Патанцаваць з Барбарай Радзівіл

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

У лістападзе спаўняецца 30 гадоў ансамблю народнай песні і музыкі “Сузор’е” Пратасевіцкага сельскага дома культуры, што ў Асіповіцкім раёне. Прыдумала і стварыла яго Соф’я Мароз. Тады ў калектыве бабулькі былі. Цяпер “Сузор’ем” кіруе дачка Соф’і Віктараўны Наталля Еўдакімовіч. Ансамбль памаладзеў, з’явіліся ў ім танцавальная ды інструментальная групы. Варта дадаць, што першым у склад памаладзелага “Сузор’я” ўвайшоў муж Наталлі — Аляксандр.

/i/content/pi/cult/715/15636/16.JPGАнсамбль пастаянна гастралюе. На яго рахунку годны ўдзел ажно ў трыццаці міжнародных фестывалях. Летам калектыў вярнуўся са Славакіі, узімку збіраецца ў Францыю. Да слова, замежныя вандроўкі ладзяць самадзейныя артысты за свой кошт. Добры прыклад самаахвярнай папулярызацыі нашага традыцыйнага мастацтва на Захадзе! Але вось што дзіўна і прыемна адначасова: самым прэстыжным лічыць Наталля Еўдакімовіч удзел у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Маўляў, больш прафесійнага стаўлення да захавання традыцыйных песні і танца ў свеце няма.

Дарэчы, гаворка пра “Берагіню”, пра сённяшні стан фестывалю і перспектывы яго развіцця будзе весціся 30 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі распавядае, што мерапрыемства БФК ладзіць сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Тэма сустрэчы — “Традыцыйная культуры беларусаў: сучасны стан, праблемы захавання і развіцця”. Матэрыял пра гэта чытайце ў наступных нумарах “К”.

21 кастрычніка ў мястэчку Райца Карэліцкага раёна адбылося свята народных умельцаў у гонар іх ахоўніцы — славянскай багіні Макошы. Работы рамеснікаў былі выстаўлены ў сельскім клубе. Творчасць супрацоўнікаў раённага дома рамёстваў вызначалася жанравай разнастайнасцю. Інфармацыйны складнік свята забяспечыла Райцаўская сельская бібліятэка, якая падрыхтавала выставу кніг пра Макошу.

Піша загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная: “Прайшоў другі гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў устаноў культуры, арганізаваны аддзелам культуры Бабруйскага гарвыканкама, Магілёўскай абласной і Бабруйскай гарадской арганізацыямі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Конкурс доўжыўся з чэрвеня па канец кастрычніка ў тры этапы. Сярод пераможцаў — загадчыца гарадской бібліятэкі № 8 імя Ефрасінні Полацкай Наталля Каўгарэня, кіраўнік узорнай харэаграфічнай студыі “Бабраня” і балетмайстар Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — народнага ансамбля танца “Юнацтва” Палаца культуры Бабруйска Яўген Краўцоў, настаўнік па класе харавых дысцыплін ДШМ № 2 імя Уладзіміра Алоўнікава Кацярына Перхава, кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастак-афармляльнік Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна Бабруйска Настасся Паўловіч, метадыст кінатэатра “Мір” КУП “Бабруйсккіно” Наталля Кокаш і настаўнік па класе домры і мандаліны ДШМ № 1 імя Яўгена Цікоцкага Людміла Зайкоўская”.

Прайшло тры гады, як сышла з жыцця заснавальніца народнага фальклорнага калектыву “Галасы спадчыны”, захавальніца манеры спеваў “уперахлёст” Вера Пісюкова, якая працавала ў Багатырскім СДК. Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч распавядае, што справа фалькларысткі працягваецца. Дырэктар клуба Алена Лукавіцкая і цяперашні кіраўнік гурта “Галасы спадчыны” Таццяна Стараннік памнажаюць спадчыну Веры Уладзіміраўны. 20 кастрычніка Багатырскі СДК ладзіў фальклорны фэст у памяць аб Веры Пісюковай. “Галасы спадчыны” рыхтавалі мерапрыемства разам з ансамблем-спадарожнікам “Каласочкі”. Дапамагаў яму ўзорны фальклорны калектыў “Лецейка”. А шаноўным госцем стаў гурт “Варган” з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На раённым семінары загадчыкаў філіялаў па культурна-адпачынкавай дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбылася прэзентацыя адноўленага бераставіцкага строю. Вопратка была прадстаўлена не на манекенах, а на людзях: работнікі культуры прымяралі яе на сябе і паспрабавалі ўвасобіць у рэальнасці вобразы тагачасных насельнікаў Бераставіччыны. Удзельнікі семінара абмеркавалі асаблівасці жаночага і мужчынскага касцюмаў, пазнаёміліся з нюансамі пошукавай дзейнасці.

