У целе архіва

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У век “хуткіх” медыйных выяў фатаграфічныя архівы ўсё болей падымаюцца ў кошце. Як унікальныя машыны часу, як тое, што дае нам магчымасць трошкі запаволіцца і засяродзіцца, як люстэрка, якое дазваляе зірнуць на сябе цяперашняга. Стваральнікі выставы “Цела архіва — архіў цела”, што адкрылася 4 верасня ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, прапанавалі гледачу падобны акт запаволення — сустрэчу з архівам, прычым не асобнага чалавека, а фатаграфічнай галерэі. Галерэя візуальных мастацтваў Nova прадставіла да ўвагі публікі сваю нечаканую калекцыю — фатаграфію аголенага цела.

/i/content/pi/cult/708/15508/15.jpgШто мы, уласна, ведаем пра гэты жанр — акт-фатаграфію? Прыгожыя дзяўчаты, якія замерлі ў пафасных позах. Знаёмыя ракурсы і погляды. На фота — пераважна жаночае цела, і гэта, вядома, радуе мужчынскае вока. Аднак акт-фатаграфія не такая простая, як часам здаецца: тое, як і каго здымае фатограф, можа распавесці пра час, мараль ды, уласна, саму візуальную мову. У гэтым сэнсе архіў галерэі візуальных мастацтваў Nova ўяўляецца неацэнным сведчаннем таго, як змянілася культура акт-фатаграфіі і цела ў 1990-я.

Некалькі слоў пра гісторыю самой арт-інстытуцыі. Яна ўвайшла ў гісторыю сучаснага мастацтва Беларусі як фатаграфічная галерэя з акцэнтам на канцэптуальны складнік, ладзіла актыўную працу ў пошуку новых тэм і распрацоўцы жанраў у 1990 — 2000-я гады. Як адзначае яе кіраўнік, фатограф Уладзімір Парфянок, нельга сказаць, што тэма цела і цялеснасці была самай папулярнай у беларускім фота, але тым больш было важна правесці шэраг аналітычных праектаў у гэтым кірунку, якія Nova і здзейсніла ў 2000-я.

Як вынік — у галерэі склаўся ўнікальны архіў фатаграфій “ню” з матэрыялаў цэлага шэрагу выстаў: “Дыктатура цела”, “Ландшафт цела — цела ландшафту”, “Аўтапартрэт Іншага”, “Звычайныя людзі”, “Задача з двума невядомымі”, “Простыя гісторыі” ды іншых. Гэты фонд, уласна, і стаў асновай цяперашняй экспазіцыі ў музеі Азгура.

Зважаючы на немалы аб’ём матэрыялу, выставе папярэднічаў няпросты шлях падрыхтоўкі. Да працэсу адбору фатаграфій Уладзімір Парфянок далучыў маладых супрацоўнікаў музея Азгура — як прадстаўнікоў новай генерацыі, якой уласцівыя свае густы і сімпатыі.

— Мне як ініцыятару праекта было важна праверыць адчувальнасць маладых людзей да фатаграфіі, якую сучаснай ужо і не назавеш, — каментуе фатограф сваю ідэю супрацоўніцтва з моладдзю. — Актуальныя фатаграфічныя трэнды рэзка змяніліся дзякуючы з’яўленню лічбавых тэхналогій, інтэрнэта, разняволенню нораваў. Мне цікава дазнацца, як зрэагуе на наш архіў новае пакаленне. І, прызнаюся, быў здзіўлены тым, наколькі вінтажная бромасярэбраная фатаграфія яшчэ можа захоўваць у сабе вітальную сілу і эмацыйны зарад! Мне падаецца, што мае маладзейшыя калегі ёй прасякнуліся.

Пра сваё знаёмства з калекцыяй Nova маладыя супрацоўнікі музея-майстэрні і сапраўды адгукаліся з прыемнасцю. І прызналіся: яны не чакалі, што атрымаюць такі нечаканы імпульс натхнення ад кантакту з фатаграфіямі, лічы, 20-гадовай даўніны.

Але ад эмацыйнага складніка — да сэнсавага. У экспазіцыі прадстаўлены 27 прац вядомых беларускіх фатографаў: Сяргея Кажамякіна, Галіны Маскалёвай, Міхаіла Жылінскага, Віктара Сядых, Віктара Бутры, Алены
Адамчык, Зоі Мігуновай, Ігара Пешахонава… Цікава заўважыць пяшчотную працу фатографа-канцэптуаліста Галіны Маскалёвай, зробленую ў салонным каноне. Аўтапартрэт Андрэя Азарава, які можна лічыць папярэднікам сучасных сэлфі, вылучаецца вітальнасцю і стрыманай мужнасцю. Алена Адамчык пераўтварае цела мадэляў у палотны святла, на якіх можна маляваць ценем. Дэманструе традыцыю выкшталцонай працы з адбіткам Віктар Жураўкоў. Зоя Мігунова парушае стандарты ўспрыняцця аголенага цела, фатаграфуючы дзяўчыну з абмежаванымі магчымасцямі. Мы не бачым ейнага твару, цела ахутана покрывам, але яно — цудоўнае і ўразлівае! І толькі ведаючы перадгісторыю можна дазнацца, хто перад табой. Робіць спробу эратызацыі мужчынскага цела Сяргей Сукавіцын. Сяргей Кажамякін спалучае прыватнае і глабальнае, агульнаграмадскае: на фатаграфіі 1991 года на чырвоным сцягу СССР ляжыць яго нованароджаная дачка.

Пачынаючы ад фатаграфіі 1970-х, крок за крокам цела ў працах фатографаў атрымлівае новае прачытанне і кантэксты. Архіў 1990-х — 2000-х выяўляе нам пошукі новай візуальнай мовы аўтараў як вынік змены ў свядомасці, а не адно ў якасці чарговага эксперыменту. Цела ў гэтых фатаграфіях спрабуе паказаць сваю разнастайнасць: не толькі жанчыны, але і мужчыны, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Цела становіцца правадніком уласнай няпэўнасці і прыгажосці. Яно набывае новую ідэнтычнасць, ступаючы ў невядомыя пакуль абшары. І вельмі хочацца працягнуць гэты ланцужок пераўтварэнняў, каб дазнацца: ці атрымала наша цела свой Эдэмскі сад?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"