Зіта і Гіта супраць Боні і Клайда

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Партрэтам людзей культуры наш паштовы агляд заўжды аддае перавагу. Вельмі шкада, што мала нам іх дасылаюць. У большасці выпадкаў прыходзяць лісты з пераказам біяграфічных фактаў абранага па заслугах героя. Нарадзіўся, вучыўся, працаваў — за гэтымі фактамі няма асобы з яе характарам, не прасочваецца, так бы мовіць, кухня творчых эксперыментаў, не адчуваецца тэхналогія культурнай вытворчасці. А менавіта гэта найперш і цікавіць прафесіяналаў ад культуры. Але, зрэшты, намаляваць такі партрэт і майстру не заўжды па плячы.

/i/content/pi/cult/716/15654/17.JPG

Мікалай Леўчанка з Быхава сваю замалёўку пра работніка культуры назваў “Музыка светлай душы”. Прыгожа. Светлая душа — у музыканта і гукааператара Яўгена Сцяпанава. Яго можна сустрэць на ўсіх раённых імпрэзах, дзе баяніст акампаніруе народнаму фальклорнаму гурту “Багатуха” ці народнаму хору ветэранаў працы “Гаспадыня”. 6 кастрычніка яму споўнілася 70 гадоў. Баянам “захварэў” яшчэ ў дзяцінстве. Скончыў музычную сямігодку ў Быхаве, потым — Маскоўскі інстытут сталі і сплаваў, падчас вучобы захапіўся джазам, граў у розных маладзёжных кавярнях. Працу сумяшчаў з выступленнямі ў складзе вакальна-інструментальнага ансамбля “Атэстат”. Пакрысе стаў віртуозам. У 1990-х вярнуўся ў родны Быхаў.

Цяпер Яўген Мікалаевіч — акампаніятар РДК. Баян падпарадкоўваецца яму як добры сын добраму бацьку. Дарэчы, сын Яўгена Сцяпанава — піяніст, дачка — музычны кіраўнік у дзіцячым садку, а ўнучка пасля заканчэння Магілёўскага музычнага вучылішча выкладае вакал у дзіцячай школе мастацтваў і завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Не сям’я, а аркестр, дзе вядучая партыя — заўжды ў баяна.

А паколькі пра падобную сям’ю баяністаў — гэтым разам са Століншчыны — распавёў у гэтым нумары і мой калега Юрый Чарнякевіч, можна парадавацца, што творчыя дынастыі ў нашых краях — не адзінкавыя.

Ганна Давідовіч з Ашмянаў піша: “У раёне падвялі вынікі ўборкі ўраджаю і ўшанавалі лепшых працаўнікоў. Галоўныя атрыбуты свята — дажыначны вянок, каравай новага ўраджаю і традыцыйнае шэсце лепшых хлебаробаў. Далей — абыход сельскіх падворкаў, аграсядзіб. А ўзнагароды лепшым працаўнікам былі ўручаны ў аграгарадку Кальчуны”. На святочным канцэрце выступілі народныя калектывы: “Жытніца”, “Граўжанцы”, “Крыніцы”. Побач працавалі рамесніцкія майстар-класы. Адбыўся і конкурс кухараў.

Трохі аўтарскай лірыкі. Сёння Веткаўская сярэдняя школа № 1 адзначае 150-годдзе з дня ўтварэння. Я скончыў яе ў 1977 годзе, тут усё жыццё працавалі настаўнікамі мае бацькі. Гісторыя школы пачалася з народнага вучылішча. Як я ні стараўся, так і не высветліў, дзе канкрэтна яно знаходзілася. За маім жа векам школа месцілася ў сядзібным драўляным комплексе будынін адмысловай архітэктуры (паветкі над уваходамі з рознымі калонамі і парэнчамі, урачыстыя фасады і ажурныя ліштвы ды аканіцы). А праз дарогу і па сёння стаіць дом, дзе я нарадзіўся і жыў. Комплекс, які прыналежаў, па чутках, нямецкаму барону, займаў цэлы квартал і меў працяг у суседнім — са старасвецкім паркам і сістэмай азёр. Гэтыя будынкі за савецкім часам належалі раённай бальніцы. Відаць, дзесьці паблізу была калісьці і царква: некалі школьныя званкі рабіліся пры дапамозе невялічкага царкоўнага звона.

