“Калі не прадзюсарства, тады што?”

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Пра тое, што некаторыя кінапраекты маладых беларускіх аўтараў маюць вялікі патэнцыял, сведчаць добрыя водгукі на замежных пітчынгах. Нядаўняя выпускніца БДАМ Марыя ЯГОРАВА — прадзюсарка, якая працуе з рэжысёрам Любай Зямцовай. Іх стужкі “Месца кахання” і “Выхаванне Арцёма” на экран пакуль не выйшлі, але ўжо атрымалі пахвалу замежных экспертаў і нават фінансавую падтрымку. У працяг тэмы па кінавытворчасці мы гутарым з Марыяй пра важныя знаёмствы, прадзюсіраванне як стыль жыцця і пра два праекты, якія глядач яшчэ не бачыў.

/i/content/pi/cult/710/15551/17.JPGЯк “падымаць кіно”

— Калі я паступала на прадзюсіраванне ў Акадэмію мастацтваў, там адразу сказалі, што мы прыйшлі падымаць беларускае кіно. Мы былі не супраць, але ніхто з нас, па сутнасці, не ведаў, як гэта рабіць. Нам далі ўводзіны ў справаводства, распавялі, як складаць каляндарныя планы, бюджэт… Гэта асноўная праца лінейнага прадзюсара, якой я займалася, калі ў 2015 годзе рабіла кароткаметражны фільм “Пад кронамі дрэў” (рэжысёр Ігнат Качан). Тады ў мяне была пэўная стратэгія, я ведала, што мне патрэбна і каму лепей з той ці іншай патрэбы патэлефанаваць. Каманда сабралася вельмі добрая. Гукарэжысёра знайшлі выпадкова, але хутка з ім вельмі пасябравалі. А ў яго дзядзькі была мара праспансаваць нейкі фільм, і ён даў нам грошы, якіх хапіла на механіку камеры, асвятляльніка і іншыя рэчы.

У Акадэміі я вучылася на падвоенай спецыяльнасці “Кінакрытыка і арганізацыя кінавытворчасці”. Спачатку хацела пісаць пра кіно, аднак потым падчас вучобы да мяне пачалі звяртацца знаёмыя студэнты з просьбай дапамагчы на здымках. Часцей за ўсё трэба было знайсці рэквізіт, дастаць абсталяванне. У выніку займалася больш куратарскай працай. Так зрабіла музычны кліп і некалькі кароткаметражак.

На апошнім курсе я пазнаёмілася з Любай Зямцовай. Мы проста тусаваліся разам, і я нават не ведала, што потым нас звяжуць два вялікія праекты. У 2015 годзе яна прыехала са здымак свайго першага праекта “Месца кахання” і была вельмі ўзрушаная, казала, што атрымліваецца сапраўднае кіно. Аднак потым з’ехала вучыцца ў варшаўскую школу Анджэя Вайды і адзняты матэрыял пакінула на год. Люба хацела са сваім фільмам выйсці на міжнародны рынак, а ў мяне была добрая аглійская мова і нейкі досвед. Так і сышліся.

Спачатку я працавала толькі над “Месцам кахання”, аднак потым рэжысёрка прынесла новы відэаматэрыял, які перарос у доўгатэрміновы праект “Выхаванне Арцёма”. Атрымалася, што мы адначасова запусцілі два складаныя праекты.

Уводзіны ў прадзюсіраванне

/i/content/pi/cult/710/15551/18.JPG— У 2016 годзе мы выступілі ў Мінску на пітчынгу B2B Doc — гэта каманда, якая выводзіць постсавецкіх кінематаграфістаў на міжнародную платформу, каб яны прадстаўлялі свае фільмы, уступалі ў капрадукцыю з іншымі прадзюсарамі. Для мяне ён стаў толькі ўводзінамі ў свет прадзюсіравання. Ужо потым я даведалася пра міжнародныя фонды: дзе шукаць пра іх інфармацыю, куды падаваць заяўкі. Я ад пачатку разумела, што працаваць з дзяржаўнымі грашыма мне будзе вельмі складана. Дый мне іх ніхто не дасць як прадзюсару без фільмаграфіі! І таму шукала ўсе магчымасці для таго, каб атрымаць падрымку за мяжой.

