Дзетачка і Маргарытачка

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Частка ІІ. “Мата Хары” з берагоў Камы і яе залюстроўе
У першай частцы артыкула я распавёў пра сваё шчаслівае знаёмства з сямейнай парай Канёнкавых. Папіваючы гарбатку з Маргарытай Іванаўнай і слухаючы яе, як мне тады падалося, вычарпальныя “аўтабіяграфічныя” расказы пра “час і пра сябе”, я нават і не мог уявіць, колькі яшчэ засталося непрамоўленага. Зрэшты, і да афіцыйнай біяграфіі Сяргея Канёнкава сёння можна дадаць нямала цікавых дэталяў. Пра гэтыя таямніцы — у другой частцы майго аповеду.

/i/content/pi/cult/711/15569/26.JPG“Наш правераны агент”

Напрыканцы 1990-х мне трапілася кніга легенды спецслужбаў Паўла Судаплатава “Разведка і Крэмль. Успаміны небяспечнага сведкі”. Зацікавіла там многае. Напрыклад, расповед пра вярбоўку князя Януша Францішка Радзівіла. Разам з сям’ёй ён быў арыштаваны ў верасні 1939 года, перавезены ў Маскву і змешчаны ў падвалы Лубянкі. Наркам унутраных спраў СССР Лаўрэнцій Берыя зрабіў на гэтага папулярнага ў Еўропе палітычнага і грамадскага дзеяча асаблівую стаўку: ён меўся ўзяць удзел у замаху на Адольфа Гітлера! І калі б тая аперацыя прайшла ўдала, хто яго ведае, як склалася б гісторыя свету?

Але яшчэ больш пільную ўвагу прыцягнуў сёмы раздзел кнігі — пад назвай “Атамны шпіянаж”. Аўтар піша: “Жонка вядомага скульптара Канёнкава, наш правераны агент… зблізілася з найбуйнейшымі фізікамі Апенгеймерам (“бацька атамнай бомбы”, кіраўнік так званага Манхэтэнскага праекта — Б.К.) і Эйнштэйнам (“прабацькам ядзернай зброі” — Б.К.)”. У выніку гэтага ўплыву, Апенгеймер узяў да сябе на працу “спецыялістаў, вядомых сваімі левымі перакананнямі, на распрацоўку якіх ужо былі нацэлены нашы нелегалы і агентура...” І ў выніку: “Апісанне канструкцыі першай атамнай бомбы стала вядома нам у студзені 1945 года”.

А ўжо праз чатыры з паловай гады атамную бомбу выпрабаваў і Савецкі Саюз, зрабіўшы тым самым крок па дасягненні ядзернага парытэту. Зразумела, імёны тых, хто гэтаму садзейнічаў сваёй разведвальнай працай, у прэсе не з’яўляліся. Амаль усе “ўдзельнікі савецкай атамнай праграмы” па вяртанні на радзіму атрымалі пэўныя прывілеі: хто бясплатны праезд у транспарце, хто — дзяржаўнае лецішча, хто — права накіраваць дзяцей у ВНУ без уступных экзаменаў. Думаю, што менавіта такім прывілеем стала і шыкоўная бясплатная творчая майстэрня-кватэра ў цэнтры Масквы, выдзеленая Сяргею Канёнкаву (а хутчэй — ягонай жонцы) адразу ж пасля іх вяртання на радзіму.

Ласка генералісімуса

З Амерыкі яны з’язджалі імкліва. Генеральнае консульства СССР у Нью-Ёрку выдала адпаведныя дакументы, у якіх усім савецкім установам на тэрыторыі ЗША было загадана забяспечваць бесперашкодны праезд сям’і да порта Сіэтл, дзе яе чакаў параход “Смольны”, зафрахтаваны па асабістым распараджэнні Сталіна. На гэтае судна пагрузілі мноства скульптурных работ Канёнкава, створаных ім “у эміграцыі”, а таксама і немалую маёмасць сям’і, уключна з унікальнай разьбянай мэбляй і даволі буйнагабарытнымі сувенірамі.

І тут узнікае законнае пытанне: з чым звязана такая прыхільнасць правадыра народаў? Якія ўзаемаадносіны звязвалі Канёнкава і Сталіна?

Хутчэй за ўсё, Іосіф Вісарыёнавіч, у адрозненне ад Леніна, асабіста з Сяргеем Цімафеевічам не сустракаўся. Але чытаючы лісты, якія скульптар слаў з ЗША да генералісімуса, пераконваешся, што сувязь паміж імі існавала дакладна.

/i/content/pi/cult/711/15569/27.JPG3 сакавіка 1940 года, Чыкага. “Дарагі брат Сталін! Пісаў Вам ліст у студзені 1939 года перасцерагаючы Вас, што ў недалёкай будучыні ўсе капіталістычныя дзяржавы нападуць на Вас (на С.С.С.Р). Але Вы нават мне не адказалі, хаця б у двух словах. І вось менавіта таму, што Вы праігнаравалі маю перасцярогу, Вам дасланую, Вы мелі няўдачу ў малой Фінляндыі...”

