Нашчадкі Гіньёля

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Як сведчаць даследаванні бацькі гісторыі тэатра лялек Шарля Маньена, само вызначэнне “марыянетка” падарыла нам старафранцузская мова. У канцы ХVI стагоддзя так называлі ўсе рухомыя фігуркі — скажам, статуэткі святых. Неўзабаве сэнс змяніўся і марыянеткамі сталі тыпажы з вострасатырычнымі рысамі. Некалькі стагоддзяў Жан дэ Вінь, Палішынэль, Мадам Жыгонь ды іншыя легендарныя лялькі былі найлепшым сацыяльным люстэркам для каралёў і простага люду. У новым тысячагоддзі драўляныя акцёры ўжо не маюць былога ўплыву на масы. Чым жыве і дыхае сучасны тэатр лялек у Францыі? Пра гэта аглядальнік “К” гутарыла з адным з заснавальнікаў кампаніі Pupella-Nogues з-пад Тулузы — дырэктарам, рэжысёрам Жаэль НАГЕС, спектакль якой не так даўно паказваўся ў Мінску.

/i/content/pi/cult/703/15417/20.JPG— Спадарыня Жаэль, наколькі сярод французаў запатрабаваны сучасны тэатр лялек? Якую пазіцыю лялечнікі займаюць сярод іншых тэатраў?

— Сёння мы знаходзімся ў складанай сітуацыі. Я крыху знаёмая са становішчам калег у Беларусі і Расіі, таму бачу, што нас яднае агульная праблема: як і ў вас, так і ў Францыі словазлучэнне “тэатр лялек” у першую чаргу выклікае асацыяцыю з пастаноўкамі для дзяцей.

— Нават нягледзячы на шматвекавыя кірмашныя традыцыі, калі па ўсіх рэгіёнах Францыі вострыя на язык Полішынель ды Гіньёль разыгрывалі далёка не казачныя сюжэты?

— На жаль, так. Той жа Гіньёль (пальчаткавая лялька з Ліёна, якая дала імя цэламу жанру тэатральнага мастацтва — Н.П.) першапачаткова выступаў толькі для дарослых у барах і на плошчах. Але пад націскам цэнзуры яшчэ ў ХІХ стагоддзі ён стаў усё радзей выказвацца “на злобу дня”. Спектаклі выпраўляліся цэнзарамі — і паступова Гіньёль страціў сваю моц. Пастаноўкі з яго ўдзелам перараслі ў дзіцячыя прадстаўленні. Славянам вядомая падобная гісторыя: прыблізна такая ж трансфармацыя адбылася з Пятрушкам.

Канешне, ёсць людзі, якія імкнуцца захаваць спадчыну: існуе музей Гіньёля, працуе аднайменны тэатр. Акцёры гавораць, што працягваюць нацыянальныя традыцыі. Але, пагадзіцеся, традыцыя ўжо не тая, бо сёння выступленні Гіньёля адбываюцца выключна на дзіцячую аўдыторыю.

— Французскія лялечнікі імкнуцца неяк пераламаць сітуацыю?

— Супраць такога вузкага ўспрыняцца тэатра лялек ідзе маштабнае змаганне. Ужо больш за трыццаць гадоў у нас рыхтуюць лялечнікаў, якія хочуць на сваёй мове ўздымаць складаныя праблемы, а не толькі працаваць дзеля дзіцячай забавы. Наша кампанія Pupella-Nogues як раз гэтым і імкнецца займацца: прасоўваць тэатр лялек як паўнавартасную частку тэатральнага мастацтва.

— У якіх суадносінах у вашай краіне існуюць тэатры і кампаніі?

— Наколькі я ведаю, у вас прызвычаіліся пад словам “тэатр” разумець асобны будынак і трупу пры ім. У нас па такім прынцыпе існуе толькі “Камедзі Франсэз” (адзіны ў Францыі рэпертуарны тэатр, на існаванне якога сродкі выдаткоўвае дзяржава — Н.П.). У асноўным, тэатры — гэта пляцоўкі, куды могуць прыходзіць любыя тэатральныя аб’яднанні.

— І ці добры такі стан рэчаў?

— Шчыра прызнаюся: стацыянарныя тэатры лялек Усходняй Еўропы ўражваюць! Нашыя лялечнікі не маюць свайго дома ды перабіваюцца як могуць. Такая адміністрацыйная сітуацыя праграмуе на адмысловае афармленне спектакляў, бо паказваць свае пастаноўкі часцей за ўсё даводзіцца на пляцоўках драматычных тэатраў. На гастролях за межамі Францыі нам таксама прапаноўваюць менавіта драматычныя сцэны.

— На сайце вашай кампаніі прачытала, што ўласна вы займаецеся не толькі пастаноўкай спектакляў, але і выкладчыцкай дзейнасцю.

