Стаць першым — складана, быць першым — цяжэй удвая. Кіраўнік раёна Алег Морхат — чалавек мясцовы, ён даўно і глыбока ўсвядоміў, якімі выбітнымі постацямі слаўная глыбоцкая зямля. Прыклад кожнай і варта браць за аснову сённяшняй дзейнасці. Інакш кажучы, не толькі працаваць сумленна, але і генерыраваць ідэі ды рэалізоўваць іх з тым імпэтам, з якім у свой час рабілі справу знакамітыя землякі-папярэднікі.
Словам, старшыня Глыбоцкага райвыканкама не “замыліў” вока адно гаспадарчымі пытаннямі. Цудоўна ведае, што ў руплівага гаспадара не толькі бульба смачная, але і ручнікі на покуці — з адмысловым арнаментам. Па гэтым сялянскім прынцыпе і будуе сваю кіраўнічую справу. Таму на палетках, фермах, у вытворчых цэхах і ва ўстановах культуры — належны парадак.
Пра прыдарожную рэкламу культурных ды вытворчых дасягненняў, на выраб і ўстаноўку якой былі выкарыстаны толькі пазабюджэтныя сродкі, мы пісалі шмат. А вось пра астатнія праекты варта распавесці больш падрабязна. Ды яшчэ, як мне думаецца, з абавязковым уключэннем тых гістарычных персаналій, творчая спадчына якіх і па сёння натхняе мясцовых работнікаў культуры на крэатыў.
Горад-сад
Жыў-быў у гэтым краі павятовы аграном Баляслаў Лапыр. Не хацеў ён быць проста чыноўнікам, таму і заклаў у 1930-х на роднай Глыбоччыне вішнёвыя сады. Больш за тое, рабіў усё для таго, каб усвядомілі сяляне, што беларусы яны. Даваў карыстацца сваёй бібліятэкай, усяляк падтрымліваў беларускую мову. Нават арганізаваў драматычны гурток з асабліва таленавітых вяскоўцаў. А польскія саджанцы прыжыліся, вішня атрымалася зімаўстойлівай і надзвычай сакавітай. Кажуць, больш такой нідзе тады не было. Гістарычная памяць нарадзіла новую рэальнасць. Вось на гэтай урадлівай глебе і вырас “Вішнёвы фэст”.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч дапамагла ўзнавіць этапы тых падзей. У 2012 годзе сталіца ладзіла фінал рэспубліканскага конкурсу творчых работ па прасоўванні гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Праект “Вішнёвы фэст” заняў адно з прызавых месцаў. У якасці ўзнагароды рэкламнае агенцтва “Крынь” распрацавала для мерапрыемства некалькі лагатыпаў. Барон Мюнхаўзэн (цёзка па прозвішчы якога, як вядома, пахаваны ў Глыбокім) быў бы рады, бо на адным з варыянтаў фестывальнага сімвала змешчана ўвасабленне яго фантазіі: галава аленя, на рагах якога буяюць вішні. Але шляхам народнага галасавання быў абраны іншы лагатып: вішанькі-ноткі на нотным стане.
Першы фэст адбыўся ў 2013-м. Я не буду пра сцэнарныя хады і сюжэтныя лініі. Больш важным падаецца сацыяльны змест мерапрыемства. На ўскраіне Глыбокага (з боку Полацка) быў закладзены вішнёвы сад.
І ўжо вельмі хутка свята стала папраўдзе брэндавым. Летась яно зрабілася міжнародным. Дагэтуль грошы на яго правядзенне здабываліся на раённых суботніках. З мінулага года фэст падтрымліваюць Міністэрства культуры і аблвыканкам. Традыцыйнымі сталі конкурс гарманістаў, баяністаў, акардэаністаў “Вішнёвыя найгрышы” (пераможца атрымлівае баян вішнёвага колеру), этнавячоркі, навукова-практычныя канферэнцыі па садаводстве. А ў рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы сёлета з’явіўся бюст Баляславу Лапыру.
Аказалася, што падобныя святы ладзяцца ў горадзе Увараве Тамбоўскай вобласці і пасёлку Грамячы Пермскага краю. Натуральна, дэлегацыі з гэтых “вішнёвых” паселішчаў бяруць удзел і ў глыбоцкім фэсце. А яшчэ прыязджаюць у Глыбокае госці з сямі рэгіёнаў Латвіі, двух — Літвы, з Грузіі, Украіны, Польшчы, Францыі. Летась з гэтай нагоды ў горадзе была закладзена дуброва сяброўства.