Меладрама ў нязвыклым месцы

— “Месца кахання” — тая самая стужка, над якой пачала працаваць Люба ў 2015 годзе. Тады яна пазнаёмілася з выхаванцамі спецыялізаванага інтэрната з асаблівасцямі развіцця. Паміж маладымі людзьмі пачала разыгрывацца сапраўдная драма, якая і патрапіла ў аб’ектыў Любы. Стужка цікавая яшчэ і тым, што ў ёй няма ніякіх згадак пра інваліднасць: усе героі дзейнічаюць у нейкіх жанравых рамках, ёсць цікавыя любоўныя перыпетыі, разборкі. І гэта ўсё робіцца без насмешкі або шкадавання!

Матэрыял, які Люба адзняла спачатку, стаў паловай усёй стужкі. З “Месцам кахання” мы прайшлі вельмі істотны воркшоп Ex Oriente Film Workshop у розных гарадах Еўропы, а потым аўтаматычна трапілі на пітчынг East Doc Platform. Дарэчы, наша стужка стала першым беларускім праектам, адабраным на гэты майстар-клас за ўсю 15-гадовую гісторыю яго існавання. На гэтым шляху нам вельмі дапамог Мікалай Лаўранюк — дырэктар кінакампаніі "Ілюзіён" , які зрабіў за нас унёсак. Дзякуючы гэтаму мы і патрапілі на майстар-клас.

Пасля пітчынгу да нас падыходзіла шмат людзей, у асноўным прадстаўнікі фестываляў. Аднак на справе нам дапамог толькі тэлеканал “Настоящее время”. Тады яны выдаткавалі грошы на “Месца кахання” і на круты расійскі праект пра дамы культуры. Рэдактар праграмы канала Наталля Аршанская калісьці прыязджала ў Мінск на фестываль “Паўночнае ззянне”, і ёй вельмі спадабалася наша ідэя. Яна ж параіла нам і мантажора — гэта дзяўчына, якая працавала з Атарам Іаселіяні і Фрэнсісам Копалай! Калі прафесіяналы бяруцца за матэрыял, адразу рука адчуваецца.

Цяпер наша стужка знаходзіцца на этапе постпрадакшана, засталося толькі звядзенне. А прэм’еру плануем зрабіць сёлета на Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме. Зусім хутка я падам дакументы на Берлінскі кінафестываль, спадзяюся таксама, што мы пройдзем, на фестываль незалежнага кіно Sundance у Амерыцы і шмат іншых.

З верагоднасцю ў 99 працэнтаў мы не будзем паказваць “Месца кахання” ў Мінску, бо гэта пазіцыя Любы. Яна баіцца, што бацькам нашых герояў не спадабаецца фільм. Зрэшты, пакажа час.

Несканчальная гісторыя Арцёма

— Падчас здымак “Месца кахання” ў тым жа горадзе Люба паздымала дзяцей у інтэрнаце. На камеру яны распавядалі з усмешкай пра свае лёсы, пра бацькоў, якія іх пакінулі. А потым у аб’ектыў трапіў Арцём і раптам пачаў чытаць рэп “Моя судьба, моя судьба...” Мы вельмі здзівіліся, калі ўбачылі, што гэты хлопчык у свае дзесяць гадоў быў абсалютна не сацыялізаваны. Яго забралі з сям’і ў тры гады, сем гадоў пражыў у інтэрнаце.

Выйсці з гэтай сітуацыі яму дапамог патранатны бацька Валера — вядомы ва ўсім горадзе музыка і драматург, якому калісьці на заводзе адарвала руку па локаць. Пасля гэтага Валера пераасэнсаваў сваё жыццё, пачаў працаваць валанцёрам у дзіцячым лагеры, аднак хлопчыка ўсынавіць так і не змог, бо сам лічыцца інвалідам.

Раней Арцёма спрабавалі ўзяць іншыя сем’і, але дні праз тры ад яго адмаўляліся. І толькі Валеры ўдалося знайсці з хлопчыкам агульную мову. Яны вельмі прывязаны адзін да аднаго, і менавіта іх крохкую камунікацыю мы спрабуем адлюстраваць у нашым фільме.

