Прадзюсар пасля шоу-бізнесу

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

І сярод прадзюсараў ёсць асобы культавыя. І наша краіна такіх мае. Хтосьці з іх працягвае ўвасабляць свае задумкі тут. Нехта пераключыўся на іншую дзейнасць. А яшчэ нехта зусім знік з далягляду, і толькі памяць захоўвае яго здзяйсненні. Руслан МАКАРАЎ некалі быў у Беларусі чалавек супераўтарытэтны. І ўжо даўно пакінуўшы радзіму, не-не, ды і “бярэ ў рукі шашкі” — нешта робіць у музычным бізнесе. Праўда, цяпер ужо з мецэнацкіх меркаванняў. А так ад гэтай сферы ён цяпер далёка. Але ў нас таксама ёсць рукі, і доўгія...

/i/content/pi/cult/705/15455/27.JPGЗ тэатра — у рок

— У вас жа ёсць і акцёрская адукацыя? Можа, я нешта прапусціў, але мне не давялося бачыць вашыя работы ў якіх-небудзь кіна- і тэатральных пастаноўках.

— Я правучыўся некалькі курсаў у маскоўскім Тэатральным вучылішчы імя Шчукіна (цяпер гэта інстытут), але не скончыў яго. А ў Мінску ў тэатральных ролях мяне можна было бачыць толькі ў часы маёй маладосці: я граў у пастаноўках у Палацы чыгуначнікаў і ў Альтэрнатыўным тэатры на чале з Вітаўтасам Грыгалюнасам. Пасля сыходу з “шчупака” на сцэну не вяртаўся. У кіно пару
разоў здымаўся ў эпізодах, але іх нават не варта ўзгадваць.

— А вось беларусы — старыя меламаны — выдатна памятаюць Руслана Макарава па музычнай дзейнасці. Як вас занесла ў гэтую сферу?

— У 1994 годзе я вярнуўся ў Мінск і вырашыў, што арганізацыя канцэртаў на вялікіх пляцоўках — гэта тое, што мне трэба, а галоўнае — людзям. Я ладзіў канцэрты расійскіх гуртоў “Алиса”, “Ва-банкъ”, “Чайф” у мiнскім Палацы спорту. У гэты час музыкант Алег “Джагер” Мінакоў заразіў мяне і сваёй ідэяй гурта Rouble Zone. Мне да гэтага моманту падабаецца тая музыка, якую ён тады граў. Але потым наступілі не лепшыя часы — і для мяне, і для калектыву, мы рассталіся і неўзабаве праект закрыўся. Але мы паспелі запісаць і выпусціць альбом Put Your Money... Now! Выдатны, з майго пункту гледжання, ва ўсіх сэнсах: ад музычнага матэрыялу і выканальніцкага драйву да афармлення і /i/content/pi/cult/705/15455/26.JPGпазіцыянавання альбома сярод спажыўцоў. Ганаруся той работай!

Час для ўвасаблення ідэй

— Поле вашай дзейнасці ў беларускім шоу-бізнэсе і андэрграўндзе было дастаткова шырокім. Гэта і клубная праца, і арганізацыя канцэртаў, і прадзюсаванне асобных музыкантаў. Па сутнасці, вы былі адным з першых, хто ўкараняў масавую, забаўляльную і альтэрнатыўную культуру ў незалежнай Беларусі. Як вы тады адчувалі сябе ў гэтай ролі? Цяжкасцяў хапала?

— Адчуваў эйфарыйна-весела! Вельмі натхняла дружба і перыядычнае супрацоўніцтва з мастакамі і дызайнерамі Уладзімірам Цэслерам і Сяргеем Войчанкам (светлая яму памяць). У канцы 1990-х жыццё дазволіла адзначыцца мне ў Мiнску і як радыёвядучаму на “Альфа радыё”. Дзякуй за веру ў мяне і прасоўванне маіх ідэй тагачаснаму генеральнаму прадзюсару станцыі Сяргею Кузіну! Тады ж я стаў актыўна развіваць свае амбіцыі ў рэкламным бізнесе. Ну, а на мяжы тысячагоддзяў мне з партнёрамі ўдалося стварыць у сталіцы клуб Alcatraz.

А цяжкасцяў было мноства! Але праз гады магу сказаць, што галоўнай з іх была няздольнасць масавага спажыўца плаціць за высакаякасныя праекты. І большасць шэдэўраў таго часу былі створаны не “таму што”, а “насуперак”.

— Трыб’ют гурту Depeche Mode, які адбыўся ў 2002 годзе пры вашым непасрэдным удзеле, нарабіў шмат шуму ў былым Саюзе. Практычна ўвесь цвет беларускай альтэрнатывы “засвяціўся” пры запісе гэтага альбома, у якім было сапраўды шмат удалых трэкаў. Потым выйшла аўдыёпрысвячэнне гурту Deep Purple — таксама ваша задумка, але рэалізаваная ўжо расійскімі артыстамі. У прынцыпе, вы апярэдзілі ўвесь гэты постсавецкi кавер-рух!

— Альбом Personal Depeche быў выключна прадзюсарскім праектам, агульнай працай радыёвядучых Адама Старповіча, Андрэя Халадзінскага і маёй. Першапачаткова ніхто не верыў у тое, што мне ўдасца дамовіцца з праваўладальнікамі на ліцэнзію трэкаў саміх “дэпешаў”. А потым усё закруцілася, і атрымаўся больш чым годны прадукт.

