Пра ваду і камень

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Каму патрэбны інавацыйныя методыкі далучэння да народнага беларускага мастацтва?
30 кастрычніка Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Беларускі фонд культуры і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў правялі на базе апошняй установы “круглы стол” на тэму “Традыцыйная культура беларусаў: сучасны стан, праблемы захавання і развіцця”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскіх арганізацый і творчых суполак, кіраўнікі абласных метадычных цэнтраў, навукоўцы, работнікі ўстаноў культуры, фалькларысты… Мадэратарамі “круглага стала” выступілі прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віктар Языковіч і старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі.

/i/content/pi/cult/717/15668/15.jpgУ якасці эпіграфа

Падставай для гаворкі сталі заключныя мерапрыемствы Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Пастараюся вылучыць акцэнты кожнага выступлення так, каб стаў зразумелым агульны настрой. І думаецца, што варта пачаць артыкул з канца дзеі, калі з заключнай рэплікай выступіла вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнага павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Каліноўская. Яна адзначыла, што рэспубліканскімі і мясцовымі арганізацыямі назапашаны вялізны досвед у справе захавання і развіцця беларускай традыцыйнай культуры. Вось толькі дзе яго абагульняць? Аддзел традыцыйнай культуры знік разам са знікненнем Інстытута праблем культуры. Скасаваная кафедра беларускай музыкі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Словам, прыдатнай структуры з адпаведнымі важкімі паўнамоцтвамі пакуль няма. Хаця, здавалася б, багатую практыку “Берагіні” па захаванні спадчыны наспела пара ўжо не проста абагульняць, а занесці ў Дзяржспіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

Традыцыйная культура пакуль не стала дзейсным фактарам выхавання нацыянальнай свядомасці беларусаў, яна не мае шырокай запатрабаванасці ў нашым грамадстве, — занепакоена канстатаваў Тадэуш Стружэцкі. — І, безумоўна, гэтая праблема — адна з галоўных. Хтосьці з прысутных паіранізаваў з горыччу: “Гэта ж колькі гадоў запар мы будзем безвынікова ўзнімаць усе гэтыя пытанні?” “Кропля вады камень точыць”, — адказаў старшыня Беларускага фонду культуры.

“Берагіня” — навукова-метадычны і культурна-адукацыйны праект. Гэта тое, чым можна і трэба ганарыцца на ўвесь свет. Аднак кожны раз ён рэалізоўваецца з вялікімі цяжкасцямі. З аднаго боку, мы пагаджаемся, што традыцыйная культура — найпершы складнік ідэалогіі, з другога ж, яна нярэдка ўспрымаецца як дэкаратыўны элемент аздобы таго ці іншага мерапрыемства. Нам нібыта сорамна за тое, што Беларусь вылучаецца багаццем ды разнастайнасцю сваёй каранёвай культуры сярод многіх еўрапейскіх краін.

І ў чарговы раз на “круглым стале” было прыгадана, што гэтае пасяджэнне, як і аналагічныя папярэднія, ладзіцца ў адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (зацверджаны Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 218 ад 7 жніўня 2002 года, раздзел VI, п. 95. 2) і пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” (ад 05. 03. 2008 года).

Не стае ўзаемадзеяння

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, старшыня БФК:

— Няма сістэмы, бо няма адпаведнай дзяржаўнай або галіновай праграмы захавання і развіцця традыцыйнай культуры. Няма яднання ў гэтым кірунку паміж сістэмамі адукацыі і культуры. Скарачаецца колькасць яе носьбітаў. Няма дасюль і інфармацыйнага банку дадзеных, аб стварэнні якога былі запісы ў многіх афіцыйных дакументах, у тым ліку і ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі на 2010 — 2015 гады”. Тое самае тычыцца і
паўнавартаснага сайта “Традыцыйная культура”.

Мікола КОЗЕНКА, аўтар канцэпцыі, навуковы і мастацкі кіраўнік “Берагіні”:

— “Берагіня” — гэта сістэма этнавыхавання, якая грунтуецца на прынцыпах выяўлення,
аднаўлення, пераймання мастацкай культуры менавіта сваёй малой радзімы. Мяне, як аўтара праекта, вельмі хвалююць вось якія пытанні. Па-першае, адсутнасць Дзяржпраграмы “Традыцыйная культура і дзеці Беларусі”. У суседняй Украіне такая праграма была прынята яшчэ напачатку 1980-х гадоў. Па-другое, адсутнасць рэспубліканскага каардынацыйнага цэнтра. У Расіі такім цэнтрам з’яўляецца Дом народнай творчасці, у нас жа яго аналагаў пакуль няма. Не пашкодзіў бы ў Беларусі і Саюз фалькларыстаў. Па-трэцяе, патрабуе ўдасканалення палажэнне аб правядзенні фестывалю. Па-чацвёртае, хвалюе праблема кадраў. У прыватнасці, у нас бракуе этнахарэографаў. Затое ёсць спецыялісты па сучасных эстрадных танцах.

