Прэлюдыя да навучальнай пары

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Новы акадэмічны год пачнецца ўжо зусім хутка. Ва ўсіх навучальных установах — ад школ да ўніверсітэтаў — ідуць апошнія падрыхтаванні. Скажам, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі сустрэне сваіх студэнтаў адкрыццём уласнай арганнай залы. Міні-арган за час вакацый перабраўся з невялікага вучэбнага кабінета ў куды больш прасторнае памяшканне. “Тут будуць ладзіцца і заняткі, і канцэрты, — распавядае першы прарэктар установы Алена Куракіна. — І мы запрашаем на іх усіх ахвотных”. Мы ж пагаворым пра “сімфонію ведаў”. Якія спецыяльнасці карысталіся попытам у ВНУ культуры і мастацтваў падчас апошняй уступнай кампаніі? Якімі былі яе вынікі і тэндэнцыі? Якія здзяйсненні радуюць, а клопаты — непакояць? Напярэдні 1 верасня карэспандэнты “К” наведалі кожную з трох творчых alma mater, каб даведацца, з якім настроем у іх сценах распачынаюць новы акадэмічны год.

/i/content/pi/cult/706/15458/2.JPGСёлета ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі паступіла 156 чалавек. “Мы вярнуліся да гістарычнай лічбы амаль 50-гадовай даўніны, — дае адзнаку вынікам уступнай кампаніі рэктар установы Кацярына ДУЛАВА. — І, на мой погляд, гэта добрая з’ява, бо сёння мы прымаем на бюджэт столькі людзей, колькі патрабуецца краіне”.

— У двухтысячныя гады набор у нашу Акадэмію музыкі дасягаў 200 чалавек, — падзялілася інфармацыяй Кацярына Мікалаеўна. — Аднак пра спад тут казаць не выпадае. Калі б мы імкнуліся да вялікай колькасці платных студэнтаў, мы дасягнулі б куды большай шматлюднасці. Але паколькі для нас самае важнае — грунтоўнасць у падрыхтоўцы спецыялістаў, гэтая лічба нас цалкам задавальняе. Сёння мы прынялі столькі абітурыентаў, колькі праз 5 гадоў спатрэбіцца краіне.

— Кацярына Мікалаеўна, ці захаваўся ў наш прагматычны век прэстыж прафесіі музыканта? Ці пацвярджаюць гэта вынікі і лічбы ўступнай кампаніі?

— Год ад года карціна мяняецца. У шэрагу выпадкаў выбар музычнай прафесіі звязаны з фінансавым бокам справы. Набыццё музычнага інструмента — сур’ёзнае рашэнне для сям’і, і таму бацькі могуць тройчы
падумаць. Але, дзякуй Богу, у нас яшчэ ні разу не было ніводнай правальнай спецыяльнасці. Хаця прыярытэты ў выбары тых ці іншых прафесій мяняюцца.

Так, сёлета як заўжды запатрабаванай была прафесія акадэмічнага спявака. Конкурс складаў 1,6 чалавека на месца. Для нас гэта вялікая лічба. Хаця мы па-ранейшаму маем патрэбу ў нізкіх галасах: і жаночых, і мужчынскіх. Чамусьці цяпер гэта рэдкасць.

Карыстаецца попытам у нашым ВНУ і спецыяльнасць “харэаграфічнае майстэрства”. Нягледзячы на тое, што сёлета назіраўся невялікі спад, яна застаецца ў ліку прэстыжных. У першую чаргу, з-за таго майстра, які ў нас выкладае. Легендарны Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў — чалавек, які не мае патрэбы ў прадстаўленні.

Спецыяльнасць “кампазіцыя” цяпер перажывае няпростыя часы. Тым не менш, у гэтым годзе яна не засталася без увагі абітурыентаў — конкурс складаў паўтара чалавекі на месца. І гэта для нас стала падзеяй. Тым болей, кожны навучэнец на такой спецыяльнасці — сапраўдная асоба.

Традыцыйна карысталася попытам “фартэпіяна”. Паступаў 41 чалавек на 29 месцаў. Добры вынік.

/i/content/pi/cult/706/15458/3.JPG— Ці адкрыліся сёлета новыя спецяльнасці?

