Каго пякуць перад Воўчым святам?

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

28 лістапада пачалася Піліпаўка — пост перад Раством, названы ў гонар святога апостала Піліпа. Яшчэ яго называюць Воўчым святам. Маўляў, самыя доўгія ночы — бонус шэрым галодным драпежнікам. Але не гэта для мяне галоўнае. На Загавіны перад Піліпавым пастом у аграгарадку Скірмантава, што ў Дзяржынскім раёне, адбываецца гульня “Ката пячы”. Гэты факт надзвычайна мяне зацікавіў і паклікаў у чарговую журналісцкую дарогу. У наступных нумарах “К” я падрабязна распавяду вам, за што на Койданаўшчыне з жывёлінкі здзекаваліся… З першым днём зімы, шаноўныя чытачы!

/i/content/pi/cult/721/15724/pages-10-11-SS.jpgПіліпаўскія вячоркі правялі ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ў Лідзе. Праект “Кола часу”, нібы машына часу, вярнуў дзяўчат ды хлопцаў у тую эпоху, калі халоднымі вечарамі ў Піліпаўку нашы продкі пралі кудзелю і гатавалі пачастунак. Песні пры гэтым спявалі лірычныя, духоўныя. Не танцавалі і на гармоніку не гралі аж да Калядак — пост ёсць пост. Рэканструкцыю традыцыі правялі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Талер”.

Аналагічную інфармацыю даслалі і метадысты Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Збірацца на вячоркі — гэта традыцыя, якую захоўваюць у аграгарадку Кракоўка ўжо некалькі гадоў запар. Сёлета мясцовым работнікам культуры дапамагалі самадзейныя артысты з вёскі Будзёнаўка.

Дзесяць музеяў Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны замацавалі супрацоўніцтва цягам рэалізацыі праекта “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва”. 28 лістапада ў Музеі гісторыі Гомеля падведзены вынікі амаль гадавога ўзаемадзеяння. За гэты час распрацаваны новы адукацыйны маршрут, а ў музеях Рэчыцы, Лоева, Брагіна і ў гарадскім пасёлку Любеч, што ў Чарнігаўскім раёне, абсталяваны інтэрактыўныя зоны для работы з наведвальнікамі. Быў прэзентаваны і даведнік па новым музейным маршруце. Праект рэалізоўваўся пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і ў партнёрстве з Нацыянальным універсітэтам “Чарнігаўскі калегіум” імя Тараса Шаўчэнкі і Гісторыка-археалагічным музейным комплексам “Старажытны Любеч”. Такіх бы навін — ды паболей!

Формы міжнароднага партнёрства бываюць розныя. Цэнтральная бібліятэка Браслаўскага раёна, да прыкладу, даўно кантактуе з замежнымі калегамі праз інтэрнэт. 26 лістапада адбылася чарговая скайп-канферэнцыя, у якой бралі ўдзел спецыялісты з расійскіх Пскова, Вялікіх Лук, Волагды і Пензы. Беларускі бок прадстаўлялі прадстаўнікі публічных бібліятэк Барысава і Браслава. Браслаўскія бібліятэкары прэзентавалі напрацоўкі цэнтраў прававой інфармацыі, якія дзейнічаюць у васьмі публічных установах раёна. Слабодкаўская, да прыкладу, стала сёлета прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Найлепшы публічны цэнтр прававой інфармацыі”. Аўтар ліста — загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Браслаўскай цэнтральнай бібліятэкі Ірына Макарэвіч.

Дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС Алена Фрамертас распавядае: “Пры дзіцячай бібліятэцы дзейнічае гурток для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту “Жывое слова”. Разам яны ствараюць неверагодныя гісторыі пад агульнай назвай “Казкі пра Шаркаўград”. Натуральна, прысвечаны тыя казкі малой радзіме, гарадскому пасёлку Шаркаўшчына, які сёлета адзначыў 515-гадовы юбілей. Аўтар праекта — бібліятэкар Людміла Казіцкая. Выхаванцы мясцовай школы мастацтваў намалявалі для гэтых гісторый ілюстрацыі. Іх выстава прайшла ў бібліятэцы. Такім чынам быў створаны макет кнігі, якая неўзабаве пабачыць свет”.

Узорную студыю эстраднай песні “Задорынка” Дзяржынскага ГДК называюць Маленькай краінай вялікіх талентаў. За 20 гадоў існавання выхавала яна больш за шэсць творчых пакаленняў. Сёння ў “Задорынцы” — каля 80 хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з горада, але і з раёна. Кіруе студыяй Наталля Хрыстафорава. І ёй ёсць чым ганарыцца: калектыў запісаў тры студыйныя альбомы. Суаўтарамі выступілі паэтэсы Койданаўшчыны і мясцовы кампазітар Алег Пяткун. На юбілейны канцэрт студыі сабраліся як сучасныя яе салісты, так і выпускнікі.

