Ключы для навасельцаў

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Інтэрнат Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” урачыста адкрыўся пасля рамонту. 15 лістапада міністр культуры Беларусі Юрый Бондар уручыў ключы ад абноўленых нумароў 22 першым навасельцам. Падчас мерапрыемства ён адзначыў, што з рэканструкцыяй “Беларусьфільма” важна было не толькі атрымаць добра аснашчаную кінафабрыку, але і паклапаціцца пра сацыяльную сферу, якая ўключае і камфортны побыт яе працаўнікоў.

/i/content/pi/cult/718/15683/17.jpgДля работнікаў кінастудыі ў адрамантаваным будынку прадугледжаны 28 нумароў. Яны дазволяць размясціць, у тым ліку, маладых спецыялістаў, якія прыходзяць працаваць пасля завяршэння адукацыі. Яшчэ 23 нумары ўвойдуць у гасцінічны фонд — балазе, запатрабаванасць у жытле для прыезджых здымачных груп таксама вялікая. Усе пакоі маюць неабходную мэблю, у нумарах ёсць санвузлы, а на кожным з чатырох паверхаў — добра абсталяваная кухня. Таксама ў інтэрнаце з’явілася невялікая трэнажорная зала і пральня. Хутка адкрыецца і лазня.

Між тым, у пачатку наступнага года ўвагу прыцягне да сябе і сама кінастудыя: там ствараюцца экспазіцыйныя зоны. Генеральны дырэктар установы Уладзімір Карачэўскі перакананы, што тэма кінавытворчасці цікавая і аматарам кіно, і гледачам, і турыстам. Таму экскурсіі на “Беларусьфільм” стануць рэгулярнымі. Экспазіцыйныя зоны будуць напаўняцца дэкарацыямі і касцюмамі, а таксама пры неабходнасці ператварацца ў пляцоўкі для фотасесій ці інтэрактыву.

З часам зойме там сваё месца і танк, зроблены па эскізах Леанарда да Вінчы спецыяльна для фільма “Авантуры Пранціша Вырвіча” паводле рамана Людмілы Рублеўскай. Здымкі карціны ў павільёнах пачнуцца ў студзені 2019 года, а пасля іх завяршэння машына папоўніць экспазіцыю кінастудыі — на радасць турыстам.