Стыльная Муха і закаханы “батан”

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

У Цэнтры творчых праектаў сталічнага ТЮГа паставілі “Муху-Цакатуху”, пазначыўшы яе ўзроставай катэгорыяй 0+. Атрымаўся добры (у абодвух сэнсах слова), відовішчны, напоўнены інтэрактывам спектакль для ўсёй сям’і, дзе ёсць над чым паразважаць.

/i/content/pi/cult/717/15669/17.JPGВершаваныя творы ставіць цяжка, асабліва для дзяцей. Бо ёсць небяспека сысці ў механічнае дэкламаванне, хіба з некаторым дадаткам відовішча. Рэжысёр Ганна Казлова шчасліва пазбягае гэтага, абіраючы жанр “музычнай фантазіі”, ажыццёўленай з улікам найсучасных тэатральных тэндэнцый. Відавочна, што пры яе падрыхтоўцы была перачытана-перапрацавана ўся паэтычная творчасць Карнея Чукоўскага. Узніклі нават моманты стылізацыі, парадыйнага пераймальніцтва, якое так блізка дзятве. Штосьці наўмысна чытаецца па складах. Штосьці — паўтараецца безліч разоў. А ўсё астатняе — пераказваецца ў “вольным перакладзе” з літаратурнай мовы на ўласна тэатральную і музычна-пластычную.

У музыцы — шыкоўная полістылістыка: атмасферныя “фонавыя” ўсплёскі-трэкі, дапоўненыя шапатаннем-шоргатам, поп, рок, рэп (кампазітар — акцёр тэатра Генадзь Гаранскі). Гэтыя элементы аб’ядноўваюцца скіраванасцю спектакля на сучаснасць, стыльнасць, высокі мастацкі густ.

Усе персанажы зроблены з любоўю. Сярод іх няма гэткіх ліхадзеяў, якіх трэба пакараць (і Павук не выключэнне). Няма, уласна кажучы, і казурак у поўным сэнсе слова. Гэта ўвогуле не казка! А звычайная школьная (і, шырэй, карпаратыўная) гісторыя, дзе ў цэнтры — даволі працяглае святкаванне і раптоўны канфлікт, што на ім адбываецца. Ідучы на рускай мове, пастаноўка ў чымсьці працягвае колішнія нацыянальныя традыцыі “абраду на сцэне”, толькі замест Купалля ці вяселля — дзень народзінаў у сучасным фармаце. Мы бачым не столькі казурак, колькі звыклую дзіцячую, а таксама падлеткавую, моладзевую тусоўку, ажно да тонкіх праекцый на “офісны планктон” (невыпадкова госці сядзяць не за адным “сямейна-вясельным” сталом, а паасобку, кожны — за сваім).

У Чукоўскага была пазначана, прычым пункцірам, толькі адна характарыстыка, дый тое ўсім відавочная — “Бабочка-красавица”. У спектаклі гэтае азначэнне пашыраецца да “першай прыгажуні” класа, курса ці якога іншага калектыву. Не менш пазнавальныя і астатнія злёгку шаржыраваныя, але з любоўю намаляваныя характары-тапыжы, кожны са сваёй адметнай пластыкай ды манерамі (харэограф — Вольга Скварцова). Прусак — заўзяты спартсмен: ён і штангу цягае, і аэробіку праводзіць у глядзельнай зале. Блыха і Божая кароўка — дзве сяброўкі-пляткаркі. Конік — негалосны лідар: менавіта ён прыдумляе зрабіць для імянінніцы намаляваныя падарункі, ладзіць у яе гонар імправізаваны канцэрт. І ўвесь час пачувае сябе “журналістам, які вядзе даследаванне” або рэпарцёрам “з месца падзей”: ён і каментарыі раздае, і на смартфон усё здымае.

Муха — шэрая мышка, гэткая сціплая выдатніца ў акулярах, але таксама вельмі стыльная. Камар — тыповы “батан”, у яе закаханы. Яны даўно сябруюць і ўвогуле шмат у чым падобныя. Нават іх сцэнічныя строі — бы розныя мадэлі адной дызайнерскай калекцыі. Павук, апрануты як “круты байкер”, выязджае на маленькім веласіпедзіку пад роў матацыкла: што ж, жаданае не заўжды адпавядае рэчаіснасці. Ён звычайны ўласнік з улюбёным словам “маё!” — і мамчын сынок, які прызвычаіўся атрымліваць усё, што ні пажадае. У паядынку з ім Камар хіба крылцамі трапеча: сілы няроўныя. Але перамога вырашана бліскуча і пераканаўча: замест шаблі, якая ў Чукоўскага асацыявалася з рамантызаваным гусарствам ці конніцай часоў грамадзянскай вайны, Камар бярэ хітрасцю. Ён “скручвае галаву” мадыфікаванаму, упрыгожанаму ілюмінацыяй байку — і ўсё: Павук пад рогат залы кліча маму.

Сцэнаграфія (мастак — Дар’я Волкава) даволі простая і адначасова цалкам функцыянальная. Заднік нагадвае вялізны кавалак сшытка ў клетачку, на якім намаляваныя кветкі. Такой жа тканінай абцягнуты столікі на колцах з прымацаванымі да іх крэсламі. Ёсць і школьная дошка, і дошчачкі паменей, на якіх дзецям будзе прапанавана маляваць, седзячы ў зале. Вялізная кветка ператвараецца то ў мікрафон, то ў электрагітару. Ніякіх плюшавых камбінезонаў у духу пасляваенных гадоў. Ніякай жудаснай пярэстасці, ад якой мітусня ў вачах. Усе строі — па законах авангарднай маладзёжнай моды. Героі-казуркі апрануты так, што ў гэтых строях можна смела рушыць на модную вечарынку (ну, хіба крылцы за спінаю ды вусікі на капялюшыках прыбраць) — і стаць не аб’ектам прыколаў, а цэнтрам увагі і зайздрасці.

Артысты, дарэчы, гэтак сябе і пачуваюць. Яны іграюць з такім непрыхаваным задавальненнем, быццам папраўдзе гуляюць з усімі намі ў новую забаўку.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"