу”

Міхаіл КАЗІНЕЦ, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча:

— Я лічу, што за такога музыканта, як Міхаіл Дрынеўскі, мы павінны несупынна дзякаваць нашай зямлі і Богу. Вельмі мудры чалавек — народны артыст СССР Генадзь Цітовіч — у свой час змог убачыць, разгледзець талент маладога харавіка, падтрымаць яго на пачатку прафесійнай дзейнасці.

Міхаіл Дрынеўскі працягнуў — і працягвае! — развіваць традыцыі, закладзеныя заснавальнікам легендарнага хору. Думаю, што пад ягоным кіраўніцтвам гэты калектыў дасягнуў новых вышыняў. Поспехі ў галіне харавога мастацтва, папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства — усяго гэтага Нацыянальны акадэмічны народны хор дабіўся дзякуючы таму, што яго ўзначальвае вялікі музыкант Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.

/i/content/pi/cult/722/15730/2.JPGПачуццё акадэмічнага густу

Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, кампазітар, выканаўца, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Я пачуў яго імя яшчэ, пэўна, у дашкольным веку. Справа ў тым, што мой тата і тады яшчэ Міша, Міхась, вучыліся разам у кансерваторыі ў аднаго педагога. І бацька ўжо тады — я чамусьці гэта добра памятаю — адгукаўся пра свайго прыяцеля з павагай, нават з нейкім піетэтам. І калі праз шмат гадоў ужо не Міша, а Міхаіл Паўлавіч узначаліў наш самы галоўны народны хор, тата пастаянна казаў самыя цёплыя словы ў дачыненні да гэтага чалавека і ганарыўся тым, што з’яўляўся яго аднакашнікам.

Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі — гэта сапраўднае ўвасабленне нашага беларускага Палесся. Сваёй творчасцю ён апавядае пра нас, беларусаў — народ са сваёй магутнай гісторыяй і культурай. Гэта прафесіянал найвышэйшай пробы. У ім дасканала развітае пачуццё акадэмічнага густу, наяўнасць якога абавязковая для таго жанру, якому ён прысвяціў сваё жыццё. Развіўшы і гэты густ, ён змог ператварыць жанр харавой музыкі ў высокае філарманічнае мастацтва.

З круглай датай вас, Міхаіл Паўлавіч! Бязмерна паважаю вас і схіляюся перад вашым талентам!

“А яшчэ і этнограф ды папулярызатар”

Алег ХАМЕНКА, лідар гурта “Палац”:

— Вядома, гэта няпроста — працягваць тую велізарную, важную справу, якой служылі Генадзь Цітовіч і Віктар Роўда — вялікія беларускія харавікі. І Міхаiл Паўлавіч належна гэта робіць. Можа, дзесьці часам і дапускаючы хібы, і трапляючы пад крытыку — але заўсёды сумленна, заўсёды да канца аддаючыся сваёй працы.

Гаворачы аб Дрынеўскім, мы — абывацелі, хто сёе-тое ведае пра музыку — асноўнай яго заслугай лічым служэнне харавому мастацтву. І пры гэтым часам забываем, што Міхаiл Паўлавіч — яшчэ і этнограф, і фалькларыст з імем, і даследчык ды папулярызатар песень з народу, з глыбінкі. Наколькі я ведаю, сваю малую радзіму, гістарычную Тураўшчыну, тое мястэчка Тонеж, дзе ён з’явіўся на свет, у гэтым сэнсе ён даследаваў “ад і да”. І многія, многія гэтыя знаходкі Дрынеўскі перанёс у свой хор — апрацаваўшы, даў ім новае жыццё.

/i/content/pi/cult/722/15730/3.JPGМіхаіл Паўлавіч — гэта чалавек, бязмежна закаханы ў сваю прафесію, у беларускае вакальнае мастацтва, у беларускую культуру наогул. Я не аматар высокіх слоў, але ўсё-такі скажу, што на такіх, як ён, талентах і фанатыках і трымаецца беларуская зямля. Ад імя ўсіх сваіх калегаў — музыкантаў-фалькларыстаў — віншую мэтра!

Акардэон, вышыванка, чамаданчык…

Тамара ПРЫБАЛАВЕЦ, дырэктар Тонежскага сельскага дома культуры:

— Калі ў 1970 годзе я прыехала з Петрыкава ў Тонеж працаваць у клубе, Міхаіл Паўлавіч ужо працаваў у Мінску. Але новыя сяброўкі мне шмат чаго распавялі пра гэтага таленавітага чалавека. А калі пазнаёмілася з ім асабіста, на ўласныя вочы і вушы пераканалася: Дрынеўскі з тых, хто да драбніц ведае ўсё пра народныя спевы.

Менавіта ён, як я даведалася, хор заснаваў у Тонежы. У музейным пакойчыку пры клубе, які мы стварылі пасля смерці бацькоў Міхаіла Паўлавіча, ёсць фотаздымак дзе Дрынеўскі выступае са сваім калектывам ва ўрочышчы Громаш. Ужо тады слава пра яго грымела…

Дык вось, у тым музейным пакойчыку, апрача шматлікіх грамат, лістоў і фотаздымкаў, ёсць нават чамаданчык, з якім будучы народны артыст у школу хадзіў, што ў вёсцы Букча знаходзілася. Ёсць сярод экспанатаў і першы акардэон, першы гармонік Дрынеўскага. Нават вышыванка захавалася, у якой ён пачаў выступаць на сцэне.

Я па прыкладзе маэстра стварыла свой вакальны гурт “Таняжанка”. Дарэчы, на першым раённым фестывалі ў гонар Міхаіла Дрынеўскага мы Гран-пры ўзялі…

Ён калі прыязджае на малую радзіму, дык заўжды ў СДК завітвае, заўжды слушную параду нашым вакалістам дае, ніколі слова добрага не пашкадуе, каб сваю павагу выказаць самадзейным артыстам. З 50-годдзем творчай дзейнасці вас, любы Міхаіл Паўлавіч!

Падрыхтавалі Алег КЛІМАЎ, Яўген РАГІН і Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