Ідэя, што замуроўвае гісторыю?

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

На гэтым тыдні на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце пры галоўным архітэктары Мінска разглядаўся праект ландшафтнага дызайну тэрыторыі каля Палаца спорту. Неўзабаве ў сеціве з'явіліся і рэндары, адразу ж стаўшы тэмай для грамадскага абмеркавання. Далучымся да яго і мы.

/i/content/pi/cult/711/15558/opt.jpegДызайнеры папрацавалі нядрэнна: клумбачкі, лавачкі, утульныя закуткі, аточаныя зелянінай… Дзе-небудзь ва Уруччы або Курасоўшчыне ўсё гэтае немудрагелістае хараство было б цалкам дарэчы. Але ж дадзены лапік зямлі — паміж праспектам Пераможцаў ды ракою — для Мінска асаблівы. Менавіта на ім наш мегаполіс у свой час і зарадзіўся.

Пра музеефікацыю Мінскага замчышча гутарка вялася не адно дзесяцігоддзе. Архітэктары з гэтай нагоды зламалі не адну дзіду аб шчыт апанента. Палкія дыскусіі, што разгарнуліся ў свой час на старонках “К”, выяўлялі розныя канцэптуальныя падыходы да выкарыстання дзённай паверхні — ад рэканструкцыі цэлых кварталаў ХІХ стагоддзя і да ненавязлівага ландшафтнага дызайну. Аднак адносна сэрца музейнага комплексу ва ўсіх спецыялістаў быў поўны кансэнсус.

Ніхто нават не сумняваўся, што ключавым на гэтым лапіку аб’ектам мае стаць падземны археалагічны амфітэатр, які б дазволіў усім ахвотным у літаральным сэнсе апусціцца ўглыб мінулага і на свае вочы ўбачыць арыгінальныя вулачкі Менеска першых стагоддзяў яго існавання. Выяўленыя археолагамі яшчэ за савецкімі часамі, яны і дасюль чакаюць нашай увагі ў нетрах зямлі. Не раз здавалася, што вось-вось — і ўжо дачакаюцца. Але раптам нешта ішло не так.

Не, музей у згаданай архітэктурнай распрацоўцы таксама прадугледжаны — у Доме фізкультурніка, які некалі ўжо былі выраклі на знос, вырашыўшы ахвяраваць ім дзеля комплексу Замчышча. Але кожнаму зразумела, што ніякая экспазіцыя ў “прыстасаваным памяшканні” не здатная замяніць аўтэнтычныя артэфакты ў родным для сябе асяроддзі — доступ да іх і планавалася адкрыць у археалагічным амфітэатры. А вось пра яго распрацоўшчыкі ландшафтнага праекта,
падобна, нават і не думалі.

На адным з рэндараў можна ўбачыць шкляны навес па-над падмуркамі першай мінскай царквы — мяркуючы па ўсім, каб зрабіць іх даступнымі для сузірання. Але пагадзіцеся, гэта не надта важкі аргумент супраць таго, каб прызнаць відавочнае: даўняя і афіцыйна ў свой час прызнаная ідэя музеефікацыі замчышча рашуча адпрэчаная на карысць плітачкі і кветачак!

Думаю, у плане развіцця турыстычнага патэнцыялу Мінска, а таксама і ў справе патрыятычнага выхавання, гэта не проста дрэнна. Гэта — катастрофа! Для горада, дзе найстарэйшы з ацалелых будынкаў датуецца ўсяго толькі пачаткам XVII стагоддзя (ды і ацалела зусім няшмат), такі аб’ект, як Мінскае замчышча, не толькі важны — ён найважнейшы. Дзякуючы яму відочная гісторыя Мінска пашыраецца на добрую палову тысячагоддзя! І таму для ўвасаблення гэтага праекта ў жыццё варта было б сканцэнтраваць усе рэсурсы. Ён мае быць у прыярытэце.

Так, археалагічны амфітэатр — гэта куды даражэй за плітачку і кветачкі. Але хіба тыя выдаткі не апраўданыя? Няўжо цэлая сотня новых рэкрэацыйных зон (натуральна, я не кажу, што яны не патрэбныя) заменіць гэты звышпрыцягальны для турыстаў і сімвалічны для мінчукоў аб’ект? Не, бо яго не заменіць нішто!

І дзівіць толькі адно: чаму мы, мінчукі, гэтага не разумеем?

Без сумневу, прадстаўлены праект увойдзе ў гісторыю айчыннага дызайну як адлюстраванне канцэпцыі “танна, але прыгожа”. Скажам, яго стваральнікі прапануюць насыціць прастору малымі архітэктурнымі формамі за кошт бізнесу, які атрымаў бы магчымасць такім чынам сябе рэкламаваць. Ідэя выдатная — для паркаў у нашых мікрараёнах. Вырабляеш ты, напрыклад, малако. Дык чаму б табе не зрабіць вялікую бронзавую карову са сваім лагатыпам і не ўсталяваць яе за свой кошт на колішнім дзядзінцы Менеска? Усе тады будуць задаволеныя. І не трэба траціць бюджэтныя сродкі на памятны знак, прысвечаны бітве на Нямізе, эскізныя варыянты якога даўно пыляцца ў майстэрнях скульптараў.

Бітва на Нямізе? Не, не чулі…