У Турэцкім доме культуры, што ў Карэліцкім раёне, адбылося свята песні Пятра Конюха. Гэтага ўраджэнца Турца і знакамітага спевака часцяком называюць беларускім Шаляпіным. Прысутныя паглядзелі фільм-успамін. Потым быў канцэрт, у арганізацыі якога прымалі ўдзел і артысты з Іўя.

З 29 лістапада ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе абласная выстава-конкурс майстроў рэдкіх і забытых рамёстваў “Традыцыя ў сучаснасці”. Вядучы метадыст цэнтра Ала Лялькіна піша: “Прадэманстраваная разнастайнасць старадаўніх рамесніцкіх традыцый Віцебшчыны. У кожным творы — прыгажосць нашай зямлі, талент і багатая фантазія беларускага народа. У экспазіцыі — рэплікі музейных шэдэўраў народнага мастацтва і аўтарскія творы рэдкіх тэхналогій выканання: мастацкая апрацоўка бяросты; бондарства (дзежкі, біклагі, балеі ды іншае); скразная разьба (беларуская рэзь); кафлярства; кавальства ветракоў і крыжоў; вырабы традыцыйнага скуранога абутку (поршні, чаравікі) і рукавіц; шапавальства (валёнкі, магеркі); пякарскае мастацтва і пернікарства; вышыўка па сетцы (сакаленне, строчка-пярэвіць); і рэдкія віды ткацтва (ажурнае, кілімнае); народны дрэварыт (лубок); вязанне касцяной іголкай (тэхніка спіральнага пляцення); мастацкая апрацоўка косткі; набойка; маляванка; роспіс па шкле; лакавая мініяцюра; пісанкі; спіральнае пляценне з саломы; плецены абутак (лапці, чуні, берасцянкі); выраб музычных інструментаў… Выстава, якая працягнецца да 18 снежня, суправаджаецца майстар-класамі.”

Нізка навін са Смаргоншчыны ад метадыстаў мясцовага раённага цэнтра культуры. Канцэртная праграма “У ваш гонар, людзі працы” ладзілася ў Вішнеўскім доме культуры. А ў Бялкоўшчынскім ДК прайшоў вечар-віншаванне “Пасядзім за самаварам”. На свята працаўнікоў вёскі прыйшлі і жыхары Асінаўкі. Песні гучалі ў выкананні вакальнага гурта Кушлянскага дома культуры. Канцэрты-віншаванні работнікам сельскай гаспадаркі адбыліся таксама ў Крэўскім доме культуры і Войстаўскім сельскім клубе. Лылойцінскі ДК прапанаваў праграму з удзелам работнікаў Жодзішкаўскай школы мастацтваў.

Супрацоўнік цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна і наша сталая аўтарка Людміла Чатовіч выказвае ўдзячнасць работнікам канала БТ-3 і кіраўніцтву тэлестудыі “Паставы ТБ” за магчымасць прадэманстраваць відэафільмы аб элементах нематэрыяльнай культурнай спадчыны на Пастаўскім тэлебачанні па кабельнай сетцы і ў інтэрнэце. Справа ў тым, што тэлевізійшчыкі Анатоль і Аксана Вечары наведалі Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр, дзе адроджана і зберагаецца народная гульня “Яшчар”. У выніку атрымалася тэлеперадача з цыклу “Наперад у мінулае”. А ўвесь зняты матэрыял быў дасланы потым у Пастаўскі ЦКіНТ.

У Чэрвенскім раённым краязнаўчым музеі працуе выстава мастака Алеся Квяткоўскага. Называецца яна “Соль зямлі беларускай”. Гэта не першая дэманстрацыя яго твораў на Чэрвеншчыне. У сёлетняй экспазіцыі — 14 палотнаў. Сярод іх — партрэты вядомых дзеячаў беларускай культуры як мінулага, гэтак і сучаснасці. Аўтарка ліста — Таццяна Марцьянава.

Канцэртная праграма “Зямлі маёй народныя таленты”, прысвечаная Году малой радзімы, прайшла ў Граўжышкоўскім доме культуры (Ашмянскі раён). Творчую справаздачу перад наведвальнікамі трымалі не толькі мясцовыя работнікі культуры, але і сябры аматарскіх аб’яднанняў ды гурткоў ДК. Як адзначыла кіраўнік народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” Алена Сальмановіч, самым юным удзельнікам мастацкай самадзейнасці споўнілася хіба па восем гадкоў. Аднак калі ўзрост быў перашкодай для творчасці?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"