Мульцяшныя істоты з палескіх балот

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Мастачку-пастаноўшчыцу і рэжысёра Святлану КАТЛЯРОВУ (на здымку) можна палюбіць ужо адно за яе вясёлы нораў. Частуючы мяне гарбатай у сваёй майстэрні на кінастудыі “Беларусьфільм”, яна шмат жартуе — у тым ліку і пра свой нядаўні твор. Нагодай для сустрэчы з маладой аўтаркай стала набліжэнне ажно двух айчынных фестываляў, у якіх прымае ўдзел “У Палессі на балоце” — сумесная стужка Святланы і яе калег Руслана Сінкевіча, Руслана Бурмакова і Марты Герашчанка. Літаральна заўтра ў Магілёве завершыцца форум анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, дзе альманах спаборнічае ў асноўным конкурсе з 60-цю работамі беларускіх і замежных калег. А ўжо праз тыдзень фільм можна будзе пабачыць на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” у рамках Нацыянальнага конкурсу.

/i/content/pi/cult/715/15622/1.jpgСустрэча са Святланай, якая працавала мастачкай-пастаноўшчыцай на многіх анімацыйных стужках (і сёння, напрыклад, дапамагае Алене Пяткевіч у стварэнні фільма “Магістр вольных мастацваў” пра Францыска Скарыну), становіцца нагодай паразмаўляць не толькі пра альманах маладых аўтараў, але пра будучыню беларускай анімацыі.

 — Давайце пачнём, усё ж, з “Палесся”. Як нарадзіўся гэты праект?

— Гэта стужка стала плёнам сумеснай працы з калегамі. Мы даўно планавалі штосьці такое стварыць, а тут сабраліся і прыдумалі альманах для дзяцей, які цалкам быў бы добрым. Напачатку, усярэдзіне і напрыканцы. Гэта была, дарэчы, ідэя Руслана Сінкевіча, ён стаў сэрцам нашага праекта. Кожны абраў сабе беларускую міфічную істоту і зрабіў пра яе сваю гісторыю, а ўсе разам склаліся ў альманах. У Руслана навела пра Цмока выканана ў пластыліне, у Рамана пра Красналюдку — у жывапіснай тэхніцы, у Марты пра Малімона — вельмі прыгожая каляровая гісторыя, а ў мяне пра Крыжаціка — маляваная анімацыя.

— Света, у вас атрымалася самая брутальныя гісторыя ў альманаха.

— Ну так. Мне хацелася зрабіць штосьці вясёлае, але пры гэтым трошкі страшнае. Дакладней, каб страшнае не выглядала такім ужо і страшным. Крыжацік — гэта беларускі дух, які ахоўвае могілкі. У маёй гісторыі хтосьці прыходзіць на яго тэрыторыю і парушае спакой — крадзе чэрап. Крыжацік пераследуе гэтага “хулігана”, але потым нечакана з ім пасябруе. Не буду пакуль тлумачыць, чаму. У анімацыйнай навеле ёсць невялічкія “прывітанні” ад Міро, Пікаса — хацелася разнастаіць лінейную гісторыю такімі адсылкамі. Таксама для мяне было важна, каб глядач да канца не здолеў адгадаць, чым усё скончыцца. Бо сёння часта так бывае, што ўжо на пачатку фільма разгадваеш канцоўку.

— Ваш альманах у пэўнай ступені можна назваць свежым словам у беларускай анімацыі, бо вы паспрабавалі і розныя тэхнікі, і розныя жанры. У вас вось — такая вясёлая страшылка.

— Мы выклаліся на “поўную катушку”. Нам хацелася давесці, што анімацыя можа быць рознай. Давайце спрабаваць. Прычым, працаваць было няпроста, нам не хапала рук. Дапамагалі адзін аднаму, ладна выматаліся. Сёння, вядома, я бачу недахопы ў сваёй рабоце. Там відавочна не хапае статыкі, каб глядач паспеў з усім разабрацца. Але як спроба навела, на маю думку, адбылася. Альманах лічу свежай і цікавай з’явай у нашым кіно.

— Ці не плануеце новыя страшылкі?

— Бачу ў гэтым жанры вялікую перспектыву. І шкада, што ў нас на студыі нічога такога не робіцца. Усё адно дзеці распавядаюць адзін аднаму падобныя гісторыі — гэта натуральна. А калі зрабіць страшнае цікавым ды нават смешным, то і дарослым тое магло б прыйсціся даспадобы. Так і назваць праект: “Страшныя казкі”.

