Адгалоскі мадэрнісцкай ідэі

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Пра тое, што палова свету жыве ў тыпавых кватэрах стандартных серый жылых дамоў грамадзяне ўзгадвалі пад кожны Новы год — калі на экранах сваіх тэлевізараў сачылі за жыццёвымі пературбацыямі Жэні Лукашына. Іх прычынай сталі менавіта аднолькавыя для ўсяго Савецкага Саюза архітэктурныя праекты, якія распрацоўвалі ў Маскве і размяркоўвалі па рэгіёнах. Але кватэру Лукашына ў беларускай сталіцы не сустрэнеш. У сярэдзіне 1960-х Мінск адваяваў права на стварэнне ўласных серый. У чым іх адметнасць? Пра гэта мы гаворым з архітэктарам Дзмітрыем ЗАДОРЫНЫМ — сааўтарам англамоўнага фаліянта пра тыпавое савецкае будаўніцтва, які выйшаў у прэстыжным берлінскім выдавецтве Dom.

/i/content/pi/cult/706/15471/15.jpg— Ці абавязкова тыпавое будаўніцтва робіць горад манатонным?

— З самой наяўнасці будаўнічай сістэмы манатоннасць не вынікае. Наадварот, калі ўсё прадумаць, можна дасягнуць разнастайнасці. На маю думку, асноўная праблема не ў саміх дамах, а ў тым, як арганізавана тэрыторыя паміж імі. І з года ў год архітэктары не маглі справіцца з гэтай задачай.

У аснове савецкіх тыпавых забудоў ляжыць мадэрнісцкая дактрына 1930-х. Яе лозунг: “Сонца, паветра, прастора”. Гэта значыла, што гарады павінны былі стаць зялёнымі, а ўсе жыхары дамоў атрымліваць аднолькавую колькасць сонечнага святла. Дактрына стала рэакцыяй цэлага пакалення архітэктараў, самым вядомым прадстаўніком якога быў Ле Карбюзье, на праблемы гарадоў пры капіталізме. Яны былі шчыльна забудаваны, дамы часта нізкай якасці, да таго ж, знаходзіліся непадалёк ад фабрык і заводаў, таму танулі ў сажы. Адсюль ідэя стварэння населеных масіваў удалечыні ад вытворчасці.

— Вядома, што Ле Карбюзье неаднаразова прыязджаў у Маскву і нават удзельнічаў у архітэктурных конкурсах. Наколькі ён быў уплывовай асобай у Савецкім Саюзе?

— Яго добра ведалі і разумелі, што ён лідар новага руху. Мадэль сучаснага горада ён распрацаваў яшчэ ў пачатку 1920-х. Але, чаго не было ў Карбюзье для рэалізацыі сваіх ідэй, дык гэта новай эканамічнай сістэмы: усе яго прапановы складана было здзейсніць пры буржуазнай мадэлі, дзе кожны ўласнік адстойвае свой кавалак зямлі. А ў Савецкім Саюзе быў адзін заказчык — дзяржава. Прыватныя асобы правоў на зямлю не мелі. Былі і магчымасці: патрэбна расчысціць участак два на два кіламетры — зробім! Да ідэй Карбюзье звярнуліся адразу пасля сталінскіх часоў, у канцы 1950-х.

— А чаму не раней?

— Пры Сталіне паўсюднай архітэктурнай модай стаў нацыянальны сацрэалізм, нацыянальны па форме і сацыялістычны па змесце. Уся сутнасць нацыянальнага тады зводзілася да дэкору. Устаўкі з арнаментам — гэта, на самой справе, ідэя з той, сталінскай эпохі.

— Што істотна змянілася па яе завяршэнні?

— У 1957 годзе было прынята некалькі важных рашэнняў, галоўнае з якіх — будаўніцтва дамоў на аснове сямейнага засялення, каб парваць, нарэшце, з ненавіснай камуналкай. На гарадабудаўнічым узроўні асноўнай навізной павінны былі стаць мікрараёны — асобныя гарадскія ўтварэнні з усёй неабходнай інфраструктурай: дзіцячымі садкамі, школамі, крамамі. Па прынцыпе забудовы гэта зялёныя масівы. Згодна з новай дактрынай, дамы займалі да 20 працэнтаў тэрыторыі. Адпаведна, каб кампенсаваць шчыльнасць іх размяшчэння, трэба было павялічваць вышыню. Таму ў канцы 1960-х пачаўся пераход ад пяці- да дзевяціпавярховай забудовы.

