Ментальнае люстэрка Арменіі

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава “Армянская палітра”, прысвечаная 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных зносін паміж нашымі дзяржавамі. Экспануецца жывапіс і графіка армянскіх мастакоў розных пакаленняў. Тут і тыя, хто творча сцвердзіўся яшчэ ў савецкі час, і тыя, чые пошукі і сталенне прыпадаюць на гады незалежнасці.

/i/content/pi/cult/715/15633/11.JPGЭкспазіцыя займае першы паверх музея. Шэсць дзясяткаў работ даюць даволі аб’ектыўнае ўяўленне пра сучасны стан выяўленчага мастацтва Арменіі, пра яго гістарычныя карані і дамінуючыя тэндэнцыі. У анатацыі да выставы прыведзены словы Казіміра Малевіча пра тое, што ў мастацтва няма ні мінулага, ні будучыні — яно заўжды сённяшняе. Відаць, гісторыкі культуры маглі б гэтую тэзу аспрэчыць, але адносна мастацтва Арменіі яна ў значнай ступені адпавядае рэчаіснасці. Няшмат у свеце народаў, якія б так шанавалі сваю гісторыю, так трымаліся б за свае традыцыі, як армяне. Для іх падзеі тысячагадовай даўніны такія ж актуальныя, як і варункі сённяшняга дня. Мабыць, народ, для гістарычнай драмы якога дэкарацыяй служыць біблейскі Арарат, іншым і быць не можа.

На вернісажы я пацікавіўся ўражаннямі ад выставы ў людзей, дасведчаных у мастацтве ўвогуле і ў мастацтве армянскім у прыватнасці. Адзін з маіх суразмоўцаў выказаў захапленне выставай. Ён згадаў, што яшчэ ў савецкую эпоху армянскім мастакам было ўласціва пачуццё самадастаковасці. У той час калі ці не ўсе мастакі з іншых рэспублік марылі зладзіць выставу ў Маскве, для армян самым важным было і, бадай, застаецца творча сцвердзіцца менавіта на радзіме, заслужыць пашану ў свайго народа. Пры гэтым яны вельмі пільна сачылі (і сочаць) за тым, што робіцца ў навакольным свеце, хутчэй за іншых засвойваюць запазычаныя навацыі і перспектыўныя знаходкі сабе на карысць. Выстава сведчыць, што армяне якімі былі, такімі і засталіся. І гэта цудоўна!

Другі суразмоўца (дарэчы, беларускі армянін), ацэньваючы творчасць сваіх суродзічаў, выказаўся стрымана, нават дазволіў сабе крытычныя ноткі. Маўляў, я такое або падобнае бачыў у армянскім мастацтве гадоў трыццаць таму. А хацелася б навізны, інтрыгі. Такім чынам, гэтая выстава — знак запаволенага часу. Асабліва майму суразмоўцы прыйшліся не даспадобы сюррэалістычныя матывы. Маўляў, у 1970-я гэта было б крута, а сёння такі вобразны лад успрымаецца як архаіка.

Прызнаючы пэўную рацыю за кожным, я ў дадзеным выпадку заняў бы цэнтрысцкую пазіцыю. Добра, што ў нацыянальнай культуры ёсць стрыжань, што армян не зблытаеш з суседзямі. Разам з тым, каб жыць, традыцыя мусіць аднаўляцца, узбагачацца новымі чыннікамі. Яшчэ студэнтам (а былі гэта 1970-я гады) я бываў у Ерэване. Магчыма, самы важны ўспамін пра тую вандроўку — Музей сучаснага мастацтва, створаны, як прынята казаць, на грамадскіх пачатках. Фактычна гэта быў музей нонкафармізму. Месціўся ён на першым паверсе звычайнага жылога дома. Ягоная калекцыя складалася з падарункаў. Армянскія мастакі задарма аддалі музею работы, якія з-за неадпаведнасці ідэалагічным канонам наўрад ці маглі б трапіць на афіцыйныя выставы. Адпаведна, нават тое, што ў нас лічылася “андэграўндам”, мела ў Арменіі сваю цалкам легальную пляцоўку. Сёння ж такое мастацтва атрымала афіцыйны статус.

Ад выставы ў мяне засталося ўражанне, што армянскае мастацтва — як, дарэчы, і мастацтва беларускае, як і ўся постсавецкая прастора — сёння засвойвае цяжкую навуку свабоды. Ёсць грунтоўная традыцыя, ёсць майстэрства, ёсць здаровая амбіцыйнасць. Ніхто ў суверэннай краіне не замінае мастаку быць самім сабою.

Натуральна, што грамадства чакае ад разняволенага творцы новага слова. А ён выходзіць на аўдыторыю з падборкай цудоўных цытат. Ну што ж, і гэта някепска. Зрэшты, геніі кшталту Марціроса Сар’яна з’яўляюцца раз на стагоддзе.

Гэтыя сентэнцыі ніякім чынам не прыніжаюць значэнне выставы і годнасць канкрэтных творцаў, не ставяць пад сумнеў іхнія здабыткі. На мяне зрабілі моцнае ўражане работы Армана Грыгарана (“Ваўчыца”), Авеціса Хачатрана (“Таемнае каханне”), Самвела Чыбухчана (“Мая Даная”), Арарата Мінасяна (“Трыпціх”), Рубена Грыгарана (“Добразычліўка”). Ды і пра іншых аўтараў можна сказаць, што іх творчасць — ментальнае люстэрка сённяшняй Арменіі. На выставе добра дыхаецца і думаецца, таму ўзнікае жаданне паглядзець яе яшчэ раз.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"