Сяброўскія сустрэчы

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Тэатр Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла” прыняў удзел у буйным Міжнародным фестывалі Juras Perle у Юрмале і прывёз адтуль не толькі балтыйскі загар і прыемныя ўражанні, але і перспектыўныя прафесійныя кантакты.

/i/content/pi/cult/705/15443/6.jpgФестываль музыкі, тэатра і кіно Juras Perle прайшоў у Юрмале ўсяго ў другі раз, але — дзякуючы найперш асабістым сувязям прядзюсараў — сабраў настолькі зорны склад артыстаў, што далучыцца да гэтай кампаніі можна толькі палічыць за гонар. Старэйшае, ужо легендарнае пакаленне творцаў было прадстаўлена Ірынай Мураўёвай, Аляксандрам Зацэпіным, Верай Алентавай, Уладзімірам Мяншовым, Міхаілам Баярскім, Юозасам Будрайцісам, Святланай Немаляевай, Валянцінай Талызінай.

“Тэрыторыя мюзікла” трапіла на Juras Perle дзякуючы сяброўству з Даўгаўпілскім тэатрам, які на пряцягу апошніх гадоў запрашае калектыў на гастролі. І, безумоўна, аўтарытэту ідэйнага натхняльніка беларускага тэатра — народнага артыста Расіі Генадзя Гладкова. Абысці ўвагай творчасць маэстра, які напісаў, здаецца, добрую палову галоўных кінашлягераў эпохі, арганізатары не маглі і не хацелі. Таму частка фестывальнай праграмы была якраз і прысвечана музыцы Гладкова.

На пряцягу пяці фестывальных дзён Мікіта Высоцкі, Дзмітрый Харацьян, Дзмітрый Дзюжаў, Гоша Куцэнка, Аляксей Кортнеў ды многія іншыя ўзгадвалі тыя песні, якім падпявалі ўсе гледачы. На вузкіх вулачках курортнай Юрмалы панавала цёплая душэўная атмасфера, а ў службовай частцы канцэртнай залы “Дзінтары” здараліся прыемныя сяброўскія сустрэчы і знаёмствы. Ідэя фэсту — цудоўная! І яе ўвасабленне таксама.

Зразумела, каму, як не артыстам аўтарскага тэатра Гладкова выконваць знакамітыя песні з ягоных “Брэменскіх музыкантаў”, “Звычайнага цуда”, “12 крэслаў”, “Чалавека з бульвара Капуцынаў”. Прычым спяваць не ў адзіноце, а з зоркамі кіно і першымі выканаўцамі хітоў. Адной з фішак Juras Perle сталі доўгачаканыя і зусім нечаканыя дуэты і ансамблі. Беларусы выступілі з Таццянай Абрамавай, Сяргеем Мурзіным, Ганнай Кавальчук, а таксама з Леанідам Сярэбранікавым і Міхаілам Баярскім, якія на працягу дзясяцігоддзяў звязаны творчымі повязямі з маэстра Гладковым.

/i/content/pi/cult/705/15443/7.jpg— Буйныя фестывалі збіраюцца вельмі хутка, можна сказаць, на месцы, бо ўсе ўдзельнікі — занятыя людзі са шчыльным графікам. Таму трэба мець добры прафесійны ўзровень, каб “з колаў” адрэпеціраваць сумесныя нумары, — тлумачыць Дзмітрый Якубовіч. — Прыемна, што і Міхаіл Баярскі — наш партнёр у многіх нумарах, і рэжысёр фестывалю Генадзь Шагаеў, і дырыжор Леў Дунаеў адзначылі наш калектыў як плеяду яркіх артыстаў, з якімі было прыемна працаваць. Вельмі здорава было зразумець на асабістым вопыце, наколькі вялікія прафесіяналы з табой працуюць. Нават нейкія форс-мажоры вырашаліся з гумарам, без капрызаў і нерваў. І калі я за кулісамі збіў Лявона Аганэзава і памяў яму ноты, ён пажартаваў, што я яму надаў дадатковы запал для выступлення. А Валерыя Ланская ў гэты час дапамагала пераапранацца нашым дзяўчынкам, якія не паспявалі да выхаду.

Па словах кіраўніка тэатра, і на сцэне, і за кулісамі склалася атмасфера сапраўднага творчага братэрства, дзе ўсе, нягледзячы на званні, заслугі і медыйнасць, весела гутарылі, дапамагалі адзін аднаму, лёгка і нязмушана вырашалі прафесійныя пытанні.

 — “Тэрыторыя мюзікла” ўпершыню пабывала на такім буйным прадстаўнічым фестывалі, — адзначае Дзмітрый Якубовіч. — Калі мы яшчэ толькі рыхтаваліся да паездкі, былі пэўныя сумневы: ці ўпішамся ў фармат, ці будзем адпавядаць узроўню. Але ў выніку ўсё атрымалася настолькі добра і творча прадуктыўна, наколькі гэта ўвогуле магчыма. Было адчуванне, што мы ўсе адзін аднаго даўно ведаем.

Ганна ЗВЯРЫНСКАЯ

Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