Аграгарадок Геранёны (Іўеўскі раён) правёў “Рэха забытага балю ў Барбары Радзівіл”. Прысутнічалі толькі дамы і кавалеры. Піша загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель: “Мы ўсе вярнуліся ў XVI стагоддзе, калі старажытныя Геранёны належалі Гаштольдам, а Барбара Радзівіл была жонкай ваяводы Станіслава Гаштольда… У фае ўстановы культуры працавалі выставы веераў, літаратуры, сувенірнай прадукцыі”.

Бярэзінская раённая бібліятэка правяла акцыю “Геній родам з вёскі”. Прысвечана яна была 95-годдзю з дня нараджэння і трэцім угодкам з дня смерці акадэміка Мікалая Барысевіча, які нарадзіўся ў вёсцы Лучны Мост. Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч распавядае, што Мікалай Аляксандравіч — выбітны фізік, прадстаўнік навуковай эліты Беларусі — меў сялянскія карані. Ён не раз прызнаваўся: “Без роднай хаты я ў свеце заблукаў, вярнуўся — нібы зноўку нарадзіўся”. Вечарына памяці адбылася ў вёсцы Сяліба, дзе будучы акадэмік вучыўся ў школцы. Землякі ўшанавалі памяць Мікалая Барысевіча ў мясцовым клубе-бібліятэцы.

20 лістапада ў Касцюковіцкім раённым цэнтры культуры адбыўся XII раённы фестываль народнай творчасці сельскіх устаноў культуры. Назва фэсту — “Крыніца душы”. Сёлета ён прысвячаўся Году малой радзімы. Загадчык аддзела культурна-адпачынкавай дзейнасці цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Святлана Захарэнка піша, што падчас мерапрыемства выступілі творчыя калектывы Муравільскага (дарэчы, мастацкі кіраўнік гэтай клубнай установы Наталля Кірыенка — аўтар гімнічнай песні фестывалю), Тупічынскага, Шарэйкаўскага, Баронькаўскага, Сялецкаўскага сельскіх дамоў культуры, Пралетарскага і Крапівенскага сельскіх клубаў-бібліятэк, Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу, Забычанскага сельскага клуба і Мурынборскага сельскага цэнтра культуры.

У Светлагорску і Мазыры прайшоў абласны конкурс народных (узорных) вакальных аматарскіх калектываў “Спеўная Гомельшчына”. У мерапрыемстве бралі ўдзел 54 калектывы з 20 раёнаў вобласці і Гомеля.

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна распавядае, што ва ўстанове працуе выстава работ майстроў з народных клубаў пры РДР “Докша” (Докшыцкікі раён) і “Традыцыя” (Віцебскі). У экспазіцыі — разьба па дрэве, саломка і лозапляценне, кераміка і лепка з гліны, жывапіс і мастацкі роспіс па палатне ды шкле, бісерапляценне, вязанне прутком і кручком, кавальства і чаканка, шматковае шыццё, вышыўка ды ткацтва.

Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало” ў Полацку прыняў ужо больш за 200 заявак на ўдзел. Прафесійнае журы (яго ўзначальвае заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Стацэнка) адабрала 46 юных выканаўцаў ад васьмі да шаснаццаці гадоў. Навіной “Халі-Хало — 2018” стала лёсаванне ў online-рэжыме, якое адбылося 21 кастрычніка.

У Дзяржынскім гарадскім доме культуры прайшоў традыцыйны раённы конкурс творчай моладзі “Круглая пяцёрка”. Каманды (у кожнай — па пяць чалавек) прадстаўлялі працоўныя арганізацыі горада і раёна. Цягам месяца яны разам з прафесійнымі педагогамі вывучалі харэаграфію ды вакал. У выніку Гран-пры атрымала зборная дзяржаўных устаноў Дзяржынска.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"