КІМ ЧЖЭ ДОК: “Толькі смеласць дазваляе нам рушыць наперад”

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Неверагодны па энергетычным запале перформанс Darkness Poomba паўднёвакарэйскай кампаніі Modern Table працягнуў у мінулую нядзелю праграму Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”. Contemporary dance і фальклорныя спевы, ударны рок-н-рол і “чачотка” палачкамі для ежы — карэйскі калектыў прадставіў унікальнае дзеянне, у якім нацыянальная і глабальная культуры знаходзяць паразуменне, падпарадкоўваючыся смелай задуме. Аўтар дзёрзкага выказвання — мастацкі кіраўнік Modern Table КІМ ЧЖЭ ДОК. “К” пашчасціла паразмаўляць з рэжысёрам і харэографам пра яго спектакль, пошук унікальнага стылю і эканамічныя варункі, у якіх існуюць у Паўднёвай Карэі калектывы contemporary dance.

/i/content/pi/cult/712/15585/17.JPGDarkness Poomba распачынаецца імкліва, паступова набываючы рытм і маштаб. Саліст, які напачатку танцуе ў групе маладых людзей у чорных дзелавых касцюмах, пакідае сцэну, выходзіць да публікі і выдае паміж шэрагаў сола на губным гармоніку. Гукі блюза саступаюць месца сольнаму спеву карэйскай пумбы, якая выконваецца ў старажытнай манеры. Жывы музычны гурт, які ўключаецца ў дзеянне, разбівае традыцыйныя межы харэаграфічных спектакляў. Яшчэ гледачоў чакае новае відовішча — танец палачкамі для ежы, якімі танцоры адбіваюць чачотку на металічных пласцінах. Выключная музычнасць і бясконцы рух, уключанасць і наэлектрызаваны драйв, цэлы спектр эмоцый і думак — усё гэта Darkness Poomba. Перформанс, назву якога можна перакласці як “беспрасветны спеў”.

— Дзякуй вам за шоу. Нягледзячы на тое, што яго аснова — гэта contemporary dance, вы звяртаецеся да такой формы традыцыйнай карэйскай культуры, як пумба. Што яна для вас значыць?

— Пумба ў сваім традыцыйным значэнні — гэта танец і спеў жабрака, што звяртаецца з просьбай па грошы. Жабрак увесь час паўтарае ў сваім спеве ключавое слова: недастаткова. Ён спявае пра тое, чаго не мае, але прагне. Спеў можа быць тужлівым, а можа мець матыў помсты, ён уключае ў сябе шмат эмацыйных адценняў. Але
абапіраецца на Han, што можна перакласці як “дух”, які прачынаецца падчас прадстаўлення.

— Іншыя культуры маюць падобны Han?

— Вядома. Напрыклад, культура Новай Зеландыі. Мне падаецца, што ў іх ёсць гэты дух непакорнасці, прагі да волі.

— Паводле назвы, ваш спекталь — гэта беспрасветны і поўны тугі спеў. Але такім ён у выніку не з’яўляецца.

— Я выкарыстоўваю «цемру» ў розных значэннях. Цемра ў мяне — як тая нязведаная прастора, што атачае нас. Толькі смеласць дазваляе нам рушыць наперад, руйнаваць бар’еры, крочыць туды, дзе мы раней не былі. Адпаведна ў спектаклі выбудаванае і светлавое рашэнне. Мы бачым танцораў у невялікім коле святла, яны нібыта выступаюць з гэтага змроку страху і няведання. Вы маеце рацыю, што ў спекталі шмат эмоцый, страсці, імпэту. Ды ўсё ж для мяне было важна адштурхнуцца менавіта ад формы пумбы — спеву, які поўны просьбы, крыўды і тугі — і развіць яе.

— Якім чынам увогуле нарадзілася гэтая ідэя: спалучыць карэйскі фальклор і contemporary dance?

— Я займаюся танцамі ўжо даўно. І ўвесь час задаваў сабе пытанне: чаму я існую? Памятаю, калі працаваў у Буэнас-Айрэсе, памкненне зрабіць свой танец адметным пачало хваляваць мяне неймаверна. Я зразумеў, што перавага, якую я маю, як бы проста гэта ні гучала — менавіта мае карані. Карэйская фальклорная культура, спевы, танец, якія вылучаюць наш народ сярод іншых. Я не кажу пра тое, што наша культура лепшая за іншыя, але яна, без сумневу, мае сваю асаблівасць. Гэтае разуменне стала для мяне вельмі важным. А далей я пачаў думаць над тым, як трансфармаваць нацыяльнальную спадчыну, як уключыць яе ў сучасны кантэкст. Так нарадзілася Darkness Poomba, якая спалучыла старажытны карэйскі спеў і сучасную культуру. Гэты спекталь дазволіў мне ў пэўным сэнсе асэнсаваць сваю ідэнтычнасць. Сёння я ўжо ведаю, куды рухацца.

— У сваім шоу вы закранулі цікавае пытанне: нацыянальная культура і глабальны кантэкст. У сучасным беларускім грамадстве шмат дыскусій на гэтую тэму. Хтосьці лічыць, што, у першую чаргу, мы мусім вывучаць і захоўваць нацыянальную культуру ў яе першапачатковым выглядзе. Іншыя прытрымліваюцца думкі, што беларускай культуры ў шматлікіх яе праявах неабходна канкурэнцыя ў выглядзе сусветных брэндаў і адаптацыя да сучасных прадуктаў спажывання. Як вы ставіцеся да гэтага пытання, абапіраючыся на ўласны досвед стварэння спектакляў?

