Бульба ў мундзірах і без

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

13 кастрычніка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча — мастака, мысляра, этнографа. фалькларыста і касмічнага мрыйніка. За месяц да гэтага Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці магіле адвечнага блукальніка. Пахаваны ён на вясковых могілках ля вёскі Ліпляні, непадалёк ад месца, дзе знаходзіліся родныя Пунькі (Глыбоцкі раён). На магіле ўстаноўленая пліта з барэльефам работы скульптара Алеся Шатэрніка. Тут сутыкаюцца зямное і вечнае. Над могілкавай цішай — высокае неба, а над ім — бясконцы космас, які так вабіў мастака.

/i/content/pi/cult/712/15584/16.JPG

Хутка еду ў камандзіроўку на Глыбоччыну, абавязкова пабываю на магіле мастака, які сябраваў з сусветам і ратаваў яго прыгажосцю. Ды ці толькі Драздовіч уславіў гэты край? У спісе выбітных — Ігнат Буйніцкі, Вацлаў Ластоўскі, Павел Сухі… Відаць, штосьці ёсць надзвычайнае ў глыбоцкай зямлі і глыбоцкім небе, што нараджаюць яны адмысловых творцаў.

Даўно не было ў нас інфармацыі з Ельскага раёна. Мо з той прычыны, што шматгадовы кіраўнік мясцовай культуры і стары сябар нашай рэдакцыі Валерый Гейхман цяпер — на заслужаным адпачынку? Тым не менш, спадзяюся, што кантактаў з тамтэйшымі работнікамі культуры не згубім. Ёсць таму і пацвярджэнне. Днямі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Таццяна Няўміржыцкая распавяла пра конкурс брэндаў, вынікі якога былі прэзентаваны на міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Пра якія ж брэнды гаворка? У іх лік, аказваецца, увайшлі драўляная Свята-Троіцкая царква XVIII стагоддзя, рэгіянальны фэст “Грай, гармонік!”, а таксама — інсітны жывапіс Міхася Засінца.

Зашыр’е свой брэнд на конкурс не падавала. Магу зразумець пазіцыю кіраўніка Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Яўгеніі Шадрынай. Гэтая ўстанова культуры, якая ці не штогод пашырае ўласныя творчыя плошчы пры самай актыўнай падтрымцы кіраўніка мясцовага саўгаса Рыгора Бабчанкі, даўно выйшла за межы брэнда і пераўтварылася ў з’яву паспяховага творчага эксперыменту. На сёння, да прыкладу, установа мае ўласную вуліцу. Кожная хатка — напамін пра зніклую з-за чарнобыльскай бяды вёску Ельшчыны. Больш чым упэўнены: заўтра да ганчарні і кузні з цэнтрам зніклых паселішчаў дадасца штосьці яшчэ. Што менавіта? Пагаворым пра гэта заўтра. Як, зрэшты, і пра мудрагелістую палескую вышыўку ды пра кашу-квасоўку з ягаднымі інгрэдыентамі.

Таццяна Чэрская піша: “1 кастрычніка адзначаецца міжнародны Дзень музыкі. Па ўсім свеце ладзяцца канцэрты, сустрэчы з кампазітарамі і выканаўцамі, выставы... У Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў гэты дзень стаў таксама надзвычай насычаным. На канцэрт-гутарку прыйшлі старшакласнікі гімназіі № 1.” Аўтар гэтай навіны была вядучай імпрэзы. Гаворка ішла пра час, гісторыю і музыку. А канцэрт ладзілі настаўнікі: Ганна Мацкевіч, Таццяна Каралёва, Кацярына Мандрык, Віктар Аленскі (фартэпіяна); Настасся Пясецкая (вакал); Ірына Асмольская, Таццяна Чэрская (скрыпка); Вікторыя Андрыеўская (акардэон); Алеся Місюкевіч (гітара); Вікторыя Клімчанка (дудка).

Яшчэ адна інфармацыя з Ашмяншчыны. Хоць і састарэла трошкі, але хто адмовіцца лішні раз яблычным водарам
падыхаць. Гаворка — пра Яблычны фэст у аграгарадку Навасёлкі — сакавітае свята восені. І самае каштоўнае тут, як падаецца, тое, што імпрэзу рыхтавалі не толькі работнікі культуры. Вельмі дзейсна падтрымалі іх прадстаўнікі мясцовага вучэбна-педагагічнага комплексу, супрацоўнікі сельвыканкаму, сельскагаспадарчай арганізацыі “Ашмянскі світанак”. Разам рыхтавалі свята, разам і яблыкамі частаваліся.