14 ліпеня 1940 года, Нью-Ёрк. “Дарагі брат Iосіф Вісарыёнавіч! Пішу Вам зноў, трэцяе пасланне. Вы не адказваеце на першыя два, таксама не адказалі і на тэлеграму аб тым, што атрымалі пасланне. Але што ж рабіць! Зноў папярэджваем Вас, бо гадзіна блізкая. У Вас там будуць вялікія збянтэжанасць і замяшанне, і мы павінны Вам пра тое паведаміць. У наступныя 4 гады (ад 1941 і па 1944) усе царствы будуць зніштожаныя. Сатана паставіў Гога (Гітлер). І цудамі, якія дадзена было яму тварыць перад зверам, ён наводзіць змусту на зямлі... На вясну 1941 года збудзецца наступнае. Там, у зямлі Ізраілевай (у Расіі) будзе разруха і вялікае ўзрушэнне. Армія Божая (Чырвоная Армія) будзе ваяваць з Арміяй Сатаны, якая таксама будзе вельмі вялікая, але якая будзе пераможана. Бітва будзе да 1944 года. Затым прыйдзе анархiя і будзе да 1946 года...”

Як мы ведаем, шмат у чым прароцтвы спраўдзіліся. Праўда, Гітлер напаў на СССР не ўвесну 1941 года, а летам, 22 чэрвеня. Як і прадказваў Канёнкаў, на савецкую зямлю прыйшоў вялікі смутак. Але ўсё ж Чырвоная Армія разбіла фашыстаў — праўда, на год пазней, чым было ў прадказанні. Аднак Сяргей Цімафеевіч меў рацыю ў тым сэнсе, што менавіта глыбокай восенню 1944-га, пасля ўзяцця Рыгі і вызвалення Мурманскай вобласці, амаль уся даваенная тэрыторыя Савецкага Саюза была ачышчаная ад ворага.

Прызнацца, лісты тыя чытаць для мяне было цяжкавата. Занадта шмат у іх мудрагелістых сімвалаў, алегорый і спасылак на Біблію. Гэта дзівіла. Наколькі я ведаў, Канёнкаў у маладосці быў чалавекам, далёкім ад рэлігіі, мала таго — у існаванне Бога ўвогуле не верыў. Таму ў яго ранняй і агулам у “даэмігранцкай” творчасці работ на біблейскую тэму мы не знойдзем. Вось высокая грэцкая антычнасць і народны славянскі фальклор — гэта іншая справа!

Ёсць версія, што менавіта ў Амерыцы Канёнкаў сур’ёзна захапіўся біблейскімі прароцтвамі, і ў гэтым была вінаватая Маргарыта. Нібыта яна аднойчы прывяла да мужа нейкага сектанта-евангеліста па імені Ціхан Шмелеў з таварыства “Вучні Хрыста”, і той даволі хутка ачмурыў Канёнкава ды навярнуў яго ў сваю веру. Гэта выглядае цалкам магчымым: скульптар яшчэ з маладосці цікавіўся таямніцамі светабудовы, структурай Космасу. Мае нядоўгія зносіны з ім той восенню 1969 года наглядна засведчылі, што тая цікавасць трывала да апошніх дзён.

Ці чытаў гэтыя лісты Сталін, невядома. Магчыма, чытаў, і, магчыма, спадзяваўся: а раптам той вяшчун і далей будзе прадказваць будучыню краіны і яго асабісты лёс? Інакш навошта яму, гаспадару велізарнай дзяржавы, было пасылаць цэлы параход за трыдзевяць зямель па нейкага там мастака, хай і запатрабаванага? Ды яшчэ і дазваляць таму перавезці на радзіму ўвесь свой немалы багаж.

Пустэльнікі ў цэнтры сталіцы

Радзіма, аднак, сустрэла Канёнкавых не вельмі ласкава. Калі яны ў снежні 1945-га вярнуліся ў Маскву і ўладкаваліся ў кватэры з шыкоўнай майстэрняй на вуліцы Горкага, сярод мастацкай эліты папаўзлі нараканні: за якія-такія заслугі яе займелі “рээмігранты”, якія больш за 20 гадоў адседжваліся ва ўтульнай і сытай Амерыцы, перажыўшы там і цяжкія гады вайны? Пагатоў, час быў складаны: паваенная разруха, праблемы з жыллём і харчаваннем, картачная сістэма… А тут — на табе: прыехалі і адразу ўсё атрымалі!

Словам, Канёнкавы апынуліся ў своеасаблівай грамадскай ізаляцыі. Маргарыта Іванаўна нават была вымушана звярнуцца да Берыі, каб той, улічваючы “заслугі яе і мужа перад Радзімай”, неяк змяніў негатыўны цэйтнот вакол іх сем’і. Але на што ў такой далікатнай справе быў здатны нават усёмагутны Лаўрэнцій Паўлавіч? Не мог жа ён “рассакрэціць” перад народам сапраўдныя заслугі Маргарыты Канёнкавай як агента савецкіх спецслужбаў, які шмат гадоў дзейнічаў у ЗША.

