Опера для пачаткоўцаў

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Ва Украіне ў апошнія гады — сапраўдны тэатральны бум. У той час, як нават на прасунутым у культурных адносінах Захадзе назіраецца — па тамтэйшых мерках — спад цікавасці да тэатральнага мастацтва, у нашых паўднёвых суседзяў — аншлагі. Назіраюцца яны і ў оперным тэатры. І некаторыя прыдумкі суседзяў, без сумневу, могуць быць карыснымі і нам.

/i/content/pi/cult/715/15637/17.JPGНенавязлівая прафарыентацыя

Ці ведаеце вы, да прыкладу, што ў Кіеве існуе спецыяльны оперны тэатр, прызначаны менавіта для юнай аўдыторыі? Прычым у дадатак да іншых — знакамітага опернага, тэатр аперэты (у нас падобная трупа ўзрасла да Музычнага тэатра), студэнцкага тэатра ў Акадэміі музыкі (у нас ён таксама існуе — Оперная студыя, ды праблемы з рэпетыцыйнай і канцэртнай заламі не дазваляюць ладзіць паказы на шырокую публіку).

Кіеўскі муніцыпальны акадэмічны тэатр оперы і балета для дзяцей і юнацтва быў створаны ў 1982 годзе па прыкладзе маскоўскага, адкрытага Наталляй Сац (яна, дарэчы, дапамагала і ўкраінскім калегам). Дастаткова зірнуць на афішу, каб пераканацца, што гэта не музычны ТЮГ, а штосьці куды большае. І што там вядзецца вельмі планамерная работа па падрыхтоўцы дарослага опернага, балетнага, філарманічнага гледача.

У штаце тэатра прадугледжана пасада педагога-метадыста. Стаўку дзеляць дзве дзяўчыны з Акадэміі музыкі, якія працуюць з дзецьмі непасрэдна ў час спектакляў. Да пачатку дзеяння яны выступаюць з невялічкім уступным словам, настройваюць публіку на тое, што можна будзе пачуць і ўбачыць. У антракце і пасля спектакля — дзяжураць ля аркестравай ямы і ў фае, распавядаюць пра музычныя інструменты, адказваюць на пытанні. Да таго ж, паводле папярэдняй замовы можна патрапіць і ў закуліссе.

Акрамя ўласна спектакляў, ёсць і аўтарскі праект — “Музычныя класікі”, што складаецца з некалькіх “азбук”: сімфанічнай, балетнай, опернай. У форме прыгодніцкага спектакля з інтэрактывам дзецям і бацькам нязмушана выкладаюць асновы музычнай граматы, тэорыі і гісторыі музыкі, вучаць правілам паводзін у тэатры і канцэртнай зале.

Сюжэтная канва прыблізна наступная. Злая фея, каб сарваць прадстаўленне, раскідала лісткі
партытуры па розных эпохах і краінах. Казачныя героі разам з усімі прысутнымі выпраўляюцца на пошукі нот. Вельмі важна, што да кожнай такой імпрэзы падрыхтавана не проста звыклая праграмка з імёнамі ўдзельнікаў, а цэлая кніжыца памерам са школьны сшытак на 16 старонак. І там замест сціслага лібрэта дасціпна выкладзены звесткі на абраную тэму: невялічкі слоўнік, гістарычныя цікавосткі… І, што вельмі важна, малюнкі ды фота з паказам элементарных практычных навыкаў: дырыжыравання на дзве, тры, чатыры чвэрці, асноўных балетных пазіцый і гэтак далей. Чым не прыклад ненавязлівай прафарыентацыі?

У фае ўсталяваны некалькі балетных станкоў з люстэркамі — атрымліваецца штосьці накшталт маленькай рэпетыцыйнай залы. Дзяцей (асабліва дзяўчынак) ад тых станкоў — не адагнаць. Спектакль даўно завершаны, у гардэробе — ніякай чаргі, а яны ўсё “трэніруюцца”, імкнуцца паўтарыць убачаныя рухі. Пагадзіцеся, гэта таксама працуе!

