Скрыпка і Калдун

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

У цудоўным фільме Георгія Данелія “Кін-дза-дза!” — сумным і вясёлым — Бі прамаўляе фразу, якая стала крылатай: “А скрыпач не патрэбны, родны. Ён толькі лішняе паліва жарэ”. Сёння скрыпач нам спатрэбіцца. Калісьці ён граў у папулярным мінскiм гурце Vicious Crusade — адным з родапачынальнікаў беларускага фолк-металу. І быў у iм фігурай вельмі прыкметнай — хоць бы з-за інструмента, на якім граў. Пагадзіцеся, для “цяжкай” музыкі ён даволі нехарактэрны. Але гэтым “заслугі” Баграта ВАРТАНЯНА не абмяжоўваліся і не абмяжоўваюцца. Выдатны кампазітар і прадзюсар нарасхоп — што яшчэ трэба для таго, каб сваёй дзейнасцю славіць не толькі родную Беларусь? Ён і славіць — у палутара гадзінах лёту ад яе...

/i/content/pi/cult/716/15655/18.JPGТакіх бяруць у дыпламаты

— Цікава, што ў 2000-х гадах у беларускай сучаснай моладзевай музыцы было два больш-менш шырока вядомых скрыпача, і абодва з армянскімі каранямі — вы і Карэн Карапецян!

— Я з ім ужо даўно знаёмы, паважаю як музыканта і лічу яго адным з лепшых скрыпачоў Беларусі. Запрашаў Карэна, дарэчы, для запісу інструментальных партый для сваёй каманды The Project.

— Карэна Рафаэлавiча цяпер называюць не інакш як “залатой” джазавай скрыпкай Беларусі. Але вернемся да вас. Скрыпач у фолк-метал-гурце — ужо незвычайна. Наколькі камфортна было ў гэтым калектыве, наколькі ўдавалася ўнесці свой уклад у яго гучанне? Або знаходжанне ў Vicious Crusade — гэта проста “так атрымалася”? Уліліся, прыжыліся і расставацца не хацелася?

— І сапраўды, трапіў я ў гэты калектыў у 2000-м годзе выпадкова, дзякуючы жарту майго сябра, які быў у курсе майго захаплення “цяжкай” музыкай. Ён сказаў, што прачытаў у адной з газет аб’яву, дзе паведамлялася аб вакансіі скрыпача ў Vicious Crusade. Я звязаўся з Андрэем Мэнам — рэдактарам адной са старонак той газеты. У працэсе размовы з ім высветлілася, што ў той час ён быў і дырэктарам гэтага калектыву і што ніякіх скрыпачоў у яго не набіраюць! Але ўсё ж з цікаўнасці запрасіў мяне на праслухоўванне, у выніку якога я і трапіў у каманду. Так спраўдзілася мая мара — граць у рок-гурце! А партыі скрыпкі складаліся і сумесна — усім калектывам на рэпетыцыях, і я ў асобнасці, самастойна. Найбольшае задавальненне дагэтуль адчуваю ад скрыпкі ў песнях Messiah... Isn’t It Me? і Capriccio In G-Moll Per Violino Ed Basso Guitarra.

— А ці было ўжо тады разуменне, што надта доўгім жыццё гурта не будзе, бо галоўны на той момант яго ідэолаг Дзмітрый Басік усё больш канцэнтраваўся на дыпламатычнай ніве?

— Нам проста было цікава рабіць музыку разам, і мы не думалі пра будучыню. Мы былі сапраўднай сям’ёй і атрымлівалі ад гэтага кайф. Асабіста я ніколі не задумваўся аб расставанні з гуртом, быў самым маладым яго ўдзельнікам і ўвесь час вучыўся ў іншых чамусьці новаму, атрымліваў эмоцыі і досвед. І гурт, наколькі я разумею, быў для ўсіх яго музыкантаў, хутчэй, хобі, чым спосабам заробку. Бывала, Басік ад’язджаў у камандзіроўкі на доўгі тэрмін, і ў гэты час новыя песні ствараліся дыстанцыйна. Калі гурт збіраўся, разам мы запісвалі альбомы, рэпеціравалі і давалі канцэрты. У кожнага з яго ўдзельнікаў жыццё ішло сваім ходам, і ўрэшце шляхі разышліся.

/i/content/pi/cult/716/15655/19.JPG— Сочыце за лёсамі былых удзельнікаў калектыву? Той жа Басік, наколькі я ведаю, з’яўляецца Часовым павераным у справах Рэспублікі Беларусь у Канадзе. “Крайняя” вакалістка гурта Таццяна Лабада недзе гадоў дзесяць жыве ў ЗША. А яшчэ хто, дзе і чым займаецца?

— Дакладней, Таня жыве таксама ў Канадзе, у яе ёсць сольны лакальны праект. Басіст Сяргей Адзінец і бубнач, і Лёша Гладыш граюць у мінскіх гуртах, гітарыст Аляксей Верцель працуе ў IT-сферы. Зносіны ў мяне з імі, у асноўным, з дапамогай сацыяльных сетак, дый тое вельмі рэдкiя — яны ўсё больш зводзяцца да віншаванняў са святамі.

