Капуста, яйка ды іншыя брэнды

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Нечаканая навіна з сеціва. Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі Беларусі правёў даследаванні чытацкай актыўнасці беларусаў. Выснова наступная: мастацкай літаратурай цікавіцца менш за палову жыхароў краіны. Астатнія да кніг не дакранаюцца ўвогуле. Навуковы супрацоўнік установы Кірыл Стаселька агучыў і такі факт: найбольш упадабаныя намі беларускія аўтары — Уладзімір Караткевіч, Святлана Алексіевіч, Васіль Быкаў, Іван Мележ і Наталля Батракова… І ў той жа час Белстат сцвярджае, што ў Беларусі чытаюць лепей у параўнанні з іншымі краінамі постсавецкай прасторы. Калі паверыць і першай, і другой крыніцы, дык становіцца ніякавата. Калі так і далей пойдзе, адданы чытач стане неўзабаве музейным экспанатам. Словам, бібліятэкар на сёння ў нечым падобны да супергероя, чыя місія — выратаваць сусвет.

/i/content/pi/cult/714/15618/15.jpgМалодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава напісала пра свой удзел у V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі: “10 кастрычніка для гасцей была падрыхтавана культурная праграма. Мы наведалі абласны драмтэатр. На наступны дзень прайшлі секцыйныя пасяджэнні, а таксама пятае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, падчас якіх быў падпісаны шэраг камерцыйных кантрактаў і пагадненняў аб узаемных дзеяннях. Яскравай падзеяй стала адкрыццё выставы-кірмашу рамёстваў. Экспазіцыя размясцілася на трох тэматычных вуліцах пад назвамі “Беларуская”, “Руская” і “Сябрына творчасці і майстэрства”. У першую чаргу, натуральна, распавяду пра ўнёсак Ганцавіцкага раёна. Сваю творчасць прадставілі народны майстар краіны па ткацтве Ніна Казак, ганчар Віталь Шэпялевіч, разьбяр па дрэве Аляксандр Свірыд, майстар па традыцыйным роспісе Вольга Івановіч, ткачыха Алена Цялушка. Народны клуб майстроў народнай творчасці “Багач” прэзентавала Маргарыта Саланевіч”.

Праект “Глыбінкай жывая Беларусь” рэалізоўвае сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Праект народжаны Годам культуры і накіраваны на адраджэнне і захаванне памяці ды духоўнага багацця беларускіх абсягаў. Культарганізатар згаданага сектара Ірына Бакшук разам з каляжанкай Настассяй Голуб, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, піша пра старастаў аддаленых вёсак раёна: вадзіцеля Аляксандра Турчэніка з Данілавічаў, санітарку Марыю Сасінскую з Міроўшчыны, былую настаўніцу, а цяпер пенсіянерку Яўгенію Філідовіч з Чырвонага Бора. Усе яны — сумленныя ды старанныя людзі, сочаць за тым, каб жыццёвыя клопаты вяскоўцаў па магчымасці вырашаліся. Ёсць сярод такіх старастаў па раёне і работнікі культуры. Пра іх, як запэўніваюць аўтары, гаворка — у наступных нумарах “К”.

Любоў Гаўрон з Рэчыцы, што на Гомельшчыне, піша: “Да жыхароў вёсак Коз’е і Гарывада завітаў рэжысёр масавых святаў, балетмайстар, фалькларыст, даследчык і інтэрпрэтатар нашай харэаграфічнай культуры, стваральнік шматлікіх самадзейных ансамбляў танца са званнем “народны”, аўтар кніг па харэаграфічным і абрадавым фальклоры, ганаровы грамадзянін Турава Мікола Котаў. Разам з артысткай самадзейнага тэатра “Матуліна хата” Кацярынай Першлевіч і ўдзельнікамі клуба “Жывіца” Рэчыцкага гарадскога дома культуры ён запрасіў усіх спець разам з ім ды станцаваць. Ад ахвотных адбою не было!”

Вучні Гарадзішчанскай (Баранавіцкі раён) дзіцячай школы мастацтваў і яе філіяла ў старадаўніх Сталовічах наладзілі 5 — 6 кастрычніка Дні самакіравання. Замена настаўнікаў прайшла паспяхова. Юныя педагогі вялі ўрокі па спецыяльнасці, сальфеджыа, пастаноўцы голасу… Правяралі дамашнія заданні, нават адзнакі выстаўлялі. Сведкі кажуць, што ўрокі прайшлі на належным узроўні. Вось так і ладзіцца прафарыентацыйная работа.

Традыцыйная нізка інфармацый з Ашмяншчыны. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская паведамляе, што ва ўстанове прайшоў круглы стол “Клопат аб сталых людзях — патрэба часу”. Удзел у мерапрыемстве прынялі ўрачы, супрацоўнікі “Беларусбанка”, работнікі культуры Ашмянскага РЦК.