Фае ж першага паверха шчодра ўпрыгожана не толькі сцэнічнымі строямі, як у нашым оперным, але і дэкарацыямі ранейшых спектакляў, вялізным банерам самога тэатра. Ідэальна для фота! Улічваючы далейшае траплянне здымкаў у сацыяльныя сеткі, гэта яшчэ і дадатковая рэклама. У тэатры не “заігрываюць” з маленькімі гледачамі, а адразу ставяцца да іх як да юных пакуль, але ў будучым — дарослых гледачоў.

Курс на сучаснае еўрапейскае мастацтва і перадавыя музычна-тэатральныя тэндэнцыі Кіеўскі дзіцячы оперны трымаў заўжды. Тут былі пастаўлены, да прыкладу, оперы “Разумніца” Орфа, “Грудзі Тырэзія” Пуленка. Гэтыя спектаклі прыцягнулі да тэатра ўвагу не толькі вядучых украінскіх, але і замежных крытыкаў. Штосьці падобнае адбывалася і ў нашым оперным. У пачатку 1960-х намаганнямі дырыжора Таццяны Каламійцавай на афішы ўзнікла (і пазней была выдадзена на грамплытках) “Арэстэя” Танеева — упершыню ў СССР. У канцы 1980-х, таксама ўпершыню, была пастаўлена “Мадалена” Пракоф’ева.

“Сабачы” мюзікл

Менавіта для гэтага тэатра Уладзімір Назараў напісаў мюзікл “Жыў сабе сабака…” Да прэм’еры было выдадзена і вершаванае лібрэта (адразу заўважу, вельмі сакавітае, каларытнае: што ні рыфма — сапраўдная перліна), прычым асобнай кніжкай з цудоўнымі каляровымі малюнкамі. Дадам, што Кіеўскі “дарослы” оперны выпускае да кожнай дзіцячай прэм’еры багата ілюстраваны буклет — таксама ў выглядзе асобнай кніжкі, якую можна разглядаць і перачытваць яшчэ доўга, адначасова аднаўляючы памяць пра спектакль.

Для параўнання: многія нашы тэатры, асабліва рэгіянальныя, да дзіцячых спектакляў увогуле праграмак не робяць. А калі і робяць, дык тую паперку ў большасці выпадкаў можна не чытаючы выкінуць: акрамя прозвішчаў артыстаў і пастаноўшчыкаў, там няма нічога.

У аснову мюзікла пакладзены знакаміты ўкраінскі мульцік пра сяброўства ваўка з сабакам. Адштурхнуўшыся ад вядомага сюжэта, аўтары напоўнілі аповед падрабязнасцямі, пашырылі характары жывёл і людзей. Адмовіліся ад размоўных дыялогаў, затое павялічылі колькасць разгорнутых сцэн з больш складанай, чым арыя, хор ці дуэт, драматургіяй. Другую дзею, цэнтрам якой становіцца вяселле, пэўна, можна было б і пашырыць — за кошт музычна ўвасобленага вясельнага абрада і жывых спеваў у народнай манеры — якімі, дарэчы, пачынаўся спектакль.

Узгадаю, што ў колішняй аперэце “Несцерка” нашага Рыгора Суруса тая ж сцэнічная сітуацыя — вяселле ў вёсцы — выклікала перанос сюды некалькіх частак з яго кантаты “Сваток”, і гэта надала твору яшчэ больш трывалы фальклорны падмурак. Разам з тым, гэта запавольвала дзеянне, чаго, відаць, і баяліся аўтары “Сабакі”.

Гледзячы ва ўсіх сэнсах паспяховы ўкраінскі мюзікл, які, безумоўна, будзе разабраны на цытаты, раптам згадала нашу “Цацачную краму”. У гэтым песенным цыкле канца 1990-х, створаным на вершы Леаніда Дранько-Майсюка, таксама былі і Галодны воўк, і Сабака, і многа іншых беларускіх жывёл з трапна выяўленымі характарамі. Тыя песні і цяпер ідуць “на ўра” ў любой дзіцячай, не гаворачы пра дарослую, аўдыторыі. Дадаць туды крыху “гісторыі”, узаемаадносін цацак, пакуль крама зачынена, — гэта ж які мог быць нацыянальны мюзікл! На жаль, не склалася. А тэатры і дагэтуль спяваюць песні галоднага на рэпертуар “ваўка”, выдатна выводзячы “падвыванні” пра пустыя творчыя партфелі нашых аўтараў. Ну, не прынеслі ім на сподачку!

