“Кансервы? Не, музей — жывая істота!”

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Музейны форум Беларусі мяркуецца правесці ў наступным годзе ў Брэсце. Гэтае рэспубліканскае мерапрыемства паспела стаць заканадаўцам музейнай, так бы мовіць, моды. Прынамсі, гэта адзіны высокастатусны конкурс музейных устаноў (у клубнікаў — увогуле ніякага няма, апрача раённых!), таму і ўдзельнічаць у ім прэстыжна. Хаця б для таго, каб арыентавацца ў сённяшніх тэндэнцыях развіцця музейнай справы. Вось пра іх мы і вырашылі пагаварыць з прадстаўнікамі ўстаноў, якія знаходзяцца, скажам так, у гарадах не самых буйных: на беларускіх абсягах удалечыні ад сталіцы. У гаворцы прынялі ўдзел дырэктары музеяў: Клічаўскага краязнаўчага — Наталля ХРАМЯНКОВА, Лёзненскага ваенна-гістарычнага — Вольга САМУШЧАНКА, Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага — Марына ПРАЎЛУЦКАЯ-КАЛКО, Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага — Дзіяна ДУБІНА, гісторыі Клетчыны — Марына БОБКА, а таксама навуковы супрацоўнік Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Алеся МУЗЫЧЭНКА.

/i/content/pi/cult/714/15617/11.JPG“Мы ставілі “Гадунова”

Яўген Рагін: Вы можаце назваць сваю ўстанову сучаснай і нестандартнай?

Алеся Музычэнка: У нейкай ступені. Інакш які я патрыёт і музейнай справы, і сваёй малой радзімы?

Я.Р.: Ну, нестандартнасць ужо ў назве вашай установы закладзена: “Музей з карціннай галерэяй”. (Ведаю, што для яе, галерэі, месца так і не знайшлося). Калі ж сур’ёзна: што турбуе ў першую чаргу?

А.М.: Аддаленасць музея, слабое тэхнічнае забеспячэнне (ні аўдыёгідаў, ні інфакіёскаў, ні аўтамабіля для экспедыцый і наладжвання мабільных выстаў) і як вынік — магчымая незапатрабаванасць у перспектыве. За год у сярэднім нас наведвае чатыры тысячы чалавек.

Я.Р.: За мінулы год Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускай культуры наведала ці не ўдвая болей аматараў даўніны. Як вы думаеце, па якой прычыне?

А.М.: У Ветцы музейнай справай займаюцца даўно і мэтанакіравана. Вельмі хочам навярстаць і мы.

Я.Р.: Дужа здзівіўся, калі пару гадоў таму даведаўся, што пры вашым музеі дзейнічае аматарскае тэатральнае аб’яднанне.

А.М.: Гэта наша фішка, якая вельмі дапамагае ў працы. Тэатралізацыя, як вядома, — надзвычай запатрабаваная на сёння ў любой справе. А пачыналі мы з батлейкі, потым — з пастаноўкі буйнога твора Канстанціна Паўстоўскага “Карчма на Брагінцы”, дзеянне якога адбываецца ў нашым раёне. Ставілі часткова і “Барыса Гадунова”, дзе гаворка ішла пра Ілжэдзмітрыя, які меў дачыненне да гісторыі Брагіншчыны.

Я.Р.: Наколькі актыўна займаецеся праектнай дзейнасцю?

/i/content/pi/cult/714/15617/12.jpgА.М.: Удзельнічаем у рэалізацыі праекта “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага супрацоўніцтва”, які мае за мэту аб’яднаць музеі Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей трансгранічным турыстычным маршрутам. Праект рэалізуецца ў рамках Праграмы тэрыторый супрацоўніцтва краін Усходняй Еўропы і фінансуецца сумесна з Еўрапейскім Саюзам. Якая ад гэтага карысць нам? Стварылі інтэрактыўную зону, што распавядае пра гістарычныя сядзібы Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны. Першы крок да наладжвання стасункаў зроблены. Спыняцца не збіраемся.

Я.Р.: Будзеце ўдзельнічаць у Музейным форуме наступнага года?

А.М.: Безумоўна! У 2016 годзе занялі трэцяе месца за інавацыі (знялі дакументальны фільм пра Чарнобыльскую аварыю). Трэцяе месца — не першае (хоць і атрымалі ў падарунак відэакамеру). Таму ёсць за што змагацца.

“Паказваем самае-самае”

Яўген Рагін: Пытанні да кіраўніка Лёзненскай установы. Тэматычна-экспазіцыйны план, навуковая канцэпцыя музея — усё даведзена ў вас да ідэальнага стану?

Вольга Самушчанка: Самі разумееце, што не. Гэты працэс — бясконцы. На суцэльнае абнаўленне сродкаў у нас бракуе. А частковыя дапаўненні — пастаянныя.

