Рыфмы для мультываркі

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Суаўтар хіта гурта “J:морс” пра “вислоухую принцессу” Барыс ШТЭРН ужо 15 гадоў як пакінуў Беларусь. Пакінуў у “рангу” легендарнага мінскага ды-джэя, амаль культавага альтэрнатыўнага музыканта і прыкметнага паэта-песенніка (мелодыі ён, дарэчы, таксама складаў і складае). Але з’ехаў, не абарваўшы ліны, якія па-ранейшаму звязваюць яго з радзімай. Можа, яны сталі трохі танчэйшымі, але нітачкамі іх дакладна не назавеш.

/i/content/pi/cult/711/15567/23.JPGДванаццаць (не фільм)

— Больш няма ў каго спытаць, таму спытаю ў цябе. Растлумач мне дзікую папулярнасць першых альбомаў гурта “J:морс”. Няўжо дастаткова было несці розную абракадабру і мець прыкметны шнар на твары, каб “ветраныя” паненкі млелі ад тваёй музыкі? (Асабіста я, дзеля справядлівасці, у тэкстах апошніх рэлізаў гэтай каманды знаходжу значна больш выразнага сэнсу).

— Ха-ха-ха! Вядома, шнару і абракадабры было недастаткова. Хаця, мне здаецца, што і гэта спрацавала: не ва ўсіх такая запамінальная знешнасць, як у лідара гурта Уладзіміра Пугача. Наогул, ён унікальны — я ў гэтым цалкам упэўнены. Ён змог прамаўляць на мове эмоцый і стаць голасам соцень тысяч людзей. Вершы і музыка Пугача — гэта вельмі тонкія рэчы, якія ты можаш не разумець праз свой натуральны прафесійны цынізм. Я — трохі меншы цынік. Апошнія кружэлкі гурта мне таксама, між іншым, падабаюцца мацней. Ды там і песень маіх больш... І, ведаеш, Пугач — чалавек, песні якога спяваюць мае дзеці. Для мяне гэта паказальны момант. “Морсы” граюць у нас у машыне, і мы падпяваем ім усім сямействам!

— А як адбылося тваё знаёмства з гэтым калектывам?

— Вова і другі стваральнік гурта Арцём Лядоўскі вучыліся на юрыдычным факультэце, я — у школе журналістыкі. Некаторыя заняткі ў нас праходзілі ў адных памяшканнях. Мне было цікава назіраць за гэтымі хлопцамі. І ў гурце, на той момант яшчэ студэнцкiм, адразу было відаць, у каго якая роля. Прытым, што яны абодва былі лідарамі. Потым яны з’ездзілі на нейкі студэнцка-юрыдычны чэмпіянат у ЗША, а мне прапанавалі зманціраваць ім фільм, што я і зрабіў. Гэта значыць, напісаў тэкст і з мантажорам склаў маленькае кіно. Так і пазнаёміліся. Аднойчы, даведаўшыся, што я займаюся музыкай, Валодзя і Арцём прапанавалі мне паслухаць іх песні. І неўзабаве распачалося маё супрацоўніцтва з імі, якое трывае і дасюль. Цяпер шмат кампазіцый знаходзяцца ў працы.

— А ў багажы якіх яшчэ выканаўцаў ёсць кампазіцыі на твае вершы?

— Больш за ўсё песень мы напісалі разам з Пятром Прывiным — гэта такі маскоўска-тэль-авіўскі кампазітар і спявак. Пачыналі са смешнай музыкі — без асаблівай стылістыкі, ну нешта накшталт лёгкага... Pink Floyd. Скончылі электрасвінгам. Нашы галоўныя хіты “Швэдар з аленямі” і “Плаўкі ціснуць” “вырвалі” мозг у мільёнаў слухачоў “Радыё Шансон” у Расiі. Я люблю наш з Пятром праект таму, што гэта такая сапраўдная, крышталёва шчырая поп-музыка. У нас ёсць песні пра прынцэсу Дыяну, космас, Амстэрдам і багемнае жыццё. Думаю, я першы паэт-песеннік у свеце, які напісаў песню, дзе ў тэксце згадваецца мультыварка.

