Пяць праблем пяці бібліятэчных устаноў

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Напярэдадні прафесійнага бібліятэчнага свята галоўны рэдактар “К” даў мне заданне, сутнасць якога вынесена ў падзагаловак гэтага артыкула. Усё гэта мне не надта спадабалася. Я і без таго лічуся ў пэўных раёнах ці не шкоднікам у дачыненні да бібліятэчнага прагрэсу. Таму з задавальненнем паразважаў бы, скажам, пра пяць шчаслівых выпадкаў з жыцця бібліятэкараў. Але… Загад ёсць загад. Зрэшты, святы мінаюць, а праблемы маюць здольнасць пераўтварацца ў сталую ды непазбежную характарыстыку прафесіі. І (вось дзіўная рэч!) чамусьці менавіта ў сферы нашай культуры гэтыя праблемы застаюцца хранічнымі ды невынішчальнымі… З прафесійным святам вас, шаноўныя бібліятэкары!

/i/content/pi/cult/709/15521/3.JPGВырашыў скантактавацца з пяццю прадстаўнікамі бібліятэчнай справы — кіраўнікамі рознаўзроўневых устаноў: абласной, раённай, гарадской, аграгарадоцкай і сельскай. Такім чынам будзе больш-менш дакладна акрэслена кола праблемных пытанняў, характэрных у маштабе рэспублікі для кожнага са згаданых узроўняў. Атрымалася наступнае.

Справа ў працэнтах

Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна адзначае ў пачатку лістапада 90-годдзе. Гэта вам не жартачкі! Аднак выбар я свой зрабіў не толькі з-за паважнага веку ўстановы. Ведаў, што яе дырэктар Марына Рафеева адкажа на пытанні без разваг-прыкідак і з высокай ступенню дакладнасці. Ведаў — і не памыліўся. Падаю праблемы ў аўтарскай паслядоўнасці па меры іх значнасці. Але разумею цудоўна, што такі падзел — дастаткова ўмоўны, а кожнае з пытанняў пры жаданні можна вынесці на першае месца.

1. Камплектаванне і абнаўляльнасць кніжнага фонду

Давайце паразважаем, што тут не так. Кожнаму з нас вядома, што 15 працэнтаў фінансавых сродкаў на ўтрыманне бібліятэк раней выкарыстоўваліся на камплектаванне іх кніжных фондаў, у тым ліку і на падпіску. Цудоўна вядома і тое, што паказчык гэты зменшаны да 12 працэнтаў. Аргумент у вышэйшых інстанцый жалезны: “Няма чым заробак работнікам культуры выплачваць!” Разумею і тое, што іншага рэзерву проста не знайшлося.

Але трывога Марыны Сяргееўны цалкам апраўданая. Абласная бібліятэка для раённай і сельскай — ісціна ў апошняй інстанцыі. Раней як было? Калі кніжкі няма ў сельскім фондзе, абласны заўжды прыходзіў на дапамогу. Цяпер такая падтрымка чытача з глыбінкі ўжо не гарантаваная. Наступнае пытанне таксама з роднай глыбінкай звязанае.

2. Пазастацыянарнае абслугоўванне чытачоў

Гаворка, зразумела, пра аўтабібліятэкі, якія павінны абслугоўваць аддаленыя ды маланаселеныя паселішчы. Аспект хутчэй раённы, чым абласны. Але Марына Рафеева па абавязку службы курыруе бібліятэкі раёнаў ды вёсак і ў курсе, што сітуацыя далёка не ідэальная ў кожнай з абласцей краіны. Не стае грошай на бензін і змену колавай гумы. У Лоеве здолелі абсталяваць салон бібліёбуса паліцамі, у астатніх раёнах возяць кнігі як расаду — у скрыначках. Але не толькі паліцы тут патрэбны, а і набор камп’ютарнай ды памнажальнай тэхнікі. І выхад у сеціва — умова абавязковая, пераканана дырэктар Гомельскай абласной бібліятэкі. Расія такія бібліяфургоны ўжо мае, мы ж пакуль толькі марым.