— Так, я з задавальненнем знаходжу час для студэнтаў Універсітэта Тулузы, у адукацыйную праграму якіх уваходзіць вывучэнне тэатра. Выкладаю там тэатральную творчасць. Але з нядаўняга часу і ў Кампаніі Pupella-Nogues непасрэдна ў нашым родным мястэчку Кен-Фансгрыў з’явілася памяшканне памерам са стандартную рэпетыцыйную пляцоўку, дзе мы маем магчымасць праводзіць для ахвотных майстар-класы, ладзіць рознага кшталту адукацыйныя курсы (зазначу, што паказваць там спектаклі мы не маем права).

— Што вы адказваеце студэнтам на іх пытанне, якім павінен быць сучасны тэатр лялек?

— Тое, што сучаснае лялечнае мастацтва значна шырэйшае за антрапаморфную ляльку. Сёння рэжысёр перш-наперш шукае гісторыю, якая яго кранае, і перакладае яе на мастацкую мову. Пасля ж вызначае, якімі сродкамі выкласці патрэбныя вобразы: выкарыстаць цела акцёра, выяву, пэўны матэрыял, нейкі прадмет... Сучасны тэатр лялек ідзе ў гэтым кірунку.

— Ад беларускіх лялечнікаў неаднойчы чула скаргі на недахоп адмысловай драматургіі для іх. У Францыі адчуваецца гэтая праблема?

— Сітуацыя падобная: калегі таксама заклапочаны, хоць на нашых прасторах і пачалі з’яўляцца аўтары, якія адмыслова пішуць для сучаснага тэатра лялек. Асабіста мне гэтае пытанне не падаецца ў такой ступені вострым. У сучаснай драматургіі няма класічнага падзелу на персанажаў, дыялогі. Само паняцце “персанаж” выносіцца за дужкі, дазваляе ставіць спектаклі з аб’ектамі, з матэрыялам — іншымі словамі, бесперашкодна пераносіць драматычныя п’есы ў тэатр лялек.

/i/content/pi/cult/703/15417/21.JPG— У Мінску дзейнічае Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Тэатро”, якое ў супрацоўніцтве з французскай тэатральнай асацыяцыяй Demain le Printemps штогадова ладзіць на базе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі доўгатэрміновыя майстар-класы для франкафонных слухачоў. Ахвотных заўсёды процьма — тэатральная моладзь едзе да нас па спасціжэнне сістэмы Станіслаўскага. А французскім лялечнікам ці ёсць што ўзяць у славянскіх калег?

— Не паверыце — мы якраз абмяркоўвалі гэтую тэму з паслом Францыі ў Беларусі. Для нашай краіны сапраўды цікавая і вельмі важная ваша лялечная школа. Многіх еўрапейскіх рэжысёраў некалі натхніў тэатр Сяргея Абразцова: гэты рэжысёр і артыст як раз і займаўся тым, каб вывесці лялечнае мастацтва ў ранг сапраўднай тэатральнай інстытуцыі. Да слова, трысцявыя лялькі ды сам гапіт (палка, на якую насаджана галава трысцявой лялькі — Н.П.), ва ўсёй складанасці яго варыяцый, малавядомыя ў Францыі. Прыкладам, мне гэтую сістэму лялек паказала наш кампаньён, актрыса з
расійскімі каранямі Паліна Барысава. З таго часу мы пачалі выкарыстоўваць гапіт у некаторых пастаноўках.

— Культура Усходняй Еўропы шмат запазычыла з французскай. Але ці ёсць адваротны рух?

— Думаю, так. Скажам, вельмі ўплывовай постаццю для нас з’яўляецца польскі рэжысёр, акцёр, тэарэтык мастацтва Тадэвуш Кантар. Ён не быў лялечнікам, але яго лад мыслення, падыход да прасторы і матэрыялу, выкарыстанне своеасаблівых манекенаў (а гэта ўжо амаль лялечная традыцыя) уражваюць еўрапейскіх лялечнікаў. Яго спектаклі да гэтага часу натхняюць нашы тэатры.

— 34 гады таму, засноўваючы свой тэатр, вы дэкларавалі жаданне здзівіць, адмовіцца ад стандартных культурных кодаў і стварыць новыя. Ці атрымалася дасягнуць жаданага?

— Падаецца, пра гэта лепш за ўсё запытацца ў гледача. Мы не ставілі задачу стварыць новы тэатр. Нам цікава заўсёды быць у пошуку, бо з часам з’яўляюцца невядомыя шляхі, адбываюцца нечаканыя адкрыцці, паўстаюць новыя магчымасці. Кожны наступны спектакль жывіцца дасягненнямі папярэдняй пастаноўкі. За тры дзесяцігоддзі мы пераканаліся ў слушнасці абраных мэт і сталі трохі разумець, якім чынам можна іх дасягнуць. Нязменным засталося адно: імкнёмся дазволіць сабе як мага больш творчай свабоды.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"