Людзі Культуры

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Сёлета Дзень работнікаў культуры выпаў на 14 кастрычніка. Прафесійнае свята адзначылі ў рэгіёнах, а ў гэты чацвер імпрэза рэспубліканскага маштабу адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Там прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання тых працаўнікоў сферы, чыя дзейнасць прывяла да высокіх дасягненняў. Сярод узнагароджаных і тыя, хто непасрэдна стварае культурныя каштоўнасці, і тыя, хто нясе іх грамадству.

/i/content/pi/cult/714/15607/5.jpgНа пачатку імпрэзы Прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь работнікам культуры зачытаў намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. У віншавальнам адрасе Кіраўнік дзяржавы адзначыў сацыяльную важнасць паўсядзённай працы работнікаў сферы і падкрэсліваў, што менавіта культура і духоўнасць з’яўляюцца гарантыяй стабільнасці і росквіту дзяржавы.

У сваім выступленні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар згадаў культурныя дасягненні, якія сталі брэндам краіны, дзякуючы якім яе пазнаюць у свеце. Асобна спыніўся на архітэктурных перлінах Беларусі і аб’ектах нематэрыяльнай культуры, якія альбо ўжо ўнесены ў Спіс Сусветнай спадчыны UNESCO, альбо маюць шанец туды трапіць. Юрый Паўлавіч падкрэсліў выключную ролю папулярызацыі гістарычных ведаў сярод маладога пакалення, бо толькі патрыёты, выхаваныя на нацыянальных каштоўнасцях, на ўсведамленні сваіх каранёў, здольны пабудаваць, а пры неабходнасці і абараніць родную дзяржаву. Былі згаданы і іншыя чыннікі духоўнай сферы, якія заўжды былі і застаюцца пад апекай работнікаў культуры. Не абмінуў міністр у сваёй прамове і праблемы культурнай сферы.

На святкаванні прысутнічалі прадстаўнікі творчых саюзаў і адміністрацыйных структур, работнікі культурна-асветніцкіх устаноў, людзі літаратуры і мастацтва.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі ў культурнай сферы задзейнічана недзе 65 тысяч чалавек. Але калі браць да ўвагі, што паняцце “культура” — неабсяжнае, дык атрымаецца іншая лічба.

Нават калі прааналізаваць штатны расклад культурніцкіх устаноў нашай краіны, падлічыць усіх, хто працуе ў музеях, тэатрах, бібліятэках, профільных ВНУ і дзіцячых школах мастацтва, ладзіць вернісажы, гастролі, канцэрты, фестывалі і іншыя імпрэзы, забяспечвае гэтай сферы адміністрацыйную падтрымку і дбае пра яе матэрыяльную базу — усё адно агульная лічба будзе ўнушальнай.

Дачыненне да культуры, уплыў на яе маюць усе грамадзяне нашай краіны. Таму Дзень работнікаў культуры — свята, па сваёй сутнасці, усяго грамадства.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання адбыўся канцэрт і прагляд спектакля купалаўцаў “Талерантнасць”. П’еса французская, але з яе зместу вынікае, што псіхалагічныя праблемы на ўсім абшары еўрапейскай цывілізацыі агульныя. І вырашыць іх без удзелу культурнага чынніка немагчыма. Так што праца ў работнікаў культуры будзе заўжды.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"