Ёсць некалькі сумесна напісаных песень з аршанскiм гуртом “Пани Хида”. У праектах “Слухаць у слухаўках” і N.O.I.R. / STERN усе песні на мае вершы. А вось з Ромам Арловым з “У нескладовае” мы больш не працуем — нешта пайшло не так. Хаця праект гэты мне падабаецца дагэтуль.

— Твой напарнік па праекце “Либерзон и Штерн” сёння грае ў рэспектабельным, хаця і вар’яцкім гурце “Кассиопея”. Ці падтрымліваеш з ім зносіны?

— Будзеш смяяцца — некалькі тыдняў таму я напісаў для яго тэкст. Саша Ліберзон неяк сказаў, што “завіс” трэк, тэксту няма. Даслаў мне “дэмку”, я напісаў словы і адправіў. Але Саша ўжо да таго часу сам усё зрабіў. Вось, смяешся... Але я не моцна знерваваўся. Можа, Пеці Прывiну адпраўлю гэты тэкст.

— А памятаеш самы першы табой напісаны верш? Я свой, складзены гадоў у 12, фрагментарна памятаю — жах нейкі, але бацькі слязу пусцілі, калі я ім яго прадэкламаваў.

— І я памятаю! Здаецца, гэта было ў Даўгаўпілсе. Мы гулялі ў нейкі імправізаваны КВК, і я хутка напісаў вершык у стылі Пушкіна. У зале сабралася вельмі шмат людзей, і мне, інтраверту, было цяжка дэкламаваць пры такім збегу публікі. І мне тады было таксама 12!

Што сніцца ў Рэхавоце

— Якое яно — ізраільскае радыё?

— Гэта вялікая свяшчэнная карова. Нават з улікам татальнага інтэрнэту і мабільнікаў у нас слухаюць эфір. У кожнага ёсць любімая станцыя. У мяне ўвесь час працуе радыё KAN 88 FM — гэта проста крута! Там вельмі тонкі змяшаны фармат: ізраільскі рэпертуар чаргуецца з міжнародным. Можна пачуць шмат цікавага, а галоўнае — гэта такое як бы “слоўнае” радыё. Там шмат словаў.

Руская станцыя, на якой я працаваў, — “Першае радыё” — класічная FM-станцыя. Я там займаўся навінамі і рабіў некалькі спецыяльных праектаў. Мне наогул было ў Ізраілі прасцей укараняцца, чым шматлікім іншым прыбышам. Я прыехаў сюды пасля мiнскай FM-школы “Радыё Бі-Эй”. Усё мог, усё ўмеў...

А наогул, радыё для мяне — гэта поўная містыка! Сядзіш адзін у студыі, а размаўляеш з мільёнамі! Нават вось цяпер я перыядычна трапляю ў эфір маскоўскага “Камерсант FM”. І ў мяне ёсць прапанова ад адной мiнскай станцыі зрабіць беларускамоўны праект.

— А ізраільскае тэлебачанне як бы ты ахарактарызаваў?

— Ізраільскае ТБ, як і радыё, таксама крутое! У мяне і ў планах “тэліка” не было, але я ўжо 12 гадоў працую на 9 канале. І гэта сапраўды нешта! Пастаянны адрэналін, навіны 24 гадзіны ў суткі. І проста цудоўныя людзі вакол. Камфортней з пункту гледжання працы мне было толькі ў Мінску на Першым музычным канале. Але і тут нерэальна крута.

— Якім сваім тэлевізійным матэрыялам ганарышся больш за ўсё?

— Мне ўсё падабаецца ў працэсе. Потым я разумею, што вось тут і тут можна было лепш, а гэтага не трэба было. Цяпер я заканчваю вельмі вялікі праект, які разам з калегамі рабіў амаль два гады: “Яўрэйская энцыклапедыя”. Гэтакі National Geographic. Мы знялі 52 серыі па запаведзях Торы, юдаізме і яўрэйскіх традыцыях. А чым я ганаруся... Успамінаю нейкія сюжэты, вядома.

