Як вы яхту назавеце
Скажу адразу: асабіста я стаўлюся да шматлікіх “трэнераў” цалкам спакойна. Часам, калі адчуваю ўнутраную патрэбу, гартаю тэматычныя прапановы, шукаючы “хуткія” адказы на пытанні. На кагосьці з “прагрэсіўных” блогераў падпісаная не першы год. Але гэта ўсё — бы любімы гатунак кавы ці канал радыё — лёгкі фон, які ніякім чынам не ўплывае на прафесійнае самаразвіццё.
Адкуль жа такая мода на “трэнінгі”? Відавочна, што звязана яна з культываваннем у грамадстве ідэі гламурнай паспяховасці: маўляў, захачу стаць мастацтвазнаўцам — і змагу, вырашу перакваліфікавацца ў дызайнера — за пару-тройку заняткаў здолею без праблем. Падаграюць веру ў рэальнасць
падобных схем “кар’ернага прасоўвання” і шматлікія рэаліці-шоу, дзе артысты выходзяць на лёд у якасці фігурыстаў і дэманструюць такія добрыя вынікі, за якія і прафесійным спартсменам не будзе сорамна.
Звярніце ўвагу: ніхто з навамодных інтэрнет-настаўнікаў не называе сябе педагогам. Яны — спікеры, стылісты, трэнеры, нават гуру. Як па мне, такая “філалогія” цалкам выдае сутнасць іх дзейнасці. Адзінае, чаму насамрэч можна ад іх навучыцца — як сябе прэзентаваць і “падаваць”, якім чынам ствараць першае ўражанне пра сябе. Вось і атрымліваецца: гэткі спосаб самаразвіцця зусім не мае перад сабой задачы даць чалавеку калі не сістэмнае, то хаця б вузкаскіраванае ўяўленне пра тую ці іншую творчую прафесію. Трэнеры толькі “дрэсіруюць” цябе ў плане карыстання тымі ці іншымі прыёмамі, стылісты — “апранаюць лялечку” згодна з уласнымі густамі, гуру дык і ўвогуле патрабуюць амаль сектанцкага наследвання тых ці іншых прынцыпаў паводзінаў.
Вось толькі людзі, якія ўсур’ёз падсаджваюцца на гэткія метады самаразвіцця, вельмі часта страчваюць пачуццё рэальнасці. І перастаюць разумець, што ж у час гэтых самых “майстар-класных трэнінгаў” адбываецца насамрэч. І, загульваючыся ў “эфектнае першае ўражанне”, забываюць, што гэта патрэбна выключна для таго, каб адбылося і другое. Прычым яно павінна таксама, па меншай меры, не расчароўваць.
Як жа выглядае падобная мілая на першы погляд інтэрнет-дзейнасць, мы паспрабавалі высветліць у размовах з “прадаўцамі” і “спажыўцамі”.
Мілае хобі па маніпуляцыі слабасцямі?
Алена Вільмонт ужо восем гадоў як з’ехала жыць у цёплы і сонечны Тайланд. Сваю дзейнасць у якасці блогеркі па развіцці творчага патэнцыялу і трэнера па раскрыцці мастацкіх задаткаў кожнага, хто падпісваецца на яе рассылкі, лічыць мілым жаночым хобі. Хаця, па яе ж словах, ставіцца да гэтага цалкам сур’ёзна.
— Я проста не лічу, што інтэрнет-трэнінгі можна насамрэч успрымаць як альтэрнатыву традыцыйнай адукацыі. Кажу гэта з усёй адказнасцю, бо сама маю два дыпломы — мастацтвазнаўцы і сацыяльнага псіхолага. Калі я выйшла замуж і з’ехала з Мінска, мая інтэрнэт-актыўнасць была натуральным спосабам падтрымліваць сувязь з сябрамі. У сеціве людзі часта шукаюць тое, чаго ім не хапае ў рэальным жыцці — магчымасці адарвацца ад вырашэння побытавых пытанняў і адчуць, што яны не адны.
