Кветкі для мамы

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе персанальная выстава мастачкі Вольгі Данілюк. Менавіта такім чынам яна вырашыла павіншаваць сваю маму Тамару Аляксееўну з днём нараджэння. На кожнай з 19 прадстаўленых работ — кветкі. Іх выгадавалі мама і сястра, прынёс з прагулкі сын. Вольга Данілюк працуе ў тэхніцы алейнага, акварэльнага, пастэльнага жывапісу, цікавіцца батыкам, мастацкім тэкстылем, стварае аўтарскія лялькі, паштоўкі і сувеніры, робіць ілюстрацыі для дзіцячых часопісаў. У 2016 годзе калекцыя беларускай вопраткі Вольгі Данілюк заняла першае месца ў намінацыі “Тэкстыль” на Беларускім тыдні мастацтваў у Мінску. Пра гэта распавяла малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Арына Сысыляціна.

/i/content/pi/cult/717/15665/12.JPG3 лістапада ў Віцебскай абласной філармоніі прайшло VIII абласное свята-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”. Мерапрыемства было прысвечана стагоддзю з дня нараджэння знанага балетмайстра і заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Серыкава. Напісала пра гэта вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Ала Лялькіна. “У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сорак творчых калектываў з найменнямі “заслужаны”, “народны” і “ўзорны”, — працягвае аўтар, — Агульная колькасць удзельнікаў — больш за 800 чалавек. Конкурс адбыўся па трох намінацыях: “найлепшае выкананне аўтарскіх танцаў Івана Серыкава”, “найлепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай скіраванасці”, “найлепшы народны танец нацыянальнай тэматыкі”. Гран-пры атрымала харэаграфічная група ўзорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Перапёлачка” гімназіі № 3 Віцебска імя Аляксандра Пушкіна (балетмайстар Валянціна Вішнеўская). Дарэчы, ансамбль атрымаў прызавыя месцы па ўсіх трох намінацыях. Падчас свята выступілі ветэраны ансамбляў “Маладосць” і “Вытокі”, якія стварыў Іван Серыкаў”.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч паведамляе, што плёнам сумеснага праекта бібліятэкі і рэдакцыі мясцовай райгазеты стала выданне зборніка публіцыстыкі “Гісторыі ў лёсах”. Кніжку напісала намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Ніна Бурко. Героямі замалёвак сталі 94 землякі. Прэзентацыя зборніка адбылася з раённай бібліятэцы. Адзін з герояў зборніка — гарманіст Міхась Папруга, уладальнік дзесяці гармонікаў, жаданы ды вясёлы госць любой кампаніі. Са сваёй музыкай ён нават у Венесуэлу ездзіў у складзе беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Пра земляка і цудоўнага пісьменніка Вячаслава Адамчыка распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. Вячаслаў Уладзіміравіч належыць да пісьменніцкага пакалення так званых шасцідзясятнікаў. 1 лістапада бягучага года яму споўнілася б 85 гадоў. “У рамках праекта “Юбілей пісьменніка ў бібліятэцы” Дзятлаўская ўстанова прапанавала чытачам наведаць літаратурную гасцёўню і выставу-напамін “Пісьменнік роднай зямлі”, — паведамляе аўтар допісу.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук паведамляе: “У горадзе, дзе ёсць гандлёва-эканамічны каледж, павінна быць і эканамічная кавярня. Нядаўна ў нашай бібліятэцы адбылося чарговае мерапрыемства па рэалізацыі сумеснага з каледжам праекта “Эканамічная кавярня “Асновы бізнесу”. У бібліятэчнай зале быў створаны інтэр’ер кавярні. У гульні ўдзельнічалі дзве каманды студэнтаў. “Меню” прапаноўвала выбраць стравы і зрабіць “замову”. Тэмай конкурсу сталі раздзелы эканомікі, значэнне асобных эканамічных тэрмінаў, фактараў вытворчасці. Студэнты прадэманстравалі не толькі добрыя веды, але і інтэлект, здольнасць да лагічнага мыслення. А інфармацыйны літаратурны сняданак стаў добрым даважкам да асноўнай эканамічнай праграмы”.