Да ўсяго, былі ўсталяваны нормы асвятлення дамоў сонечным святлом. Чыстае паветра ў мікрараёнах звязвалася з вельмі важнай канцэпцыяй мадэрністаў — функцыянальным заніраваннем прасторы. Упершыню яго прымянілі ў генеральным плане Амстэрдама ў 1934 годзе. Функцыянальны горад складаўся з чатырох частак — жыллё, праца, рэкрэацыя (паркі, вадаёмы) і інфраструктура, якая ўсё гэта злучала.

/i/content/pi/cult/706/15471/16.JPG— Але першыя тыпавыя масівы забудовы ў Мінску з’явіліся якраз у раёне буйных заводаў — гэта жылыя пасёлкі Трактарнага, Аўтамабільнага, Падшыпнікавага...

— Так, у той паваенны час заніравання яшчэ не было і жылыя раёны будаваліся непасрэдна каля прадпрыемстваў. Іх асновай станавіліся кварталы з двухпавярховымі тыпавымі дамамі. Тады ж у Мінску з’явілася і Асмалоўка. Характар забудовы там уласцівы для гарадской ускраіны, але паколькі для будаўніцтва пяціпавярховікаў патрэбны былі жалезабетонныя перакрыцці і краны — а іх бракавала — за Оперным тэатрам узводзілі двухпавярховыя дамы.

У тыя часы ўсе дамы квартала звычайна размяшчаліся па яго контуры, а ўнутраная тэрыторыя заставалася для падсобных будынкаў і, уласна, жыхароў. Узгадаем “Трактарагорад” — па тым фагменце, які знеслі, можна ўявіць сабе, якой нізкай была шчыльнасць забудовы. На плошчы 200 на 150 метраў тонкая “аправа” з двухпавярховых дамоў, а ў цэнтры — даволі незразумелая ў функцыянальным плане прастора. Дарэчы, менавіта гэтае пытанне ўздымалі ў 1960-я крытыкі мадэрнізму на Захадзе: маўляў, зямля ў горадзе дарагая.

— Дзе ў Мінску з’явіўся першы мікрараён?

— Гэта трохкутнік ад бульвара Талбухіна да Валгаградскай, вуліцы Кедышкі і Кнорына. Пра яго шмат пісалі ў архітэктурнай прэсе. Адметнасць у тым, што галоўная прастора апынулася ўнутры забудовы — у адрозненне, скажам, ад кварталаў Трактарнага завода, дзе галоўнай была вуліца. У Мінску можна назіраць паступовы пераход да новага будаўніцтва. Раён Арлоўкі і Бульвара Шаўчэнкі яшчэ ўвасабляе сталінскае мысленне пра горад. Пяціпавярховыя хрушчоўкі там стаяць уздоўж межаў кварталаў. Потым дамы пачалі ставіць старчаком да вуліцы, у адпаведнасці з патрабаваннямі “сонца, паветра і прасторы”.

З другой паловы 1960-х увага зноў звяртаецца да вуліцы. У гэты час з’яўляецца характэрны для Мінска архітэктурны рытм, калі асобныя дзевяціпавярховыя дамы, у той час яшчэ з цэглы, кантрастуюць з пяціпавярховай і ўжо звычайна буйнапанэльнай забудовай. Узгадаем вуліцу Ташкенцкую ці Ванеева. Па такім прынцыпе пабудаваны і першыя мікрараёны Зялёнага Луга.

З другой паловы 1960-х архітэктары сталі аб’ядноўваць мікрараёны ў жылыя раёны, якія злучаліся буйнымі транспартнымі вуліцамі. Даволі часта яны будаваліся ў выглядзе квадратаў, падзеленых на мікрараёны крыжом магістралей. Унутры мікрараёнаў свабодна ставіліся дамы, а па вуліцах — крамы. Яскравы прыклад — Серабранка ці Паўднёвы Захад.