Я.Р.: Ці знайшліся прамыя доказы таго, што Шагал нарадзіўся ў Лёзна?

В.С.: Не, ёсць толькі ўскосныя. Тое ж, дарэчы, тычыцца і Віцебска. І тут мы на ранейшых пазіцыях: Лёзна — малая радзіма мастака.

Я.Р.: Што робіце для таго, каб музей заставаўся запатрабаваным?

В.С.: Шукаем новыя формы працы. Да прыкладу, выходзім на вуліцы. Падчас святкавання 75-годдзя вызвалення горада і раёна ад фашысцкіх захопнікаў ладзілі кінадэманстрацыі, фотазоны. Падрыхтавалі фотавыставу “Лёзна і наваколле”, дзе паказалі самае-самае: самага высокага чалавека раёна, самую высокую кропку вобласці… Квэсты па гісторыі малой радзімы сталі пастаяннымі як для дарослых, так і для дзяцей. Супрацоўніцтва музейшчыкаў са школай — самае шчыльнае.

Я.Р.: Музей у свой час перабраўся ў будынак бібліятэкі. Я быў у вас, калі ў музеі яшчэ заставаўся абанемент. Што змянілася з тае пары?

/i/content/pi/cult/714/15617/13.jpgВ.С.: Для абанементу знайшлося іншае месца, а мы, як і хацелі, разжыліся выставачнай залай. Тут выстаўляюцца жывапісныя калекцыі з іншых музеяў, а таксама — работы мясцовых мастакоў і народных майстроў, творы ўдзельнікаў шагалаўскіх пленэраў.

Я.Р.: Дзесьці прачытаў ці пачуў, што музей кансервуе памяць. Вы з гэтым пагаджаецеся?

В.С.: Кансервы? Не, музей — жывая істота! Я б тут некалькі музейных функцый вызначыла. Першая — візітоўка раёна. Другую ды трэцюю аб’яднаю — выхавальнік і педагог. Памяць павінна працаваць.

Рэклама ў фармаце “з вуснаў у вусны”

Яўген Рагін: Вельмі ўразіўся, калі пабачыў, колькі экскурсійных аўтобусаў сабралася ля Клічаўскага краязнаўчага музея. Мы доўга чакалі, пакуль кіраўнік установы вызваліцца ад наплыву гасцей. Наталля Уладзіміраўна, чым выклікана такая цікавасць да вашай установы?

/i/content/pi/cult/714/15617/14.jpgНаталля Храмянкова: Няма тут ніякіх сакрэтаў. Любую справу можна рабіць добра. Проста мы вельмі даўно заняліся музейным інтэрактывам. Ды плюс належныя экспазіцыя ды калекцыі. На любым семінары паказвалі гэта. Рэклама ў фармаце “з вуснаў у вусны” аказалася надзвычай эфектыўнай. Разам з клубнымі работнікамі абслугоўваем мемарыяльны комплекс “Усакіна”. Там папярэдне можна заказаць тэатралізацыю “Прарыў блакады”, праслухаць расповед экскурсавода пра партызанскія будні, агледзець рэканструкцыю партызанскай базы і пакаштаваць кашы. І ўсё гэта — платна.

Я.Р.: Ці ёсць у вас сёлета грошы на набыццё музейных прадметаў?

Н.Х.: Няма. Мы можам карыстацца спецрахункам, але яго магчымасцяў, безумоўна, не хапае на набыццё, скажам, антыкварыяту.

Ехаць альбо сарамаціцца?

Юрый Чарнякевіч: Ці плануеце ўдзельнічаць у будучым форуме “Музеі Беларусі”?

Марына Праўлуцкая-Калко: Мы ў ім пакуль не ўдзельнічалі. Справа ў тым, што наш музей яшчэ толькі нядаўна створаны, свайго будынка ў нас няма, але ёсць фондасховішча і кабінеты адміністрацыі, а таксама экспазіцыя “Дом Казіміра Сваяка” ў вёсцы Барані. Вядома ж, калі адбудуемся, зробім дыхтоўную экспазіцыю, дык абавязкова
паўдзельнічаем у прадстаўнічым міжнародным форуме.

Ю.Ч.: Можа быць, экспазіцыя “Дома Казіміра Сваяка” зможа зацікавіць наведвальнікаў форуму?

М.П.-К: Цалкам магчыма. Тым больш, што мы яшчэ да адкрыцця музея пачалі актыўна збіраць экспанаты для будучай экспазіцыі ў вёсцы Барані. Як на мой погляд, некаторыя з іх — унікальныя. Гэта сведчанні пра характэрны побыт беларускай вёскі першай паловы ХХ стагоддзя. Большасць з іх маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці Канстанціна Стаповіча і яго сям’і.