І яшчэ немалаважны момант. Гарадскую гасцініцу, якая раней магла шакаваць гасцей сваімі “выгодамі”, якасна адрамантавалі. Больш за тое, у наваколлі з’явілася плойма прыватных гатэльчыкаў і аграсядзіб. Раней такога актыўнага пашырэння гасцінічнага бізнесу ў райцэнтры не назіралася. Думаю, у перспектыве гэтая прыватная актыўнасць будзе толькі расці. Брэнд аказаўся працаздольным. І яшчэ адна карысць ад Вішнёвага фэсту, якую цяжка недаацаніць. Глыбокае сустракае гасцей, але і замежныя госці запрашаюць да сябе беларускіх сяброў. Глыбоцкая аматарская творчасць становіцца набыткам Грузіі, Францыі, Польшчы… У справе паяднання народаў свету культура робіць шмат.
Напрыканцы — чыста журналісцкае ўражанне. Выявы вішанак у райцэнтры паўсюль: на бардзюрах, фасадах, прыпынках, платах. Плюс — культ металічных кветкавых выяў. Адчуваеш сябе гэткім Нязнайкам у казачным Кветкавым горадзе. Поруч з надзвычайнай добразычлівасцю крамніц і неверагодным смакам мясцовага дыетычнага хлеба, адчуванне гэтае — больш чым пазітыўнае.
Цікава, калі схамянуцца японскія аматары сакуры? Іх удзел у Вішнёвым фэсце толькі дадасць праекту ўсходняй экзотыкі.
Анёл у натуральную велічыню
Другі колер глыбоцкай любові — нябесных, нават касмічных фарбаў. Так, гаворка пра Язэпа Драздовіча і ягоную любоў да мастацтва і вясковых людзей. Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння мастака, астранома, краязнаўцы. Дата была адзначана 10 кастрычніка ў Падсвіллі. Чаму не ў засценку Пунькі, дзе Язэп Нарцызавіч нарадзіўся? Ды няма ўжо Пунек. Толькі пачатак ліпавай алеі застаўся. Там на вялізным валуне і быў адкрыты 10 кастрычніка памятны знак. Асноўныя ж мерапрыемствы прайшлі ў клубе Падсвілля. Менавіта ў гэтым паселішчы і развітаўся з жыццём знакаміты мастак і вандроўнік.
Падсвілле — пасёлак малады. Ягонаму развіццю паспрыяла чыгунка, што прайшла тут у 1904 годзе. Пра ўсё гэта мне распавяла краязнаўца і бібліятэкар з Падсвілля Святлана Яцкоўская. Чалавек — надзвычай цікавы, з ліку тых, хто любіць і справу сваю, і чытачоў. На жаль, не магу сказаць, што апошняя рыса ўласцівая кожнаму беларускаму бібліятэкару.
А пакуль — пра Драздовіча. У Падсвіллі засталіся сведкі таго, “як дзядзька Язэп прыгажосць рабіў людзям”. Праўда, называць сябе яны не хочуць па невядомых прычынах, ды і “прыгажосць” не надта імкнуцца паказваць. Справа ў тым, што Драздовіч не толькі маляванкамі славіўся, але і дзіцячымі цацкамі, якія рабіў з не меншым задавальненнем. Да прыкладу, тая кабета і па сёння мае фанернага анёла, “настаяшчага!” І я чамусьці веру, што падарожнік па планетах Драздовіч бачыў крылатых пасланнікаў Бога, нават сябраваў з імі. Тое, што непадуладна вачам шараговага люду, добра бачаць мастакі і дзеці. Дык вось, аказваецца, натуральны рост анёла — дзесьці з паўметра!
10 кастрычніка ў Падсвільскім доме культуры прайшла навуковая канферэнцыя. Пра спадчыну Драздовіча і сучасныя эксперыменты паводле творчасці вандроўнага мысляра распавялі вучоныя з Мінска, прадстаўнікі мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, раённага дома рамёстваў і музея, краязнаўцы-педагогі.