— Беларускія артысты да вас даязджаюць?

— Даволі рэдка. З апошніх — гурт “Серебряная свадьба”, канцэрты якога прайшлі з аншлагамі. (Дарэчы, Света Бень — гэта другі любімы выканаўца маіх дзяцей: песню “У гаражы ў дзядзькі Віці” яны вывучылі на памяць). Рэпатрыянты, вядома, ведаюць “Ляписа Трубецкого” і з задавальненнем некалі хадзілі на выступы Паплаўскай і Ціхановіча. Неяк Эдуард Ханок прыязджаў. Але, думаю, “карэнныя” ізраільцяне амаль нічога не ведаюць пра Беларусь наогул. Можа, і чулі назву краіны, але дзе яна знаходзіцца, не ў курсе. І гэта вельмі крыўдна.

— У пачатку 2000-х у музычнай культуры была цэлая мінская мафія — у добрым сэнсе слова. Яўген Калмыкоў — як прадзюсар, Анатоль Вечар — як кліпмэйкер, Віталь Чыжоў і Уладзімір Шаблінскі — як клубныя прамоўтары, той жа Віталь і ты — як стваральнікі Першага музычнага канала, Барыс Штэрн паасобку — як радыёвядучы і альтэрнатыўны музыкант...

— Ну якая мафія? Проста, мы сябравалі — з кімсьці больш, з кімсьці менш, дапамагалі адзін аднаму — стараліся, як мінімум. Мафія — гэта ж такі грандыёзны механізм. А беларуская андэрграўндная культура 1990-х і нулявых — ніякі не механізм. Набор хаатычных рухаў. Але калі ты пытаешся пра нейкі агульны дух і агульную справу, то, пэўна, яны былі. Я, дарэчы, амаль з усімі з твайго спісу і дасюль маю зносіны. Так што мы да гэтага часу мафія!

— Сумуеш па тых часах, калі вы кідалі каменьчыкі ў “застаялае балота” эстраднай музыкі?

— Шчыра? Не. Не сумую. Праўда, вельмі іх люблю. Але пра каменьчыкі — гэта ты занадта гучна сказаў. З прычыны крызісу сярэдняга ўзросту і пераацэнкі каштоўнасцяў я часцяком думаю: а вось як яно было ў нас тады на самой справе? І зазвычай адказ такі: смешна. Часам з надрывам, але смешна і весела.

— Мінск сніцца? І калі прыпрэ, усё кідаеш і зрываешся на радзіму?

— Вядома, сніцца. Не часта, аднак сніцца! Любімы горад, як-ніяк. Інтэрнэт дапамагае ў зносінах, і гадзінку прагаварыць з Пугачам або Калмыковым цяпер не праблема. Або цэлы дзень перапісвацца з Памідоравым — Санечка мне чамусьці часцей за ўсіх сніцца. Але я не чалавек крайнасцяў, таму нікуды не зрываюся. Хаця, вядома, заўсёды гатовы прыехаць. Часам арганізоўваю сабе віртуальнае падарожжа: прыдумляю маршрут у галаве і пачынаю па ім перамяшчацца. Бывае вельмі пацешна. Потым прыязджаеш у Мінск — а тут усё інакш. Але настальгія — гэта рэальнасць для ўсіх, хто з’ехаў. Людзі так створаныя.

Фота Ігара ГАРЭЛІКА


Даведка

Барыс ШТЭРН, 47 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Мінскі політэхнічны тэхнікум (цяпер каледж). Працаваў радыёвядучым на “Радыё Бі-Эй”, узначальваў піяр-службу кампаніі “Бульба-рэкардз”, адзін са стваральнікаў Першага музычнага канала. Былы ўдзельнік ВІА D.P.S., The Laboratory, “Каратэ”, дуэта “Либерзон и Штерн”. З 2003 года жыве ў Ізраілі ў горадзе Рэхавот, працуе вядучым і рэдактарам праграм на 9 канале ізраільскага тэлебачання.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"