Груў, патэрн, рытм, рух. І ўсё гэта — баян

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Ягор Забелаў: “Хацелася большага — і мы пачалі шукаць”
Баян у руках Ягора ЗАБЕЛАВА — не народны інструмент. І не акадэмічны. Гэта інструмент усемагутны, які дазваляе ўвасобіць у жыццё размаітыя аўтарскія памкненні. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і лаўрэат міжнароднага конкурсу імя Жыновіча пайшоў сваім шляхам, даволі нязвыклым для дыпламаваных музыкантаў. Ён набыў вядомасць праз удзел у гуртах “Нагуаль” і “Серебряная свадьба”, затым з бубначом Арцёмам Залескім заснаваў інструментальны праект Gurzuf, які адыграў больш за 300 канцэртаў па ўсёй Еўропе. Стварыў музыку да многіх цікавых тэатральных пастановак і фільмаў. А потым — нібы кудысьці знік: ні гучных падзей, ні новых запісаў. Праект Gurzuf спыніў існаванне, імя Ягора Забелава амаль не згадвалася. Нашай размовай запоўнім тую інфармацыйную пустэчу.

/i/content/pi/cult/703/15416/19.JPG— У свой час пра Ягора Забелава можна было пачуць даволі часта. Але ў апошнія гады ўзнікала адчуванне, што наша публіка вас згубіла…

— Гэта сапраўды так, таму што я надзвычай рэдка выступаю ў Беларусі. Асноўны напрамак маёй канцэртнай дзейнасці — Еўропа: Германія, Польшча, Аўстрыя, Чэхія, Швейцарыя... Мяне запрашаюць выступіць у Расіі, ва Украіне, а вось у Беларусі — чамусьці не. Таму я не здзіўлены, што тут мяне маглі падзабыць.

— А чаму спыніў існаванне Gurzuf?

— Усё калі-небудзь заканчваецца. У нейкі момант у нас быў творчы пік, а потым пачаўся спад, і мы не здолелі яго перажыць. Я стаў думаць, што рабіць далей. Вось так і пачаў выступаць сольна, а потым з’явілася маё Yegor Zabelov trio.

— Вашыя выступленні маюць даволі нязвыклую форму, асабліва калі вы на сцэне сам-насам са сваім інструментам. Можа падацца, што прызначаны яны для вельмі вузкага кола. Тым не менш, канцэртаў у вас багата. На якую публіку яны разлічаны?

— Я маю акадэмічную адукацыю, і таму мне цікава бачыць на сваіх канцэртах падрыхтаваную публіку, нават прафесіяналаў. Адно з нядаўніх моцных уражанняў — калі на мой выступ у Каўнасе прыйшлі хлопцы з тамтэйшай Акадэміі музыкі і потым сказалі мне нямала добрых словаў. Вельмі прыемна было. А на канцэрце ў Шчэціне былі два юныя акардэаністы, адзін з якіх выйграў чэмпіянат свету па баяне ў Францыі сярод дзяцей. І іх вельмі натхніла маё выступленне. Канешне, такія моманты асабліва запамінаюцца.

Але агулам публіка абсалютна розная. Трапляюцца нават рокеры — я ж і сам люблю агрэсіўную рок-музыку. Трапляюцца і аматары джазу — іх цікавіць мая творчасць, хаця джазам яе не назавеш. Гэта хутчэй эксперымент, які спалучае розныя стылі і кірункі.

— Напрыканцы мінулага года Yegor Zabelov trio выпусціла альбом, і гэта быў першы ваш рэліз пасля вялікага перапынку. Пазнаёмце нас з групай і з новай плыткай.

— У Yegor Zabelov trio я граю з цудоўнымі музыкантамі — гэта басіст Аляксандр Яфімаў і бубнач Уладзімір Бегер. Яны добра вядомыя ў нашых вузкіх меламанскіх колах праз удзел у гурце Morfe і супрацоўніцтва з Аганэсам Аванэсянам. Што да перапынку? Шмат гадоў я спрабаваў нешта запісваць, аднак нічога вартага не атрымлівалася. Праблема была найперш у адсутнасці разумення, як увогуле трэба запісваць падобную музыку. Бо на канцэрце ўсё гучыць жыва, энергічна, натхнёна. А як гэта перадаць у запісе — пытанне.

— Але раней вы ўжо запісваліся з групай Gurzuf, працавалі ў павільёне “Мосфильма”, выдалі добры альбом.

— Так, першы альбом гурта Gurzuf мы пісалі простым “лайвам”: селі і сыгралі, ніякіх цяжкасцяў у гэтым сэнсе не мелі. Але гэтым разам у мяне была іншая задача: хацелася даткліва папрацаваць з матэрыялам, штосьці падкрэсліць, штосьці дадаць. Хацелася большага — і мы пачалі шукаць. На жывых канцэртах я выкарыстоўваю для баяна розныя эфекты, якія змяняюць яго гучанне. Падчас запісу ўсё адбывалася інакш — мы запісвалі спачатку абсалютна чысты гук, а потым ужо быў пошук эфектаў, канцэпцыі, рашэнняў. Працэс ішоў няпроста, бо ў мяне не так і шмат досведу працы ў студыі, а многія аранжыроўкі і многія рашэнні патрабавалі шмат часу і вялікіх энергетычных высілкаў. Не ўсё ляжала на паверхні, даводзілася вышукваць, капацца ў матэрыяле. Тым болей, мы імкнуліся зрабіць значную, нават знакавую работу.

— І што за кампазіцыі ў яе ўвайшлі?

