Свята ў Ракаве

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

У Ракаве ў трэці раз прайшоў фестываль культур “Ракаўскі фэст”. Старадаўняе мястэчка, размешчанае непадалёк ад Мінска, у гэты дзень ізноў стала сапраўднай турыстычнай Мекай.

/i/content/pi/cult/710/15550/16.JPGУ Ракаве здаўна цесна пераплецены культуры розных народаў. Сярод яго жыхароў былі беларусы, рускія, палякі, яўрэі, літоўцы… Таму галоўная ідэя Ракаўскага фэсту паказаць полікультурны характар беларускага мястэчка.

Ля вытокаў ідэі правядзення фестывалю быў ансамбль педагогаў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ars Longa, які атрымаў Гран-пры на фестывалі-конкурсе песень Ганны Герман “Эўрыдыка”. Так пачалося творчае супрацоўніцтва аднаго з арганізатараў конкурсу Марыны Таварніцкай і дырэктара школы мастацтваў Юліі Мякінка.

Марына даўно выношвала ідэю фестываля польскай і беларускай культур. І гэтую ідэю падтрымала Юлія, якая ўжо мела досвед правядзення ў Ракаве фестывалю-конкурсу фартэпіяннай музыкі імя Міхаіла Грушвіцкага. Усё гэта дало штуршок правядзенню “Ракаўскага фэсту”. А паколькі ён адразу спазнаў поспех, імпрэза стала традыцыйнай.

Праграма другога фестывалю была пашырана за кошт яўрэйскай і літоўскай культур, што перайшло і ў трэці фестываль “Ракаўскі фэст”. Ён супаў з Днём беларускага пісьменства, таму асаблівая ўвага была нададзена паэзіі. Кожны ахвотны мог прачытаць верш, за што атрымліваў узнагароду.

Духоўная праграма фестывалю прайшла ў Спаса-Праабражэнскай царкве і касцёле Маці Божай Ружанцовай. Там выступілі мінскія хоры “Усiхсвятcкі” і Cantus Cordis.

Стравы нацыянальнай кухні, арыгінальныя сувеніры, экскурсіі па Ракаве… Агулам складнікаў фэсту — не пералічыць. У многіх мястэчка асацыюецца з іменем Сяргея Пясецкага — аўтара бестселера “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Дзеянне рамана разгортваецца збольшага менавіта ў Ракаве. Падчас фестывалю ахвотныя прынялі ўдзел у квэсце, распрацаваным па матывах кнігі. І атрымалі на памяць замежныя пашпарты ўзору 1920-х гадоў са штампам аб пераходзе мяжы ў пункце пропуску “Ракаўскага фэсту”.

Аматары жывапісу пабывалі на выставе, прысвечанай Фердынанду Рушчыцу. Юныя мастакі прынялі ўдзел у каляровых падарожжах “Размалюй Польшчу” і зрабілі малюнкі крэйдай на асфальце, прысвечаныя Беларусі. А ў дадатак да ўжо традцыйнага мастацкага, упершыню ў рамках фэсту прайшоў і фотапленэр.

А цвіком фестывалю стаў вялікі канцэрт, дзе былі прадстаўлены песні, танцы і інструментальная музыка тых народаў, што здавён жылі ў мястэчку. Натхнёна выступалі артысты ўсіх узростаў. Імпрэза завяршылася выступленнем двух вядомых гуртоў — польскага Kapela Wsi Warszawa і беларускага — “Стары Ольса”.

Без сумневу, свята ўдалося! Асаблівую падзяку хочацца выказаць усім арганізатарам фестывалю і найперш Валожынскаму райвыканкаму. Будзем чакаць на чацвёрты “Ракаўскі фэст”.

Элеанора СКУРАТАВА