Вось я вам раскажу пра страшны фільм, які зрабілі навучэнцы адной дзіцячай студыі. “Аднойчы чатыры ласі пайшлі гуляць і зайшлі ў цёмны-цёмны лес. Раптам пачалі згушчацца хмары, стала біць маланка, — працягваецца расповед і паказваецца адпаведнае дзеянне. — І… — напружаная паўза, кульмінацыя мульціка… — анічога асаблівага не здарылася”. Усё, фільм скончаны, цітры. На маю думку, гэта геніяльна!

/i/content/pi/cult/715/15622/2.JPG— Дасціпна, пагаджуся (смяемся).Дарэчы, кінастудыя аб’явіла конкурс на стварэнне маладзёжнага сцэнарыя поўнаметражнага анімацыйнага фільма. Як вы ставіцеся да гэтай ініцыятывы?

— З аднаго боку, станоўча, бо ў цікавых сцэнарыях мы маем патрэбу, з іншага — з пэўнай перасцярогай. Дзеля таго, каб запусціць поўнаметражную карціну, неабходныя кадры. У нас жа на студыі вялікі недахоп аніматараў, мастакоў. Мае маладыя калегі Марыя Лук’янава і Руслан Сінкевіч сышлі, і я вельмі смуткую з гэтай прычыны. А “поўны метр” патрабуе моцнай і зладжанай каманды. Поўнаметражны фільм — гэта цэлая індустрыя. Адны робяць фоны, другія прыдумваюць герояў, трэція апрацоўваюць выяву ў камп’ютары. У нас відавочны недахоп многіх звёнаў.

Да ўсяго, асабіста мне не хапае ў нашых стужках гумару. Але аднаму чалавеку цяжка прыдумаць усё жарты. Дзе нам знайсці і тых “хахмачоў”, якія б парупіліся пра гэтую важную якасць сцэнарыя? Усё няпроста. Магу ўзгадаць нашумелы поўны метр “Песня мора” — ён рабіўся каля васьмі гадоў.

— Света, а чаму сыходзяць некаторыя аніматары маладога пакалення?

— На кінастудыі вельмі малыя заробкі. А трэба ж карміць сям’ю, аплачваць арэнду кватэры. Тым больш, праца аніматара — вельмі энергазатратная. Часам па 12 гадзін працуеш, прыходзіш дадому пераначаваць, людзі проста выгараюць. Члены каманды, якая працуе над фільмам, бачаць адзін аднаго куды больш часу, чым уласную сям’ю. Вядома, гэта і псіхалагічная нагрузка. А аддача… Яна амаль не адчуваецца. Фестывалі — не панацэя.

— Так, магу з вамі пагадзіцца, што з беларускай анімацыяй па-ранейшаму знаёмы нямногія. Фестывалі — сярод тых нешматлікіх пляцовак, дзе яе можна пабачыць.

— У паветры даўно ўжо лунае ідэя стварэння адпаведнага тэлеканала. Тыя ж вядомыя замежныя каналы анімацыі, якія ёсць у пакетах мінскіх кабельных аператараў, карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Мой пляменнік прыязджае — і адразу ўключае адзін з іх. Чаму нельга запусціць аналагічны беларускі канал? Тым больш, мастацкі ўзровень нашай анімацыі ацэньваецца прафесіяналамі высока. Ды і за дзесяцігоддзі існавання студыі назбіралася вялікая калекцыя айчынных фільмаў. Мяркую, што канал знайшлося б чым напаўняць: савецкая анімацыя, аўтарскія работы нашых вядомых рэжысёраў, дзіцячыя серыялы, якія ўжо ёсць. Пры такім раскладзе аніматары атрымалі б стабільны выхад да аўдыторыі, адчуванне сваёй запатрабаванасці. А так працуеш, працуеш — і нават не ведаеш, ці ўбачыць хто твой фільм.

— Я цалкам пагаджуся з ідэяй стварэння канала. Але, напэўна, гэта яшчэ не ўсё, што дапаможа прыцягнуць тыя ж маладыя кадры на кінастудыю?

— Вядома, не ўсё. На паверхні — патрэба ў прыстойных заробках, тэхнічным абсталяванні, магчымасці развівацца. А ў глыбіні… Нам не хапае той сілы, якая б аб’яднала ўсіх: і сталае пакаленне, і маладое. Я вучуся ў кожнага, з кім працую на студыі, усім ўдзячная. Але мне не хапае адчування адной сям’і.

Дарэчы

Спаборнічаць у Нацыянальным конкурсе “Лістапада” будуць пяць анімацыйных стужак. Сярод іх вышэйзгаданы альманах маладых аўтараў “У Палессі на балоце”, беларускамоўная стужка Наталіі Дарвінай-Пяткевіч “Лагодны воўк”, новая работа Марыны Карпавай “Гультайка Васіліса”, фільмы знаных рэжысёраў  — “Азбука небяспек” Таццяны Кубліцкай і “Ваўчышка” Ігара Воўчака.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"