Хворыя на бортніцтва

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Іван Восіпаў — апошні лоеўскі бортнік. Адначасова і першы: больш у раёне бортнікаў не засталося. Малады мужчына адраджае промысел свайго роду, якім у ягонай сям’і ўжо даўно ніхто не займаецца. Нават яго дзед толькі збіраў мёд дзікіх пчол, а сваіх борцяў не трымаў. Іван жа вырашыў аднавіць даўнюю традыцыю фактычна з нуля — і здзейсніў сваю мару.

/i/content/pi/cult/711/15560/9.JPG“Братэрства босых”

Зрэшты, у суседніх раёнах Гомельскай вобласці дагэтуль шмат дзе можна напаткаць у лесе калоды з пчоламі. Дый па ўсёй Беларусі іх не так і мала. Проста, ведаюць нашы суайчыннікі пра бортніцтва няшмат — і ёсць на тое свае прычыны. Таму навіна, што летась у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны трапіла “Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці”, шмат каго здзівіла.

Іван Восіпаў — не толькі адзін з рупліўцаў бортніцкай справы, але і яе даследчык. А для папулярызацыі промыслу і яго развіцця ён нават арганізаваў грамадскае аб’яднанне “Братэрства босых бортнікаў”. Чаму босых? Хай гэта будзе адной з таямніц саміх бортнікаў.

Інтарэс да сівой даўніны ў яго паходзіць з дзяцінства, калі ў родную Іванаву вёску Абакумы, утоеную ў запаведным міжрэччы Дняпра і Сожа, прыехалі археолагі. Хлапчука навукоўцы ўразілі.

— Гадоў у 12 — 13 я пачаў цікавіцца гісторыяй сваёй вёскі, збіраць прыказкі-прымаўкі, мясцовыя паданні і легенды, вывучаць мікратапаніміку, складаць слоўнік роднай гаворкі, — распавядае ён. — Мяне цікавіць усё, што тычыцца мінулага Абакумаў: і якія танцы танчылі, і што гатавалі, і як чаравалі, і ўвогуле кожная дробязь: дзе хто жыў, дзе хто пахаваны. Захапляюся гэтым вось ужо дваццаць гадоў.

Але сапраўднай жарсцю для Івана стала пчалярства. Нават не проста пчалярства, а лясное бортніцтва. У рукі трапіла кніга даследчыкаў і папулярызатараў гэтай справы Станіслава Цярохіна і Уладзіміра Гуркова “Занятие издревле благородное”, з якой і пачаўся самастойны шлях у пошуку сваіх каранёў.

Патрапіць у “касту”

Унясенне палескага ляснога бортніцтва ў спіс нематэрыяльных ГКК — далёка не першы праект, звязаны з гэтым промыслам, у якім Іван Восіпаў браў непасрэдны ўдзел.

— Калі мне было гадоў дваццаць, я ўсвядоміў, што тэма бортніцтва мяне не проста цікавіць — мне карціць спазнаць пра яе ўсё! Ні ў часопісах, ні ў газетах шмат інфармацыі адшукаць не ўдавалася, было хіба пару кніг. А калі з’явіўся інтэрнэт, я вырашыў, што можна такім чынам папулярызаваць сваю справу. Зрабіў у сеціве старонку, прысвечаную бортніцтву, куды збіраў усё, што мог — артыкулы і фатаграфіі з энцыклапедый, слоўнікаў, газет, як цяперашніх, так і вельмі старых. І на нейкім этапе зразумеў, што ёсць іншыя людзі, якія пераймаюцца гэтай тэмай — хаця агулам нас няшмат. Гадоў, можа, з пяць я займаўся тэорыяй, але потым закарцела і да практыкі перайсці. І гэта было няпроста. Кнігі дазваляюць зразумець сутнасць, аднак жа навучыцца рамяству ці /i/content/pi/cult/711/15560/10.JPGпромыслу можна толькі тады, калі іншы /i/content/pi/cult/711/15560/11.JPGчалавек табе перадасць сваё майстэрства.

У экспедыцыі 2014 года Іван пазнаёміўся са спадчынным бортнікам Васілём, які і прыняў яго ў сваю “касту”. Наогул, гэтая супольнасць і дагэтуль адна з самых закрытых, таму чужому трапіць у яе амаль немагчыма. Але Івану пашчасціла.

Гэта, вядома, быў толькі першы крок. Навучанне промыслу вымагае заўсёднага пашырэння сваіх ведаў, засваення чагосьці новага: дзе якія расліны растуць, якія з іх медадайныя, а якія не, якія жывёлы могуць нанесці шкоду борцям, як пчолы пераносяць капрызы надвор’я...