— Вядома, усё залежыць ад пункту гледжання кожнага асобнага чалавека. Я лічу, што глабальны кантэкст неабходны, каб ваша культура ў ім гучала асобнай фарбай. Я, напрыклад, заўжды “звяраю гадзіннік”: што адбываецца ў свеце? Якія цяпер існуюць трэнды, плыні? Мне гэта дазваляе арыентавацца ў працэсах і прыдумваць, крэатывіць, улічваючы самыя розныя аспекты сучаснай культуры. Напрыклад, невыпадкова ў Darkness Poomba гучыць рок-н-рол або блюзавыя рытмы. Мне падабаецца спалучаць традыцыйныя спевы і сучасныя музычныя жанры. Да прыкладу, я таксама люблю хіп-поп, нават поп-музыку і выкарыстоўваю іх у іншых сваіх шоу.

— Ці ёсць у вас ідэі новага праекта?

— Акурат нядаўна мяне запрасіла да супрацоўніцтва Нацыянальная танцавальная кампанія. Ідэя яе новага праекта ў тым, што два розныя харэографы робяць пастаноўкі на абраную імі музычную тэму з артыстамі тамтэйшага калектыву. У маім выпадку гэта будзе “Агонія” Ігара Стравінскага. Праца абяцае быць вельмі цікавай, і я з нецярплівасцю чакаю, што ўрэшце рэшт у нас атрымаецца, калі мы злучым нашы часткі разам.

— Часам ад скептыкаў можна пачуць такія перасцярогі: маўляў, глабалізацыя захоплівае і падаўляе нацыянальныя культуры як спрут…

— Я гляджу на гэта пытанне больш пазітыўна. Тым больш, мы не існуем у нейкай замкнёнай прасторы. Упэўнены, што і гэтыя скептыкі выкарыстоўваюць элементы самых розных культур у сваім паўсядзённым жыцці, нават не задумваючыся. Слухаюць амерыканскі поп, апранаюць еўрапейскае адзенне ці спажываюць стравы пэўных нацыянальных кухняў. Як можна ад гэтага абстрагавацца?

Мы ў Modern Table імкнёмся спалучаць канцэптуальны танец і традыцыйную культуру Азіі. Калі быць больш дакладным, такія рытмы і рухі блізкія найперш для Далёкага Усходу, а не, скажам, індыйскай або малазійскай музыцы. На гэтым перакрыжаванні і існуем ды ўдасканальваемся. Так, мы жывем у глабальным свеце, аднак
абапіраемся на ідэнтычнасць нашай краіны.

— Наколькі папулярныя традыцыйныя фальклорныя спевы ў сучасным карэйскім грамадстве?

— Па шчырасці, не вельмі. У мастацкіх колах — так, мастакі разумеюць важнасць звароту да традыцыйнай культуры. У моладзі або майго пакалення большай папулярнасцю карыстаецца амерыканская поп-музыка, хіп-хоп, або наш карэйскі k-pop.

— Атрымліваецца, што вы ў пэўнай меры ўнікальны калектыў?

— Не зусім. Ёсць іншыя людзі, якія таксама знаходзяць натхненне ў нацыянальнай спадчыне. І мне важна адчуваць, што мы ў гэтым плане не адзіныя.

 — Не магу не закрануць і пытанне эканомікі, якое надзвычай актуальнае для кожнага творчага калектыву. Як яго ўдаецца вырашаць Modern Table?

— У Карэі вельмі шмат танцавальных калектываў. Вымушаны канстатаваць, што канкурэнцыя надзвычай высокая. І таму ўвесь час даводзіцца прыкладаць намаганні для ўласнага выжывання. Выдатна, калі ёсць запрашэнні на фестывалі або магчымасць зладзіць гастрольныя туры. Таксама ахвотна едзжу ў арт-рэзідэнцыі: гэта дазваляе пашыраць уласныя межы і набірацца досведу.

— Ці існуюць у вас адмысловыя дзяржаўныя праграмы падтрымкі калектываў менавіта contemporary dance?

— Такія праграмы ёсць, але дапамога распаўсюджваецца не толькі на тых, хто працуе ў поле харэаграфіі. Таксама яна прыназначана і для незалежных музыкантаў, мастакоў, артыстаў... Ёсць магчымасць атрымаць грант, напрыклад, на стварэнне ўласнага праекта, фестывалю, міжнародную кааперацыю. Але, паўтаруся, канкурэнцыя вельмі высокая.

— Ці распаўсюджана спонсарская падтрымка танцавальных праектаў?

— На жаль, большасць патэнцыйных спонсараў не вельмі любіць contemporary dance. У пэўным сэнсе, я зайздрошчу мастакам, бо ім знайсці фінансаванне на свае праекты значна лягчэй. У нас ёсць, праўда, фонд кампаніі LG — танцавальныя калектывы могуць звяртацца ў яго па дапамогу. Але ён, бадай, застаўся такі адзіны — заснаваны менавіта прыватнай карпарацыяй.

— Як у такіх варунках тады выжываць?

— Менавіта гэта цяпер з намі і адбываецца — мы выжываем (смяецца).

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"