Мой галоўны баяўся згубіць аўтарытэт і вынішчаў у іншых любую праяву самастойнага думання. Потым, праз гады, гэты чалавек, даведаўшыся, што я працую ў “ЛіМе”, пачаў яго выпісваць і пры сустрэчы са мной цытаваў урыўкі з маіх эсэек. У дзівосным свеце мы жывём, спадарства!
Бацька здзекаваўся з мяне, маладзёна: “Не бойся згубіць аўтарытэт. У цябе яго яшчэ няма”. Маці падводзіла пад усё гэта мудрагелістую практычна-тэарэтычную базу: “Спачатку ты працуеш на аўтарытэт, потым аўтарытэт працуе на цябе”. Формула, як я зразумеў пасля, — агульнавядомая, аднак далёка не агульнаўжывальная. Бацькі ўсё жыццё адпрацавалі настаўнікамі. Маці лічылася спецыялістам прынцыповым і жорсткім. Выкладала родную мову і літаратуру. Казалі, што “пяцёрку” атрымаць у яе было амаль немагчыма. За яе прынцыповасць я, пачатковец, пастаянна атрымліваў кухталёў ад старшакласнікаў. Не скардзіўся, а хуценька вырас і пачаў даваць адлуп. Бацька, гледзячы на мае гузакі, смяяўся і казаў, што аўтарытэт у мяне — “вулічны”. А маме споўнілася днямі 90, у двары з ёю вітаецца ці не кожны другі, і ў мяне такое ўражанне, што вучыла яна паўсвету.
Я праз час сам стаў настаўнікам і зразумеў, з чаго пачынаецца аўтарытэт педагагічны. Пакіньце на некалькі хвілін свой клас і паслухайце, што адбываецца ў аўдыторыі. Калі там ціша, вы настаўнік уплывовы, калі ж вэрхал…
Ну а як справы з аўтарытэтам у сферы рэгіянальнай культуры, якая паспела стаць для мяне роднай? Ды тыя ж самыя законы і формулы дзейнічаюць. Толькі адзін істотны нюанс варта ўлічваць: творцы, што дзеці малыя, да кожнага — свой падыход. “Перахваліш, — прызнаваўся-скардзіўся знаёмы начальнік, — адразу на шыю сесці імкнуцца. Недахваліш — крыўды пачынаюцца”. Усё так, знайсці залатую сярэдзіну — справа карпатлівая ды працаёмістая. Іншым кіраўнікам ні вытрымкі, ні такту не стае, каб сабраць летуценную грамаду пад свой штандар. Ёсць больш лёгкі шлях: нагнаць страху, абвесціўшы жалезабетоннае крэда “Я — начальнік, ты — дурань”. У такіх калектывах — ціша ці не могілкавая, а слова “крэатыў” выкарыстоўваецца ў агульным лексіконе як лаянкавае. Мала такіх аддзелаў, але ёсць. Дай Бог, каб я памыляўся.
Не раз быў сведкам, калі ў аддзеле часта мяняліся начальнікі, што ніяк не спрыяла ўмацаванню дысцыпліны. І калі трапляўся дасведчаны, рашучы кіраўнік і пачынаў закручваць гайкі, разбэшчаныя бескантрольнасцю падначаленыя ў сваю чаргу пачыналі слаць “цялегі” наверх. Шматлікія праверкі, як вядома, нармалізацыі абстаноўкі не спрыяюць.
У кіраўніка, як падаецца, адно выйсце: трэба пачынаць працаваць на аўтарытэт… У таго ж, хто прыйшоў і абвясціў “Рабі як я!”, праблемы неўзабаве пераўтвараюцца ў здабыткі. Так, і гэты варыянт — не з простых. На працу трэба прыходзіць першым і сыходзіць з яе апошнім. І неабходна даваць пастаянна заўважны вынік.
Так, каштуе ўсё гэта немалога здароўя. Але ўзамен дастаецца пачуццё шчырай радасці ад працы, справядлівасці, сяброўства, ад разумення таго, што работнік культуры на сёння — першы чалавек на сяле, а бібліятэкі і клубы застаюцца тымі вясковымі ўстановамі, вакол якіх віруе жыццё.
А вы працуеце на свой аўтарытэт?