Мы працягваем здымаць, гісторыя не скончаная. Хаця шмат што змянілася: інтэрнат закрылі, хлопчыка перавезлі за 220 кіламетраў ад Валеры ў Мсціслаў, дыягназ “Затрымка псіхічнага развіцця” знялі, але паставілі іншы — "цяжкасці ў навучанні". Гэта стужка пра гісторыю сталення ў жанры coming of age. Пакуль плануем выпусціць на пачатку 2020 года хранаметражам прыкладна ў 70 хвілін. Аднак ужо сёння здаецца, што яна атрымаецца даўжэйшай.

Не ўрывацца ў прастору дзеяння

— Пасля пітчынгу на Baltic Sea Docs мы знайшлі польскага супрадзюсара. Але ж грошай нам не далі, паколькі праект палічылі надта доўгаграючым. На форуме да нас шмат хто падыходзіў і гаварыў прыемныя рэчы: прадстаўнікі каналаў з Эстоніі, Чэхіі, нават BBC stories. Чэшскі рэдактар казала, што гэтая стужка “фікшн-нон-фікшн” — то бок гісторыя, якая магла быць прыдуманай, але развіваецца ў рэальным жыцці. І трэба не адыходзіць ад абсервацыі, не ўрывацца ў прастору дзеяння.

Усе гавораць: “Добры фільм, але мы не ведаем, як дапамагчы”. Маўляў, трэба, каб была прывязка да іншай краіны. Аднак жа многія фільмы маюць фінансаванне з той краіны, прывязкі да якой яны ўвогуле не маюць.

Але галоўнае — мы паездзілі па свеце, прымільгаліся.

адключыцца ад эмацыйнага

— Я лічу, што “Выхаванне Арцёма” трэба паказаць у Беларусі. Увогуле, гэта не змрочны фільм: там ёсць бацькоўская любоў, якая прысутнічае ў кожным кадры. У некаторыя моманты можна нават паплакаць. Але я, па шчырасці, не вельмі прасякаюся такімі рэчамі: бачу, канешне, што жахліва, але эмацыйна не ўключаюся. У першую чаргу, гэта не сацыяльны праект, а аўтарскае дакументальнае кіно на вельмі важную тэму. Толькі адзін раз я прасякнулася — калі з’ездзіла да гераіні Волі з “Месца кахання” ў кватэру, дзе яна жыве з маці і маленькімі братамі і сёстрамі. Маці была ў вельмі дрэнным стане, вакол бегалі брудныя дзеці, праз аднаго, як і Воля, хворыя на эпілепсію. Бачыць гэта было вельмі цяжка.

Сумневы яшчэ засталіся

— Цяпер я — намеснік дырэктара здымачнай групы на “Беларусьфільме”, працую на студыі “Летапіс”. У бліжэйшых планах — прасоўванне яе дакументальных стужак за мяжой. Дакладна ведаю, што ніхто, акрамя мяне, такога не зробіць: я разумею, як гэта працуе, і ў мяне ёсць пэўныя сувязі. У нашай краіне прасоўваннем займаецца толькі Воля Чайкоўская, можа, яшчэ Наста Мірашнічэнка і Максім Швед.

Я часта сумняюся ў тым, што гэта мая прафесія, але чамусьці мяне сюды занесла. Калісьці на Baltic Sea Docs адзін прадзюсар казаў: “Я вельмі добра цябе разумею, у мяне такія самыя праблемы, і кожны раз — новыя цяжкасці”.

Для мяне два гады супрацоўніцтва з Любай сталі часам інтэнсіўнай працы. Цяпер планую паехаць вучыцца ў кінашколу FAMU у Чэхіі, але хачу працаваць толькі з дакументальным кіно, пра ігравое нават і не задумваюся.

Я не ведаю, што будзе далей, аднак таксама не магу дакладна адказаць на пытанне “Калі не прадзюсарства, тады што?” Калі застануся ў гэтай прафесіі, то абавязкова здыму фільм пра беларускую хіп-хоп культуру, пра людзей, якія робяць рэп. Я нават ужо ўяўляю, як гэта можна зрабіць.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"