— Гэта вы кажаце як псіхолаг?
— А тут і не патрэбна ім быць. Ці вы самі не
заўважаеце, што ў тых жа сацыяльных сетках кожны з нас намагаецца выглядаць лепш, чым у жыцці: мы прыдзірліва выбіраем аватарку, старанна адфаташопліваем уласныя здымкі, урэшце, прыдумляем сабе той вобраз, які хацелі б “трансліраваць” іншым людзям. І я са сваімі трэнінгамі акурат гэтаму і дапамагаю — падтрымліваю ў людзях адчуванне, што яны насамрэч могуць сябе змяніць да лепшага.
— Маніпулюеце іх слабасцямі?
— Адчуваю ў вашых словах негатыўны падтэкст. Мажліва, і так, але, пэўна, праўдзівей будзе сказаць, што я вучу людзей самастойна маніпуляваць уласнымі пачуццямі і ўяўленнямі пра сябе.
— Гучыць прыгожа, але запытаю пра практычную частку: за што канкрэтна людзі вам плацяць грошы?
— Калі адказваць па-філасофску: уласным прыкладам я вучу іх, што жыць можна ярка і эфектыўна, а не толькі так, як яны прывыклі.
— А як ставяцца да гэтага вашы прафесійныя “канкурэнты” — тыя ж мастацтвазнаўцы і псіхолагі?
— Шчыра кажучы, недалюбліваюць. Часам пішуць, што я падманваю сваіх падпісчыкаў — маўляў, яны, каб стаць прафесіяналамі, вучыліся палову жыцця, а я цягам некалькіх анлайн-сустрэч абяцаю ўсяму навучыць. Але я разумею: гэта ад таго, што людзі ад іх ідуць да мяне. Я ім даю не якіясьці абстрактныя тэорыі, а падказкі, як можна разабрацца з тымі сітуаціямі, што ўзнікаюць у іх рэальным жыцці. Як танна сфарміраваць уласны гардэроб, як “падаць” сябе ў новай кампаніі, якім чынам трымацца, каб твае партнёры па бізнесе лічыліся з табой. Я — за практыку. Няхай яна нават і выглядае легкаважна на фоне акадэмічнай педагогікі.
І адразу ў настаўнікі
23-гадовы Андрэй Вострыкаў (прозвішча па яго просьбе змененае) ахвярай моды на прафесійныя трэнінгі сябе не лічыць. І шчыра верыць, што знаходзіцца на парозе ўласнага творчага раскрыцця. Нарадзіўся і вырас ён у Рагачове, а цяпер актыўна рыхтуецца да “кар’ернага старту” на маскоўскіх прасторах: не прапускае бадай ніводнага акцёрскага кастынгу, і, як сам кажа, падрыхтаваў ужо месца на палічцы для ўласнай “Залатой маскі”. Вельмі хацелася б спадзявацца, што мары юнака знойдуць хоць якое-кольвек рэальнае ўвасабленне. Але расповед хлопца пра яго пакручасты шлях да славы дае багатую глебу для разважанняў і іншага кшталту.
— Андрэй, ведаю, што марай усяго вашага жыцця з’яўляецца акцёрская прафесія. Якім чынам вы да гэтага прыйшлі?
— Колькі сябе памятаю, заўсёды хацелася бачыць сябе на экране тэлевізара. Скажаце — банальнасць? Магчыма. Але я проста трызніў сцэнай! Нават, не смейцеся, у дзясятым класе прачытаў усяго Станіслаўскага, якога знайшоў у нашай бібліятэцы. Спрабаваў, зразумела, пайсці, як вы кажаце, традыцыйным шляхам — падаўся ў Акадэмію мастацтваў. Аднак не паступіў: сказалі, я і так усё ведаю. Маўляў, “занадта навучаны”. Думаю, там проста не разумелі, чаму мяне вучыць: я быў ці не на цэлую галаву вышэй за ўсіх тых, хто паступаў разам са мной! І тады вырашыў, што наша сістэма адукацыі занадта “чарапашая” — чатыры — пяць гадоў сядзі “за партай”, і толькі пасля гэтага ўступіш у прафесію. А як жа галівудская ідэя, згодна з якой Рамэа, да прыкладу, мусіць іграць яго аднагодак, а не чалавек, старэйшы на 10 — 15 — 20 і болей гадоў? І я вырашыў паехаць у Маскву.
