Дзёрзкасць. Насычанасць. Пераемнасць

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

50 гадоў у харэаграфічных эцюдах
На рэпетыцыі балета “Анастасія” ён ні секунды не сядзіць на месцы: шуткуе з аднымі, настройвае на працоўны лад другіх, шукае найбольш дакладны рух або позу з трэцімі. Калі ж нейкі фрагмент пачынае прабуксоўваць, балетмайстар-пастаноўшчык падбадзёрвае танцоўшчыкаў: “Ведаеш жа, як я працую: спачатку зробім “рыбу”, потым будзем трэсці, варочаць — і абавязкова знойдзем патрэбнае!” З імпэтам, якому пазайздросціць нават звышматываваная моладзь, вось ужо 50 гадоў прыходзіць у тэатр Юрый ТРАЯН — народны артыст Беларусі, які на працягу апошніх дзевяці гадоў з’яўляецца мастацкім кіраўніком балета Вялікага тэатра Беларусі. Напярэдадні гэтага юбілею ён дзеліцца сваімі думкамі пра новую пастаноўку, прафесію і пакліканне.

/i/content/pi/cult/707/15484/8.JPGПрадаўжальнік “Вітаўта”

— Ідэя спектакля “Анастасія” з’явілася яшчэ ў 2013 годзе, адразу пасля прэм’еры балета “Вітаўт”. Але, абмяркоўваючы планы з адміністрацыяй тэатра, сышліся на тым, што лепей будзе крыху прытрымаць творчыя памкненні — дзеля таго, каб “Вітаўт” змог адпрацаваць па максімуме. Час даказаў слушнасць абранай стратэгіі: нацыянальны балет палюбілі нашы гледачы, горача прынялі масквічы (шчыра кажучы, я не чакаў такога поспеху на галоўнай сцэне Вялікага), з цікавасцю глядзелі ў Вільнюсе. Ён атрымаў некалькі прэмій. Мінула пяць гадоў — і цяпер надзвычай удалы момант запусціць наступны спектакль, які стане хоць і не сюжэтным паслядоўнікам, але сапраўдным
прадаўжальнікам абранага мастацкага шляху. Упэўнены, у творчым кірунку неабходная пераемнасць.

Прэм’еру давялося адсунуць на больш позні ад першапачаткова прызначанай даты тэрмін. Узнікла фінансавае пытанне, бо пастановачныя выдаткі — гэта адзін з самых вялікіх артыкулаў у тэатры. Нам жа спатрэбілася дадатковае абсталяванне, хацелася стварыць адпаведныя эпосе касцюмы, прытрымацца адмысловай сцэнаграфіі, прыдуманай галоўным мастаком тэатра Аляксандрам Касцючэнкам. Рады, што падтрымаць нас вырашыў ААТ “Беларуськалій”. Дзякуючы партнёрам, мы ўжо на фінішнай прамой — прэм’ера балета “Анастасія” павінна адбыцца напрыканцы кастрычніка. І на першы паказ запросім менавіта шахцёраў.

Вырасціць сцэну з двух слоў

— Напачатку сваё бачанне будучага спектакля я выклаў у схемах. Ад іх адштурхоўваўся ў сваёй працы кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. Яны ж дапамаглі вызначыцца са стратэгічным напрамкам і драматургу Анатолю Дзялендзіку, якому тэатр замовіў лібрэта будучай пастаноўкі і які расквеціў гісторыю легендарнай княгіні сваёй мовай, талентам. Тэкст атрымаўся вельмі прыгожым, насычаным эмоцыямі, яскравымі жанравымі замалёўкамі. Маючы на руках гэтае лібрэта, я пачаў больш строга выбудоўваць харэаграфічныя сцэны. Напрыклад, усяго з адной фразы нарадзіўся вялікі пранікнёны дуэт пра сталае каханне Анастасіі і яе мужа Сямёна.

На аснове лібрэта створаны “працоўны сцэнарый харэаграфічнай легенды ў двух актах”. Гэта ўжо сапраўдны спектакль у папяровым выглядзе, дзе распісана ўсё, што павінна адбывацца на сцэне з прывязкай да музыкі. Лічбы ў сцэнарыі — гэта адпаведныя ўрыўкі ў клавіры, партытуры. У асобны слупок паступова заносяцца пазначэнні пра змены дэкарацый, запуск камп’ютарных эфектаў, тут жа распісваецца светлавая партытура і гэтак далей.