Вельмі мала на сёння навін з бібліятэк. Напэўна, пасля актыўнай бібліяночы варта творчыя сілы падназапасіць. Так што расповед супрацоўніцы аддзела бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу Алены Мікуліч з Ляхавічаў — па-за канкурэнцыяй. Вось пра што яна паведамляе: “На бульвары ля цэнтральнай бібліятэкі адбылася акцыя “Кнігаварот на вуліцы Гагарына”. Тыя, хто трапіў у гэты вір, маглі наведаць бібліякавярню, краязнаўчую выставу, прыняць удзел у літаратурных конкурсах. Дзеці ў “Кніжным канструктары” будавалі фігуры і дамы з кніг. Ахвотная моладзь паспрабавала сябе ў ролі бібліятэкараў: дапамагалі запісваць новых чытачоў. Такі інтэрактыў называўся “Бібліятэкар на гадзіну”.

На другім месцы — інфармацыя са Століна, з цэнтральнай раённай бібліятэкі. Загадчык аддзела абслугоўвання Лідзія Царык паведамляе пра сустрэчу з земляком Іванам Штэйнерам — доктарам філалагічных навук, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Іван Фёдаравіч — даследчык тэорыі і гісторыі літаратуры, літаратурны крытык, кампаратывіст (спецыяліст у галіне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства), краязнаўца, пісьменнік і выкладчык, Член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, аўтар больш як 200 навуковых работ і мастацкіх твораў. З ім сустрэліся вучні 11-х класаў сярэдняй школы № 2.

Іван Фёдаравіч вучыў калісьці і мяне, студэнта Гомельскага ўніверсітэта. Ягоныя лекцыі пра Купалу і Багдановіча нагадвалі палымяныя прамовы пра існасць беларускага светаўспрымання. Высокі станоўчы зарад гэтых прамоў сілкуе мяне і па сёння. Дзякуй, шаноўны Іван Фёдаравіч!

Дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок парадавала важкай нізкай навін. Захаваем аўтарскі тэлеграфна-лаканічны стыль. У Жодзішкаўскім доме культуры прайшла канцэртная праграма “Дарыць дабро ад сэрца да сэрца”. Найбольш кранулі публіку песні для бабуль ды дзядуль, выкананыя самымі юнымі артысткамі Ангелінай Дудзінскай, Аленай Кавяка і Ксеніяй Мізула. У Залескім ДК акцэнт зрабілі на танцах. Дапамаглі сваім калегам самадзейныя артысты з Жодзішкаў. У аграгарадку Кушляны работнікі культуры сумясцілі канцэрт з гарбатай. Вельмі слушнае, дарэчы, сумяшчэнне. “Агеньчык” для сталых людзей адбыўся і ў Вішнёўскім доме культуры. На мерапрыемства прыйшлі нават жыхары навакольных паселішчаў. Выступілі салісты ансамбля народнай песні “Хутарок” Смаргонскага РЦК і акампаніятар Лешчаняцкага сельскага клуба Ірына Найдзіч. Вайстамскі сельскі клуб прапанаваў пажылым людзям праграму “Вы гады свае не лічыце”.

А ў аграгарадку Сінькі рэй на клубнай сцэне вяла Спадарыня Бульбачка. Гаворка пра любімы караняплод вялася доўга. Удзельнікі згадалі ці не ўсе стравы, якія можна згатаваць з бульбы — у “мундзіры” і без. У аграгарадку Баруны не забыліся на Міжнародны Дзень міру, правялі ў сельскім клубе канцэрт. З вершамі і песнямі выступілі Паліна Высоцкая, Ганна Стунулевіч, Дзмітрый і Ілля Бараноўскія, Паліна Пашкоўская, Кіра Дубіцкая, Алена Альшук і ансамбль настаўнікаў музычных класаў аграгарадка.

Піша намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка: “У Верхнядзвінску прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі — 2018”. Сярод фестывальных мерапрыемстваў варта адзначыць конкурсы на найлепшы дажыначны сноп і каравай новага ўраджаю. Цікавым падаўся і праект “На мяжы трох дзяржаў”, падчас рэалізацыі якога госці і ўдзельнікі кірмашу маглі наведаць беларускі, рускі і латышскі нацыянальныя падворкі”.

Інфармацыя з Лідчыны. Чарговы бульбяны матыў. “Другі хлеб” выкапалі і ў аграгарадку Гуды, ды з гэтай добрай нагоды сабраліся ў цэнтры творчасці і адпачынку. Доўга спрачаліся, але ўсё ж прыйшлі да адзінай высновы: вось з гэтага гатунку самае тое дранікі гатаваць, а вось з гэтага — кашу ці салату. Але — не бульбай адзінай. Работнікі культуры падрыхтавалі выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У канцэртнай праграме выступілі ўзорны танцавальны калектыў “Забавушка” Лідскай дзіцячай школы мастацтваў, Лідскі эстрадны аркестр, самадзейныя артысты з Дзятлаўскага раёна.

Як казала мая бабуля: “Бульбу выкапалі, перабралі і ў подпал засыпалі. Цяпер галоўнае першы снег не прапусціць, каб душой парадавацца!”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"