— Тыпавыя праекты ў савецкі час распрацоўвалі ў Маскве. Ці дазвалялася ўжо на месцах уносіць у іх якія-небудзь змены?

— Аднолькавыя серыі дамоў можна бачыць у розных частках Савецкага Саюза. Напрыклад, Асмалоўка, якую многія лічаць унікальнай — насамрэч, забудова вельмі ўніфікаваная. Гэта серыя 1-205, якую, як і многія іншыя, распрацоўвалі ў Маскве і рассылалі па рэгіёнах. Хрушчоўкі таксама ўзніклі ў савецкай сталіцы і ў Ленінградзе. Але калі былі магчымасці, то ствараліся і мясцовыя варыянты серый. У Беларусі базавую пяціпавярховую хрушчоўку перапрацаваў Белдзяржпраект. Змены былі вельмі неістотнымі — фактычна, той жа дом адаптавалі пад мясцовыя ўмовы. Але ў сярэдзіне 1960-х Мінск адваяваў права на ўласныя праекты. І ўсе дзевяціпавярховыя серыі распрацоўвалі ўжо архітэктары Мінскпраекта ці Белдзяржпраекта.

— З пачаткам будаўніцтва хрушчовак, напэўна, узнікла і яшчэ адно пытанне — колькі квадратных метраў патрэбна чалавеку для жыцця?

— Гэтым пытаннем у 1920-я гады пераймаўся яшчэ Баўхаус у Германіі. Ставілася мэта вызначыць аптымальныя памеры жылой ячэйкі. Напрыклад, на кухні жанчыне, лепш было мець меней прасторы, каб не рабіць лішніх крокаў. І вось, гэтыя параметры кватэры былі распрацаваны ў нас у канцы 1950-х. Першыя нарматыўныя акты замацавалі самыя мінімальныя габарыты з магчымых. Логіка была зразумелая. Дзве асобныя кватэры-хрушчоўкі павінны былі каштаваць як адна камунальная з двума пакоямі. Таму кухня — 5 м2, столі — 2.50 вышынёй, санвузлы аб’яднаныя, пакоі — прахадныя. Вось пастулаты таго, што мы называем хрушчоўкай.

— Калі параўнаць хрушчоўку з кватэрамі наступных пакаленняў, то відавочным становіцца і пашырэнне жылплошчы, і паляпшэнне яе планіроўкі.

— Так, ужо другое пакаленне серыйных дамоў, 1963 года, мела палепшаную планіроўку: зніклі прахадныя пакоі, а санвузлы зноў сталі раздзельнымі. У 1971 годзе ўвага была
нададзеная паляпшэнню якасці будаўніцтва, а наступны крок меўся ўлічваць тэхнічнае аснашчэнне дамоў. Новыя нормы ўвялі толькі ў 1985-м, але да гэтага часу шмат абмяркоўвалі, якімі яны павінна быць. Тады ўзнік анекдот пра тое, што ў кватэрах з’явіцца трэці кран з малаком. Але і ўсур’ёз падумвалі пра аўтаматы, якія б за манетку маглі выдаваць кефір ці іншыя прадукты харчавання.

— Відаць, сёння наспеў час зноў перагледзець нормы…

— Так, гэта трэба рабіць. На жаль, у дачыненні да сацыяльнага жылля нічога не адбываецца. Пакуль няма нават агульнага ўяўлення пра тое, што і як найперш неабходна змяняць. Патрэбны архітэктурныя конкурсы, якія ўжо праходзяць, скажам, у Расіі. Нам трэба ўлічваць сённяшнюю матэматычную заканамернасць: чым вышэй дамы, тым больш машын. І не толькі гэта. Паглядзіце, як забудавана Каменная горка. Парковачных месцаў там куды болей, чым рабілася раней, а ўтульней ад гэтага не становіцца. Але, думаю, прыйдзе час, калі мы будзем патрабаваць ад сацыяльнага жылля іншай якасці. Яго можна зрабіць лепей і цікавей.