Інфармацыя з Ганцавічаў. Падчас восеньскіх вакацый дом рамёстваў наведалі школьнікі з раённага цэнтра і вёскі Кукава. Для гасцей была падрыхтавана экскурсія, якая распавядала пра мясцовыя рамёствы і промыслы. Пабывалі экскурсанты і ў творчай майстэрні па ткацтве, дзе ім быў прапанаваны майстар-клас. Пазнаёміліся падлеткі і з выставамі абразоў “Пакровы Прасвятой Багародзіцы” і жывапісных работ самадзейнай мастачкі Таццяны Коўш. Экскурсія завяршылася спектаклем лялечнага тэатра.

Падлеткі сталі галоўнымі гледачамі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў і ў Палацы культуры Ліды. Тут прайшла акцыя “Творчасць — дзецям”. Цягам тыдня малыя былі занятыя ў тэатралізаваным гульнявым прадстаўленні, якое падрыхтаваў узорны тэатр “Какос”, у тэатральнай гасцёўні народнага драматычнага тэатра “Ракурс”. Аматары даўніны сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай інсталяцыі “Сярэднявечная майстэрня”. Знайшоўся час і для больш дэталёвага знаёмства з правіламі пажарнай бяспекі. А ўсе танцавальна-забаўляльныя мерапрыемствы былі аб’яднаныя ў шоу “Дыска-фантазія” са светлалазерным крэатыўным забеспячэннем.

Віцебскі абласны краязнаўчы музей — імяніннік, яму спаўняецца сто гадоў. Цудоўная нагода для цэлага шэрагу імпрэзаў! У іх ліку — прэзентацыі буклетаў музейных філіялаў: Музея гісторыі прыватнага калекцыянавання, Мастацкага музея, Музея-сядзібы Іллі Рэпіна ў Здраўнёве. Апошняй установе, дарэчы, спаўняецца 30 гадоў. Ахвотных чакаюць таксама выставы “Рэстаўрацыйная майстэрня”, вышыўкі і фарфору, сотні найбольш цікавых прадметаў з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. 16 лістапада адбудзецца ўрачысты вечар з нагоды музейнага юбілею.

Нізка інфармацый з Ашмянскага раёна. Загадчык аддзела культуры і адпачынку аграгарадка Жупраны Анастасія Кеда распавядае, што цягам месяца жупранскія маленькія прыгажуні актыўна вучыліся навыкам дэфіле, акцёрскаму майстэрству, сцэнічнай мове і харэаграфіі. А 4 лістапада ўсе яны ўдзельнічалі ў конкурсе прыгажосці. Выпрабаванняў было шмат. Дзяўчаты павінны была прадэманстраваць і талент, і артыстычнасць, і кемлівасць. Падрыхтоўка была грунтоўнай. Кожная канкурсантка атрымала ганаровае званне, а хтосьці — і не адно.

Кіраўнік народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” з аграгарадка Граўжышкі з Ашмяншчыны Алена Сальмановіч даслала ў рэдакцыю дзве інфармацыі. 3 лістапада ў аддзеле культуры і дасугу аграгарадка Граўжышкі прайшла тэматычная праграма для работнікаў мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. 42 чалавекі былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі. А музычныя віншаванні сябрам дарылі ўдзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці.

А 4 лістапада ў вёсцы Шчапанавічы былі арганізаваны фальклорныя пасядзелкі “У сваім краі, як у раі”. У госці да вяскоўцаў зазірнулі тыя самыя “Граўжанцы”. Была сярод гасцей і гаспадыня Восень з чароўным букетам. Хто патрымаў гэты шыкоўны букет з восеньскай лістоты, той зараджаўся самымі станоўчымі эмоцыямі. Букет перадавалі з рук у рукі пад музыку. Калі яна сціхла, часовы ўладальнік “экібаны” выцягваў з букета лісток з творчым заданнем, якое трэба было абавязкова выканаць. Такім чынам цягам вечара згадаліся любімыя песні ды прыпеўкі, а таксама — танцы “Кракавяк” і “Вішанька”.

Чым знакамітая вёска Жухавічы, што ў Карэліцкім раёне? Яблычным фэстам! Вікторыя Касцюк паведаміла, што 3 лістапада ў Жухавіцкім доме культуры смачна і весела адзначылі Свята яблыка. Праграма была насычанай. Першае месца ў конкурсе “Шарлотка — 2018” пасля бескампраміснай барацьбы дасталася Таццяне Пучко. Кухар яна — выдатны! Конкурс дзіцячых малюнкаў “Шчодрая восень” паказаў, што самы таленавіты тут Данііл Касцюк. А прыз за найлепшую кампазіцыю з яблыкаў атрымала сям’я Лопух.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"