Ю.Ч.: А ці збіраецца на форум Жабінка?

Дзіяна Дубіна: На жаль, і мы таксама ў музейным форуме не ўдзельнічалі ніколі. Наколькі я ведаю, прапановы наведаць гэтае маштабнае музейнае мерапрыемства нам не паступала, ды і прэзентацыйнага стэнда ў нас, на жаль, няма. Хаця, натуральна, мы маем, што паказаць.

Ю.Ч.: Без сумневу, гэта тычыцца і Клецкага музея.

Марына Бобка: Што да нас, дык мы ездзілі на першы музейны форум, што адбыўся ў Гродна, і нават сталі там лаўрэатамі ў адной з конкурсных намінацый. Таму, натуральна, хацелася б пабываць і на тым маштабным музейным мерапрыемстве, што адбудзецца налета ў Брэсце. Маем ужо некаторыя задумкі, якія можна будзе выкарыстаць на нашым дэманстрацыйным стэндзе, але ж раскрываць усе таямніцы пакуль, думаецца, зарана.

Сцены і людзі

Ю.Ч: Ці ёсць у вашай установе праблемы, якія хвалююць больш за ўсё?

М.П.-К: Асноўная праблема ў нас адна: нам неабходны свой будынак. Яго сцены ужо ўзводзяцца. Як нам абяцаюць, да 2020 года мы павінны справіць улазіны. Так што чакаем! Тым больш, нам ёсць што паказаць: на 1 кастрычніка музейны фонд Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея склаў больш за 3,5 тысячы музейных прадметаў асноўнага і больш за 500 прадметаў дадатковага фондаў, якія размеркаваны па 14 калекцыях.

М.Б.: Фактычна, у нас сёння тая ж самая праблема, як і ў калег. Справа ў тым, што будынак нашай установы патрабуе рамонту, таму цяпер мы фактычна закрыты для наведвання. Так, нам перадалі на баланс будынак, які мае гісторыка-культурную каштоўнасць і значна большыя плошчы, чым наш музей. Але ж гэтую камяніцу пачатку XX стагоддзя таксама трэба прыводзіць да ладу. Таму плануем у хуткім часе зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю пад яго рамонт — натуральна, пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка, як гэтага вымагае заканадаўства.

Ю.Ч.: А калі ў вас запланаваны ўлазіны?

М.Б.: Пакуль што магу сказаць адно: усё залежыць ад фінансавання. Будуць грошы, будзе належны рамонт — будуць і ўлазіны. Скажу шчыра, пераезду мы вельмі чакаем. Бо наяўныя музейныя плошчы (крыху больш за 200 квадратных метраў) на сёння нас не задавальняюць. У новым жа будынку на 500 з гакам “квадратах” нам будзе дзе разгарнуцца. Ды і месца для вялікага фондасховішча знойдзецца, бо ў нас ні многа ні мала — больш за дзесяць тысяч экспанатаў у асноўным фондзе! Наяўнае ж фондасховішча на 16 “квадратаў” усё наша музейнае багацце змясціць проста не ў стане.

Дз.Д.: Наш музейны будынак у Малых Сяхновічах паспяхова функцыянуе, але, натуральна, нам хацелася б пашыраць наяўныя плошчы, каб прадставіць на іх як мага болей экспанатаў. Напрыклад, трэба абавязкова ўзбуйняць экспазіцыю, прысвечаную Тадэвушу Касцюшку. Бо гэта наш брэнд! Менавіта дзеля таго, каб пабываць у радавым гняздзе нашага знакамітага земляка, да нас едуць турысты як з Беларусі, так і з Польшчы, Літвы і іншых краін. Акрамя таго, і фондасховішча наша надта маленькае. Але ж, натуральна, усё, як заўсёды, залежыць ад таго, ці знойдуцца грошы на рамонт установы, на закупку новых экспанатаў і гэтак далей.

Ю.Ч.:Якія яшчэ праблемы, акрамя матэрыяльна-тэхнічнай базы, вас сёння хвалююць? Мабыць, не памылюся, калі скажу, што першае з іх — кадравае?

Дз.Д.: І гэта натуральна. Бо наш музей, як вядома, размешчаны не ў Жабінцы, а ў вёсцы Малыя Сяхновічы, нападалёк ад райцэнтра. Таму, зразумела, пэўныя пытанні з кадрамі заўсёды будуць, бо маладыя людзі ехаць у сельскую мясцовасць на працу не надта жадаюць. Але ж, мабыць, гэта праблема не толькі нашага раёна ці нашай установы. Як бы там ні было, робім стаўку на мясцовыя кадры. На сёння толькі я і яшчэ адзін супрацоўнік ездзяць у музей з райцэнтра. Усе астатнія людзі, якія ў нас працуюць, — жыхары вёскі.