“Заварожаны”

— Супрацоўніцтва ў якасці кампазітара з Дзмітрыем Калдуном пачалося ў пару вашай працы ў Vicious Crusade? Па-мойму, паралельна з “вiшэсамi” вы і яшчэ для кагосьці пісалі песні, аранжыравалі, займаліся прадзюсаваннем?

— Сімвалічна, што мы з Дзмітрыем пазнаёміліся на апошнім канцэрце Vicious Crusade... А ў той час я ствараў аранжыроўкі і саўнд для гурта Atlantica, Вольгі Барабаншчыкавай і іншых. У мяне былі і свае праекты — The Project і God Mode.

— І яшчэ пра Калдуна-малодшага. Ён жа валодае шыкоўным голасам і мог бы стаць наймагутным сольным рок-вакалістам, якіх на тэрыторыі былога Саюза — па пальцах пералічыць (напрыклад, Мікалай Наскоў з прычыны цяжкай хваробы наогул выбыў на нявызначаны тэрмін, і, на жаль, не факт, што вернецца на сцэну). Тым больш, Дзмітрый некалі казаў, што цалкам дапускае ўласную рок-кар’еру. Не абмяркоўвалі з ім, чаму ён не вырашаецца пайсці па гэтым шляху?

— Усё адносна. Яшчэ да знаёмства са мной Дзмітрый адбыўся як поп-выканаўца, пабываўшы ўжо і на “Фабрыцы зорак”, і на “Еўрабачанні”. На постсавецкай прасторы досыць рэзкі “ідэалагічны” і сацыяльны падзел на поп і рок. У 2009-м мы запісалі і выпусцілі ў Расіі яго першы альбом “Калдун”, ён гучаў цяжка, тэксты не былі банальнымі (чым “пакутуюць” шматлікія поп-кампазіцыі). Але, так скажам, “рок-тусоўка” проста не змагла прыняць былога “фабрыканта”. Ігнаравалі яго і такія маскоўскія FM-станцыі, як “Наша радыё” і Maхimum — праваднікі і сучаснага расійскага рока.

Стала ясна, што ў дадзеных абставінах губляецца каштоўны час. Фінансавання звонку не было, таму вырашылі працягваць той вобраз, які палюбіўся масаваму слухачу. Перапрацавалі тэксты і гучанне, зразумелі сутнасць “фармату”. Пачалі пошук новых паэтаў і музычнага калектыву, што не магло адбыцца вокамгненна і гладка. Здараліся і “перагібы”: пайшлі тыя самыя банальнасці ў вершах, памылкі ў гучанні. У Маскве частку прадзюсарскага шляху давялося крок за крокам праходзіць нанова. Аднак мы ўсё ж засталіся сабой: на канцэртах Калдуна, пры яго поп-меладызме, гук далёка не папсовы.

Перспектывы былі шматабяцальныя

— Цяпер i я пра банальнае. Чаму некаторыя людзі, якія рэалізуюць сябе ў галіне музыкі, дасягнулі поспеху і прызнання ў краіне, з’язджаюць з Беларусі?

— Чаму? Скажу за сябе. У 2010 годзе я перабраўся ў Маскву па запрашэнні Дзмітрыя Калдуна, таму што далейшая дыстанцыйная наша праца была немагчыма. Існавалі канкрэтныя планы па прадзюсаванні, стварэнні і запісе песень, здымках кліпаў, удзеле ў тэлепраектах, супрацоўніцтве з прафесіяналамі першай велічыні. Перспектывы былі шматабяцальныя, і я прыняў рашэнне пераехаць.

— Хто цяпер Баграт Вартанян у расійскім шоу-бізнесе, з кім кантактуе, каго збіраецца вывесці “ў зоркі”?

— Працягваю працаваць з Калдуном. У канцы года рыхтуем рэліз яго пятага па ліку студыйнага альбома, у складзе якога, напрыклад, будзе і дуэт з Уладзімірам Прасняковым. Таксама займаюся саўндпрадзюсаваннем. Супрацоўнічаў з гуртамі “БИ-2” і “Иван Купала”, Валерыем Лявонцьевым, Прохарам Шаляпіным, Маркам Цiшманам... Ствараю песні для дасведчаных і маладых артыстаў, музыку для рэкламы топавых беларускіх і расійскіх брэндаў.

— А з беларускiм шоубізам сёння нешта звязвае?

— Нічога не звязвае. Наогул не ведаю, што ў ім адбываецца (верагодна, тое ж самае, што і 10 гадоў таму). Але ў апошні час з’яўляюцца асобныя новыя беларускія імёны, якія становяцца папулярнымі ў Расіі — што для мяне вельмі прыемна.

— І нават у Мiнск не прыязджаеце?..

— Не-не-не! У Беларусі бываю рэгулярна! Але толькі ў сувязі з гастролямі Дзмітрыя Калдуна. У такія прыезды, калі ёсць час, вядома, прысвячаю яго перш за ўсё бацькам і сябрам.

Даведка

Баграт ВАРТАНЯН, 36 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. У 2003 годзе скончыў факультэт мастацтваў Інстытута сучасных ведаў, па спецыяльнасці — праграміст музычных камп’ютарных сістэм. Працаваў на радыёстанцыях “Стыль” і “Пілот-FM”. Скрыпач, аўтар песень, аранжыроўшчык, музычны прадзюсар. З 2010 года жыве ў Маскве.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"