Маім першым сябрам у дзяцінстве стаў дырэктар школы Франц Лешчанка. З сям’ёй ён жыў пры школе, у закуточку аднаго з драўляных карпусоў, цудоўна граў на скрыпцы, ведаў шмат вершаў, чым мяне ўразіў раз і назаўжды. Памёр Франц Паўлавіч ад інфаркту. Сярод настаўнікаў усё часцей сталі з’яўляцца жонкі партыйных работнікаў, якія прагнулі адразу займець званні заслужаных і народных. Дырэктар усяляк супрацьстаяў шэрасці. Таму аднойчы і не вытрываў чарговай ананімкі. Гэта была першая ў маім жыцці смерць блізкага…

Школа наша называлася беларускай з той прычыны, што ўсе дысцыпліны выкладаліся на роднай мове. Нам не пашанцавала, бо, калі мы сталі пачаткоўцамі, у школе панавала ўжо мова руская. Але найменне “беларуская” захоўвалася ў моўным ужытку яшчэ доўга. Потым школа згарэла (цэлым застаўся толькі адзін невялічкі вучэбны корпус), і мы перайшлі ў новы будынак, які быў узведзены непадалёк, ля аднаго са старасвецкіх азёраў. Сёння на тым драўляным корпусе, што захаваўся (працавалі там па чарзе дзіцячая бібліятэка, відэасалон, а цяпер — крама і цырульня), будзе ўсталяваны памятны знак. А ў цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца святочны канцэрт.

Інфармацыя пра чарговы юбілей. Гэтым разам — пра 100-годдзе Ленінскага камсамолу. З гэтай нагоды ў Наваполацку з’явілася каштанавая алея са ста дрэўцаў. Яна пасаджана на бульвары першабудаўніка горада Казіміра Кунцэвіча. Паспрыяў азеляненню рэспубліканскі маладзёжны праект “#ЗаСправу! ” У стварэнні алеі прынялі ўдзел не толькі актыў і гонар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — байцы студэнцкіх атрадаў “ЭўрыКа”, “Дойліды”, “Рытм” — але і прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, працоўная моладзь прадпрыемстваў і ўстаноў. Саджанцы вельмі гарманічна дапоўнілі бульварны ландшафт.

Яшчэ адны дажынкі. Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры распавядае: “27 кастрычніка ў аграгарадку Кушлікі Полацкага раёна ўпершыню адбылося сельскае свята раённага маштабу “Кушлікоўскія талокі” — свята ўраджаю, багатых засекаў і гароднінных дарункаў, якімі славіцца Полаччына. Распарадчык свята Пан Куш (гэтую ролю бліскуча выканаў акцёр тэатра мініяцюр “Альтанка” Вароніцкага сельскага клуба Віталь Мардвінкін) сустракаў гасцей з адзінаццаці сельсаветаў. Кожная каманда-талака прывезла дзіўную гародніну новага ўраджаю — “Вялікі куш для Пана Куша”. Пад спевы народнага вакальнага ансамбля “Белая чайка” Азінскага СДК пачаўся абрад “Засыпкі гародніны”. А пад выступленні ансамбля “Фертынка” Багатырскага СДК госці частаваліся народнай стравай “Вараная капуста з пеўнем”. Дыплом “Найлепшы рэцэпт засолкі капусты” атрымала “Гаранская талака” (дырэктар Гаранскага СДК Галіна Сушчык), у конкурсе падворкаў “Гасцінны двор” перамагла “Азінская талака”, бо тут створана самая шыкоўная кампазіцыя з прыроднага матэрыялу, самая арыгінальная выстава-прэзентацыя — у народнага тэатра мініяцюр “Веснік” з “Зялёнкаўскай талакі”.

Выснову раблю адзіную: фантазія полацкіх работнікаў культуры не ведае мяжы. Спадарыня Паўловіч пералічвае конкурсы, якія пераўзыходзяць адзін аднаго ў плане крэатыўнасці. Мяне проста агаломшыў свінячы забег “PIG-шоу”. Спаборнічалі чатыры парасяці з мянушкамі Зіта, Гіта, Боні, Клайд. А ў наступным годзе арганізатары абяцаюць свінячы футбол з павялічанай колькасцю гульцоў! Сямейная пара Уладзіміравых з Мацюшэўскага сельскага дома культуры выступіла ў ролі каментатараў забегу. Перамагла свінка Зіта, якая ў якасці прызу атрымала мех смакоццяў.

Цяпер — пра флэшмоб і фальклор. 27 кастрычніка ў Гарадку, што на Віцебшчыне, прайшоў абласны семінар-практыкум для спецыялістаў па фальклоры. Назва — “Вясельныя традыцыі Віцебшчыны”. Мерапрыемства арганізавана абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. На выставе “Позірк у мінулае” прэзентаваліся здымкі і атрыбуты мясцовага вяселля канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. У фае гарадскога Дома культуры ў рамках раённага праекта “Фальклорныя танцы Гарадоччыны” ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці зладзілі флэшмоб старадаўніх мясцовых танцаў. Як сцвярджае вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна, гэта было досыць яскравае відовішча. Наступная праграма складалася з дэманстрацыі фільма “Рэканструкцыя вясельнага абраду пачатку ХХ стагоддзя на матэрыялах Глыбоцкага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў”, з раённага агляду-конкурсу вясельных абрадаў і спеваў Гарадоччыны “Вянок Княгіні”, прэзентацыі “Асаблівасці вясельнага строю ў Гарадоцкім раёне”. Запатрабаванымі былі і выступленні навукоўцаў з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяны Валодзінай і Таццяны Кухаронак.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"