М.Б.: Кадры, як вядома, вырашаюць усё. А заробкі ў музеі не надта вялікія. Таму, напрыклад, мы не можам узяць на працу тых супрацоўнікаў, якіх нам вельмі хацелася б мець у штаце. Гаворка, у першую чаргу, пра рэстаўратара. Музейных экспанатаў у нас хапае, а вось чалавека, які б мог іх давесці да ладу, пакуль што няма.

Ю.Ч.: Але ж ці варта ўводзіць такую штатную адзінку? Ці не лепш зрабіць на абласным ці рэспубліканскім узроўні рэстаўрацыйны цэнтр, у які б потым перадаваліся музейныя экспанаты для рэстаўрацыі?

М.Б.: Натуральна, можна пайсці і такім шляхам. І гэту ідэю мы ўжо неаднойчы абмяркоўвалі з калегамі. Але справа ў тым, што нават пры наяўнасці падобнага цэнтра не ўсе раённыя музеі, пагадзіцеся, змогуць такім чынам рэстаўраваць свае музейныя прадметы. Бо для гэтага таксама патрэбны будуць вялікія грошы, і не кожны музей здолее іх “пацягнуць”. Асабліва калі гэта музей маленькі…

Ю.Ч.: Гэта, мабыць, адно з тых набалелых пытанняў, якія таксама варта падымаць на будучым Музейным форуме ў Брэсце… А што з наведвальнікамі? Ці павялічваецца іх колькасць у вашых установах?

М.Б.: Да нас заходзяць сёння часцей, бо мы шукаем цікавыя формы працы з наведвальнікамі. У першую чаргу варта гаварыць пра Ноч музеяў, пра музейныя квэсты, якія ўжо сталіся своеасаблівай нашай “візітоўкай”. І цікавасць — вялікая. Мы нават пачынаем іх ладзіць не толькі ў межах Ночы музеяў, а і ў летнюю пару. І яны заўсёды карыстаюцца попытам.

М.П.-К: Мы таксама пастаянна спрабуем зацікавіць сваіх наведвальнікаў нечым новым. Так, музей вядзе актыўную працу па папулярызацыі гісторыі і традыцый Астравеччыны не толькі сярод жыхароў раёна, але і сярод тых яго гасцей, якія прыязджаюць працаваць на пляцоўцы будучай АЭС. З гэтай мэтай ладзім экскурсіі, музейныя заняткі, лекцыі. Акрамя таго, музей арганізоўвае перасоўныя выставы ў Астраўцы і вёсках раёна. Важнай часткай нашай працы з’яўляецца таксама і экскурсійнае абслугоўванне турыстычных груп, якія вандруюць па гістарычных і культурных мясцінах нашага края.

Дз.Д.: Тое самае адбываецца і ў нас. На Ноч музеяў маем вельмі шмат наведвальнікаў. Яшчэ мы ладзім музейныя заняткі, тэматычныя экскурсіі, а нядаўна адкрылі новую, чацвёртую музейную залу, якая атрымала назву “Гісторыя развіцця Жабінкаўскага раёна”. Праца над ёй вялася на працягу трох гадоў. Сярод цікавых экспанатаў, прадстаўленых у ёй — старажытная сякера-цясло, гандлёвыя вагі сістэмы Беранжэ, люлька, аптэкарскі рэцэпт 1930-х гадоў, заява на ўступленне ў калгас і працоўная кніжка калгасніка.

Ю.Ч.: Трэба будзе абавязкова завітаць да вас, каб убачыць новую залу сваімі вачыма, а не з вашых словаў. І напісаць пра гэта ў “К”! Да наступнага Музейнага форуму так і зробім, абяцаю!

Ад рэдакцыі

Памяць — не кансервы, тэрміну захавання не мае. Але калі памяццю не карыстацца, чалавек губляе веру. У сябе, радзіму, народ, мову, гісторыю, культуру. Музеі, як падаецца, і павінны выконваць ролю чынніка кансалідацыі грамадства. Калі перад экспазіцыйнай вітрынай ты разумееш, што лёс тваёй сям’і — гэта важкая частка гісторыі ўсёй краіны, у цябе з’яўляецца шанец паверыць у будучыню сябе, нацыі, радзімы… Аўдыягіды, інфакіёскі, іншыя музейныя гаджэты — гэта цудоўна. Але калі музей распавядае адначасова пра ўсё і нічога, не прымушае думаць і перажываць, не вабіць адмысловасцю, дык тады ён — проста сховішча выпадковых прадметаў. Прабег па залах — і забыўся. Але хочацца верыць, што такія ўстановы неўзабаве стануць поўным анахранізмам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"