Псіхалогія мемарыяльнай дошкі

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Мемарыяльныя дошкі — гэта не толькі знакі пашаны заслужаным дзеячам краіны ад удзячных нашчадкаў. На самой справе, такія аб’екты кажуць пра нас з вамі нават больш, чым пра тых людзей, каму яны прысвячаюцца.

/i/content/pi/cult/709/15523/4.jpgБольш за ўсё ў гэтым сэнсе пашанцавала мастакам! Узяць, да прыкладу, з густам зробленыя памятныя дошкі ў Мінску, прысвечаныя Віталю Цвірку. Што і казаць — чалавек годны, не шкада зрабіць і некалькі варыяцый. А мемарыяльны знак у нашай сталіцы Заіру Азгуру! Вось ужо дзе было раздолле для выканаўцы: тут табе і скульптурны партрэт, і нацюрморт у інтэр’еры, і аб’ёмны тэкст. У цэнтры Мінска красуецца і выразны партрэт Барыса Аракчэева, дзякуючы чаму N-я колькасць людзей змагла даведацца новае для сябе імя.

Адназначна пашчасціла з памятным знакам народнаму мастаку СССР Яўсею Маісеенку. У Санкт-Пецярбургу выхадца з Гомельшчыны назвалі вялікім рускім мастаком. Не толькі назвалі, але яшчэ напісалі — золатам на гранітнай аснове з рэльефным завітком. Каб ведалі нашчадкі! І нам, яго землякам, бачыць такую дошку вельмі прыемна — і адначасова балюча. Але гэта, як той казаў, ужо іншая гісторыя.

Пісьменнікі, артысты, навукоўцы, спартсмены, ваенныя дзеячы, чыноўнікі… Памятныя дошкі ўсталёўваюцца паўсюдна, было б жаданне. Часам на мемарыяльных знаках гаворка ідзе пра нікчэмна малы прамежак часу, які звязвае гэтае месца з гістарычнай персонай. Ды і саму персону часам надта адметнай не назавеш — яна ўсяго толькі “адна з многіх”. Аднак яе імя і партрэт красуюць на сцяне будынка.

А часам думаеш: можа, было б лепш без такога знаку ўвагі, як у вядомых расійскіх артыстаў Любові Палішчук і Андрэя Міронава. Прабачце, але партрэтнае падабенства, усё ж, перадаваць тут неабходна.

Каму пашчасціла менш за ўсіх, дык гэта “Моцарту ў псіхалогіі” Льву Выгоцкаму, які пражыў у Гомелі вялікі адрэзак жыцця. У свеце не так і шмат першаадкрывальнікаў, чыіх геніяльных інсайтаў хопіць на стагоддзі, на чые працы абапіраецца цэлая галіна сусветнай навукі. А Выгоцкі, без сумневу, быў адным з іх. Папраўдзе, гамяльчанам ёсць чым ганарыцца!

У банкаўскага службоўцы Сімхі Выгоцкага вырасла 11 выдатна выхаваных і адукаваных дзяцей, прычым трое з іх былі не родныя, а пляменнікі. З гэтай сям’і выйшлі вядомыя філолагі, літаратары, мастацтвазнаўцы, навукоўцы-псіхолагі. Жылі Выгоцкія ў двухпавярховым доме ў цэнтры Гомеля — насупраць сквера, які цяпер носіць імя Андрэя Грамыкі. У ім размешчана гарадская філармонія. Задума ўсталяваць у гэтым месцы памятную дошку выглядала цалкам лагічнай.

І што ж? Невялікая гравіраваная пліта ў “могілкавым” стылі наглядна дэманструе, як успрымаюць гамяльчане значэнне і маштаб свайго земляка Льва Выгоцкага. Люстэркава адбіты фотапартрэт, блытаніна шрыфтоў… А галоўнае — недарэчнае месцазнаходжанне самой дошкі: унутры будынка! Усё гэта сведчыць пра безгустоўшчыну ды абыякавасць, праяўленыя ў справе ўшанавання памяці вялікага псіхолага.

Недарэчнае размяшчэнне знака тлумачаць тым, што будынак філармоніі з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Але ж не менш варты з архітэктурнага пункта гледжання будынак былой гарадской думы — у нядаўнім мінулым там знаходзілася фабрыка “Палесдрук” — мае на сваім “целе” адразу дзве чорныя дошкі: у памяць пра працаўнікоў Веташкіна і Барадзіна.

Ці варта раскідвацца такімі імёнамі, як Леў Выгоцкі — асабліва цяпер, калі мы рупімся пра развіццё турызму і стварэнне станоўчага іміджу горада? Калі важна паказаць будучым пакаленням, якое значэнне мае для чалавека яго малая радзіма?

Леся МІЛЕЙША