Адзінае, чаго вы не пабачыце, дык гэта пералічэння рухаў, падтрымак, камбінацый. Мы як раз працуем над харэаграфічнай мовай. Мне падабаецца гэты працэс: спачатку разам з артыстамі схематычна размячаеш нумар, пасля пачынаеш расквечваць, узмацняць адно, аслабляць другое, прыбіраць тое, што не даспадобы. Канешне, да прэм’еры партыі яшчэ паспеюць змяніцца, інакш можа атрымацца як у вядомым выслоўі “гладко было на бумаге, да забыли про овраги”. Але намацаная канва застанецца.

Нагрузка і гумар

— Мне заўсёды вельмі шкада артыстаў на пачатку сезона: некалькі дзён таму яны яшчэ на пляжы ляжалі, а зараз неабходна працаваць у поўную моц, рабіць падтрымкі, выконваць варыяцыі. Але напярэдадні прэм’еры няма часу на павольнае ўваходжанне ў працоўны рытм — ад нас чакаюць якаснага выніку. Рэпетыцыі доўжацца з 10 да 14 гадзін, а шостай вечара яны ізноў будуць тут, каб яшчэ тры гадзіны прысвяціць стварэнню новага балета. Я сам быў на іх месцы дваццаць гадоў запар, таму добра іх разумею. Калі бачу, што танцоўшчыкі стаміліся, то пачынаю развучваць мізансцэну з іншай парай, каб даць ім магчымасць перадыхнуць.

Тэхналогія размеркавання нагрузкі прыдуманая не намі, трэба не забываць ёй карыстацца. Балетная прафесія выпрацоўвае працаздольнасць з дзяцінства, бо нават пры шыкоўных прыродных дадзеных і добрай адукацыі нічога не атрымаецца без штодзённых фізічных намаганняў, сотняў і сотняў паўтораў кожнага руху. Я працаваў з рознымі пастаноўшчыкамі: і тымі, хто шкадаваў артыста, і тымі, каму вынік быў важнейшы за чалавека. На сённяшняй пасадзе імкнуся знайсці з танцоўшчыкамі агульную мову. На рэпетыцыі мы нярэдка смяёмся, можам і падкалоць адзін аднаго. Пачуццё гумару — яно заўсёды палягчае працу, бо калі безупынна ўколваць, проста не вытрымаеш. Ды наогул, занадта сур’ёзныя людзі, на мой погляд, — проста зануды.

Цяпер загалоўную партыю рэпеціруе шэсць пар. Цудоўна, што ў нас столькі таленавітых артыстаў! Ды і тэатру важна, каб заўсёды быў варыянт на замену: усё ж, у нашым відзе мастацтва траўмы — не рэдкасць, таму рабіць стаўку на адну пару небяспечна. Падчас рэпетыцый я прыглядаюся да выканаўцаў, ацэньваю, наколькі яны падыходзяць адзін аднаму, магу ў працэсе перамяніць у парах партнёраў. Бывае, перад табою — шыкоўны танцоўшчык з патрэбным амплуа, але ў рабоце становіцца зразумелым, што на яго роля не кладзецца. А хтосьці наадварот нечакана ўпісваецца і становіцца сапраўднай знаходкай пастаноўкі. Таму я за шматварыянтнасць саставаў. На прэм’ерныя спектаклі хутчэй за ўсё застануцца тры пары, астатнія ж будуць “дарастаць”, каб, назапасіўшы неабходны досвед, абавязкова ўвайсці ў святло сафітаў.

Калі Ахран — не ідЭал

— Я сачу за тым, што ставяць калегі. У хатняй відэатэцы значная калекцыя запісаў, гляджу трансляцыі па тэлебачанні. Мне не вельмі па душы модная тэндэнцыя перайначваць класічны балетны матэрыял. Калі табе хочацца паставіць новы спектакль на тэму легенды пра Жызель, дык знайдзі кампазітара, які напіша табе сучасную музыку, замоў арыгінальнае лібрэта і твары. А перакройванне таго, што было геніяльна зроблена да цябе, выклікае асацыяцыю з комплексам Герастрата.

