“ТЭАРТ”: адкрыццё сябе і Іншага

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

20 верасня пастаноўкай Мікалая Пінігіна “Рэвізор” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы распачаўся Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”. Наперадзе нас чакаюць 19 спектакляў беларускай і міжнароднай праграм, а таксама “Школа ТЭАРТа”, у рамках якой адбудуцца сустрэчы з ключавымі фігурамі тэатральнай сцэны — беларускай, польскай і расійскай.

/i/content/pi/cult/710/15538/4.jpgСярод міжнароднай праграмы спектакляў, безумоўным must see (“трэба глядзець”) арганізатары форуму называюць пастаноўку Цімафея Кулябіна “Тры сястры” Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра “Красный факел” па п’есе Антона Чэхава. Спектакль ідзе на жэставай мове з субтытрамі, даючы цалкам нечаканую трактоўку знакамітай п’есе.

Што тычыцца фаварытаў праграмы Belarus Open, у іх лік, несумненна, трапляюць Яўген Карняг са спектаклямі “Сёстры Граі” і “Бетон” ды Аляксандр Марчанка з пастаноўкай “С училища”.

У рамках праграмы Школы адбудзецца сустрэча з беларускім драматургам Паўлам Пражко, творы якога сёння перакладзены на дзясятак моў свету. Павел — персона зусім не публічная, і тым больш важны яго выхад да беларускага гледача. Гэтаксама ў Мінск на сустрэчу з нашай публікай прыедзе расійская мастацтвазнаўца Марына Давыдава, уладальніца прэміі Канстанціна Станіслаўскага за лепшую кнігу, галоўны рэдактар часопіса “Театр”. Несумненнай удачай форуму можна лічыць і сустрэчу з адным з вядомых нямецкіх сцэнографаў нашага часу Маркам Ламертам, які дасі лекцыю “Мастак як сцэнограф”.

Слоган сёлетняга форуму — “Разгерметызацыя” — стаўся добрай нагодай для актуалізацыі размовы пра тэатр у самым шырокім кантэксце. Напярэдадні фестывалю ў галерэі “Арт-Беларусь” адбылася прэс-канферэнцыя з яго арганізатарамі і ўдзельнікамі, дзе былі расстаўлены галоўныя акцэнты місіі форуму.

Так, старшыня праўлення ГАА “Белгазпрамбанк” (які з’яўляецца суарганізатарам “ТЭАРТу”) Віктар Бабарыка падкрэсліў, што правядзенне тэатральнага форуму для яго не з’яўляецца самамэтай.

— Я зацікаўлены ў тым, каб праз гэты фэст развіваўся ўвесь беларускі тэатр, адкрываючыся знешняму свету, — адзначыў ён.

Важнасць далучэння беларускага тэатру да сусветнага кантэксту вылучала і дырэктар форуму Анжаліка Крашэўская. “Варта імкнуцца на сусветную сцэну”, — падтрымала тэзу тэатральны крытык, куратар праграмы Belarus Open Людміла Грамыка.

Даследчыца і куратар “Школы ТЭАРТа” Таццяна Арцімовіч адзначыла неабходнасць “разгерметызацыі” гэтаксама ўнутры тэатральнай грамады:

— У беларускім культурным полі многія супольнасці існуюць паасобку, часта не перасякаючыся. Але толькі ў дыялогу пачынаецца адкрыццё сябе і Іншага. І важна, што “ТЭАРТ” дзіўным чынам аб’ядноўвае самыя розныя творчыя сусветы, выбудоўваючы важную для ўсіх прастору камунікацыі і ствараючы магчымасці пачуць адзін аднаго.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"