3. Аўтарскія правы

Пэўна, ніхто з прафесіяналаў не будзе спрачацца з тым, што адпаведны закон не адрэгуляваны як мае быць. Шчыра кажучы, ён увогуле не працуе. У замежжы спажывец ідзе за ліцэнзійным дыскам у бібліятэку і аўтаматычна становіцца яе чытачом. У нас спажывец карыстаецца паслугамі пірацкага рынку. Ніякіх ліцэнзій! Можна беспакарана спампаваць любую кніжку. У выніку, бібліятэкі недалічваюцца чытачоў.

4. Кадры

Дакладней — іх кваліфікацыя. Менш за ўсё праблема тычыцца Гомельскай абласной бібліятэкі, якую лічу адной з лепшых у краіне. Але Марына Сяргееўна даводзіць, што ці не кожны год патрабаванні да спецыялістаў павялічваюцца і ў іхняй установе. Сучасны бібліятэкар павінен быць артыстычным, кантактным, вясёлым і знаходлівым, здольным і кнігу прачытаць, і правесці вулічнае мерапрыемства па яе рэкламе. А такіх спецыялістаў пачынае не хапаць нават у абласных установах. І тут да Універсітэта культуры і мастацтваў, да Магілёўскага бібліятэчнага каледжа асаблівых прэтэнзій няма. Проста лепшыя выпускнікі, атрымаўшы дыплом, шукаюць месца больш хлебнае, грашовае. Шукаюць і знаходзяць. А бібліятэкі застаюцца без “парушальнікаў спакою”.

5. Заробак

Што тут каментаваць? Мы проста паразважалі з Марынай Рафеевай, ад чаго канкрэтна гэты заробак павінен залежаць. У першую чаргу — ад колькасці чытачоў і наведванняў бібліятэкі. Але, як лічыў я, гэта стане стымулам для прыпісак. Не стане, пярэчыла Марына Сяргееўна, калі ў бібліятэцы дзейнічае аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі і абслугоўвання чытачоў ALIS WEB. Аднак цяжка прагназаваць час яе з’яўлення ў сельскіх бібліятэках. Але гэта ўжо шостая праблема.

З глабальнага пункту гледжання

Доўга шукаў для гутаркі прадстаўніка раённай бібліятэкі. Зноў давялося чуць не надта прыемныя словы пра тое, што ў свята я старанна адшукваю нейкія плямы на бездакорным па чысціні бібліятэчным мундзіры, што бібліятэкары столькі станоўчага, карыснага і адметнага робяць, а я іх дасягненняў наўмысна не заўважаю.

Маючы досыць абмежаваны час для падрыхтоўкі матэрыялу, зноў паспрабаваў журналісцкага шчасця на Гомельшчыне. Адгукнулася Рагачоўшчына, а канкрэтна — дырэктар мясцовай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча Таццяна Голубева.

Некалькі слоў пра адметнасці гэтай установы. Пазалетась у Рагачове прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Цэнтральная бібліятэка з гэтай нагоды павялічыла свае структурныя магчымасці: займела дзіцячае аддзяленне і кнігарню. Усё гэта ў горадзе пачалі называць “Дом кнігі”.

Таццяна Мікалаўна зазначыла: “Назаву толькі глабальныя, як мне
падаецца, праблемы раённых і сельскіх устаноў”:

1. Камп’ютарызацыя.

2. Матэрыяльна-тэхнічная база.

3. Фінансаванне камплектавання.

Будзем лічыць, што названы ўсе пяць пытанняў. Калі дадаць сюды не менш глабальныя праблемы, звязаныя з бібліятэчнымі заробкамі і кадрамі, атрымаецца поўны ажур.

А зараз — каментарыі. Ніяк не дацямлю, у чым вінаватая мая родная пацярпелая ад радыяцыі Гомельшчына. І з транспартам тут праблемы, і з камп’ютарамі.

Матэрыяльна-тэхнічная база. Цяжкасці тут звязаныя вось з чым. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі не можа адрамантаваць тыя ўстановы культуры, якія знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемстваў. А фінансаванню камплектавання кніжнага фонду замінаюць тыя самыя 12 працэнтаў, пра якія згадвала Марына Рафеева.