— Калоды — гэта ж не рамкавыя вуллі, што стаяць на тваім падворку. Борці ў цябе разнесеныя па ўсім лесе, — распавядае спадар Іван. — І ты мусіш памятаць, дзе якая з іх стаіць, як там ідзецца з пчоламі, дзе чаго падрамантаваць, падладзіць трэба. Гэта ўсё неабходна трымаць у галаве.

Пчол шкада

Сапраўды, бортнікамі не нараджаюцца, а становяцца. Прынамсі, у гэтым упэўнены ўсе майстры сваёй справы. І каб стаць сапраўдным бортнікам, трэба прайсці выпрабаванні — насамрэч працэс ініцыяцыі.

— Бацька прыводзіць сына ў лес да дрэва з калодай і кажа “Залазь і даглядай сваю першую калоду!” — распавядае Іван. — А калі сын падымаецца і пчолы пачынаюць яго джаліць, бацька прыціскае лязіва — адмысловую вяроўку-лябёдку для пад’ёму, — і не дае сыну спусціцца. Саскочыць не саскочыш — метраў 8 — 10 вышыні! Сын пачынае крычаць, каб бацька яго спусціў, але той адказвае: “Ты супакой пчол спачатку!” І калі ён супакоіць іх дымам і сам не пералякаецца, то з гэтага часу і становіцца ўжо бортнікам. Гэта першая ягоная калода, першыя пчолы. Яшчэ я ведаю такое выпрабаванне: дрэвам, на якіх ставілі калоды, ссякалі верхавіну, каб іх не паваліла бура. І там утваралася пляцоўка на вышыні 10 — 20 метраў. Каб бортнікам лічыцца, трэба было на тую пляцоўку стаць двума нагамі ва ўвесь рост і так пастаяць… Магу сказаць, што нават калі і не баішся вышыні, гэта вельмі страшна.

Наогул жа, працэс навучання цягнецца і па 20, і па 30 гадоў. Яшчэ ў падлеткавымі веку дзеці пачынаюць дапамагаць бацькам. Але пакуль майстар здатны сам рабіць сваю справу, маладняк застаецца ў вучнях. Калі ж чалавек ужо “навучаны”, тады яму перадаюць калоду: “Вось твае пчолы — ты ўжо ведаеш, што рабіць”. Бывае, і на вяселле могуць падарыць — у некаторых нашых вёсках такі прэзент і дагэтуль лічыцца каштоўным.

— Было вяселле гадоў пяць таму ў дачкі бортніка, і той свайму зяцю падарыў ажно тры калоды, — дзеліцца ўражаннямі спадар Іван. — Як па мне, то гэта ж цэлы скарб!

Шмат хто з цяперашніх бортнікаў на пачатку і не думаў займацца такой справай. Але калі ў спадчыну атрымалі борці — адразу ж браліся. На пытанне “Чаму?” адказваюць не задумваючыся: “Мне стала шкада пчол! Бацька мой ставіў калоду, дзед ставіў… Яны іх даглядалі — хто ж цяпер будзе?”

І ў гэтым — асаблівасць бортніцтва. Як тлумачыць даследчык, шмат хто з рупліўцаў ляснога промыслу можа нават толкам і не ведаць, колькі мёд каштуе. Дый ляснога мёду асабліва шмат не назбіраеш. Уся справа тут — не ў прыбытку, а ў самой любові да пчол, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Нават звычаёвае права сярод бортнікаў дагэтуль жыве:

— Чытаеш Статут ВКЛ, дзе ёсць артыкулы пра пчол, глядзіш на сённяшніх бортнікаў — і разумееш, што яны дагэтуль паводле тых законаў жывуць. Карыстаюцца няпісанымі правіламі, сваім уласным звычаёвым правам — дзе каму што можна рабіць, а чаго нельга. Гэтае права жыве ў іх унутры, — працягвае бортнік. — Вельмі кепска ставяцца да людзей, якія псуюць борці і шкодзяць пчолам — выдзіраюць іх альбо крадуць мёд. І калі дзецям могуць такое дараваць, пажурыўшы іх трохі, то даросламу — не. Цяпер, вядома, не стануць надта жорстка помсціць, а вось раней маглі, напрыклад, і прыбраць лязіва ці астроў — адмысловыя драбіны такія. Тады проста так з дрэва не злезеш, і злодзею даводзілася скокаць. І ногі ламалі, застаючыся калекамі на ўсё жыццё, і забіваліся нават…

Вёска, апантаная традыцыяй

Калі Іван Восіпаў ужо меў пэўны досвед у лясной справе, да яго звярнулася вядомая руплівіца на ніве нематэрыяльнай спадчыны Рэгіна Гамзовіч з прапановай далучыцца да экспедыцыі ў Лельчыцкі раён. Ёй быў патрэбны праваднік у той патаемны свет бортніцтва.