Святлана ГУТКОЎСКАЯ, загадчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ:

/i/content/pi/cult/717/15668/16.JPG

— Што такое этнахарэограф? Гэта пытанне дыскусійнае. Любы балетмайстар павінен ведаць нашу спадчыну, яе фальклорныя першакрыніцы. На кірунак спецыяльнасці “народны танец” мы прымаем дваццаць студэнтаў, а на астатнія — толькі шэсць. Беларускі танец вывучаецца два гады, чатыры семестры. Кафедра шмат робіць для папулярызацыі нашай народнай харэаграфіі. На курсе “мастацтва балетмайстра” рыхтуюць, можна так сказаць, і этнахарэографаў, бо цэлы год з чатырох вывучаецца беларускі харэаграфічны фальклор. Першае, што вывучаем — гэта першакрыніцы, якія захоўваюцца ў нашай навукова-даследчай лабараторыі “Беларуская танцавальная творчасць”. Студэнты пішуць курсавую работу, якой папярэднічае грунтоўная навукова-даследчая дзейнасць.

Мы цалкам падтрымліваем любыя намаганні па папулярызацыі фальклору. Выкладчыкі нашай кафедры нават уваходзяць у склад журы “Берагіні”. Але тыя жанры, якія падтрымлівае фэст, — гэта толькі маленькая частка айчыннай танцавальнай культуры. У мяне нават падрыхтавана выданне “Гарадскія побытавыя танцы”, дзе ёсць і апісанні сцэнічных узораў, якія выкарыстоўваюць аматарскія калектывы. Так што нашы выпускнікі добра ведаюць беларускі харэаграфічны фальклор.

Традыцыя выхоўвае традыцыю

Анатоль БУТЭВІЧ, намеснік старшыні рады Беларускага фонду культуры, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь:

— Так, вопыт па захаванні і развіцці традыцыі ў нас назапашаны вялікі. На месцах шмат робіцца. Але, як падаецца, няма скаардынаванага разумення таго, што адбываецца. Шмат па гэтай прычыне дубляжу, разрозненых дзеянняў. Захаванне спадчыны — толькі частка клопату. Гэта цудоўна, што ў нас ёсць база, сабраная падчас фальклорных экспедыцый. Вельмі важна суаднесці колішнюю спадчыну з днём сённяшнім. Павінны быць інтэрпрэтацыі, але і зыходная база — таксама. І самае галоўнае — далучэнне да спадчыны дзяцей. Калі мы будзем звяртаць на гэта пастаянную ўвагу, дык агульны вынік нашай працы стане больш важкім

У верасні ва Уфе (Башкіртастан) адбываўся ІІІ Еўразійскі гуманітарны форум па пытаннях культуры і народнай творчасці, які праводзіла расійская камісія UNESCO. Мерапрыемства я наведваў як прадстаўнік камісіі беларускай і, натуральна, распавёў пра “Берагіню”, пра тое, як нашы дзеткі разам з бацькамі становяцца натуральнай ды неад’емнай часткай беларускай традыцыі.

Фальклор выхоўвае дзяцей, а фэст спрыяе развіццю пераемнасці. Так, адчуваецца, што няма шчыльнага паядання паміж арганізацыйным камітэтам і тымі, хто працуе на месцах. Дык мо гэтыя функцыі возьме на сябе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў? Тут і база належная захавалася, і спецыялістаў хапае менавіта для навуковага кіравання ўсім працэсам. Калі нічога не рабіць, нічога і не будзе. І тым не менш, я ўпэўнены, што “Берагіня” не загіне, “Берагіня” будзе жыць!