Мая пасада вымагае адсочваць кожную пастаноўку свайго тэатра. За сезон толькі адно “Лебядзінае возера” я гляджу, улічваючы гастролі, мінімум разоў 70 — 80. Такая насычанасць дапамагае ўвайсці ў стан, калі ты не можаш не выказацца ў танцы. І вось, калі нехта з моладзі адчуў гэтую запатрабаванасць — я гатовы падтрымаць у пачынах. Часцяком і сам прапаную паспрабаваць нешта зрабіць. Калі толькі пачынаў свой шлях у балеце, са мной працавалі менавіта так: падказвалі, паказвалі, а я, у сваю чаргу, імкнуўся вучыцца ва ўсіх, з кім зводзіў прафесійны лёс.

Як мастацкі кіраўнік балетнай трупы, я зацікаўлены ў змене пакаленняў балетмайстраў-пастаноўшчыкаў. Дзверы майго кабінета заўсёды адчынены таму, у каго ёсць ідэі і жаданне працаваць. Вось і цяпер на рэпетыцыях “Анастасіі” ў якасці асістэнта — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Антон Краўчанка. І ў яго добра атрымоўваецца! Харэаграфію пралога да оперы “Саламея”, прэм’ера якой адбудзецца на наступным тыдні, ставяць Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко — балетмайстры, што вышлі, ізноў-такі, з нашай балетнай трупы. Яшчэ адзін балетмайстар-пастаноўшчык у нашым тэатры — Вольга Костэль — пачынала як балерына кардэбалета, а пасля атрымала дыплом Вышэйшай школы драматычных мастацтваў Эрнста Буша ў Берліне. Менавіта яна ўдзельнічала ў якасці балетмайстра-рэпетытара ў пастаноўцы сучаснага балета Іржы Кіліна “Шэсць танцаў” — забойнага спектакля, што які год запар скарае гледачоў.

Варыяцыі дзясяцігоддзяў

— Так жа ўважліва я сачу за новай зменай, што гадуецца ў сценах харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Заўсёды прысутнічаю на экзаменах, прыглядаюся да тых, каму яшчэ некалькі гадоў да выпуску. Інакш і немагчыма, калі не хочацца правалу ў кадрах. Кожны сезон па самых розных прычынах з тэатра сыходзяць 3 — 4 чалавекі (адны ў дэкрэтны адпачынак, другія па сямейных абставінах, трэцім хочацца ў іншым свае сілы паспрабаваць), таму штогод адкрываюцца вакансіі на некалькі месцаў са 110 штатных адзінак. Трэба ведаць, каго можна запрасіць.

Да сучасных артыстаў балета прафесія прад’яўляе больш патрабаванняў, чым было тады, калі я толькі пачынаў. Некалькі дзясяцігодзяў таму на сцэне можна было пабачыць танцоўшчыка, які ўмеў рабіць усяго некалькі складаных рухаў, а ў астатнім выязджаў за кошт тэмпераменту. Сёння толькі харызмай і прыроднымі дадзенымі не
абыдзешся. Сучаснае жыццё ідзе на вялікіх хуткасцях, і такія ж працэсы адбываюцца і ў балеце: павялічваецца тэмп, ускладняюцца тэхнічныя моманты. Вось толькі што на рэпетыцыі мы адточвалі нумар, дзе варыяцыя змешана з падтрымкамі, з перастраеннямі, з кардэбалетам.

21 верасня “Лебядзіным возерам” тэатр адзначыць 50-годдзе маёй прафесійнай дзейнасці. Для мяне ж гэты год — усяго адзін з пяці дзясяткаў сезонаў, якія падаравалі мне жыццё ва ўсіх яго праявах. Да круглых лічбаў стаўлюся спакойна. Ёсць толькі адно вельмі важнае для мяне адчуванне: мая маці прапрацавала касцюмерам у гэтым тэатры 50 гадоў. Прыйшла сюды яна далёка не ў дваццаць, але хутка стала вельмі каштоўным спецыялістам. І на пенсію пайшла толькі калі я папрасіў: “Мама, беражы сябе! Ну куды ж больш працаваць”. Я пачаў прафесійны шлях нашмат раней, таму мне было лягчэй. Але недзе ўнутры засела, што ў тэатры я павінен папрацаваць хаця б 50 гадоў, каб перад мамай не было сорамна. У гэтым я адчуваю нейкую вельмі правільную пераемнасць.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"