Каханне ў жорнах сістэм

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Віктар і Зула сустрэліся выпадкова — і не здолелі растацца, нягледзячы на рознасць характараў і дзяржаўныя межы. Каханне перамагае ўсё, нават бярэ ў падручныя смерць, калі гэта неабходна. Неверагодна прыгожая і сумная карціна польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага “Халодная вайна” адкрые Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Фільм, які скарыў Каны, аглядальніку “К” пашчасціла ўбачыць на Адэскім кінафестывалі.

/i/content/pi/cult/714/15616/ph-3333445556_opt.jpegЛепшага выбару для адкрыцця і не можа быць: невыпадкова амаль адначасова з “Лістападам” Міжнародны кінафестываль у Котбусе таксама распачне сваю праграму гэтай ужо прызнанай кінасупольнасцю карцінай. Але з Мінскам у Паўла Паўлікоўскага асаблівая гісторыя: менавіта тут у 2013 годзе яго папярэдні фільм “Іда” атрымаў галоўныя ўзнагароды “Лістапада” — “Золата” і “Срэбра”. Наш форум адным з першых разглядзеў чорна-белую магію кадраў польскага рэжысёра — яшчэ да яго гучнага трыумфу ў Еўропе і перамогі на “Оскары”.

Сёння Паўлікоўскі вяртаецца да нас з “Халоднай вайной” — стужкай, не менш прыгожай і стыльнай па форме, а па змесце здатнай трапіць у самае сэрца. Калі ў “Ідзе” мы бачым незалечаны пасляваенны свет Еўропы вачамі паслушніцы Ганны, то ў “Халоднай вайне” другая палова ХХ стагоддзя паўстае полем бясконцай бітвы дзвюх сістэм. Яны пераломваюць лёсы закаханых, па сутнасці, пакідаючы ім зусім невялікі выбар.

Віктар знаёміцца з Зулай, калі па заданні партыі набірае таленты для народнага ансамбля песні і танцаў у пасляваеннай Польшчы. У пэўны момант свавольная бландынка спявае “Сэрцу не хочацца спакою” — і не пакідае музыканту шанцаў. Вось так — ад народных песень і танцаў — Паўлікоўскі выяўляе палітычнае і культурнае супрацьстаянне часоў Халоднай вайны. Віктар распачынае працу з фальклорам, аднак яму прапануюць спяваць песні пра Сталіна. І ён бяжыць на Захад — да джазу і фартэпіянных сола. Просіць паехаць з ім Зулу, яна згаджаецца, але не прыходзіць у вызначаны час і месца. “Я падумала, што ў нас там анічога не атрымаецца”, — прызнаецца яна яму пазней, калі паміж імі ўжо будзе жалезная заслона і ў кожнага — сваё жыццё. Усе паслабленні і ўзмацненні геапалітычнага супрацьстаяння адаб’юцца на магчымасці Віктара і Зулы бачыць адзін аднаго.

Напачатку яна ўсё яшчэ польская танцорка, а ён — ужо заходні музыкант. Затым Зула — дзіва, якая прыедзе ў Парыж ужо легальна у статусе жонкі італьянскага падданага. Нягледзячы на радасць сустрэчы і магчымасць сумеснай будучыні, культурныя кантэксты пачнуць рабіць сваю справу. У Віктара свае праекты і французская паэтка ў спадарожніцах. Зула не здолее ўпісацца ў гэты свет.

Прычым кульмінацыяй іх персанальнага супрацьстаяння парадаксальным чынам стане сумесны музычны альбом, на якім, па патрабаванні Віктара, Зула ў джазавай апрацоўцы спявае польскую песню. “Гэта наша першае дзіця”, — скажа ёй Віктар. “Байструк”, — адкажа яму Зула і выкіне плытку. Неверагоднае прыцягненне — і сутыкненне класу, гендару, характараў. Палітычны кантэкст, які напрасткі ўплывае на асабістае шчасце.

І каханне — як праклён і як выратаванне. Ды музыка.

Магія фільмаў Паўлікоўскага — не толькі ў стылёвай чорна-белай выяве, выверанай на сто адсоткаў, не толькі ў польскім шарме акцёраў (Віктара грае Томаш Кот, Зулу — Яана Куліг), не толькі ў драматычнасці сюжэту, але і ў неверагодным музычным фоне, які робіць падарожжа па краінах Захаду-Усходу кароткімі яскравымі сполахамі ўспамінаў. Тут будзе рок-н-рольны драйв, туга польскай народнай песні, павольны вытанчаны джаз ды нават кукарача. Музыка становіцца яшчэ адным вымярэннем асабістага і палітычнага, паветрам эпохі.

Фільм Паўла Паўлікоўскага неверагодна прыгожы. Рэжысёр любіць і ўмее змяшчаць у квадратную форму кадра лаканічныя, але поўныя фатаграфічных светлавых кантрастаў мізансцэны. Але візуальны шык ды хранаметраж карціны — усяго 80 хвілін — не перашкодзіць убачыць і адчуць галоўнае — праўду гісторыі. Невыпадкова аўтар прысвяціў работу сваім бацькам.

“Халодную вайну” нельга назваць прарывам у кіно. Павел Паўлікоўскі ў нечым паўтарае свой прыём, даводзячы яго да фармальнай дасканаласці. Але гэта той паўтор, які выклікае шчырае захапленне.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"