Вольга АНТОНЕНКА, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур:

— Дзейнасць нашага цэнтра мае тры кірункі. У сферы ўвагі — нацыянальныя культурныя грамадскія аб’яднанні, якія зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі (на сёння яны прадстаўляюць 141 нацыянальнасць). Усе яны бяруць удзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які ладзіцца раз на два гады. Цэнтр непасрэдна ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні адборачных мерапрыемстваў, фэсту ў Мінску і заключнага фестывалю ў Гродне. З 2016 года мы падключыліся і да правядзення “Берагіні”. Артыстам нацыянальных суполак падабаецца браць удзел у гэтым мерапрыемстве.

Другі кірунак — стасункі з беларусамі замежжа, а гэта больш за тры з паловай мільёны чалавек. Нашы беларускія калектывы едуць з канцэртамі да землякоў. Тыя, у сваю чаргу, не забываюцца на Беларусь. Мы падтрымліваем суайчыннікаў сцэнічнымі касцюмамі, метадычнай літаратурай, сувенірнай прадукцыяй, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вынікам усіх гэтых намаганняў стаў Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Летась у Мінску прайшло трэцяе такое мерапрыемства, на якое сабраліся беларусы з 19 краін.

Трэці кірунак з’явіўся нядаўна. Гаворка пра Рэспубліканскі цэнтр метадычнага забеспячэння дзейнасці клубных устаноў і народнай творчасці. Мы ўключаемся ў работу. І гэтыя тры нашы вялізныя тэмы шчыльна пераплецены і ўзбагачаюць адна адну.

Ірына ДЗЕМЯНЧУК, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:

— Жыццяздольнасць аўтэнтычнага калектыву залежыць найперш ад апантанага спецыяліста: метадыста ці кіраўніка ансамбля. На жаль, у раёнах такіх прафесійнікаў амаль няма. А кожны куточак Гродзеншчыны — адметны па сваёй спадчыне гісторыі і культуры. Сабраць бы гэта ўсё, каб не забылася ды не згубілася. Але дзялянка працы немалая. Каб развіваўся фальклор, трэба, каб да яго збору і асэнсавання далучаліся і дзеці, і ўдзельнікі клубных гурткоў ды бібліятэчных фарміраванняў.

Ёсць фальклор а ёсць стылізацыя

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, сябра Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь:

— Давайце вызначым розніцу паміж аўтэнтычным фальклорам і стылізаваным. Рэчы гэтыя — несумяшчальныя. Памятаю, я ў 1999 годзе быў на дзіцячым фальклорным фестывалі ў Літве. Наш калектыў паказваў танец, падрыхтаваны Міколам Козенкамі. А пасля нашага выступу давялося пачуць: мы ўпершыню пабачылі беларускую харэаграфічную аўтэнтыку! За мяжой, як бачыце, тую розніцу разумеюць, а ў нас — не заўсёды. Сёння любы фольк-мадэрн разглядаецца як традыцыйны беларускі танец. Таму досвед аўтэнтычнай “Берагіні” — неацэнны.

Нашы студэнты спачатку едуць у фальклорную экспедыцыю, потым сабраны матэрыял апрацоўваюць, развучваюць танец метадам дэманстратыўнай антрапатэхнікі (вуснае перайманне ці ад носьбітаў у час экспедыцый ці па відэазапісе). Наступная фаза — дыпломны праект. Студэнт выконвае танец ці песню разам з носьбітамі. Думаю, менавіта такія механізмы дзейсныя ў справе захавання каранёвага беларускага мастацтва.

Сяргей ВЫСКВАРКА, загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага цэнтра культуры, кіраўнік узорнага фальклорнага гурта “Верабейкі”:

— Аўтэнтыкай “Берагіня” займаецца на самым высокім узроўні. Галоўная мэта аўтэнтычнага фальклору — засяроджанасць, так бы мовіць, на сабе, гэта кожным разам непадманныя слёзы, а сцэнічнага мастацтва — гэта інтэрпрэтацыя мастацтва праз мяне, напрацаваныя эмоцыі. Трэба навучыцца дакладна паўтараць традыцыйны народны твор, а потым імправізаваць вакол яго.

Святлана КАРЖУК, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра:

— Калі ў 2012 годзе ў вобласці было пяць дзіцячых фальклорных калектываў, то да сённяшняга моманту іх колькасць павялічылася ўдвая. І гэта яшчэ не мяжа. Стараемся, каб ля нашых таленавітых бабулек пастаянна шчыравалі дзеткі, вучыліся ў іх і песні, і казцы, і танцу. Так што фальклор на Брэстчыне жывы і будзе жыць.

“Берагіня” — у спісе нематэрыяльнай спадчыны?