А трыб’ют “Піпл пра / to Purple” — гэта мая праца ў супрацоўніцтве з геніяльным расійскім прадзюсарам і музыкантам Ігарам Сандлерам. За два гады мы стварылі праект, які і да сённяшняга дня выклікае ва ўдзельнікаў гонар за яго ажыццяўленне. У рамках гэтых праектаў мне ўдалося пасупрацоўнічаць з грандыёзнымі выканаўцамі — і не толькі з Беларусі і Расіі. З многімі з іх мы блізка сябруем і дагэтуль. Гэта быў незабыўны час для ўвасаблення ўласных ідэй!

Няўдачы, якія натхняюць

— Наватарскі для постсавецкай музыкі альбом “Руны” этнатрыа “Троіца” так і не “стрэліў” у Расіі — хаця разлік быў на гэта. Ён нават не быў там выдадзены. Мне чамусьці здавалася, што ў першую чаргу гэта няўдача “абламала” вас — прадзюсара пласцінкі, а не ўдзельнікаў гурта. Пасля чаго вы і сталі паступова адыходзіць ад музыкі. Я маю рацыю?/i/content/pi/cult/705/15455/25.JPG

— Папраўлю вас: “Руны” быў не альбомам, а праектам! У якім “Троіца” з’яўлялася ў новым гучанні, у сваёй новай якасці наогул. А першы альбом праекта павінен быў называцца “Мір” — як першая руна славянскага руніцкага футарка. Гэта быў мой любімы музычны праект з сапраўды геніяльным (я і па-ранейшаму так лічу) гучаннем. І вялікі дзякуй лідару “Тройцы” Івану Кірчуку, як і ўсім астатнім удзельнікам задумы, за цярпенне, за разуменне таго, чаму мне так і не ўдалося давесці яе да выніку.

Але не гэтая, як вы кажаце, няўдача стала падставай для згортвання маёй актыўнасці на рынку шоу-бізнесу. Хутчэй, агульнае згортванне музычнага рынку ў свеце ў 2008 — 2010 гадах прывяло мяне да рашэння шукаць новыя магчымасці прымянення маіх здольнасцяў. Але да гэтага часу наш рэкорд-лэйбл MSH выпусціў нямала альбомаў самых розных выканаўцаў і праектаў, і не толькі ўласнага прадзюсавання. А крайнім, дваццатым па ліку, стала выданне ў 2013-м кампакту маіх блізкіх сяброў — гурта Kriwi — пад назвай Traukamurauka. Але гэта ўжо не бізнэс — дыск выпускаўся для прома гурта і падарункаў маіх структур. Між іншым, для стварэння падарункавага і рэкламнага прадукту выдавецкі лэйбл MSH працуе і сёння.

— А для продажу выдаваць музыку ўжо няма сэнсу, так? Таму і адбыўся ваш пераезд у Расію?

— Адно з вядучых на той момант рэкламных агенцтваў “Максіма” прапанавала мне ў 2001 годзе высокую кіруючую пасаду. Потым жыццё ў Маскве зацягвала ў самыя розныя сферы і бізнесу, і творчасці. Што заўсёды рабіла маё жыццё напоўненым.

— Паспрабуйце, калі ласка, пералічыць самае галоўнае з таго, чым вы цяпер займаецеся.

— Я сфакусаваны на праграмах, якія маюць дачыненне да лічбавай эканомікі. Добра сябе адчуваю як кансультант, партнёр і крэатар у праектах, звязаных з фінансавымі інструментамі (электронныя грошы, крыптавалюты, токены і гэтак далей). Вельмі захоплены праектам “Інстытут лічбавай эканомікі”, у якім працую рэктарам. Адукацыйная і навуковая дзейнасць у гэтай сферы сёння больш за ўсё натхняе мяне. Менавіта ў лічбавай эканоміцы ёсць магчымасць прымяняць самыя розныя мае здольнасці і многія з назапашаных мною за жыццё ведаў.

— Наколькі вы адарваныя ад сучаснай музычнай Беларусі, яе цяперашняй культуры? Або нейкае ўяўленне пра іх маеце?

— З задавальненнем слухаю новыя творы сваіх даўніх беларускіх сяброў па шоубізе. Часам адкрываю новых для сябе выканаўцаў. І заўсёды радуюся поспехам музыкантаў з маёй гістарычнай радзімы. Але не магу сказаць, што разбіраюся ў актуаліях музычнага рынку Беларусі.

Па-ранейшаму сябрую з Валодзем Цэслерам, сачу за яго творчасцю. Для мяне цікавыя Зоя Луцэвіч і многія іншыя беларускія мастакі і дызайнеры. Увогуле, не скажу, што адарваны ад беларускіх культурных каранёў, якія з’яўляюцца, вядома, і часткай сусветнай культуры. У пэўнай ступені, яны для мяне сёння нават у прыярытэце.

— А наколькі адарваныя ад краіны, Мінска як такіх?

— На жаль, мае сённяшнія справы не дазваляюць часта бываць у Беларусі. Калі прылятаю ў Мiнск, з задавальненнем хаджу на канцэрты сяброў, у новыя клубы і іншыя цікавыя месцы. Адно сталічнае кафэ на вуліцы Карла Маркса наведваю ў кожны свой прыезд — з ім звязаны мае глыбокія асабістыя ўспаміны. Таму повязь захоўваецца.

Даведка

Руслан МАКАРАЎ, 50 гадоў. Нарадзіўся ў Оршы. У 1991 годзе скончыў Дыпламатычную акадэмію МЗС СССР па спецыяльнасці “Знешнеэканамічныя адносіны і замежныя біржы”. У 1999-м — ЕГУ па спецыяльнасці філасофія. Прэзідэнт Міжнароднага фонду “Чалавецтва”, Нацыянальнага фонду садзейнічання развіццю міжнародных маладзёжных арганізацый, рэктар Інстытута лічбавай эканомікі, сапраўдны член Рускага геаграфічнага таварыства. З 2001 года жыве ў Маскве.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"