Мерапрыемствы да Дня маці “Букет для мамы” адбыліся ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры. Восем жанчын раённага цэнтра ўзнагароджаны Ордэнам Маці. Сёлета ў раёне нарадзілася больш за 460 дзяцей. У пераліку на тысячу насельніцтва — трэці паказчык у вобласці пасля Гродна і Ліды. Пра гэта напісала супрацоўніца аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК Аліна Санюк. Яна ж паведаміла і пра Бульбяны кірмаш у аграгарадку Баруны.

Кірмаш прайшоў і ў Гальшанах. Кацярына Рудзік распавяла пра тое, што папулярнасцю ў пакупнікоў карысталася не толькі сельскагаспадарчая прадукцыя, але і вырабы мясцовых майстроў-рамеснікаў.

Супрацоўнік аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Іна Гіз распавядае, што на пляцоўцы ля аддзела культуры і вольнага часу ў Кальчунах прайшло Свята капусты. Гэтай агародніне ўжо другі год запар прысвячаецца асобнае мерапрыемства. Цэнтрам свята стала выстава страў з капусты. Кожную можна было пакаштаваць. Мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы рэалізоўвалі тую самую гародніну з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Як і заўжды, кірмаш-выстава суправаджаліся забаўляльнай праграмай ад работнікаў культуры.

Хрумсцелі капустай і ў аграгарадку Дзітва, што ў Лідскім раёне. Капусныя ўрачыстасці суправаджалі выступленні народнага хору “Скарбніца”, адкрытага акцыянернага таварыства “Завод “Оптык”.

Свята ткацтва прайшло ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яго загадчык Алена Шчэліна распавяла пра адметнасці тэхнікі ткацтва на Панямонні. У імпрэзе бралі ўдзел рамеснікі Прынёманскага краю. Уяўляеце, колькі адмысловых калекцый было прэзентавана! Пра свой збор ткацтва вельмі цікава распавядала народны майстар Беларусі Станіслава Міхно — выкладчык Школы ткацтва Пагародненскага цэнтра культуры і народнай творчасці (Воранаўскі раён). Выстава “Ад роднага парога” дэманстравала разнастайнасць тканых рэчаў рэгіёна: ад інтэр’ернай тканіны (ручнікі, посцілкі, дываны) да адзення (кашулі, паясы) і аўтарскіх работ. У ахвотных была магчымасць і самім папрацаваць на кроснах.

І яшчэ навіна з Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Работнікі Дома культуры аграгарадка Крупава Вольга Мікша і Іна Белянко ладзілі Свята яйка, якое абяцае стаць брэндавым. Падведзены вынікі конкурсу “Самая багатая птушыная гаспадарка”, абраны самы прыгожы певень і самы лепшы кухар… На імпрэзе выступілі калектывы аматарскай творчасці з Ёдкаўскага дома культуры, Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра, Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.

А вось інфармацыя з Палаца культуры горада Ліды. У рамках абласной дэкады “Залаты ўзрост” работнікі культуры горада падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў. Надоўга запомніцца прысутным шоу-праграма “Супер-бабуля”. Пяць яе ўдзельніц пераканалі прысутных, што быць харызматычнай, пазітыўнай, таленавітай можна ў любым веку. Інтэлектуальная гульня “Бітва розумаў, або 60+” пацвердзіла: задатак поспеху — у багатым жыццёвым вопыце. А вянчала імпрэзу танцавальная рэтра-праграма “А музыка гучыць…”

Бібліятэкар філіяла “Сасноўская сельская бібліятэка-клуб” (Смаргонскі раён) Кацярына Варанішча распавядае пра вечар адпачынку “Узрост восені — ты дарагі і прыгожы”. Гэтае свята сабрала людзей “залатога ўзросту” з вёсак Сасноўка, Гарыдзеняты, Бярозы, Вайнідзеняты, Данюшава і Забалацце. З арганізацыяй транспарту і салодкага стала дапамог філіял “Жодзішкі” Смаргонскага камбіната хлебапрадуктаў.

Патэлефанавала знаёмая і запыталася: “А чаму вы нічога не пішыце пра піяністаў-аматараў?” Я пачаў вывучаць пытанне і высветліў, што пры Рэспубліканскім палацы культуры ветэранаў дзейнічае клуб аматараў класічнай музыкі. Якраз сёння, а 18-й гадзіне вечара, там адбудзецца сустрэча тых аматараў чорна-белых клавіш, для якіх музыка не стала прафесійным заняткам. Будзеце праходзіць міма — зазірніце. Пагатоў, уваход вольны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"