Алесь ЛОЗКА, начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур:

— У краіне 2969 харэаграфічных аматарскіх калектываў, а яшчэ пяць год таму іх было больш за тры тысячы. Ёсць над чым задумацца. Гэта зразумела, што без добрага харэографа тут не абысціся…

Цалкам згодны з тым, што нам патрэбны Саюз фалькларыстаў — пагатоў, ён жа некалі быў! Хачу зазначыць і вось што. Думаю, з рэзалюцыі круглага стала трэба прыбраць пытанне аб стварэнні камісіі CIOFF. Справа ў тым, што аддзяленне Нацыянальнай камісіі CIOFF па арганізацыі фальклорных фестываляў пры UNESCO існуе ў Беларусі яшчэ з 2015 года. Проста, далёка не ўсе карыстаюцца яго паслугамі. А нашы калектывы чакаюць у Славеніі, Швейцарыі, Партугаліі…

Уладзімір ГІЛЕП, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты”:

— У рэзалюцыі не стае аднаго пункта. Час ужо вылучыць фестываль “Берагіня” для ўнясення ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Давайце падумаем, як гэта зрабіць. Лепшай падтрымкі для ўнікальнага дзіцячага фэсту і не прыдумаць. Мо тады і іншыя зразумеюць, значнасць этнавыхавання нашых дзяцей. Думаю, што прапанова канкрэтная і рэальная, таму варта шырокага абмеркавання.

Міністэрства абагульняе

Таццяна ДРАПАКОВА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь:

— Змястоўныя выступленні ўдзельнікаў “круглага стала” — яскравае сведчанне актуальнасці заяўленай тэмы. У сферы адукацыі таксама шмат робіцца ў кірунку захавання і развіцця беларускага фальклору. Больш за восемдзясят устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі займаюцца гэтым сістэмна і мэтанакіравана. Напэўна, няма неабходнасці пералічваць усе нашы мерапрыемствы і акцыі. Сёння на ўзроўні дзяржавы дзейнічаюць Канцэпцыя выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі Рэспублікі Беларусь, рэспубліканская праграма патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Міністэрства адукацыі гатова прааналізаваць увесь наяўны вопыт працы ў дадзеным кірунку, каб накіраваць свае прапановы спецыялістам па стварэнні нацыянальнай доўгатэрміновай праграмы выхавання моладзі краіны сродкамі традыцыйнай народнай культуры (такая прапанова ёсць у рэзалюцыі “круглага стала”). Мабыць, варта ўнесці таксама пэўныя змяненні і дапаўненні ў дзяржаўныя праграмы, якія ўжо існуюць.

Эліта для нацыі

Пытанняў падчас “круглага стала” было ўзнята, як і заўжды, вельмі шмат. Да прыкладу: чаму ў нашых кавярнях не гучыць аўтэнтычная беларуская музыка? Так, не гучыць. Калі і загучыць, дык, спярша, напэўна, як і класіка, у храмах, у камерных залах і нацыянальных літаратурна-музычных салонах. Загучыць як музыка для нацыянальнай эліты. Мо паспрыяюць гэтаму і рэгіянальныя святы фальклору “Спадчына”, пра рэгулярнасць якіх так марыць Мікола Козенка…

Пытанне, падаецца, не ў шырспажыўным попыце на нацыянальны фальклор. Ён, як і “Берагіня” — для абраных. Іншымі словамі, падчас адборачных этапаў фестывалю і яго заключнай часткі фарміруюцца не толькі новыя носьбіты традыцыі — ствараецца эліта нацыі. А эліта ніколі не бывае ў большасці. Але менавіта яна становіцца жыццядайнай асновай для ўмацавання нацыі.

Пастаянна згадваю тварык хлопчыка, які пабачыў на апошняй “Берагіні” ў складзе вакальнага гурта Ларысы Рыжковай. З такіх толькі іконы пісаць! Ён сам абраў шлях носьбіта традыцыі і ўпэўнена крочыць па ім поруч з геніяльнай настаўніцай. Безумоўна, такіх не тысячы, мо і не сотні, такіх — дзясяткі. Але гэта тыя дзясяткі, якія не здрадзяць мове, гісторыі, нацыянальнай культуры.

Так, “Берагіня” стала самадастатковай, яна ўжо сама выбірае, каго прыняць пад сваё крыло. Але гэта не азначае, што фестывалю не патрэбна ўсебаковая падтрымка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"