— Чаму ж не адразу ў Галівуд?
— Вось вы смеяцёся, але я ж не “па дурасці” прыняў гэтае рашэнне, а з нармальным разлікам: англійскую мову я ведаю на ўзроўні школьнай праграмы, а на рускай свабодна размаўляю. І потым, хто ў нас сёння глядзіць амерыканскае тэлебачанне? Натуральна, я б не адмовіўся ад магчымасці зняцца нават у якім-кольвек прыстойным амерыканскім серыяле (пра “мыла” не кажу), але ж для гэтага неабходна мець пэўную прафесійную базу, практыку.
— Вось акурат да гэтага давайце і вернемся. Якім чынам вы тую базу напрацоўваеце? Наколькі я ведаю, ні ў якім маскоўскім тэатральным ВНУ вы не вучыцеся?
— Так, не пашчасціла — там такія шалёныя конкурсы, што нават і спрабаваць не стаў. Тым больш, што зараз існуе шматлікая колькасць прафесійных майстар-класаў і трэнінгаў, на якіх выкладчыкі гэтых самых ВНУ дзеляцца сваімі ведамі ў даволі-такі сціслыя тэрміны — без лішніх словаў.
— Бясплатна?
— Часам так. Але часцей, зразумела, за грошы. Сярэдні цэннік на такія заняткі складае прыкладна 100 долараў. Цэны, зразумела, могуць быць і значна вышэйшымі, калі размова ідзе пра сапраўдных Майстроў, аднак я пакуль не гатовы гэтак траціцца. Улічваючы, што ў месяц я стараюся наведваць па два — тры майстар-класы альбо трэнінгі, мушу пакуль што свае фінансы кантраляваць.
— Вы ў Маскве ўжо…
— Чацвёрты год.
— І за гэты час неяк скарысталі набыты на такіх занятках досвед? Ці зарабляеце акцёрскай прафесіяй?
— Скажу так: у бацькоў грошы не прашу, і для мяне гэта прынцыпова. Працую ў інтэрнеце на фрылансе. Калі ж гаварыць пра акцёрскі досвед, то цяпер набіраюся прафесійных навыкаў на тэлевізійных шоу і серыялах — тут іх вялікая колькасць, і можна шмат чаму навучыцца. А яшчэ падумваю пра тое, каб адкрыць сваю экспрэс-праграму па падрыхтоўцы маладых акцёраў да кастынгаў, бо ведаю, наколькі гэта важкая праблема для пачаткоўцаў. Я ж праз усё гэта прайшоў і адчуў на ўласнай скуры. І цяпер ведаю, як трэба падводныя камяні абыходзіць.
Дылетантызм пачынаецца і квітнее там, дзе заканчваецца патрэба ў прафесіяналізме. Аднак сучаснае грамадства культывуе сёння ўсё, акрамя гэтага: чалавек мусіць быць прывабным, камунікатыўным, вясёлым, паспяховым. Дадайце сюды рознабаковасць інтарэсаў і смеласць у самавыяўленні. А калі што спатрэбіцца “па прафесіі” (свядома ў дадзеным выпадку карыстаюся двухкоссямі) — дык можна знайсці ў інтэрнэце.
А потым мы самі ж абураемся, адкуль столькі прымітыву і недалёкасці вакол нас: у афармленні вуліц, дызайне рэкламы, на тэлебачанні, у крамах… Але ж гэта — цалкам заканамерны вынік таго, што якасць мы падмяняем хуткасцю. Бо надта важнай лічым уласную эфектнасць, і надта абцяжарвальнай — прафесійную глыбіню.
Таццяна КОМАНАВА