Падроблены дранік

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Неяк, седзячы ў кавярні з небеларускай назвай, “зачапіліся” языкамі з каляжанкай: ці здольны звычайны дранік як прадстаўнік нацыянальнай кухні ўступіць у канкурэнтную барацьбу з фаст-фудам? І калі так, якім мусіць быць сцэнарый яго эфектыўнага прасоўвання? На мае аргументы адносна таго, што нацыянальная кухня знаходзіцца ў іншай камерцыйнай нішы, ніж шматаблічная бульба фры, пачула: а як жа знакаміты ва ўсім свеце стрыт-фуд? Чаму ў нашай краіне ён развіваецца зусім не ў нацыянальным ключы? Чаму любы цікаўны турыст не можа з’есці проста “з колаў” той самы дранік з любым — па выбары — дадаткам?

/i/content/pi/cult/709/15522/opt.jpegНа той момант я не знайшла, што адказаць. Але пасля Дня горада Мінска, які прайшоў на мінулых выхадных, упэўнілася ў сваім перакананні. Стрыт-фуд —гэта з’ява, якая хоць і падаецца цікавай з турыстычна-спажывецкага пункту гледжання, але ж для нацыянальнай культуры яна не толькі шкодная, а і, па маім перакананні, глыбока дэструктыўная.

Чаму трапляючы ў азіяцкія краіны, дзе вулічная ежа мае надзвычайную папулярнасць, кожны з нас імкнецца пазнаёміцца з нацыянальным каларытам? Адказ на гэта надзвычай просты: у згаданым рэгіёне гатаваць ежу дома — нязручна ды некамфортна. Але нагадайце мне, у якога са славянскіх плямёнаў практыкавалася харчаванне “на бягу”? І як быць з амаль што сакральнымі функцыямі сямейных ды сяброўскіх застолляў? Гэта — усяго толькі адзін, культуралагічны аспект пытання.

Другі, натуральна, тычыцца здаровага харчавання: як можна адаптаваць да “хутка-смачна” ежу, якая традыцыйна патрабуе пэўнага кулінарнага цыклу? Адказ таксама на паверхні: альбо праз выкарыстанне “доўгаігральных” паўфабрыкатаў, якія ў вулічных умовах часцей за ўсё будуць мець сінтэтычнае паходжанне, альбо за кошт імітацыі згаданага прадукту, яго элементарнай “падробкі”.

Ужо бачу шматлікія ўсмешкі і тое, як вы, шаноўныя чытачы, спрабуеце ўявіць “падробны” дранік. Ды ўсё ж. Кожны раз, калі гаворка заходзіць пра ўзбагачэнне айчыннай культуры якім-кольвек перадавым замежным досведам, варта сто разоў падумаць: а наколькі ён з’яўляецца для нас прымальным? І ўрэшце — што набудзе культура з яго ўкараненнем? Магчымасць падсілкавацца, бегучы па сваіх справах, не надта дбаючы пра смак і задавальненне?

Але ж турыст, які нікуды асабліва не спяшаецца, думаю, з задавальненнем пасядзіць у кавярні, дзе ў чаканні заказу зможа пазнаёміцца і з нацыянальнымі інтэр’ерамі (тымі ж вышыванымі ільнянымі абрусамі), даведацца пра гісторыю і традыцыі беларускіх страў. І калі мне пачынаюць распавядаць пра неабходнасць пераймаць чужую прагрэсіўную практыку, я заўсёды запытваю: а чаму б нам не пераняць досвед тых жа японцаў, якія лічаць ежу на вуліцы непрымальным дурным тонам?

Згадайце, як не так і даўно наша краіна адмовілася ад спажывання на вуліцах піва? Тады таксама многія казалі, што нельга абмяжоўваць свабоду чалавека, калі гэта не шкодзіць навакольным, што, маўляў, лепей “вучыць” людзей піць… Адзін з аргументаў быў такім: маўляў, беларускае піва магло б стаць цікавай прынадай для турыстаў. Яно і стала — сёння піўныя фестывалі праходзяць у нашай краіне на высокім культурным узроўні, з высокім турыстычным інтарэсам. І гэтаму не замінае тое, што ў сваім звычайным жыцці мы не “смокчам” з бутэлек піва дзе заўгодна.

Упэўнена: замест таго, каб, задраўшы порткі, бегчы за “прагрэсіўнай грамадскасцю” ў справе развіцця індустрыі публічнага харчавання (не блытаць з грамадскім!), варта было б згадаць пра іншае. Сёння ў свеце актыўна развіваецца іншы кірунак, альтэрнатыўны “падножнаму”, — Slow Food. Яго прыхільнікі намагаюцца паказаць чалавеку, што менталітэт “спажыўца” адварочвае ад традыцыйных для рэгіёна харчова-кулінарных адметнасцяў. І што варта кожнаму хаця б у сябе дома шанаваць і захоўваць нацыянальныя і рэгіянальныя традыцыі.

Прыхільнікі павольнай ежы збіраюць “Каўчэг смакаў” — міжнародны “каталог” прадуктаў, страў, спосабаў прыгатавання і іншых кулінарных рэчаў, якія на сённяшні дзень сышлі альбо знаходзяцца на мяжы знікнення. Магчыма, кагосьці здзівіць, але ён у разы таўсцейшы за сваю “сястру” — Чырвоную кнігу.

А вось калі мы пачнем натужліва і зацята “развіваць” айчынны стрыт-фуд, прывязваючы яго да культурнага жыцця, ці не атрымаецца, што тая самая нацыянальная культура, пра якую мы гэтак клапоцімся, неўзабаве апынецца ў цэнтры вялікай сталоўкі, дзе ўсе з імпэтам трушчаць дранікі? Асабіста я — супраць гэткага мас-спажывецкага прагрэсу.