Бібліятэчны ўрок малявання
Вернемся да спраў бібліятэчных. Святлана Яцкоўская не стамляецца казаць: “Бібліятэка — не крама, чэргаў у нас няма!” Між тым, трох наведвальнікаў чытальнай залы я заспеў. Уразіла не гэта. На бакавінах кніжных шафаў я заўважыў дзясяткі графічных накідаў. Кампазіцыя на аркушах — стандартная для пачаткоўца, які авалодвае алоўкам: куб, конус, шар, гульня светлаценяў. І пададзены работы ў храналагічным развіцці: спачатку нясмелыя, потым — больш упэўненыя, напрыканцы — даведзеныя амаль да дасканаласці.
Адкуль гэта ўсё? Пры бібліятэцы дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва? Не. Аказваецца, Святлану Яцкоўскую зачапіла тое, як да паступлення ў мастацкае вучылішча рыхтаваўся былы школьнік Ваня Піскуновіч. Вось і вывесіла вынікі ягоных штудый. Усё ў адпаведнасці з філасофскімі высновамі Драздовіча : “Калі творчая мэта пастаўлена, трэба ісці да яе, не зважаючы ні на што”. Гэта ж тычыцца не толькі малявання, але і чытання. Таму малюнкі Івана глядзяцца поруч з кніжкамі досыць арганічна. І мяне такі падыход да выканання бібліятэчных абавязкаў уразіў вельмі.
Перачытаў апошні сказ і напалохаўся. Ці ж гэта стыль — “выкананне службовых абавязкаў”? Ды не! Проста любоў да прафесіі, проста любоў да чытачоў.
Эксперыменты з сувенірамі
У наступным годзе Глыбоцкаму раённаму дому рамёстваў — 30 гадоў. Не забывайцеся на тое, што ён самы стары на Беларусі. А працуюць там маладыя рамеснікі. Прычым такога высокага прафесійнага ўзроўню, які я рэдка дзе бачыў. І ў творчасці кожнага ўплыў Язэпа Драздовіча — неаспрэчны.
Да прыкладу, разьбяр Віктар Дудкевіч — спецыяліст і па буйных формах, і па дробных. Зрабіў драўляны веласіпед (можна катацца!), паўметровую лыжку (з анёла велічынёй) для ўжывання вішнёвага сочыва (самае тое!), спрабуе ўвесці ва ўжытак нацыянальны сувенір памерам з далонь: зграбны конік, гібрыд бусла і жаўрука, як сімвал прыгажосці ды ўрадлівасці хлебнай нівы. І ўсё ў майстра атрымліваецца, усё мае сэнс і выпраменьвае дабрыню. А з якім гумарам робіць Віктар падстаўкі для захоўвання бляшанак са згушчонкай! Не, трывіяльнае слова “падстаўкі” тут ніяк не падыходзіць. Ставіш бляшанку на стол — і разумееш, што яна зрабілася асновай звычайнай каровы. Хто ад такой адмовіцца, ведаючы, што “жывоцік” тут — зменны? А ёсць у Дудкевіча лялькі, здатныя рухацца. Вось пагрозліва махае рукамі-нагамі ваяўнічы касінер. А вось маленькі друкарскі станок, які выдае “на-гара” адбіткі скарынаўскага герба.
Адраджае гліняны посуд Глыбоччыны кераміст Арцём Фамін. Ужо цэлая шафа напоўнена бабачнікамі, смятаннікамі. Жонка ганчара Таццяна Фаміна (вось тут можна было б і пра каханне завесці гаворку, ды іншым разам) — метадыст па вырабе лялек, спецыялізуецца і на самых розных выявах Вішнёвіка — добрага духа Вішнёвага фэсту.
А дырэктар РДР Святлана Скавырка стварае маляванкі ў стылі Драздовіча, але на сучасную тэматыку. Вельмі арыгінальныя рэчы атрымліваюцца.
Я тут і пра палову здабыткаў мясцовых рамеснікаў не паспеў распавесці. А ёсць жа яшчэ і экспедыцыйная дзейнасць! Нядаўна, да прыкладу, была адшуканая шафа з выявамі папугаяў. Кажуць, любімая птушка шматаблічнага Язэпа Драздовіча.
Культурная каштоўнасць Наталля Нікіфаровіч
А ў гэтым раздзельчыку варта згадаць Ігната Буйніцкага, які праславіў Глыбоччыну тым, што стварыў нацыянальны прафесійны тэатр і на сцэну вывеў “мужыцкі танец”. Але галоўны герой цяпер — не Буйніцкі, а прадаўжальніца ягонай справы. І колер любові цяпер — колеру зямлі. Спрадвеку яна карміла беларуса і жытам, і творчым натхненнем. Урэшце, не было б зямлі, дык і неба не было б. Аднак працягнем і пачнём здалёк.
