Кірункі платформы

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Да 15 кастрычніка чакаюцца заяўкі ад маладых кінематаграфістаў на ўдзел у пітчынгу кінапраектаў, які адбудзецца ў рамках Індустрыльнай платформы Bel:Cinema Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Гэтае ды іншыя мерапрыемствы платформы, якая з’яўляецца ўжо чацвёртай па ліку, пройдуць з 3 па 8 лістапада. А галоўнай яе пляцоўкай стане кінастудыя “Беларусьфільм”.

У праграме — трэнінг ад ужо вядомай кампаніі B2B Doc для дакументалістаў і “VR-лабараторыя мастацкіх праектаў”, вынікам якой маюць стаць першыя фільмы для віртуальнай рэальнасці. (Да 20 кастрычніка яшчэ можна падаць заяўку на ўдзел). А таксама — штогадовы пітчынг кінапраектаў, ацэньваць якія будуць міжнародныя спецыялісты рынку кіно.

— Індустрыяльная платформа застаецца вернай абраным кірункам, — падкрэслівае яе каардынатар Лізавета Бобрыкава. — Гэта адукацыя, наладжванне стасункаў паміж беларускімі і міжнароднымі кінематаграфістамі. І, зразумела, прасоўванне беларускага кіно.

Ужо вядома, што гасцямі сёлетняй платформы стануць дырэктар анімацыйнага фестывалю Tindirindis Валентас Аскініс, сцэнарыст і прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Рональд Фальзонэ. Пытанні кінадыстрыбуцыі будуць абмеркаваныя падчас дыскусіі паміж беларускімі прадстаўнікамі і незалежнымі экспертамі міжнароднага рынку.

— Мы хочам даць зразумець, што кінастудыя адкрыта да супрацоўніцтва і гатовая да самых нечаканых яго формаў, — кажа генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі. — Што яна наладжвае кантакты і шукае партнёраў ды сяброў. Што мы маем вялікую гісторыю і магчымасці для рэалізацыі творчых ідэй.

У рамках платформы таксама пройдзе прэзентацыя конкурсу паўнакупальных фільмаў, які адбудзецца ў Мінскім Планетарыўме 3 — 4 лістапада. Пра гэту ініцыятыву, якая прадстаўляе інавацыйны напрамак у кінаіндустрыі — у бліжэйшых нумарах “К”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"