Менталітэт скульптара быў гнуткі. І адразу пасля вяртання ён стварае партрэт Сталіна — хутчэй за ўсё, па патрабаванні жонкі. Ён
разумеў, што неабходна лепей уладкавацца ў рамках існай сістэмы і гэтую сістэму зрабіць зручнай для існавання. Для гэтага ў яго было самае галоўнае — талент. Але да пачатку 1950-х гадоў Канёнкавым даводзілася жыць пустэльнікамі ў самым цэнтры сталіцы.

Затое потым як з рога дастатку пайшлі ўзнагароды: у 1951-м — Сталінская прэмія, праз тры гады — абранне акадэмікам Акадэміі мастацтваў СССР, прысваенне звання народнага мастака РСФСР, а неўзабаве — і СССР; у 1957 годзе — Ленінская прэмія за знакаміты “Аўтапартрэт” і, нарэшце, у 1964 годзе — званне Героя Сацыялістычнай Працы. Здавалася б, усё ўстала на свае законныя месцы.

Сардэчная сімпатыя фізіка

Асабістыя справы Канёнкавых іх “амерыканскага перыяду” не рассакрэчаны і пагэтуль. Як мне ўдалося высветліць, яны маюць нумары 137993 і 137994. Пра жыццё ў замежжы сам скульптар у сваіх мемуарах “Мой век” распавядае вельмі асцярожна, у адпаведнасці з тагачаснай ідэалогіяй краіны Саветаў. Ды і яго жонцы Маргарытачцы ў мемуарах вельмі мала адведзена месца.

Афіцыйна лічыцца, што ў 1923 годзе скульптар не вярнуўся на радзіму з-за таго, што ў ЗША ён быў загружаны велізарнай колькасцю заказаў, а яшчэ і своечасова не паспеў аформіць дакументы на выезд. Вельмі непераканаўчыя аргументы...

Зрэшты, сёе-тое мы ўсё ж ведаем дакладна. У 1998 годзе ў заходняй прэсе з’явілася паведамленне, што на таргах аўкцыёну “Сотбіс” у Нью-Ёрку былі выстаўленыя дзевяць раней невядомых любоўных лістоў Альберта Эйштейна, адрасаваныя Маргарыце Канёнкавай і датаваныя першымі паваеннымі гадамі. Эпісталы арганізатарам аўкцыёну перадаў, як быццам бы, адзін са сваякоў Маргарыты, які пажадаў застацца інкогніта.

На той час вялікаму фізіку было ўжо болей за 65 гадоў, а яго таемнай сяброўцы — 45. У тым жа лоце — коштам у чвэрць мільёна долараў — пайшлі з малатка і пяць фотаздымкаў (на чатырох — Эйнштэйн разам з Канёнкавай, пяты падпісаны: “На знак сардэчнай сімпатыі. А.Эйнштэйн”), адрасная кніга ў скураной вокладцы з указаннем месца жыхарства фізіка ў Прыстане і Саранак-Лейне (штат Нью-Ёрк), дзе звычайна таемна сустракалася “салодкая парачка”, а таксама залаты гадзіннік — апошні падарунак Эйнштэйна сваёй любай перад тым, як яна з мужам назаўсёды пакінула ЗША.

Я быў агаломшаны, даведаўшыся пра ўсё гэта! Хіба мог я сабе ўявіць, што быў, хай і шапачна, знаёмы з жанчынай, якую цалкам можна параўнаць са слыннай галандскай авантурысткай Маргарэтай Зэлле, вядомай як Мата Хары!

У адрозненне ад “дурнога экспансіўнага стварэння”, як ахарактарызаваў танцорку і куртызанку падпалкоўнік брытанскай і галандскай контрвыведкі Арэст Пінта, Маргарыта Канёнкава была жанчынай бліскучага розуму — і значна больш эфектыўным агентам разведкі за яе цёзку, якая займалася шпіёнскай дзейнасцю на карысць Германіі падчас Першай сусветнай.

Але атрымліваецца дзіўная рэч: калі пра Мату Хары ў розных краінах і ў розны час выйшлі дзясяткі кніг і было знята каля 30 мастацкіх фільмаў, дзе яе гралі многія знакамітыя актрысы, то пра савецкую гераіню пакуль не створана ні аднаго бэстсэлера. Здаецца, яна хіба мільганула ў расійскім тэлесерыяле “Эйнштэйн. Тэорыя кахання” (2013 года).

Без сумневу, абедзвюх Маргарыт аб’ядноўвала ўменне безадмоўна спакушаць усіх мужчын, каго б яны ні пажадалі. А таксама — знешняя прывабнасць, прыродны талент адчуваць сябе як дома ў любым таварыстве — ад арыстакратычных салонаў да вулічных нізоў. Унікальная здольнасць, калі неабходна, “стаць сваім чалавекам” у любой кампаніі — “ад фізікаў да лірыкаў”.

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"