Тэатр як экскурсійны аб’ект

Нашы тэатры таксама клапоцяцца пра свайго гледача. Той жа оперны раз на год праводзіць Дзень адчыненых дзвярэй, калі дзятву і дарослых па папярэдняй замове водзяць на экскурсіі ў закуліссе. Ёсць і платныя паслугі: тыя ж экскурсіі, а таксама інтэрактыўныя праграмы ў рамках праекта “Вялікі тэатр — дзецям”. Але ў Кіеве гэта робяць значна часцей. І ўдала сумяшчаюць з турыстычным рухам.

Наш оперны таксама можа пахваліцца турыстамі. Асабліва многа іх было адразу пасля рэканструкцыі. Суцэльнымі аўтобусамі буйныя прадпрыемствы з усёй Беларусі і асабліва Міншчыны вазілі сваіх супрацоўнікаў на спектаклі. Сама неяк была сведкам, як госці пакідалі ў аўтобусе набытыя ў сталічных крамах рэчы, аглядалі тэатр, ішлі ў залу, а пасля першай дзеі ўсёй кампаніяй перамяшчаліся ў буфет і адзначалі добра праведзенае культурнае мерапрыемства.

Ва Украіне наведванне опернага тэатра — адзін з трывала замацаваных турыстычных маршрутаў. Кіеўскі “дарослы” оперны супрацоўнічае з турыстычнымі агенцтвамі. І тыя ўключаюць тэатр (прагляд спектакля ці толькі экскурсію) у спіс магчымых для наведвання тураб’ектаў. Запісацца ў групу, якая пойдзе ў тэатральнае закуліссе за гадзіну да спектакля, можна ў любым экскурсійным кіёску ў цэнтры горада. Каштует нятанна. Экскурсаводамі выступаюць супрацоўнікі тэатра, атрымліваючы за гэта дадатковыя грошы. Ну, а тое, што падобныя паходы выклікаюць жаданне наведаць і самі спектаклі, зразумела.

Узгадаю адзін выпадак, сведкам якога стала. Бабуля прывяла на экскурсію свайго ўнука. Калі планаваўся той “культпаход”, хлопчык катэгарычна адмаўляўся глядзець спектакль: маўляў, балет “Снежная каралева” — для маленькіх дурненькіх дзяўчынак. Але ў час экскурсіі падлетак настолькі захапіўся паказанымі светлавымі эфектамі і антуражам, што пачаў упрошваць бабулю застацца. А ўсе квіткі даўно распрададзены! І адміністрацыя тэатра пайшла насустрач “патэнцыйнаму пастаяннаму гледачу”, паставіўшы два дадатковыя прыстаўныя крэслы.

Адэскі оперны адкрывае сезон яшчэ ў жніўні, у самы разгар пляжных адпачынкаў. Як ні дзіўна, але квіткі тут намнога таннейшыя, чым у Кіеве і Львове. Патрапіць на спектакль можна, заплаціўшы ажно ў сем з паловай разоў менш, чым за экскурсію! Сама была сведкам, як у час опернай дзеі публіка, наглядзеўшыся на мармурова-пазалочаныя прыгажосці ракако на лесвіцах і ў фае, вальяжна сунулася на выхад. Адсюль і выснова: цэнавы дэмакратызм не заўсёды спрыяе прасоўванню культуры.

Турыстычны ўхіл, незалежны ад пораў года, уласцівы і Львоўскаму опернаму імя Саломіі Крушальніцкай. Дарэчы, вельмі многа гледачоў тут бывае з суседняй Польшчы. Вельмі часта такія туры скіраваны менавіта на вячэрнія спектаклі, да якіх, зразумела, далучаецца агляд старадаўняга горада і яго шматлікіх знарок прыдуманых турыстычных аб’ектаў — ад крамы-майстэрні, дзе на вашых вачах з’яўляюцца адмысловыя карамельныя вырабы, да тэматычных кавярняў, падобных да своеасаблівых музеяў.

У нас падобны культурны турызм пакуль у зачаткавым стане. Што трэба для таго, каб ён развіваўся — прычым не толькі на ўнутрыбеларускім, але і на міжнародным узроўні? Найперш, напэўна, новыя мастацкія з’явы, цікавыя для спакушаных замежных гледачоў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"