З нядаўняга часу да Сцепаніды Лупач панадзіліся кулінары з Масквы. Справа ў тым, што Сцепаніда — унікум: пячэ іржаны хлеб без дражджэй, замест іх выкарыстоўвае хлебны квас. Такой тэхналогіі, нібыта, нідзе ў свеце больш няма. Вось і едуць кухары па адмысловы рэцэпт. А ўсяго ў раёне ёсць пяць элементаў нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў, якія маюць адпаведны статус: тэхналогія вырабу маслянага барана, нашэнне наміткі, маляваныя дываны, прыгатаванне клёцак з душамі (націск на другі склад), згаданая тэхналогія прыгатавання хлеба.
А спрычынілася да таго, каб зафіксаваць ды захаваць нематэрыяльныя элементы нашай нацыянальнай культуры, метадыст па народнай творчасці цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Наталля Нікіфаровіч. З гэтай нагоды жанчыны-калегі жартам называюць Наталлю Уладзіміраўну такім чынам — “нематэрыяльная культурная каштоўнасць Нікіфаровіч”. Давялося рашуча ўмяшацца. Якая такая “нематэрыяльная”? Спадарыня Нікіфаровіч — кабета вельмі матэрыяльная! Я нават больш скажу — прыгажуня! А жанчын нашых, да слова, час ад часу падпраўляць трэба, інакш заблытаюцца паміж любоўю ды каханнем… Аднак далей пойдзем.
У дзяцінстве Нікіфаровіч марыла стаць артысткай. Хацелася гэткай разняволенасці ў словах, рухах, учынках. Гэтае ўменне, па меркаванні Наталлі Уладзіміраўны — вышэйшая праява любові да жыцця. Марыла і стала. Справа ў тым, што метадычны клопат сам па сабе не надта спрыяе развіццю артыстычнасці. Таму, маючы досвед працы дырэктара СДК, Нікіфаровіч вырашае стварыць у 1997 годзе тэатр фальклору “Цярэшка”, які неўзабаве становіцца народным. За аснову дзейнасці ўзялі форму народнага тэатра Ігната Буйніцкага, дзе артысты яшчэ і танцавалі. Першай была калектыўна пастаўлена для сцэны гульня “Жаніцьба Цярэшкі”. Методыка займела працяг у выглядзе яркага тэатральнага відовішча.
“Цярэшка” — калектыў сінтэтычны. Тут работнікі культуры сяла не толькі танчаць, але і спяваюць, дэманструюць адметнасці традыцыйных абрадаў і самыя розныя ўзоры вуснай традыцыйнай творчасці. У тэатры — каля 20 чалавек. У творчай скарбонцы — неацэнны досвед сумяшчэння метадычных ведаў з іх сцэнічным перастварэннем.
Ці задаволена Нікіфаровіч? Паглядзіце на яе твар. Я даўно пераканаўся, што артыстызм для работніка культуры — якасць абавязковая. Артыстызм не толькі ў размове ці ўчынку, артыстызм нават у паставе!
Хто цяпер запярэчыць, што метадыст і артыстка Наталля Нікіфаровіч — не культурная каштоўнасць свайго горада, раёна і краіны?
Замест заканчэння
Пастаянны чытач запытаецца: а дзе ж праблемы, якія аўтар так любіць (бачыце, і тут без любові — нікуды) адшукваць? Адказ, напэўна, павінен быць такім: праблемы засталіся па-за межамі рознакаляровага жыцця Глыбоччыны.
І засталіся яны ў тых раёнах, дзе яркіх культурных акцый, мякка кажучы, малавата, дзе ўсё як ва ўсіх. Як вы думаеце, што там трэба рабіць? Правільна. Тэрмінова штосьці падправіць у любові ды ўлюбёнасці.
Між тым, кожны “Вішнёвы фэст” прыносіць у гарадскі пейзаж і ў свядомасць жыхароў штосьці новае. Побач з рэзідэнцыяй Вішнёвай каралевы, ля Кагальнага возера добраўпарадкоўваецца спуск да вады. І кожны ліхтар тут — як твор мастацтва. І вось што характэрна: з цягам часу спыніліся выпадкі хоць якіх праяў вандалізму! Людзі зразумелі, што фэст упрыгожвае і паляпшае іх жыццё.
А вам слабо прыдумаць штосьці падобнае, але сваё?