— Сёлета — не. Мы чакаем завяршэння адукацыйнай рэформы. Аднак ужо цяпер вядзём распрацоўку новых магістарскіх праграм і напрамкаў, якія мусяць з’явіцца ў 2019 — 2020 гадах. Напрыклад, глядзім у бок такой незвычайнай для нас спецыяльнасці, як “сучасныя метады працы з гукам”: маецца на ўвазе электронная музыка. Таксама хочам увесці ў праграму такі напрамак, як “сучасны выканаўчы стыль”, што ўключае ў сябе навучанне, скажам, джазу.

Адно з абавязковых будучых новаўвядзенняў — “менеджмент у галіне музычнага мастацтва”. Гэтая прафесія ўсё больш і больш становіцца актуальнай. Момант уласнай прэзентацыі, удзел у канцэртах, стварэнне творчых праектаў — вельмі важны і надзённы навык у цяперашні век. Таксама мяркуем распрацаваць спецыяльнасць “прыкладное музыказнаўства”, каб яе выпускнікі потым маглі працаваць музычнымі журналістамі, рэдактарамі. Вядома, павевы часу мы адчуваем і хочам на іх
рэагаваць.

— Ці карыстаецца попытам адукацыя ў Акадэміі музыкі ў замежных студэнтаў?

— Так, і мы гэтым ганарымся! Сёння ў нашай установе на пяці курсах навучаецца 860 беларускіх студэнтаў і 220 замежных. Ці ж гэта не паказчык? Асабліва моцныя сувязі склаліся з установамі вышэйшай адукацыі Кітая. Уявіце сабе, першыя студэнты з гэтай краіны ў нас з’явіліся яшчэ ў 1992 годзе! За гэты час яны сталі ўжо мамамі і татамі і дасылаюць да нас сваіх сыноў і дачок. Сёння назапашаны вялікі досвед дамоўленасцей і кантрактаў з Кітаем — і гэта вельмі прыемна. Да нас таксама прыязджаюць вучыцца маладыя людзі з краін СНД, і гэта дае магчымасць пашыраць кантакты, наладжваць сувязі — а таксама і зарабляць, што вельмі важна.

— Якую з бліжэйшых падзей у ВНУ чакаеце асабліва?

— Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта краіны, Акадэмія музыкі сёлета атрымала сродкі на завяршэнне рамонту інтэрната. Гэта для нас неверагодны падарунак! Мы здолеем не толькі завяршыць рамонт будынка, але і дакупіць усё, што нам неабходна: абсталяванне, музычныя інструменты. Прычым пасля рэнавацыі здолеем забяспечыць жытлом не толькі студэнтаў Акадэміі музыкі, але і вучняў нашай гімназіі-каледжа. Таму адкрыцця адноўленага інтэрнату чакаю вельмі моцна.

Агулам, надзённых падзей, да якіх мы рыхтуемся ўжо цяпер, у нас дастаткова. Сярод іх — удзел у Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета, які ладзіцца ўвосень. На нашых пляцоўках будуць праходзіць і майстар-класы, і канцэрты камернай музыкі... Мы заўжды з вялікай радасцю сустракаем гасцей гэтага статуснага форуму. І кантакт з буйнымі музыкантамі — добрая навука для нашых студэнтаў.

Таксама ў бліжэйшых планах — адмысловы канцэрт Маладзёжнага сімфанічнага аркестра Саюзнай дзяржавы, у якім задзейнічаны студэнты нашай Акадэміі музыкі і Маскоўскай кансерваторыі. Таксама мы працягваем удзел у тэлепраекце АНТ “Талент краіны”. Нагадаю, што праслухоўванне яго ўдзельнікаў адбываецца на нашай базе. І ў новым сезоне педагогі будуць актыўна задзейнічаны ў якасці экспертаў.

— А што наконт вашых мараў, пажаданняў?

— Сёння да нас прыйшла інфармацыя пра зборку і ўсталяванне старажытнага 90-гадовага аргана з Галандыі ў магілёўскім касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі і Святога Станіслава. Наш педагог меў гонар граць на гэтым унікальным інструменце. Вядома, маё пажаданне з ліку мараў, але я маю надзею, што калі-небудзь у нашу Акадэмію музыкі вернецца той арган, які калісьці быў у нашай Вялікай зале. Пра яго прыгажосць сведчаць архіўныя фатаграфіі. У нас ёсць цудоўны вучэбны арган, які сёлета пераехаў у больш прасторную залу, але вяртанне вялікага аргана Акадэміі музыкі — гэта той праект, пра які я не магу не марыць.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"