— Вядома, я пагадзіўся, хаця ў мяне быў нейкі скепсіс — ну што я там новага магу даведацца, бо ўжо ж столькі вычытаў. Але калі мы трапілі да людзей, якія займаюцца традыцыйным бортніцтвам, адразу зразумеў, што насамрэч яшчэ мала ведаю. Бо напісанае ў кнігах — гэта адно, а сапраўднае жыццё — іншае.

Для афармлення справы ў Інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі падчас той экспедыцыі было падрыхтавана ледзь не 500 старонак палявога матэрыялу, запісана амаль 15 гадзін відэа- і аўдыёінтэрв’ю, складзены слоўнік бортнікаў. Прычым ахапіць удалося далёка не ўсіх прадстаўнікоў той “касты”.

— Неяк мы патрапілі ў вёску, дзе ўсе — бортнікі! — распавядае спадар Іван. — Зусім невялічкая вёсачка, там чалавек 15 хіба засталося. Рознага веку, шмат хто з іх не раз падаў з дрэваў… Але нічым іх не суняць! “Ну, хворыя мы на гэтае бортніцтва!” — казаў адзін. — Не можам інакш. Толькі са шпіталя выйду - адразу лезу зноўку. Не магу і дня пасядзець…”

Адно з самых складаных і спрэчных пытанняў пры падрыхтоўцы дакументаў ў Інвентар НКС тычылася аўтэнтычнасці ляснога бортніцтва Беларускага Палесся. Сённяшнія яго прадстаўнікі далёка не заўсёды карыстаюцца тымі пяшнямі і скоблямі, скуранымі лязівамі і традыцыйнымі зубелямі-курадымамі, што былі на ўзбраенні іх продкаў. Прагрэс не стаіць на месцы, і калоды нярэдка вырабляюць бензапілой, а ўздымаць іх на дрэва дапамагае механічная лябёдка ці нават трактар. Але сутнасць засталася тая самая, упэўнены даследчык.

— Пытаемся ў бортнікаў пра новыя інструменты, а яны адказваюць: “Ну, буду я два дні рабіць калоду, а не за дзень яе падрыхтую — у чым розніца?” Не гэта галоўнае, а тое, што ён падтрымлівае запачаткаваную прадзедамі традыцыю. І ўкладае ў яе той самы сэнс. Таму смела можна сцвярджаць: промысел не толькі захаваўся — ён дагэтуль жыве і нават развіваецца.

І гэтая акалічнасць нават стварае пэўныя праблемы для даследчыкаў. Бы ў вядомай баладзе Стывенсана, бортнікі часта наўпрост кажуць: чужаніцам мы сваіх сакрэтаў нізавошта не раскажам — яны толькі ў спадчыну перадаюцца ад аднаго майстра да другога.

— Я тады хітрую: “Дык слухайце, нам тут ужо адзін дзед усё распавёў: скажам, як вызначыць дуб, які падыходзіць да пчол”, — кажа спадар Іван. — А людзі смяюцца: не сакрэт гэта, яго ўсе і так ведаюць! Сапраўдны ж сакрэт у тым, як пчол прывабіць і як зрабіць, каб яны жылі ў тваіх калодах. Падыход да іх, знайсці, так бы мовіць. А гэтую таямніцу вам не выдасць ніхто!

Бліжэйшыя планы лоеўскага бортніка даволі амбітныя. Найперш — падрыхтоўка (зразумела, разам з калегамі) сумеснага з польскім бокам дасье з умоўнай назвай “Бортніцтва Усходняй Еўропы” для ўключэння гэтай намінацыі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.

— Так, хочацца рушыць далей, — прызнаецца ён.— І калі ты разумееш, што гэта каштоўнасць не толькі супольнасці саміх бортнікаў ці нават усёй Беларусі, дык прыходзіш да высновы: трэба выходзіць і на міжнародны ўзровень. Амаль адразу пасля абароны праекта па ўключэнні ў Дзяржспіс ГКК ляснога бортніцтва Беларусі наша працоўная група распачала працу па ўнясенні яго і ў спіс НКС усяго чалавецтва. Галоўная мэта ў нас — зусім не гонар і слава. Проста, мы хочам захаваць сваю традыцыю. Калі мы, бортнікі, самі гэтага не зробім — то нічога не адбудзецца. Нікога ж сілком на дрэва лезці не прымусіш.

Фота Ксеніі СЯМАШКА