Мы — харошыя

Праблемы ў мяне пачаліся з гарадскімі ўстановамі. Вось тут я адчуў, што рэдактарскае заданне магу і заваліць. Намеснік дырэктара Баранавіцкай ЦБС па рабоце з дзецьмі Алена Робак, якая курыруе работу гарадской дзіцячай бібліятэкі, зазначыла, што праблем ва ўстанове няма, яна штогод паказвае выдатныя вынікі, а па выніках 2016 года і наогул стала найлепшай у краіне, заняўшы першае месца ў конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Конкурсная намінацыя так і называлася “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”.

Алена Мікалаеўна пагадзілася, каб я на яе спаслаўся: бо адсутнасць інфармацыі — таксама інфармацыя. Зразумела, нам застаецца хіба шчыра парадавацца, што ў дзіцячых бібліятэк зусім няма ніякіх праблем!

Калонка — за 400 метраў

Бібліятэкараў сельскай бібліятэкі і ўстановы з аграгарадка я знайшоў (даруйце!) таксама ў адным раёне — Барысаўскім.

Бібліятэкарам у вёсцы Забашавічы Марына Бык працуе 23 гады. За гэты час паселішча стала аграгарадком. На практыцы пераканаўся, што аграгарадоцкія ўстановы — адны з беспраблемных. Тым не менш. Марына Пятроўна некалькі агучыла.

1. Водазабеспячэнне

Па словах бібліятэкара, усе 23 гады ва ўстанове няма вады, а бліжэйшая калонка — за 400 метраў. Праблема, на мой погляд, надзвычай сур’ёзная.

2. Метадычная літаратура

— Паступленні мастацкай літаратуры — неблагія, — распавядае Марына Бык. — А вось метадычнай не хапае. Установа набыла статус “бібліятэкі для сямейнага чытання”, так што такія кнігі мне вельмі патрэбныя”.

Рэспект, Марына Пятроўна! Кепскі той бібліятэкар, які не марыць стаць метадыстам.

3. Інтэрнэт

У Забашавіцкай бібліятэцы ёсць такая выгода, як выхад у інтэрнэт. А вось пэўныя калегі, па словах Марыны Бык, без яе проста пакутуюць.

За мэблю сорамна

Пра Надзею Мацюшонак з вёскі Ухалода “К” пісала шмат. Ды і сама яна з нашых старонак распавядала не раз пра будзённы клопат сваёй сельскай бібліятэкі. Пяць праблем, названыя ёю, характэрныя для сельскіх устаноў і раёна, і краіны ў цэлым:

1. Камплектаванне.

Пра гэта вышэй казалася ўжо двойчы. Калі нават сельскі бібліятэкар адчувае недахоп новых кніг, дык гэта сапраўды праблема.

2. Ацяпленне.

Калі бібліятэкару даводзіцца яшчэ і качагарам быць, пераканана Надзея Уладзіміраўна, дык гэта справе не на карысць.

3. Камп’ютарызацыя.

Няма сучаснай бібліятэкі без камп’ютара і выхаду ў інтэрнэт.

4. Мэбля

— У мяне пастаянна шмат наведвальнікаў, — кажа Надзея Мацюшонак. — І дзеці сярод іх, і дарослыя. І мне пастаянна сорамна за інтэр’ер установы. Мэбля — вельмі кепская. Гэтая праблема — не толькі маёй бібліятэкі.

5. Заробак.

Можна абысціся без каментарыяў. Ды, усё ж, ад сябе дадам, што любая справа — калі выконваецца яна, безумоўна, з поўнай аддачай — вымагае вялікіх фізічных ды маральных высілкаў. І аплачвацца такая праца павінна адпаведна. Будаўнік будуе дом, бібліятэкар — светапогляд. Што важней? І вось што характэрна: нашы бібліятэкары нават і не чакаюць тут змен. Таму альбо не згадваюць праблему ўвогуле, альбо ставяць яе сярод надзённых пытанняў на апошняе месца.

Замест заканчэння

Калі б хтосьці запытаўся ў мяне, якую б я назваў асноўную газетную праблему, напэўна, адказаў бы так: “Мы гадамі акрэсліваем праблемнае поле, а яно гадамі застаецца пад парамі”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"