— Матэрыял розных гадоў, нават напісаны для розных праектаў — нешта з’явілася яшчэ ў часы Gurzuf. Тым не менш, альбом The Rose Festival —не зборка, а цэльная праграма, над якой мы працавалі ў студыі ў адзін час, праграма з умоўнымі дзвюма часткамі. Першая — музыка, напісаная для трыа, якую мы выконваем на канцэртах. Другая — музыка да фільма “Голем”.

— Ці мае нейкае асаблівае значэнне назва альбома — “Фестываль ружаў”?

— The Rose Festival — так называецца частка з саундтрэка да “Голема”, які мяне папрасілі зрабіць для Дзён сучаснай культуры ў Беластоку. І я даў такую назву ўсёй плытцы. У мяне з найменнем маіх трэкаў увогуле складаная гісторыя, мне цяжка прыдумваць нешта адметнае. На альбоме ёсць толькі дзве назвы, якія неяк адлюстроўваюць змест кампазіцый. А ўсё астатняе — гэта назвы чыста тэхнічныя. Я не бачу сэнсу неяк называць трэкі. Хутчэй, я шукаю прычыны іх не называць.

— Ці вялікі працэнт імправізацыі ў вашай музыцы? Калі яе слухаеш, з’яўляецца адчуванне, што ўсё нараджаецца проста тут, на месцы.

— Не, я прыхільнік метаду ўсё прыдумаць, напісаць і потым сыграць. А што тычыцца маіх аднагрупнікаў, то яны любяць імправізаваць, і на гэтым альбоме неаднойчы давалі сабе волю.

— Музыканты такое пытанне не любяць, але, усё ж… Ці можаце вы патлумачыць простымі словамі, якую музыку граеце?

— Пастараюся. Я не хацеў цалкам адыходзіць ад акадэмічнай музыкі — гэта база. Аднак я вельмі люблю груў, я вельмі люблю патэрнавасць, я люблю зацыкліваць маленькія фрагменты і з імі працаваць, патроху змяняючы. Гэта такі сабе мінімалізм, але ж… не, напэўна, не мінімалізм, нешта іншае. Многа бяру і ад рока. У сваёй музыцы на першы план я выношу менавіта рытміка-гарманічны рух. Шукаю яго, яму аддаю час і ўвагу. Меладычны матэрыял набывае пэўную другаснасць — хаця, несумненна, прысутнічае, бо мелодыя проста неабходная. Але на першым месцы — груў, патэрн, рытм і рух. А яшчэ адна фішка — пераход ад агрэсіўнай рокавасці да пяшчоты, амплітуда настрояў. І рэакцыя слухача, якую ніхто не можа прадказаць. Яна кожны раз можа быць рознай, і я бачу, што пасля канцэрту ніхто не застаецца абыякавым.

— І даволі артыстычная манера выканання таксама. На сцэне вы выглядаеце нібы якісьці рок-музыкант…

— Так, я вельмі экспрэсіўны на сцэне. Калі гэта прыкмета рок-музыканта — значыць, я рок-музыкант. У свой час акадэмічная музыка і акадэмічнае выкананне мяне стрымлівалі, але мне заўсёды хацелася больш рухаў. І цяпер я дазваляю паводзіць сябе вольна, рушыць туды, куды вядзе мяне музыка.

— Акардэон і баян у апошнія часы сталі даволі моднымі інструментамі ў самых розных стылях музыкі. Па вясковай традыцыі, многімі яны раней успрымаліся праз прызму народнай музыкі або для акампанементу простым душэўным песням. А цяпер чаго толькі не іграюць на баяне!

— Ды проста баяністаў многа развялося, усім патрэбна праца. Сапраўды, баян развіваецца, і вельмі шмат яго ўжо нават у рок-музыцы. Адзінае, ёсць праблема тэхнічнага характару — агучка. Мой брат вучыцца ў Празе, і тэма яго магістарскай працы — якраз па агучцы баяна. Бо ў такой насычанай музыцы, якую мы іграем, баян павінен гучаць і моцна, і насычана, і без скажэнняў, без фідбэку. Абсталявання, якое цяпер прапануе рынак, недастаткова. Баян не гітара, для гітары даўно прыдуманы сотні рэчаў. Баян у гэтым сэнсе малады інструмент. Дарэчы, пасля канцэртаў я часта чую ад людзей — я увогуле не люблю баян, але вось у цябе ён гучыць неяк інакш, гучыць цудоўна!

— А вы чаму выбралі такі інструмент?

— Ведаеце, я і сам раней не надта любіў баян! Думаў навучыцца граць на нейкім іншым інструменце, але не знайшоў часу. І таму вырашыў адкрыць яго для сябе па-іншаму. Можна сказаць, менавіта з-за сваёй нелюбві і пачаў шукаць шлях, як палюбіць баян. Несумненна, ён мае неверагодныя магчымасці, іх проста трэба навучыцца выкарыстоўваць. Мне падаецца, менавіта для гэтага інструмента вельмі істотнае акустычнае асяроддзе. Прыкладам, у Германіі даводзілася іграць у касцёлах — які там гук, баян гучыць проста як арган! Людзям падаецца, што хоць я адзін, але іграе цэлы аркестр. Канешне, гэта ўсё дасягаецца і з дапамогай розных тэхнічных спецэфектаў. Я пераканаўся, што на баяне можна сыграць усё — і мелодыі, і гармоніі. Як інструмент ён самадастатковы. І цяпер мне яго хапае для ўсіх маіх творчых задумак.

Надзея КУДРЭЙКА